Лёгка пагадзіцца з тым, што сябры — гэта людзі, якія адабраюць нашы гісторыі. Як аўтар рубрыкі спадзяюся на падобныя адносіны чытачоў, магчыма, нават не столькі з мэтай адабрэння, колькі ад жадання ўвагі і цікавасці да маёй прафесійнай гісторыі перша а месяца лета і апошняга рабочага месяца навучальнага года Бо недастаткова пражыць, каб запомніць, недастаткова запомніць, каб зразумець, недастаткова зразумець, каб прыняць. Патрэбна штосьці яшчэ, каб успрынятае стала ўсвядомленым, тым, што ўвайшло глыбока ў розум і сэрца, дало карысць і распаўсюдзілася, як кругі на вадзе, адгукнулася рэзанансам у душы калег, каб у свой час прарвацца творчасцю ў іх педагагічнай рабоце. Менавіта таму спяшаюся дзяліцца, інфармаваць, зацікаўліваць, захапляць і натхняць.
Дыялог з чытачом
Падзея, якую хочацца апісаць, безумоўна, пашырыла мае межы як прафесіянала і асабістыя, чалавечыя. Гаворка пойдзе пра Х, юбілейны, Саміт псіхолагаў у Санкт-Пецярбургу. У нашай айчыннай прафесійнай рэальнасці на ўстановы адукацыі прыпадае 1 або 2 псіхолагі. У такой забяспечанасці псіхолагамі на душу чалавека ў адукацыі гэтаму ж чалавеку ў асноўным добра жывецца і вучыцца. У Санкт-Пецярбургу на саміце на кожнага яго ўдзельніка прыпала прыкладна 499 спецыялістаў псіхолагаў.
Дыскусія першага дня была засяроджана вакол тэмы “Фундаментальныя сэнсы і праклятая рэальнасць. Асаблівая місія: псіхолаг у эпоху змен”. Кожны выступоўца па-свойму цікавы і змястоўны. Выберу для апісання толькі дзве тэмы з тых, што абмяркоўваліся, але ўжо важныя для кожнага чалавека без выключэння, сацыяльна звонкія, як сказаў вядучы дыскусіі Канстанцін Вітальевіч. “Сэнс у жыцці — перспектыва будучыні” — з такім пасылам звярнуўся да ўдзельнікаў саміту Альфрэд Лэнгле — прафесар, доктар медыцыны і філасофіі, заснавальнік школы экзістэнцыяльна-аналітычнай псіхатэрапіі, аўтар кніг (Аўстрыя).
“Для кожнага з нас ёсць сэнс знаходжання на саміце — атрымаць веды для сваёй прафесійнай практыкі”, — звярнуўся да залы Альфрэд Лэнгле. — Але мы сёння будзем гаварыць пра сэнс у больш шырокім кантэксце, сэнс жыцця як такі”. Вось што я зразумела з добрай гіпнатычнай прамовы Лэнгле. Нават у нестабільным свеце пошукі сэнсу стабілізуюць нас саміх. Чалавеку важна адчуваць унутраную ўзгодненасць (што раблю ў жыцці? як спрабую жыць у згодзе з сабой?), даць сабе працу ўсведамлення ўмоў нестабільнасці свайго ўнутранага свету (калі яна ёсць), весці дыялог паміж сабой і сітуацыяй дыскамфорту, разумець магчымасці, якія могуць быць выкарыстаны. У пошуках сэнсу надыходзіць вылячэнне, з’яўляецца гармонія, задаволенасць жыццём. Трэба працаваць над асэнсаваннем жыцця, каб захоўваць яго радасць. Сэнс ніхто не можа даць. Ён павінен быць знойдзены самастойна. Нельга спачатку стрэліць, а потым маляваць цэль. Калі ты здзяйсняеш сябе ў гэтым жыцці, ты знайшоў яго галоўны сэнс.
