Калі ў нашым жыцці толькі з’явіўся камп’ютар, для многіх ён стаў цацкай. Камп’ютарныя гульні зацягвалі не толькі дзяцей, але і дарослых. На шчасце, для мяне былі забавай не гульні, а трэнажоры хуткага друкавання дзесяццю пальцамі. Потым з’явілася цікавасць да графічных і музычных файлаў. На пачатковым этапе авалодання камп’ютарам былі цяжкасці ў асваенні і прымяненні на практыцы разнастайных праграм, але адначасова з гэтым з’яўлялася імкненне хутчэй разабрацца ва ўсім, давесці да аўтаматызму свае ўменні.
Да камп’ютарных тэхналогій навучання ў нашай установе адукацыі я звярнулася першай. Адназначна, былі і хібы, і слёзы. Чаму? Уявіце сабе: падрыхтаваная камп’ютарная падтрымка да ўрока на школьных камп’ютарах не пайшла, або камп’ютар завіс, або — яшчэ горш — праграмнае забеспячэнне патрабуе пераўстаноўкі. Але ўсе гэтыя супярэчнасці толькі падштурхоўвалі мяне да больш актыўнай дзейнасці.
Адначасова ў інтэрнэце пачалі з’яўляцца дакументы, прэзентацыі, сайты, праграмы, якія можна было выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. Аднак створаныя іншымі настаўнікамі прэзентацыі не заўсёды задавальнялі мяне зместам, паслядоўнасцю выкладу матэрыялу і нават афармленнем слайдаў. Спампаваныя беларускамоўныя тэставыя праграмы маглі ўтрымліваць памылкі. А пасля прыняцця ў 2010 годзе новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” іх увогуле трэба было перапрацоўваць.
Настаўнікі іншых прадметаў (хіміі, біялогіі, рускай мовы і літаратуры, матэматыкі, фізікі і інш.) могуць знайсці інфармацыйныя рэсурсы ў інтэрнэце на расійскіх сайтах. Колькасць жа беларускамоўных інтэрнэт-рэсурсаў адносна невялікая. Ды і створаны адукацыйныя камп’ютарныя праграмы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры да 2010 года, што не дазваляе іх выкарыстоўваць у поўным аб’ёме. На аснове гэтых супярэчнасцей узнікла неабходнасць стварыць электронныя сродкі навучання і кантролю ведаў, якія дапамогуць павысіць якасць адукацыі па беларускай мове і літаратуры.
Камп’ютарныя тэхналогіі я выкарыстоўваю на розных этапах урока і ў пазаўрочнай дзейнасці па прадметах.
Арганізацыйны этап
На гэтым этапе настроіць вучняў на работу, стварыць адпаведную эмацыянальную атмасферу мне дапамагаюць музычны фон або ўрыўкі з песень беларускіх кампазітараў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Аднасастаўныя сказы” або “Няпоўныя сказы” выкарыстоўваю песню “Белы снег” у выкананні ансамбля “Песняры”. Гэты музычны твор настройвае навучэнцаў на далейшую работу на ўроку, супакойвае пасля шумнага перапынку, акрамя таго, тэкст песні насычаны аднасастаўнымі і няпоўнымі сказамі, якія можна выкарыстаць на этапе замацавання ведаў.
Этап засваення новых ведаў
Для аптымізацыі працэсу навучання практыкую ў сваёй рабоце тлумачэнне новага матэрыялу з выкарыстаннем камп’ютарнай прэзентацыі, створанай у Microsoft PowerPoint, як крыніцы вучэбнай інфармацыі і нагляднага дапаможніка. Візуальнае ўяўленне азначэнняў, табліц, схем забяспечвае эфектыўнае засваенне вучнямі новых ведаў і ўменняў. Шмат прэзентацый можна знайсці на сайтах “Віртуальны кабінет беларускай мовы”, “Метадычны сайт настаўнікаў”.
