У межах XV Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Адукацыя і кар’ера”прайшлі майстар-класы сталічных педагогаў па розных вучэбных прадметах. Тэматыка іх была сапраўды цікавай і разнастайнай: выкарыстанне метаду арт-тэрапіі ў развіцці і карэкцыі эмацыянальна-асобаснай сферы дашкольнікаў, развіццё часавых уяўленняў у малодшых школьнікаў з цяжкасцямі ў навучанні пры дапамозе тэхналогіі інтэрактыўнай папкі лэпбук, нестандартныя задачы як сродак развіцця лагічнага мыслення і творчых здольнасцей навучэнцаў, выкарыстанне актыўнай ацэнкі на ўроках хіміі і інш. Пазнаёміцца з некаторымі з іх мы прапаноўваем вашай увазе.
На мове навучэнца
Настаўніца хіміі гімназіі № 35 Алена Фёдараўна Цынкевіч правяла майстар-клас “Актыўная ацэнка як аснова кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучняў”. Яго мэты — атрымаць першасныя навыкі фармулявання крытэрыяў — аднаго з элементаў актыўнай ацэнкі, а таксама даведацца, якія асаблівасці мае фармуляванне крытэрыяў і як давесці гэтыя крытэрыі да навучэнцаў.
Як вядома, актыўная ацэнка — тэхналогія навучання, заснаваная на якаснай зваротнай сувязі. Яна прызнана найлепшай для паляпшэння матывацыі і вучнёўскіх дасягненняў, асабліва для тых вучняў, хто мае праблемы з вучобай. Актыўная ацэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, браць адказнасць за сваё навучанне.
З самага пачатку майстар-класа Алена Фёдараўна нагадала, што актыўная ацэнка — гэта інтэрактыўная ацэнка прагрэсу вучня і яго разумення матэрыялу такім чынам, каб можна было абазначыць, як вучань будзе вучыцца далей і якімі метадамі яго лепш вучыць. Іншымі словамі, актыўная ацэнка — гэта прадстаўленне інфармацыі, якая дапамагае школьніку вучыцца.
У стратэгіі актыўнай ацэнкі ёсць некалькі асноўных элементаў: пастаноўка мэт, вызначэнне крытэрыяў дасягнення мэты, ключавыя пытанні, зваротная сувязь, узаемаацэнка і самаацэнка, узаемадзеянне з бацькамі.
Па словах А.Ф.Цынкевіч, мэты ў актыўнай ацэнцы ставяцца дыягнастычна і канкрэтна, мовай настаўніка і мовай вучня (абрэвіятура “НаШтоБуЗу” расшыфроўваецца “на што буду звяртаць увагу”). Напрыклад, па тэме “Электралітычная дысацыяцыя” мэты для настаўніка гучаць так: навучэнцы к канцу ўрока будуць ведаць азначэнне электралітычнай дысацыяцыі, умець характарызаваць працэс дысацыяцыі рэчываў з іоннай і кавалентнай палярнай сувяззю, умець складаць ураўненні рэакцыі дысацыяцыі; для навучэнцаў — к канцу ўрока я даведаюся, што такое электралітычная дысацыяцыя і дзе з гэтым працэсам можна сустрэцца. Альбо па тэме “Будова атама” мэта настаўніка наступная: к канцу ўрока вучні будуць ведаць будову атама, фізічны сэнс хімічнага элемента, змогуць вызначаць склад атама; мэта навучэнца — на гэтым уроку я даведаюся, з якіх частак складаецца атам, навучуся вызначаць іх колькасць. Практычная накіраванасць у пастаноўцы мэты павышае інтарэс навучэнцаў.
