І загучала слова беларускае…

Творы паэта, настаўніка беларускай мовы і літаратуры вілейскай гімназіі № 2, настаўніка-метадыста і магістра адукацыі Віктара Віктаравіча Кажуры ўключаны ў вучэбную праграму і падручнікі для вучняў 2 і 3 класаў, а кніга “Пакацілася сонейка” рэкамендавана для пазакласнага чытання ў 4 класе. Штогод яго вучні паспяхова выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях і форумах, конкурсах работ даследчага характару на ўзроўні Вілейскага раёна і Мінскай вобласці, а таксама рэспубліканскім і міжнародным узроўні, перамагаюць у літаратурных конкурсах, дзеляцца сваімі дасягненнямі ў СМІ.

“Нарадзіўся я ў вёсцы Краўчонкі Вілейскага раёна. Сям’я хутка пераехала ў суседнія Карпавічы, дзе я пайшоў у школу. Любоў да роднай мовы мацавалася ўва мне з першых гадоў жыцця. У сям’і ўсе размаўлялі толькі па-беларуску. Мама — фельчар, тата працаваў у сельскай гаспадарцы. Бабуля і мама — паляшучкі, мелі сваю адметную культуру і мову. Іх песні, казкі, цікавыя гісторыі і паданні прыходзіліся мне даспадобы. Аповеды родных і блізкіх дапаўнялі незабыўныя ўрокі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Рэгіны Уладзіміраўны Чаеўскай. На філалагічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага запомніліся шыкоўныя лекцыі па літаратуры Аляксея Уладзіміравіча Рагулі. З 1980 года і дагэтуль я настаўнічаю ў школах Вілейскага раёна, некалькі гадоў узначальваў Забарскую васьмігадовую школу. І вось ужо 33 гады працую ў вілейскай гімназіі № 2. Дзялюся ўласным педагагічным вопытам на старонках вучэбна-метадычных выданняў, курсах павышэння кваліфікацыі і семінарах Мінскага абласнога ІРА і АПА”.

Віктар Віктаравіч — пераможца раённага конкурсу “Настаўнік года Вілейскага раёна–2017”, з’яўляецца прыхільнікам класічнага ўрока, імкнецца прывіваць дзецям любоў да роднай мовы і літаратуры, якая пачынаецца з шанавання малой радзімы. Уласная творчасць — аснова яго педагагічнай дзейнасці, а яе мэта — раскрыць творчыя і даследчыцкія здольнасці дзяцей, каб яны адчулі свабоду самавыяўлення. На ўроках Віктара Віктаравіча пануе атмасфера дыскусійнасці і пошукавасці. Сакрэтам педагагічнага поспеху ён называе зацікаўленасць — сваю, вучняў і абавязкова іх бацькоў, а таксама падтрымку кіраўніцтва гімназіі.

“Мне шанцуе на таленавітых і апантаных вучняў, — адзначае педагог. — Першапачаткова даследаваў з імі агульналітаратурныя і агульнамоўныя пытанні. Аднак сапраўдны поспех нам прынесла краязнаўства. Раскажу пра ўнікальнага чалавека, маю вучаніцу, паэта, перакладчыка, літаратуразнаўца Бажэну Мацюк, якая тройчы (у 2007—2009 гг.) станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а ў 2006 — стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай мола­дзі. Разам з ёй мы падрыхтавалі работу “Што ні куточак, то галасочак”, прысвечаную легендам і паданням Вілейшчыны ў паэтычных апрацоўках. Сабралі каля 50 легенд і прадставілі іх у вершаванай форме, выдалі аднайменны зборнік. З Бажэнай мы вывучалі творчасць М.Багдановіча, склалі тлумачальна-частотны слоўнік мовы зборніка “Вянок“, дзе распісалі больш за 2000 лексічных адзінак. Гэта, дарэчы, чацвёрты ў Беларусі тлумачальны слоўнік мовы беларускіх пісьменнікаў. Да юбілею ўраджэнца Вілейскага раёна паэта і грамадскага дзеяча Эдварда Жэлігоўскага (у нашым горадзе ёсць вуліца, якая носіць яго імя) мы з Бажэнай даследавалі яго творчасць і выйшлі з прапановай на райвыканкам усталяваць у яго гонар мемарыяльную дошку. Ідэя атрымала падтрымку.