Што тычыцца вывучэння біяграфій пісьменнікаў, то навучэнцы з вялікім жаданнем імкнуцца апынуцца на радзіме творцы, убачыць на свае вочы месцы, дзе прайшоў яго жыццёвы і творчы шлях.
Многія бывалі ў Мінску, але мала хто наведваў, напрыклад, дом-музей Якуба Коласа. Зробленая прэзентацыя і выкарыстаныя ў ёй рэальныя фотаздымкі дазваляюць зусім па-іншаму ўспрымаць біяграфічныя звесткі пра гэтага пісьменніка. Ён становіцца ў вачах дзяцей не ілюзорным, а рэальным чалавекам, які жыў у сталіцы, хадзіў па яе вуліцах і мала чым адрозніваўся ад іншых людзей.
Навучэнцы старшых класаў могуць пазнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў, выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурсы.
Першаснае ўспрыманне верша, напрыклад, “Жураўлі на Палессе ляцяць” А.Ставера, будзе зусім іншым, калі выразнае чытанне настаўніка або дыктара накласці на серыю фотаздымкаў роднага краю ў праграме Windows Movie Maker. Пры дапамозе гэтай праграмы на аснове песні “Алеся” ў выкананні ансамбля “Песняры” я стварыла відэакліп, праглядваючы які, навучэнцы не толькі з захапленнем слухаюць цудоўную музыку, але і сузіраюць фотаздымкі выканаўцаў (саліст Леанід Барткевіч), кампазітара І.Лучанка і ўласна аўтара тэксту А.Куляшова. Перавага файлаў гэтага фармату ў тым, што іх узнаўленне не патрабуе столькі ўвагі, як прэзентацыі PowerPoint, і магчыма нават без камп’ютара на любым відэапрайгравальніку.
На працягу некалькіх гадоў я змагла назапасіць наглядна-дэманстрацыйны матэрыял па розных тэмах беларускай мовы і літаратуры.
Перавага мультымедыйных прэзентацый і відэакліпаў добра адчуваецца тады, калі на ўроку гучыць фраза “Уяві сабе…”. Выкарыстанне багатых графічных, гукавых і інтэрактыўных магчымасцей камп’ютара стварае добразычлівы эмацыянальны фон на занятках, што садзейнічае засваенню ведаў гуляючы.
Дзякуючы выкарыстанню камп’ютарных тэхналогій на сучасным уроку школьнік можа ўспрымаць неабходную інфармацыю адначасова некалькімі органамі пачуццяў, а не паслядоўна, як гэта звычайна бывае пры традыцыйным выкладанні. На сённяшні дзень мультымедыйная сістэма ўжо замяніла і выдатна спалучыла ў адно цэлае добра знаёмыя настаўніку графапраектар, ці кадаскоп, дыяпраектар (фільмаскоп), эпіпраектар, прайгравальнік і магнітафон.
Станоўчыя бакі выкарыстання мультымедыйных файлаў яшчэ і ў тым, што вучань падчас самастойнай дзейнасці можа выбіраць уласны тэмп работы, пасільны аб’ём інфармацыі і ступень яе цяжкасці. Такі прыём выкладання і навучання дае настаўніку магчымасць з поспехам рэалізоўваць дыферэнцыраваны падыход. Дзеці лепш запамінаюць новы матэрыял, павышаецца іх матывацыя да пазнання школьных прадметаў, значна эканоміцца час на выкананне трэніровачна-карэкцыйных заданняў, развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, фарміруецца ўменне работы з інфармацыяй.
Этап абагульнення і сістэматызацыі ведаў
Кожны настаўнік плануе свой урок з разлікам на сярэдняга вучня. У выніку дзеці з высокім патэнцыялам аказваюцца незапатрабаванымі, а вучні са слабай паспяховасцю пачынаюць сумаваць. У той час, калі клас працуе самастойна ў сшытках, настаўнік мае магчымасць індывідуальна папрацаваць са слабымі і моцнымі вучнямі, прапанаваўшы ім выканаць дыферэнцыраваныя па ўзроўні складанасці заданні на картках, падрыхтаваныя з выкарыстаннем магчымасцей камп’ютара. Перавагі новых тэхнічных сродкаў адразу відавочныя на ўроку, бо дазваляюць стварыць педагагічныя ўмовы для ўключэння кожнага вучня ў дзейнасць, якая адпавядае зоне яго развіцця.