Як адзначалася, у актыўнай ацэнцы шырока выкарыстоўваюцца пытанні, якія стымулююць у вучняў жаданне шукаць на іх адказы і актывізуюць пазнавальную цікавасць і актыўнасць, прыцягваюць увагу, садзейнічаюць засваенню вучэбнага матэрыялу, правакуюць дыскусію, ствараюць праблемную сітуацыю. Ключавое пытанне — гэта той своеасаблівы кручок, які чапляе ўвагу вучня і не адпускае яе датуль, пакуль адказ на пытанне не знойдзены. Так, на ўроку па тэме “Сумесь газаў. Склад паветра” вучням прапаноўваецца пытанне: “У Італіі ёсць вядомая пячора, якая называецца сабачай. Чалавек, які трапляе ў яе, можа знаходзіцца там доўгі час, а сабака, які трапляе туды, задыхаецца і гіне. Чаму?” Не ведаючы складу паветра, не ведаючы, што газ лягчэйшы за паветра, адказаць на гэтае пытанне дзіця не зможа. І гэтае пытанне з’яўляецца зыходным пунктам да новых ведаў. Альбо ў 7 класе па тэме “Чыстыя рэчывы і сумесі” арганізоўваецца дэманстрацыйны дослед: выстаўляюцца тры шклянкі: вада водаправодная, вада “Дарыда” і дажджавая вада. Вучням неабходна адказаць, якая вада чыстая. Увазе школьнікаў можна прапанаваць і такія пытанні: “Якімі аргументамі можна давесці ці аспрэчыць сцвярджэнне, што шкло не раствараецца?”, “Ты запляміў кашулю алеем. Чым лепш прыбраць пляму: вадой з мылам ці бензінам?”, “ Чаму вада з вапнай мутнее, калі ты праз трубку надзьмеш у яе паветра?”, “Што адбудзецца, калі кіслотны дождж пральецца на мармуровы помнік і на асфальтавую дарогу?”.
Тэхналогія актыўнай ацэнкі ўключае крытэрыі ацэнкі як адзін з найважнейшых яе элементаў. Вызначыць крытэрыі дасягнення мэты — гэта дакладна акрэсліць тыя паказчыкі, дзякуючы якім настаўніку і вучню будзе бачна, у якой меры атрымалася дасягнуць мэты ўрока.
— Крытэрыі ацэнкі дапамагаюць дзецям адмесці лішняе, звярнуць увагу толькі на тое, што неабходна, — гаворыць Алена Фёдараўна. — Крытэрыі — прыкметы, на падставе якіх фарміруецца ацэнка якасці адукацыі. Выкарыстанне крытэрыяў мае вялікі педагагічны эфект: яны канкрэтызуюць работу настаўніка і вучня на ўроку, удзельнікі адукацыйнага працэсу дакладна прымаюць правілы гульні, фарміруюцца партнёрскія адносіны паміж настаўнікам і вучнем, не ўзнікаюць стрэсавыя сітуацыі. Каб зрабіць паспяховым нават самага страшэннага гультая, можна ўключыць заданне, з якім не справіцца нельга, і тады гэта стварае сітуацыю поспеху нават у слабага навучэнца. Дзеці лёгка вызначаюць межы свайго ведання ці няведання.
Крытэрыі звязаны з мэтай, з’яўляюцца вымяральнікамі дасягнення мэты, фармулявацца яны могуць праз якасныя і колькасныя характарыстыкі, а могуць і праз тыповыя памылкі, прад’яўляюцца або ў гатовым выглядзе, або выпрацоўваюцца сумесна. Гэта павышае адказнасць вучняў за ўласнае навучанне. Так, крытэрыямі да практычнай работы “Хімічная колькасць” з’яўляюцца наступныя: ці выкананы па формулах разлікі хімічнай колькасці рэчыва, малярнай масы, масы і аб’ёму рэчыва, ці ўзважана на вагах пэўная маса рэчыва, ці адмераны з дапамогай мернага цыліндра пэўны аб’ём рэчыва, ці аформлена справаздача аб рабоце, ці зроблены вывад, ці захаваны правілы бяспечных паводзін. І калі дзіця выканала гэтыя правілы, то атрымлівае 10 балаў.
