Унутраная шчодрасць

Любоў да сябе — натуральны стан, з якім чалавек нараджаецца. Уплыў знешняга свету не заўсёды дазваляе захаваць такое стаўленне да сябе. Усведамляем мы змены ці не, яны пачынаюць уплываць на наша жыццё, пасяляюць няўпэўненасць, негатыўныя эмоцыі, абцяжарваюць зносіны з іншымі, засыпаюць перашкодамі шлях да дасягненняў і поспеху.

Дыялог з чытачом

На парозе Новага года, калі кожны з нас быццам нараджаецца зноў, важна задумацца аб новым вобразе і аб тым, як захоўваць любоў да сябе, падораную разам з жыццём, ці як палюбіць сябе зноў. Прадчуваю пытанне чытача, які ступіў на гэты шлях: “Ці не гэта шлях да эгаізму?”. Любоў да сябе адрозніваецца ад эгаізму. Паводзіны эгаіста цалкам вызначаюцца думкай аб уласнай карысці, выгадзе, перавазе сваіх інтарэсаў перад інтарэсамі іншых людзей. А любоў да сябе — гэта ўзровень асобаснай сталасці, які дазваляе чалавеку ахоўваць не толькі свае інтарэсы, але шчыра клапаціцца пра іншых.
16_к психологии+Любоў да сябе — гэта стан напоўненасці, які дазваляе адчуваць задавальненне ад дарэння і аддавання, ад магчымасці клапаціцца пра іншых, не парушаючы межаў іх асобы. Уменне любіць сябе — умова паспяховых адносін у любой сферы жыцця. Мы нічога не можам даць іншым, калі не маем гэтага самі. Немагчыма любіць іншага, не любячы сябе. Па ўсім выходзіць, што ў нашай педагагічнай прафесіі проста неабходна займацца ўласнай асобай, асабліва ў напрамку праяў сапраўднай любові да сябе! Ад гэтага выйграем не толькі мы самі, але і ўсе навакольныя: члены сям’і, навучэнцы, іх бацькі, калегі.
Як жа зразумець, ці ёсць у нас неабходная колькасць любові да сябе? Калі вы ўладальнік хоць часткі ніжэйпералічанага, то каштоўнае ва ўсіх сэнсах стаўленне да сябе ёсць. Любоў да сябе — гэта вера ў сябе, высокая самаацэнка, упэўненасць, здольнасць усведамляць і задавальняць свае патрэбы, думаць аб сабе толькі пазітыўна, прытрымлівацца прызначэння, жыць з задавальненнем, несці адказнасць за свае думкі, справы і ўчынкі, займацца любімай справай, сачыць за здароўем. Любоў да сябе дае магчымасць клапаціцца пра іншых з задавальненнем, а не толькі з пачуцця абавязку, быць шчодрым, ведаць і задавальняць патрэбы блізкіх, радавацца жыццю, прытрымлівацца сваёй інтуіцыі, чуць сігналы свайго цела, быць практычна чараўніком і тварыць цуды, любіць свет, жыццё, людзей, мець сілы, энергію на прыняцце іншых і цярпімасць да іх, а таксама адчуваць стан захаплення і ўдзячнасці.
Прачытайце фразы ў таблічцы і вызначыцеся, на якім вы баку. Калі вам падабаецца рабіць, як напісана злева, то вы практыкуеце любоў да сябе. Калі апісанне справа падыходзіць вам больш, то пакуль да любові да сябе далёка.

Лёгка дару свету, таму што ў мяне многа Забіраю ў свету, таму што мне заўсёды не хапае, мне ўсе павінны
Магу сама (сам) пра сябе паклапаціцца Задавальняю свае  патрэбы за кошт іншых
Мне можна даверыцца Баюся несці адказнасць
Лёгка трачу грошы на сябе З цяжкасцю магу на сябе патраціць, на сябе шкада
Захапляюся Зайздрошчу
Клапачуся пра іншых Клапачуся толькі пра сябе і патрабую клопату пра сябе з боку іншых
Раблю тое, што хачу я Раблю тое, што хочуць іншыя
Ведаю, чаго хачу Не ведаю, чаго хачу я, затое ведаю, чаго хочуць ад мяне іншыя
Давяраю і ведаю, што іншыя здольны пра сябе паклапаціцца. Лёгка дэлегую Не давяряю, кантралюю

Што рабіць, каб прасоўвацца да самаадносін, якія дадзены нам у самым пачатку жыцця? Паспрабуем прымяніць тэхніку “Устаноўка любові да сябе”.