Этап кантролю і самаправеркі ведаў
Для кантролю ведаў слабых вучняў па беларускай літаратуры (вывучэнне біяграфіі пісьменніка) прыдатныя прэзентацыі, падрыхтаваныя для знаёмства з новай тэмай, але крыху перапрацаваныя: з пропускамі ў тэкставай частцы. Гэта дапамагае навучэнцам з нізкім узроўнем ведаў узнавіць матэрыял, няхай і з візуальнымі падказкамі.
Тэсціраванне з выкарыстаннем камп’ютарных праграм “Краб-2” і “Канструктар тэстаў” дапамагае ажыццяўляць кантроль ведаў па розных тэмах ужо не першы год. Яны падыходзяць да любога прадмета (на жаль, указанні па выкананні тэста напісаны па-руску). На этапе кантролю і самаправеркі ведаў вучань працуе самастойна (колькасць часу на выкананне вызначаецца настаўнікам пры падрыхтоўцы тэста). Аб’ём і характар заданняў дазваляе ацаніць веды за 5—10 мінут. Падобную работу на дошцы або ў сшытку вучань здольны выканаць за 15—20 мінут. На адно заданне даецца адзін або некалькі варыянтаў адказаў. Работа заканчваецца вывадам на экран статыстычнай інфармацыі пра колькасць памылак і выстаўленнем адзнакі. У выніку настаўнік бачыць рэальныя веды, а ў вучняў няма прэтэнзій наконт адзнакі. Пасля выканання задання можна прапанаваць навучэнцам абмеркаваць і растлумачыць свае памылкі.
Тэсты па беларускай літаратуры ствараю на аснове дапаможнікаў для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ.
Для вучняў больш высокага ўзроўню прапаноўваецца стварыць тэст самім. У выніку яны не толькі паказваюць свае веды, пісьменнасць, але і атрымліваюць творчае заданне, якое павышае цікавасць да прадмета.
Падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання
Чым менш застаецца дзён да старту ў нашай краiне прыёмнай кампанii, тым больш каштоўнай становiцца любая iнфармацыя, якая можа тым цi iншым чынам павялiчыць шансы маладых людзей на больш высокі вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні. Менавіта па гэтай прычыне з’явілася ідэя распрацаваць сістэму работы з вучнямі старшых класаў па ліквідацыі прабелаў у ведах па беларускай мове.
Каб сістэматызаваць тэарэтычныя веды вучняў па беларускай мове, можна выкарыстаць “Прайгравальнік вучэбнага курса”. Дзякуючы гэтай камп’ютарнай праграме можна не толькі паўтарыць канкрэтную тэму, але і адным кліканнем мышкі ўспомніць любыя іншыя правілы і тэрміны, выканаць трэніровачны тэст. Тэарэтычны матэрыял некаторых раздзелаў пададзены ў выглядзе прэзентацый, што дазваляе навучэнцам паўтарыць або паглыбіць свае веды па пэўнай тэме.
Акрамя таго, я не спынілася на гэтым матэрыяле, а шукаю для работы дадатковыя рэсурсы. Мне пашчасціла адшукаць у інтэрнэце яшчэ адну праграму — “Падрыхтоўка да ЦТ”. Яна не толькі дапамагае паўтарыць матэрыял па прадмеце, але яшчэ і вучыць афармляць бланкі цэнтралізаванага тэсціравання.