Кожны чалавек звязаны са светам, гэта значыць з тым, што не з’яўляецца ім самім. Само жыццё задае пытанні чалавеку, кожная жыццёвая сітуацыя — гэта выклік-пытанне. На гэтыя пытанні трэба не проста адказваць, а адказваць з сябе. Калі з сябе, тады гэта адказна, тады твой асабісты сэнс і гармонія знойдзены, ты стабільны. Разумей жыццё як дыялог. Жыць — значыць даваць рэальнасці свой дакладны адказ. Сэнс — гэта ўсведамленне таго, што важна для чалавека. Сэнс цесна звязаны з асабістымі каштоўнасцямі. Іншымі словамі, гэта паказальнік на дарозе, які паказвае ў напрамку каштоўнасцей. Выбірайце, адкрывайце, усведамляйце свае каштоўнасці, інакш страціце сэнс. Мы можам набліжацца да сэнсу, як да гарызонту. Але, як і лінію гарызонту мы не можам убачыць адразу ўсю, так і вычарпальнае ўсведамленне сэнсу немагчыма. Нам заўсёды даступны толькі фрагмент. Жыццё мае сэнс у любых сітуацыях. Настаўнік Альфрэда В.Франкл (выжыў у час вайны ў нямецкім канцэнтрацыйным лагеры, таму што ў думках пісаў кнігу) любіў цытаваць Ф.Ніцшэ: “Той, хто ведае, навошта жыць, можа вынесці любое як”. Альфрэд Лэнгле вывеў сваю формулу пошуку сэнсу, развіўшы канцэпцыю настаўніка. Вось яна, успрынятая мной праз перакладчыка і пераказаная сваімі словамі:
1. Дзейнічай у пошуках сэнсу. Неабходная ўмова — кантактаваць са светам.
2. Знайдзі спосаб, каб прыняць рэальнасць і жыць у ёй без трывогі.
3. Адчувай станоўчыя эмоцыі нават у цяжкім жыцці, абыдзіся без дэпрэсіі.
4. Пастаянна трымай кантакт з сабой, разумеючы, чаго хочаш менавіта ты.
Мы абавязаны развіваць сябе.
Сэнс жыцця мы не заўважаем, пакуль яго маем, як не заўважаем цела, пакуль яно здаровае і не баліць. Прысутнасць сэнсу вельмі важная для чалавека. Сэнс дазваляе яму зачапіцца за надзейную паверхню і падцягнуцца да жыцця, як альпіністу, замацоўваючыся кожны раз на новым участку гары, дасягнуць яе вяршыні. Для мяне важна было пачуць ад Альфрэда Лэнгле тое, што ў кожнага з нас ёсць усе шансы жыць дружна з праблемай сэнсу жыцця, калі мы жывём шчыра і сумленна!
Нараджэнне і выхаванне здаровага, шчаслівага дзіцяці — адзін з цудоўных сэнсаў. Як яго ажыццявіць? Якія праблемы існуюць вакол гэтай тэмы ў сучаснай сусветнай супольнасці? Ігар Валер’евіч Дабракоў, кандыдат медыцынскіх навук, кіраўнік секцыі перынатальнай псіхалогіі Санкт-Пецярбургскага псіхалагічнага таварыства, яскрава і пераканаўча гаварыў пра гэта ў рамках тэмы свайго даклада “Перынатальная псіхалогія і дэмаграфічная сітуацыя ў Расіі ва ўмовах анаміі”. Ці ведаем мы, што такое анамія? Гэта якраз імя адной з праблем, якія перашкаджаюць патрэбе людзей нараджаць, выхоўваць здаровых і шчаслівых дзяцей. Анамія існуе ў грамадстве, калі старыя ідэалы развянчаны, а новыя яшчэ ў дарозе. Дзетанараджэнне і гадаванне дзяцей не з’яўляецца вядучай каштоўнасцю ў грамадстве з анаміяй. У Расіі з 500 000 шлюбаў 11 000 бясплодныя. Дзе мацнейшая анамія, там больш суіцыдаў падлеткаў.
У грамадстве з анаміяй жанчыны больш нацэлены на кар’еру, чым на нараджэнне дзяцей. Вестка пра цяжарнасць успрымаецца імі амбівалентна, гэта значыць, яны адначасова рады і не рады такой падзеі. Калі ўсё ж жанчына вынасіць і народзіць, то рана выходзіць на работу, а ў дзіцяці ўзнікае трывога пры раз’яднанні з мамай. Расставанне нават на час траўміруе дзіця, ускладняе і запавольвае яго развіццё, бо спрыяльнае асяроддзе для дзіцяці — гэта перш за ўсё калі маці побач. Перынатальны час — да і некаторы тэрмін пасля родаў, калі дыяда маці — дзіця асабліва моцная і значная. Сепарацыя: аддзяленне ад маці з’яўляецца праблемай не толькі тады, калі адбываецца дачасна, але і тады, калі захоўваецца даўжэй, чым неабходна.