“Устаноўка любові да сябе”

Зноў падзелім ліст на дзве часткі і справа напішам негатыўныя фразы пра любоў да сябе, якія мы чулі ў дзяцінстве. Напрыклад: “Гэты чалавек сябе занадта любіць… “, “Не круціся каля люстэрка…”, “Ты занадта аб сабе клапоцішся…”, “Нельга так сябе любіць — гэта эгаізм”, “Ты траціш на сябе занадта шмат…”, “Чаго ты так прыбіраешся?”. Абавязкова дадайце варыянты выказванняў са свайго вопыту. Злева запішам выказванні пазітыўныя, гэта значыць, перапраграмуем негатыўныя. Напрыклад: “Любіць сябе — гэта натуральна”, “Дзякуючы люстэрку, я бачу сваю прывабнасць, а гэта стварае добры настрой, які я потым дару іншым”, “Усе інвестыцыі ў сябе заўсёды вяртаюцца”, “Чым больш я клапачуся аб сабе, тым больш магу даць свету”, “Чым лепш я выглядаю, тым прыемней іншым глядзець на мяне”.
Магчыма, вашым бацькам у дзяцінстве прыйшлося слухаць такія выказванні ў свой адрас, потым яны гаварылі гэтыя ж фразы вам. Тое, што мы чуем у дзяцінстве, вельмі моцна захоўваецца, не заўсёды ўсведамляецца, але кіруе намі. Выконваючы гэтае практыкаванне, вы атрымліваеце шанс, якога, магчыма, не было ў бацькоў: пераасэнсаваць і перагледзець свае ўстаноўкі наконт самаадносін. Прыз за гэтую няпростую работу над сабой будзе вартым. Вы будзеце менш схільныя да ўплыву знешніх аўтарытэтаў. Будзеце больш давяраць сабе, дазволіце сабе любіць сябе без пачуцця віны. Вы здабудзеце разуменне, што ваша любоў да сябе робіць свет лепшым, вы станеце больш шчаслівым.
Пойдзем далей і парэкамендуем яшчэ адно практыкаванне-тэхніку. Яно будзе больш лёгкім і займальным.

Практыкаванне-тэхніка “Калі б я сябе любіла (любіў)”

Запішыце 30 сцвярджэнняў: якой была б (быў бы), што б рабіла (рабіў), як бы сябе паводзіла (паводзіў), калі б адчувала (адчуваў) да сябе падзяку, любоў. Напрыклад: “Калі б я любіў сябе, то дараваў бы сабе тую падзею, якая не дае мне спакою столькі часу”, “Калі б я любіла сябе, то абавязкова купіла б тую шыкоўную маленькую сукенку і не адчувала пры гэтым сябе вінаватай”.
Пералічвайце ўсё, што прыходзіць у галаву. Пры гэтым павінна атрымацца не менш за 30 пунктаў. А зараз самае цікавае: кожны дзень на працягу найбліжэйшых 30 дзён выбірайце па адным пункце са свайго спіса (у любым парадку) і рабіце дакладна так, як напісалі. Няхай спачатку гэта будзе проста гульня, але паступова вы прывыкніце, захопіцеся і адчуеце, як у адказ на добрае стаўленне да сябе нешта там унутры пачне адгукацца.
У гэты самы выдатны час падключайце тэхніку “Дзякаванне”. Падзяка — вельмі моцная энергія. Калі мы яе выпраменьваем, то прымнажаем усё добрае. Не думайце пра тое, чаго не хапае. Думайце і гаварыце пра тое, што ўжо ёсць, і дзякуйце жыццю за гэта. Нават калі адчуваеце, што захворваеце, дзякуйце целу за сігнал трывогі, за ўрок. Галоўнае — гэта пачуцці, з якімі вы дзякуеце.
Дзе ўзяць энергію на работу над сабой, над самаадносінамі? Сустракайце ўсход сонца; кантактуйце са стыхіяй вады, агню, ветру; рабіце ранішнюю зарадку; уключайце ў план дня прабежкі; у меню — свежавыціснутыя сокі, агародніну, садавіну, арэхі. Захапляйцеся любімай справай, арганізоўвайце сабе паходы на прыроду, пазітыўна думайце.
Ёсць яшчэ адзін эфектыўны спосаб захаваць вашу асабістую пазітыўную энергію. Рызыкнём яго вам прапанаваць.

Тэхніка “Каго мне трэба звольніць са свайго жыцця?”