На жаль, у камп’ютарных праграмах не адбыліся змены, якія перадаюць новыя правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, таму іх выкарыстанне на гэтым этапе абмяжоўваю, ствараю новыя пры дапамозе “Канструктара тэстаў”. Дзеці выконваюць на камп’ютары тэст, заданні якога максімальна набліжаны да заданняў цэнтралізаванага тэсціравання. Такая работа прыцягвае вучняў да актыўнай разумовай дзейнасці і аб’ектыўна ацэньвае іх веды. Матэрыял падбіраю з дапаможнікаў “Цэнтралізаванае тэсціраванне. Беларуская мова” розных гадоў выдання, аднак заданні бяру з розных варыянтаў. Заданні тэсціравання пэўнага года, пададзеныя ў пэўнай паслядоўнасці, навучэнцы выконваюць аўтаматычна. Калі ж змяніць паслядоўнасць або спалучыць заданні з розных варыянтаў, гэты аўтаматызм знікае, вучні пачынаюць больш удумліва шукаць адказы на пытанні.
Даследчая дзейнасць вучняў
Выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій спалучаю і з даследчай дзейнасцю навучэнцаў. Адна з даследчых работ, якая праводзілася з вучнямі 10 класа, была на тэму “Цудоўны скарб у творчасці народнай…” (выкарыстанне прыказак пры вывучэнні аднасастаўных сказаў). У даследаванні вучні не толькі зрабілі класіфікацыю і вызначылі ступень ужывальнасці беларускіх прыказак са структурай аднасастаўнага сказа, але і распрацавалі камп’ютарную тэставую праграму для кантролю ведаў па тэме “Аднасастаўныя сказы” ў трох варыянтах.
Тэставы матэрыял даследчай работы можна выкарыстаць як у 8, так і ў 11 класах: змест прыказак нескладаны, аднак прымушае задумацца, бо многія даволі часта, убачыўшы прыказку і не асэнсаваўшы яе структуру, вызначаюць яе як абагульнена-асабовы сказ.
Такім чынам, выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій дазваляе зрабіць вучэбны працэс больш цікавым па змесце і глыбокім па сэнсе, актывізаваць пазнавальную дзейнасць усіх вучняў, дае настаўніку новыя магчымасці ў раскрыцці тэмы ўрока, замацаванні матэрыялу і кантролі яго засваення. Такія ўрокі выхоўваюць пачуццё прыгожага, пашыраюць кругагляд вучняў, дазваляюць настаўніку за абмежаваны час даць дзецям вялікі тэматычны матэрыял, праводзіць урокі на высокім эстэтычным і эмацыянальным узроўні.
Акрамя таго, у навучэнцаў павысілася цікавасць да беларускай мовы і літаратуры: яны з захапленнем наведваюць факультатыўныя заняткі на працягу навучання ў 5—11 класах, імкнуцца да ўдзелу ў алімпіядах, у тым ліку дыстанцыйных, пашыраюць свае веды ў завочнай шматпрадметнай школе па беларускай мове, ствараюць прэзентацыі і невялікія тэставыя заданні нават у вольны час. Усё гэта патрабуе дадатковай увагі і часу ад мяне як настаўніка. Але гэта не палохае, бо магу з упэўненасцю сказаць, што цацка-камп’ютар стала для маіх дзяцей памочнікам у вывучэнні мовы і літаратуры.
Інфармацыйны прагрэс не стаіць на месцы. І сказаць, што работа па выкарыстанні камп’ютарных сродкаў навучання скончылася, нельга: яна толькі пачынаецца. Па-першае, я планую стварыць уласны сайт, дзе будзе прадстаўлена практычная электронная частка вопыту маёй работы, каб іншыя настаўнікі маглі выкарыстоўваць гэтыя матэрыялы ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Па-другое, авалодаўшы ўменнем ствараць відэафільмы, хачу зрабіць фільм пра радзіму Максіма Гарэцкага, які нарадзіўся ў нашым раёне. Па-трэцяе, мяне зацікавіла праграма Smart Notebook, таму займаюся яе вывучэннем і разглядаю магчымасці прымянення яе элементаў у вучэбнай дзейнасці.
Іна МЯДЗВЕДСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.