Завяршаючы панэльную дыскусію, яе мадэратар Канстанцін Паўлаў, кандыдат меднавук, віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі псіхалагічнага кансультавання Санкт-Пецярбурга, адзначыў рост у чалавечай папуляцыі псіхасаматычных захворванняў з-за душэўнага дыскамфорту, страты радасці, недаацэнкі значэння пачуццяў і эмоцый чалавекам, які належыць да індустрыяльнай культуры, і ў цэлым сучасным грамадствам. З’явілася своеасаблівая новая псіхалагічная праблема — алексітымія (немагчымасць распазнаць і апісаць свае пачуцці). Часам сваім кліентам Канстанцін Вітальевіч дае рэкамендацыі: шукайце пачуцці і ўспрымайце рэкамендацыі цела. Адзін з пацыентаў, які ўсё зразумеў пра значэнне пачуццяў, зрабіў выснову, што ўсе яго рашэнні прымаюцца ў жываце (ёсць дыскамфорт або не). “У мужчын цяжэй з пачуццямі, але яны хочуць разабрацца, хоць у гэтым сэнсе мужчына — кволая істота”, — жартуе Канстанцін Паўлаў. “Практычна ўсе адказы на пытанні пра прычыну ўзнікнення любой праблемы чалавека ляжаць у сямейнай сістэме”, — падагульняе Канстанцін Вітальевіч сваё выступленне і панэльную дыскусію ў цэлым.
“Дыскусія добрая, а майстар-класы лепш”, — так думалася нам наступныя два дні работы саміту. Засмучае толькі тое, што нельга наведаць усе майстар-класы, бо адначасова адбываецца не менш за шэсць. Калі б цудоўным чынам умець прысутнічаць у некалькіх прасторах адначасова, то за час саміту можна было б наведаць 52 майстар-класы. Вучуся выбіраць, углядаючыся ў праграму і твары вядучых. З першай серыі майстар-класаў выбіраю “Службу школьнай мэдыяцыі (СШМ) з чыстага ліста”. Вядуць яго практыкі Лада Віктараўна Быкава і Марыя Уладзіміраўна Арлова. Чым карысная СШМ? Медыятары службы дапамагаюць вырашаць канфлікты ў адукацыйным асяроддзі. Канфлікт хоць і нагода да развіцця, але лепш яму дапамагчы вырашыцца. Медыятар не эксперт па праблеме канфлікту, нікога і нічога не ацэньвае, не з’яўляецца дарадчыкам. Ён навучаны працэдуры вырашэння канфлікту і абавязаны яе прытрымлівацца. Стаць такім спецыялістам можа чалавек ад 25 гадоў, здаровы. Медыятар павінен мець дакумент аб навучанні. Медыяцыя — працэс, які праходзіць у рамках прынцыпаў добраахвотнага ўдзелу, канфідэнцыяльнасці, раўнапраўнасці бакоў, нейтральнасці медыятара.
Прыклады вырашаных простых канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі з дапамогай службы школьнай медыяцыі, напэўна, цікавыя. Мама і сын канфліктавалі наконт позняга вяртання дадому. Аказалася, што хлопец праводзіць па вечарах дзяўчынку дадому. Кішэнных грошай не хапае на транспарт. Сын ідзе дадому пяшком. Атрымліваецца доўга. З дапамогай медыятараў гэтая сітуацыя выявілася. Мама вырашыла купіць сыну праязную картку і купіла. Такім чынам, канфлікт быў вычарпаны.
Дзеці могуць канфліктаваць з-за любой дробязі: выпушчанай з рук булачкі, неасцярожнага выказвання, выпадковага дотыку, выкладзеных у інтэрнэт непрыемных фотаздымкаў і відэа. Ці з’яўляецца панацэяй ад усіх канфліктаў працэс медыяцыі? Не з’яўляецца. З праблемамі насілля рэдка дапамагае, не падыходзіць для вырашэння праблем булінгу (цкавання). Гэтыя праблемы патрабуюць ацэнкі, а ў працэсе медыяцыі ацэнка размытая. Ёсць і ўзроставыя абмежаванні для ўдзельнікаў працэсу. Медыяцыя эфектыўная для дзяцей, якім больш за 10 гадоў.
Вольга Ільінічна Яфімава на сваім майстар-класе “Выратаваць ад прорвы: прафілактыка суіцыдальнай рызыкі” сказала і даказала важны тэзіс: “Псіхолаг павінен не толькі дыягнаставаць і кансультаваць, але і будзіць грамадскую сумленнасць”. Вольга Ільінічна кіравала работай аднайменнага з майстар-класам праекта, удзельнічала ў падрыхтоўцы валанцёраў па праблеме прафілактыкі суіцыду сярод падлеткаў. “Суіцыд падлеткаў часта з’яўляецца іх крыкам пра дапамогу, зваротам да іншых”, — лічыць Вольга Ільінічна. Пацвярджэнне гэтага — інфармацыя пра матывы добраахвотнага адыходу з жыцця падлеткаў: даць зразумець, як табе дрэнна (40%); каб прыйшла дапамога па праблеме, якая турбуе (30%); паказаць, як кахае выбранніка (25%). Падлічаны страчаныя гады патэнцыяльнага жыцця. Сума ўражвае — 607 000 непражытых чалавека-гадоў.