Крытэрыі могуць быдь дадзены да дамашняга задання, да напісання рэферата. Для вучняў сярэдняга звяна іх распрацоўваецца 3—4, для старшых — не больш за 6. У адваротным выпадку рассейваецца ўвага і навучэнец ўтрымаць яе не можа.
А.Ф.Цынкевіч прывязала крытэрыі выканання практычнай работы да дзесяцібальнай сістэмы ацэньвання. Яны гучаць прыкладна так: ці напісаны мэты, выкананы і падпісаны малюнкі (плюс адзін бал), ці прыведзены хімічныя рэакцыі і правільна запісаны прыкметы (плюс бал), ці правільна складзена ўраўненне (плюс два балы), ці сфармуляваны высновы па кожным доследзе (плюс бал), ці сфармуляваны агульны вывад, які адпавядае мэце практычнай работы (плюс бал), ці дадзены адказы на кантрольныя пытанні і выканана суперзаданне (плюс два балы). Калі парушана тэхніка бяспекі — да мінус пяці балаў, неакуратна аформлена работа — мінус бал, дапушчаны памылкі ў хімічнай тэрміналогіі — мінус бал. Крытэрыі ацэнкі звычайна прапісваюцца настаўніцай на дошцы.
Удзельнікі майстар-класа паспрабавалі сфармуляваць крытэрыі да ўрока па тэме “Рэакцыі іоннага абмену”, адштурхоўваючыся ад тыповых памылак. Педагогі прыгадалі, што звычайна па гэтай тэме вучні не ведаюць моцных і слабых электралітаў, няправільна складаюць малекулярнае, а потым і іоннае ўраўненні, блытаюць ступень акіслення і зарад іона, няправільна ўказваюць колькасць іонаў (індэксы, каэфіцыенты не стыкуюцца). У выніку крытэрыямі па гэтай тэме будуць: ці правільна склаў малекулярнае ўраўненне; ці ведаю моцныя электраліты і ўмею іх распісваць у выглядзе іонаў; ці магу вызначыць зарад іона; ці магу правільна вызначыць колькасць іонаў; ці магу вызначыць іоны, якія ўдзельнічаюць у хімічнай рэакцыі.
— Практычная значнасць крытэрыяў ацэньвання яшчэ і ў тым, што ацэньваецца не асоба навучэнца, а толькі яго работа, — патлумачыла Алена Фёдараўна. — Паколькі крытэрыі загадзя вядомы, вучань можа падрыхтавацца да работы. Навучэнцам вядомы алгарытм вывядзення адзнакі, па якім ён сам можа вызначыць узровень валодання тэмай.
Пад беларускай зоркай
Настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 61 Галіна Генадзьеўна Рэпіна прадставіла педагогам урок з выкарыстаннем квест-тэхналогіі “Насельніцтва Беларусі”.
— Я вельмі люблю свой прадмет — геаграфію, таму на ўроках можна гаварыць аб усім на свеце. Няхай мяне выбачаюць мае калегі, але, на мой погляд, складана знайсці іншы вучэбны прадмет, які б так шматгранна ахопліваў увесь свет: клімат, эканоміка, глебазнаўства, геалогія, картаграфія, зоагеаграфія… Але больш за ўсё мне цікава тэма насельніцтва: шукаць прычыны дэмаграфічных з’яў, аналізаваць статыстыку, будаваць прагнозы… Таму я абрала менавіта тэму “Насельніцтва Беларусі”, — адзначыла Галіна Генадзьеўна. — Ідэя ўрока звязана з беларускім арнаментам. Калі жанчына садзіцца выконваць народную вышыўку, яна абавязкова выбірае тэму твора, абдумвае кампазіцыю, каларыт, вызначае галоўныя і дадатковыя вобразы, якія хоча выкарыстаць, каб перадаць сваю ідэю. Так і ствараецца ўрок.
