Аргумент як будынак, аргументацыя як шлях

Навучанне — гэта падарожжа ў разуменне, а праваднік на гэтым шляху — візуальная метафара. На думку Э.Артані,  “метафары робяць наша жыццё яркім і дапамагаюць выказваць невымоўнае”. Прынцып работы метафары просты: А = В. Пры гэтым узнікае новы вобраз, асацыяцыя, дзякуючы якой абстрактныя ідэі можна ўявіць хутчэй, больш зразумела і цікава.

З дапамогай візуальнай метафары навучэнцы могуць лепш зразумець і хутчэй запомніць структуру, варыя­нты ранжыравання і стратэгіі прывядзення аргументаў. Прапаную разгледзець, як гэта працуе на практыцы.

У штодзённым маўленні мы часта звяртаемся да канцэпцыі канструявання, нават самі таго не падазраючы. Мы выбудоўваем надзейныя аргументы, закладваем фундамент аргументацыі, умацоўваем сваю пазіцыю, шукаем слабыя месцы ў аргументацыі, разбіваем доказы праціўніка.

У аргумента трохчасткавая структура, значыць, візуальная метафара “Аргумент — гэта будынак” будзе трохпавярховай. Пад дахам тэзіса размяшчаюцца яго тлумачэнні (Begründungen) і падмацаванні (Belege). Дзверы сімвалізуюць высновы.

Такім чынам, разважанне ўключае ў сябе тры ключавыя моманты:

1. Тэзіс — палажэнне / сцвярджэнне / пазіцыя таго, хто гаворыць (ШТО навучэнец думае па заяўленым пытанні і ЯКУЮ пазіцыю займае).

2. Тлумачэнне — масток ад тэзіса да суразмоўцы (“чапляецца” за тэзіс з дапамогай пытанняў “ЧАМУ?” ці “І ШТО З ГЭТАГА ВЫНІКАЕ?”).

3. Доказ — цаглінкі падмурка абгрунтавання тэзіса (ЯК і ЧЫМ можна падмацаваць свой пункт гледжання).

Доказы могуць быць рацыянальнымі (напрыклад, графікі, меркаванні экспертаў, даныя эксперыментаў) і апеляваць да фактаў або эмацыянальнымі (напрыклад, гісторыі, асабістыя прыклады, ілюстрацыі).

Для таго каб пераканаць кагосьці, аднаго аргумента мала, патрэбна лінія аргументацыі — прадуманая паслядоўнасць аргументаў для пераканання апанента ў праваце ўласнай пазіцыі. Аптымальная колькасць аргументаў —ад 3 да 5, што адпавядае аб’ёму аператыўнай памяці чалавека. Аргументы можна ранжыраваць рознымі спосабамі:

• ад самага слабага да самага моцнага (узрастаючая аргументацыя; падыходзіць для прыхільна настроенай публікі);

• ад самага моцнага да самага слабага (сыходная аргументацыя; падыходзіць для публікі, настроенай скептычна ў адносінах да вас);

• па прынцыпе Badewanne (эфект краю): вельмі пераканаўчы — даволі пераканаўчы  — самы пераканаўчы аргумент (аптымальная пабудова з псіхалагічнага пункту гле­джання, паколькі інфармацыя, прад’яўленая ў першую і апошнюю чаргу, запамінаецца хутчэй і лепш).

Само паняцце “лінія аргументацыі” накіроўвае нас да канцэпцыі шляху, падарожжа. Мы можам прасачыць ход думкі (zum nächsten Punkt kommen, ein Schritt weiter gehen / ein Stück weiterkommen, dem zweiten Teil zuwenden); вярнуцца да нейкіх момантаў, якія нас цікавяць (auf die Frage / noch einmal auf den Punkt zurückkommen), збіцца са шляху (im Kreis drehen, den Faden verlieren) або дасягнуць мэты (zu dem Ergebnis / Schluss / auf die Idee kommen, Gedanken bis zum Ende führen, die Lösung wird dazu führen). Як паказваюць прыклады, мы разумеем працэс аргументацыі пры дапамозе стварэння структурнай аналогіі з той дэталёвай інфармацыяй аб працэсе падарожжа, якой мы валодаем.

Для выбудоўвання ходу дыскусіі навучэнцам прапануецца выкарыстоўваць наступныя стратэгіі прывядзення аргументаў:

1) прынцып пясочнага га­дзінніка (неабходна пачаць з супрацьлеглага пункта гледжання і аслабіць аргументы праціўніка, выкарыстоўваючы сыходную аргументацыю, а затым адбываецца так званы паваротны момант і ўжо па ўзрастаючай аргументацыі адстойваецца ўласная пазіцыя). Гэты прынцып падыходзіць для ўпарадкавання аргументаў  за і супраць;

2) прынцып гульні пінг-понг (будуецца па лагічнай схеме “з аднаго боку — з другога боку”, г.зн. адзін і той жа аргумент разглядаецца з розных пунктаў гледжання; падыходзіць для ўпарадкавання аргументаў па тэматычных аспектах).

Лагічнасць і цэласнасць аргументаванага выказвання ацэньваецца на мікра- і макраўзроўнях. На мікраўзроўні часткі аднаго аргумента павінны быць звязаны ў адзінае цэлае. На макраўзроўні разглядаецца сувязь аргументаў адзін з адным. Асноўнымі крытэрыямі могуць стаць структураванасць паведамлення; лагічнасць пераходаў; паўната зместу; лексічная разнастайнасць; граматычная карэктнасць.

У сваёй практыцы я выкарыстоўваю візуальную метафару “Святлафор”. Навучэнцы атрымліваюць чорна-белую выяву святлафора. Колькі раздзелаў у чэк-лісце, столькі патрэбна і святлафораў. Возьмем, напрыклад, тры асноўныя пункты аргументаванага выказвання: структура аргумента павінна быць поўнай, лінія аргументацыі — лагічнай, ход разважання — зразумелым. Кожны з гэтых пунктаў складаецца з падпунктаў. Навучэнцы слухаюць выступленні адно аднаго і маркіруюць на святлафоры колеры: зялёны колер, калі падпункты рэалізаваны цалкам; жоўты колер — рэалізаваны ў няпоўнай меры; чырвоны — падпункты не рэалізаваны. Найвышэйшы бал атрымлівае навучэнец, у якога на ўсіх святлафорах “гарыць” зялёны колер.

Такім чынам, візуальная метафара ператварае складаны працэс у набор лёгка вырашальных задач.

 Вольга ДЗЯДОВІЧ,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі № 24 Мінска.