Вольга Яфімава расказала пра работу прафілактычнага праекта і паказала кнігу “Выратаваць ад прорвы” і яго вынікі. “Калі падлеткі атрымліваюць інфармацыю пра магчымасці суіцыду ў інтэрнэце — крыніцы, якая іх цікавіць, чаму б там не размяшчаць жыццесцвярджальную інфармацыю як процівагу?” — звярнулася да аўдыторыі вядучая майстар-класа. Асноўная задача прафілактыкі — павышэнне каштоўнасці жыцця! Аўтарская група праекта на чале з Вольгай Ільінічнай выпусціла дзённік валанцёра. Цытата з дзённіка: “Падзяліцеся сваімі пачуццямі. Будзьце гатовы выслухаць. Часам слуханне — гэта ўсё, што трэба!” Вольга Ільінічна стажыравалася ў ЗША па праблеме прафілактыкі суіцыдаў. Псіхолаг лічыць карысным добраахвотны рух людзей, якія перажылі суіцыд блізкіх і імкнуцца стаць валанцёрамі і дапамагаць прафілактаваць добраахвотны адыход з жыцця. Гэта армія памочнікаў. Вольга Ільінічна назвала лічбу — 3 000 000. Гэта людзі, якія складаюць блізкае асяроддзе суіцыдэнтаў.
У прафілактыцы суіцыдаў любы крок карысны, у тым ліку і магніцікі, якія выпускаюцца амерыканцамі, у выглядзе тэлефоннага апарата з запісанным на іх нумарам тэлефона даверу. У практычнай частцы эмацыянальна цяжкага з-за тэмы, якая асвятлялася, майстар-класа яго ўдзельнікам адкрыліся новыя эмацыянальныя станы надзеі і пазітыву. Напэўна, такія ж адчуваюць падлеткі, якія ўдзельнічаюць у прафілактычных трэнінгах, што праводзяць удзельнікі праекта “Выратаваць ад прорвы”. Мы спявалі, як птушкі, свае імёны. Вымяралі эмацыянальным тэрмометрам свой настрой. Гулялі ў аўтарскую гульню карыфея псіхалогіі Юліі Барысаўны Гіпенрэйтэр “СТИХ И Я”. Знаёміліся з наборам метафарычных карт “Дарогі”. Гаварылі пра розныя варыянты выхаду са складаных сітуацый. Шукалі ў дрэнных сітуацыях добрае, прымянялі метад Скарлет О’Хара (адкласці цяжкія думкі на заўтра), расказвалі адно аднаму пра цяжкасці. Прадугледзелі рэзервовы метад вокамгненнага паляпшэння эмацыянальнага стану — у думках на час зваліць віну на другога, пакуль не станеш моцным настолькі, каб зразумець свае памылкі і выправіць сітуацыю. Мазгавы штурм даў новыя думкі пра самаабарону ва ўразлівым стане. Вось яны: перастань сябе вінаваціць, калі ўсё ўжо ў мінулым; падумай, што ворагу ўсё яшчэ добра; падумай, каму дрэнна, і дапамажы; ствары міміку шчасця; паплач; палайся; знайдзі, што можна змамаць; кладзіся спаць; плюнь на ўсё гэта!
Мне вельмі падабаецца фінальная думка майстар-класа: “Каб зразумець, якое каштоўнае жыццё, трэба навучыць гэтаму іншага!”
Закончыць наш дыялог з чытачом хочацца прапановай разгледзець ашаламляльную ідэю Юліі Яўгенаўны Зайцавай (вядучай майстар-класа “Аўтабіяграфія як спосаб канструявання “я”), якая натхніла мяне: выкарыстаць вольны час у адпачынку і гісторыі са свайго жыцця для ўдасканалення цяперашняга і будучага “я”. Стварайце аўтабіяграфію розных перыядаў жыцця, разглядайце яе ў розных ракурсах, з розных пунктаў гледжання, з пункту гледжання розных людзей і нават рэчаў. Памятайце, што вашы жыццёвыя намаганні незаменныя і бясцэнныя, што вы ўнікальныя і непаўторныя і што ў вас ёсць сябры і родныя, якія адабраюць вашы жыццёвыя гісторыі.
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.