Ужо на пачатку заняткаў настаўніца паведаміла, што ўрок пра насельніцтва нашай краіны пройдзе ў форме квеста. На банеры было прадстаўлена 7 яго этапаў, у кожнага з якіх ёсць свая назва і заданне. Выконваючы місію кожнага этапу, прысутныя змаглі знайсці 9 элементаў, якія складаюць шыфр. Гэты шыфр — шыфр беларускага народа.
Шэраг педагогаў, якія выступілі ў ролі вучняў, надзелі атрыбуты каманднай формы — шалікі з беларускім арнаментам і аб’ядналіся ў агульным рукапацісканні. Разам з настаўніцай яны сфармулявалі мэту ўрока і місію квеста — вызначыць галоўныя асаблівасці насельніцтва Беларусі, яго структуру.
Этап 1. “Натуральны рух насельніцтва”. Настаўніца прапанавала дарослым папрацаваць у парах і, прааналізаваўшы прадстаўленыя статыстычныя даныя, графікі і табліцы і зрабіўшы вылічэнні натуральнага прыросту насельніцтва ў розныя гады (геаграфічная задача), назваць дэмаграфічныя тэндэнцыі, вызначыць іх прычыны. Вучні прыйшлі да высновы, што на графіку можна назіраць так званы беларускі крыж: крывая смяротнасці рэзка пайшла ўверх, крывая нараджальнасці — уніз. У апошнія 10 гадоў назіраецца змыканне гэтых нажніц: крывая смяротнасці імкнецца да крывой нараджальнасці. Летась краіна ўпершыню выйшла на гэты паказчык, калі колькасць народжаных практычна роўна колькасці памерлых. Гэта стала магчымым дзякуючы дзяржаўнай палітыцы мнагадзетных сем’яў, павышэнню статусу мнагадзетнай маці (адкрыццё першага складніка квеста — сімвала маці).
Этап 2. “Унутраная міграцыя”. Вучні прыгадалі, што такое міграцыя, якая яна бывае, прааналізавалі дыяграму падручніка і зрабілі выснову аб змяненнях у часе суадносін гарадскога і сельскага насельніцтва (насельніцтва горада павялічваецца, а насельніцтва сяла памяншаецца, урбанізацыя складае 75%). Настаўніца прапанавала паглядзець невялікі відэасюжэт рэаліці-шоу “Панаехалі” і адказаць на пытанне пераможцы: “Што, на ваш погляд, неабходна зрабіць, каб жыццё ў вёсцы стала больш камфортным? Пры гэтым на інтэрактыўнай дошцы быў змадэляваны сучасны вобраз сяла. Місія гэтага этапу — беларускую вёску неабходна адраджаць, захоўваць яе самабытнасць. Гаворка ідзе аб стварэнні аграгарадкоў і развіцці агратурызму як сродку папулярызацыі вясковага жыцця (другі складнік квеста — сімвал зямлі-карміцелькі).
Этап 3. “Знешняя міграцыя”. На інтэрактыўнай дошцы прадстаўлена картасхема знешнеіміграцыйных патокаў, якую навучэнцы прааналізавалі. Настаўніца арганізавала дыскусію па тэме “Прырост насельніцтва Беларусі за кошт міграцыі: “за” і “супраць”. Адна група вучняў аргументавала пункт гледжання, што прыток мігрантаў — гэта рэальная магчымасць павелічэння насельніцтва краіны, а другая адзначала, што міграцыя — добрая магчымасць толькі з пункту гледжання выкарыстання таннай рабочай сілы, вымушаная магчымасць (трэці складнік квеста — сімвал шляху).