Калі ў вашым жыцці ёсць людзі-маніпулятары, энергетычныя вампіры, хранафагі (паглынальнікі часу) і г.д., то “звольніце” іх з жыцця. Часта здараецца, што такімі людзьмі бываюць кроўныя сваякі. Пачуцці абавязку, сораму, віны перашкаджаюць нам “звольніць” іх са свайго жыцця або цвёрда абараніць свае асабістыя межы. Гэтыя пачуцці як быццам пасткі. Паклапаціцеся пра сваю асобасную тэрыторыю. Вызначыць яе проста. У гэтым нам дапамогуць пачуцці. Калі мы адчуваем непрыманне, раздражненне, дыскамфорт, націск, віну, то гэта азначае, што мы дазволілі камусьці зайсці на ўласную тэрыторыю. Складзіце спіс людзей, якія выклікаюць такія пачуцці, і абмяжуйце або зусім выключыце зносіны з імі, як бы звольніце іх са свайго жыцця. Вы захаваеце шмат энергіі і часу для карысных для сябе і навакольных спраў.
Спрыяюць любові да сябе ўспаміны аб самых паспяховых сітуацыях у жыцці, дзе вы былі на грэбені хвалі. Часцей успамінайце свае дасягненні. Думайце пра тое, чым вы можаце ганарыцца ў сваім жыцці. Прагназуйце шчаслівую будучыню. Напярэдадні Новага года самы ўдалы для гэтага час. У надыходзячым годзе расчыніце шырэй дзверы свайго жыцця для гумару і смеху. Глядзіце больш камедый, трымайце ў памяці хаця б адзін смешны эпізод, які бачыцца вам ва ўсіх дэталях, захоўвайце і калекцыяніруйце прадметы, якія здаліся вам смешнымі, пацешнымі, якія выклікаюць прыемныя ўспаміны. Жадаем шчаслівага 2014 года!

Псіхалагічнае люстэрка

Не бойцеся любіць сябе

Як гэта ні парадаксальна, але часам мы саромеемся любіць сябе, баімся быць шчаслівымі. У гэта цяжка паверыць, але ў жыцці такое здараецца. Праверце сябе з дапамогай тэста. І калі раптам гэта ваш дэфіцыт, то тэрмінова прыступайце да яго ліквідацыі, каб уступіць у 2014 год з новымі самымі лепшымі намерамі быць шчаслівым і самым лепшым стаўленнем да сябе.
Адказвайце “Так” або “Не” на прапанаваныя пытанні:
1. Вы часта крытыкуеце сябе?
2. Ці добра вы сябе адчуваеце, будучы тым, кім вы з’яўляецеся?
3. Вы адчуваеце сябе няёмка, калі начальства хваліць вас у вашай прысутнасці?
4. Вас раздражняе, што людзі з гонарам расказваюць пра дасягненні больш сціплыя, чым вашы?
5. Вы часта незадаволены сваім адлюстраваннем у люстэрку?
6. Вы задаволены сваім знешнім выглядам?
7. Большасці вашых знаёмых вы падабаецеся?
8. Вы лёгка можаце падысці да незнаёмага чалавека і папрасіць аб дапамозе?
9. Вы ўмееце прызнаваць свае памылкі?
10. Вы цікавы чалавек, і вам ёсць чым падзяліцца з навакольнымі?
11. Вы не ўмееце казаць “не” і часта пакутуеце з-за гэтага?
12. Вас бянтэжыць адкрытая пахвала?
Пастаўце сабе адзін бал за адказы “Так” на пытанні: 2, 6, 7, 8, 9, 10.
І за адказы “Не” на пытанні: 1, 3, 4, 5, 11, 12.
Падлічыце агульную колькасць балаў.

Вынікі:
11-12 балаў — вы любіце сябе, і гэта вельмі добра! Так трымаць… Вы можаце даваць урокі іншым па гэтым пытанні.
6 — 10 балаў — часцей песціце і хваліце сябе. Паверце, вам ёсць за што сябе любіць. Пачытайце літаратуру па гэтым пытанні або наведайце адпаведны трэнінг. Памятайце, што недахоп любові да сябе пагаршае стан спраў у многіх сферах жыцця.
5 балаў і менш — праблема нелюбові да сябе зайшла занадта далёка. Лепш звярнуцца па дапамогу да псіхолага або коўча і не адкладаць гэтае пытанне на потым.

Вядучая рубрыкі Святлана РАДЗЬКОВА.