Этап 4. “Нацыянальны склад”. З экрана камп’ютара да навучэнцаў звярнулася дзесяцікласніца, якая родам з Нігерыі і ў якой мама — беларуска, з пытаннем “Людзі якіх нацыянальнасцей пражываюць у Беларусі?” (на аснове табліцы падручніка ўдзельнікі майстар-класа пабудавалі кругавыя дыяграмы). Вучні абагульнілі, што Беларусь — шматнацыянальная краіна з пераважаннем адной нацыі — беларускай. Геаграфічнае становішча, а таксама гісторыя краіны сыгралі і адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні нацыянальнага складу насельніцтва (чацвёрты складнік — сімвал дрэва).
Этап 5. “Рэлігійны склад”. Увазе ўдзельнікаў квеста настаўніца прапанавала відэапытанне протаіерэя Фёдара Повнага: “Ці з’яўляецца рэлігійная неаднароднасць насельніцтва краіны абавязковай прычынай канфліктаў, ці рэальна мірнае існаванне грамадзян рознага веравызнання?” У групах вучні абмеркавалі гэтае пытанне (пяты складнік — сімвал крыжа).
Этап 6. “Палавы склад насельніцтва”. Для аналізу полаўзроставай піраміды ўдзельнікі падзяліліся на дзве каманды: юнакоў і дзяўчат. Камандам неабходна было задаць як мага больш пытанняў сваім апанентам. Сярод зададзеных пытанняў — “Якую інфармацыю можна атрымаць, аналізуючы полаўзроставую піраміду?”, “Як патлумачыць факт пераважання жаночага насельніцтва над мужчынскім?”, “Чаму жанчыны жывуць больш, чым мужчыны?” (шосты складнік — сімвал мужчыны і жанчыны).
Этап 7. “Узроставы склад насельніцтва”. На аснове меркавання вучонага К.А.Анціпавай настаўніца прапанавала вучням скласці прагноз стану працоўных рэсурсаў, іх колькаснага і якаснага стану. Удзельнікі вызначылі, што 60% насельніцтва Беларусі знаходзяцца ў працаздольным узросце, маладзей працаздольнага ўзросту — 17%, старэй за яго — 23%. Гэта спрыяльная сітуацыя для эканомікі (сёмы складнік — сімвал роду).
У выніку работы былі адкрыты ўсе складнікі. Пры іх аб’яднанні атрымаўся сімвал сям’і. Моцная сям’я — залог моцнай дзяржавы, аснова дабрабыту і шчасця, той падмурак, на якім трымаецца краіна.
— Мы такія, таму што гэта прадвызначана нашымі продкамі, — падагульніла Галіна Генадзьеўна, звяртаючы ўвагу прысутных на банер. — Гэта вобразы, якія перадаюць нам духоўны вопыт народа, складнікі яго генетычнай памяці. Беларускі арнамент — просты спосаб пазнаць сваіх. Нашы прапрабабулі прыдумалі яго тысячу гадоў назад, а можа, нават раней. Мянялася ўлада на нашай зямлі, прыносячы і забіраючы свае сімвалы. А таямнічыя знакі ўвесь гэты час жылі. Гэта код беларускага народа.
Напрыканцы ўрока вучні расказалі, у чым яны бачаць сваю місію — місію будучыні краіны. Настаўніца выказала ўпэўненасць, што задуманае збудзецца і што над нашай краінай, як і раней, будзе ззяць беларуская зорка — абярэг нашай Радзімы. У якасці дамашняга задання было прапанавана расшыфраваць арнамент беларускага сцяга.
Майстар-клас прайшоў цікава, дынамічна, на адным дыханні. Настаўніцы ўдалося пераўтварыць засваенне вучэбнага матэрыялу ў місію, а звычайную тэму — у захапляльную гісторыю. Дзякуючы арганізацыі заняткаў у форме квеста, навучэнцы атрымалі магчымасць самастойна аналізаваць атрыманую інфармацыю, вучыцца прымаць рашэнні. Гэта садзейнічае развіццю крэатыўнага мыслення, раскрыццю іх творчага патэнцыялу, фарміраванню навыкаў рацыянальнага выкарыстання вучэбнага часу і стымуляванню пазнавальнай матывацыі.
Старонкі жывой гісторыі
Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 43 Мінска Ірына Сяргееўна Агейчык прадставіла майстар-клас “Старонкі жывой гісторыі”, дзе прадэманстравала, як выкарыстоўваецца развіццёвы патэнцыял сям’і ў выхаваўчых мэтах. Пад “жывой гісторыяй” настаўніца мае на ўвазе тыя гістарычныя звесткі, якія захоўвае сям’я.
— Мая работа пачалася з мяне самой і маёй сям’і. Кожны з вас таксама праз гісторыю сваёй сям’і можа дакранацца да жывой гісторыі, — звярнулася да калег-настаўнікаў Ірына Сяргееўна. — Сваё разуменне Радзімы і памяць пра гісторыю роду можа захаваць кожны беларус. Хтосьці напіша сачыненне, хтосьці зробіць прэзентацыю аб родных мясцінах, як мой сын, альбо намалюе краявіды роднай вёскі, як мая дачка. Дзелячыся ўспамінамі, я заклікаю бацькоў і навучэнцаў даследаваць гісторыю родных мясцін, захоўваць памяць пра сваіх продкаў. Спецыфіка нашай установы адукацыі, якая знаходзіцца ў мікрараёне Каменная Горка, — вялікая колькасць навучэнцаў, чые сем’і родам з розных куткоў Беларусі, маюць разнастайныя культурныя традыцыі і багаты гістарычны вопыт, валодаюць вялікім патэнцыялам для фарміравання пазнавальнай матывацыі і нацыянальнай самасвядомасці ў сваіх дзяцей. І гэты патэнцыял неабходна выкарыстоўваць.
У рабоце настаўніца прымяняе розныя прыёмы прыцягнення жывой гісторыі:
“У залах краязнаўчага музея”. Каб зацікавіць навучэнцаў, Ірына Сяргееўна арганізоўвае наведванне музейных заняткаў у Нацыянальным мастацкім музеі і Музеі гісторыі і культуры Беларусі. На ўроках педагог прапаноўвае таксама такія заданні, як апісаць віртуальнае наведванне краязнаўчага музея, пагутарыць з бабулямі і дзядулямі, якія жывуць у іншых гарадах Беларусі, пра тое, якія цікавыя археалагічныя знаходкі былі зроблены ў тых мясцовасцях (наведаць мясцовыя краязнаўчыя музеі), падрыхтаваць нататкі па дадзеным плане і г.д.
“Мае бацькі родам з гэтых мясцін”. Вывучаючы на ўроках гісторыю гарадоў і мястэчак ВКЛ, педагог звяртаецца да радаслоўнай навучэнцаў. Дзеці атрымліваюць заданне пагутарыць з бацькамі, іншымі сваякамі, запісаць іх поўныя імёны, выбраць сямейныя фота, вызначыць месцазнаходжанне населеных пунктаў, дзе жывуць родныя, на карце Беларусі, вывучыць геральдыку, паходжанне назваў. Навучэнцы рыхтуюць прэзентацыі на тэмы “Віртуальнае падарожжа па гістарычных мясцінах Беларусі”, “Мае бацькі родам з гэтых мясцін”, выконваюць творчыя работы “Чароўнасць роднага краю”, “Мая Беларусь”, “Зямля Беларусі — мая зямля”. У работах яны апісваюць гісторыю помнікаў, памятных мясцін, вывучаючы фотаздымкі, параўноўваюць старыя краявіды гістарычных мясцін з сучаснымі.
“Зямля Беларусі — мая зямля” (прыём стварэння калажу). На ўроках абагульнення вывучанага “Наш край” у 6-х класах навучэнцы разважаюць на тэмы “Што такое Радзіма?”, “Адкуль з’явілася назва Беларусь?”, “З чаго складаецца гісторыя Радзімы?”. Дзеці расказваюць пра гарады, мястэчкі і сёлы Беларусі, аб родных людзях, якія жывуць там, прыгадваюць сямейныя традыцыі, рэліквіі. Загадзя рыхтуюцца элементы калажу: імёны і фотаздымкі, назвы і гербы населеных пунктаў, потым гэтыя матэрыялы перамешваюцца. На абагульняючым уроку дзеці атрымліваюць заданне знайсці і выразаць імёны родных, назвы тых мясцін, дзе яны жывуць, гербы населеных пунктаў і г.д. Усё гэта клеіцца на аснову — фон, ствараецца калаж у залежнасці ад вызначанай тэматыкі “Гісторыя сямейных фотаздымкаў”, “Культурная спадчына Беларусі”, “Памятныя мясціны Беларусі”. Да работы часта далучаюцца і бацькі.
“Мой радавод”. Гэта даволі распаўсюджаны прыём, які настаўніца дапоўніла такім элементам, як майстар-клас па складанні радаводу. Сваім вопытам перад вучнямі падзялілася бабуля аднаго з вучняў Галіна Іванаўна Нікіценкава, якая збірае свой радавод з 1992 года. Па меркаванні Ірыны Сяргееўны, работа па складанні радаводу збліжае родных, дазваляе даследаваць сямейныя архівы, фотаздымкі, дакументы. Вучні па-мастацку афармляюць радаводы, робяць прэзентацыі і запісваюць відэафільмы.
“Прозвішча — гонар нашага роду”. Школьнікі даследуюць паходжанні сваіх прозвішчаў, прозвішчаў родных і пішуць сачыненні і эсэ на тэмы “Знакамітыя цёзкі па прозвішчы”, “Сямейная прафесія — гонар нашага роду”, “Паходжанне майго прозвішча” і іншыя, у якіх адлюстроўваюць пачуцці павагі, гонару за сям’ю.
“Нацыянальныя традыцыі ў нашай сям’і”. Вывучаючы нацыянальнае і рэлігійнае жыццё народа, пад кіраўніцтвам настаўніцы вучні праводзяць параўнанні з сучаснымі традыцыямі. Для творчых праектаў педагог прапаноўвае тэмы “Традыцыі ў маёй сям’і”, “Сямейныя рэліквіі”.
“Вайна ў гісторыі маёй сям’і”. Прыём, актуальны менавіта для пошукавай і даследчай дзейнасці навучэнцаў, якая моцна матывуе навучэнцаў да вывучэння фактаў патрыятызму і грамадзянскасці іх продкаў, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў цэлым. Звычайна даследчая работа пачынаецца з сямейных архіваў, з гісторыі прадзедаў і прабабуль. Зараз дзякуючы інтэрнэт-рэсурсам ёсць доступ да архіўных даных, дакументаў, карт, фотаздымкаў і г.д.
Выхаванцы настаўніцы дабіваюцца высокіх вынікаў. Яркім прыкладам з’яўляецца Андрэй Эктаў, работы якога “Ад Сталінграда да Манчжурыі”, “184-я стралковая дывізія ў баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай вайны” былі высока ацэнены на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі.
Даследчыя і творчыя работы, створаныя сумесна з бацькамі, навучэнцы прадстаўляюць на ўроках гісторыі Беларусі, класных гадзінах, выхаваўчых мерапрыемствах і ўвайшлі ў скарбонку віртуальнага альбома “Адкуль я родам”. Настаўніца стварыла таксама блог, у якім размяшчае работы сваіх выхаванцаў.
Прапанаваныя прыёмы работы спрыяюць фарміраванню светапогляду і духоўных каштоўнасцей асобы вучня, прывіваюць пачуццё гонару, павагі і любові да сваёй сям’і, свайго роду, выхоўваюць патрыятызм праз непарыўную сувязь гісторыі сям’і з гісторыяй свайго народа, роднага краю. Іх можна выкарыстоўваць не толькі на ўроках, а і ў пазакласнай рабоце, на факультатыўных занятках.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.