Грунтоўная работа Аляксандры Грабоўскай была прысвечана будаўніцтву Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, а менавіта гісторыі затопленых 9 вёсак па ўспамінах іх былых жыхароў. Работа атрымала дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ у 2013 годзе. З гэтага ж конкурсу ў 2016 го­дзе мае вучаніцы Валерыя Кабак і Надзея Кліменак вярнуліся абсалютнымі пераможцамі з даследчай работай “Вуліцы расказваюць” (уплыў часу на ўзнікненне гадонімаў горада Вілейкі”). Дзяўчынкі расказалі, як адбывалася трансфармацыя найменняў нашых вуліц у розныя часы, што на гэта ўплывала, чаму, напрыклад, сённяшняя вуліца Савецкая пераймяноўвалася аж 7 разоў! Сёлета дзесяцікласнік Уладзіслаў Хмарэнка стаў абсалютным пераможцам Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя У.І.Вярнадскага ў секцыі “Рэгіянальнае края­знаўства” за глыбокае даследаванне “Супрацоўніцтва карэспандэнтаў з Вілейскага павета з газетай “Наша ніва” ў 1912 годзе”. Мы плануем працягнуць работу над гэтай тэмай”.

Да даследчай работы Віктар Віктаравіч далучыў сваю ўнучку Ангеліну Прохараву, якая ў пачатковых класах падрыхтавала некалькі работ, прысвечаных гісторыі родных для сям’і вёсак Краўчонкі і Карпавічы. Разам з дзядулем Ангеліна шукала адказы на пытанні, чаму тая ці іншая вёска мае пэўную назву, а колеравай гамай Вілейшчыны лічыцца вясёлкавая. Дарэчы, у раёне 407 вёсак, з іх больш за паўсотні носяць назвы дрэў, кустоў, птушак і г.д. Работа дзяўчынкі “Нам засталася спадчына” (гісторыя вёскі Карпавічы ў назвах) надрукавана ў 2020 годзе ў зборніку “Першы крок у навуку”(па выніках удзелу ў Міжнародным форуме студэнцкай і навучэнскай моладзі, які праходзіў пад патранажам Мінгарвыканкама, сталічнага тэхнапарка і Цэнтра маладзёжных інавацый). У 5 класе Ангеліна разам з вучнем 1 класа пачатковай школы № 6 Вілейкі Цімафеем Зеньчыкам атрымалі дыплом па выніках Рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”. І Ангеліна Прохарава, і Улад Хмарэнка ў 2020 го­дзе былі адзначаны дыпломамі ІІ ступені
ХІ Міжнароднага конкурсу навукова-даследчых і творчых работ навучэнцаў “Старт у навуцы” Расійскай акадэміі прыродазнаўства.

У мінулым годзе Ангеліна, Уладзіслаў, а таксама Кацярына Манчак і Бажэна Шалкоўская ­ўдзельнічалі ў І Рэспубліканскім краязнаўчым форуме Беларусі. Уладзіслаў таксама выступаў з дакладам на навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам “Актуальныя пытанні філалагічнай адукацыі ў ХХІ стагоддзі”, які сёлета праводзіў філфак БДПУ імя Максіма Танка. Вынікамі даследаванняў педагог і яго вучні дзеляцца на старонках раённай газеты, перадаюць іх у раённы краязнаўчы музей.

Віктар Віктаравіч Кажура — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар (і суаўтар) 13 навукова-папулярных і літаратурна-мастацкіх выданняў, у якія ўключаны вершы, пераклады, даследчыя работы па краязнаўстве і тэматычныя матэрыялы ў дапамогу настаўнікам — у асноўным вершаваныя, некаторыя падаюцца як слоўнікі-энцыклапедыі. Работа са слоўнікамі выхоўвае ўвагу да слова, вучыць адрозніваць адценні слоў у кантэксце і правільна іх выкарыстоўваць у маўленні, усведамляць прамое і пераноснае значэнні слоў, знаёміць з мнагазначнасцю слоў, сінанімікай.

На паэтычную творчасць Віктара Кажуру натхняюць унукі — Ангеліна, якая сама піша вершы (выйшаў іх сумесны з дзядулем зборнік “Хто схаваўся пад лісток?”), і маленькі Цімошка, які сёлета скончыў 1 клас і ўжо добра рыфмуе радкі. “Для таго, каб добра ведаць родную мову, неабходна спасцігаць яе ад калыскі, фарміраваць у дзіцяці адчуванне мовы і само маўленне, — гаворыць настаўнік. — ­Адзіночных вершаў я не складаю, прытрымліваюся пэўнай сістэмы. Кожны мой твор і кніжка дапаўняюць адно аднаго і пабудаваны па прынцыпе алфавіта (ад “а” да “я”). Я ствараю серыю выданняў для дашкольнікаў і школьнікаў, каб яны маглі спасцігаць родную мову ў розных яе аспектах. Як толькі нарадзілася мая ўнучка Ангеліна, напісаў для яе 25 невялікіх калыханак. Маленькае дзіцятка яшчэ не разумее сэнсу слоў, але ж яно чуе гукі роднай мовы і ў яго выхоўваецца пачуццё рытму. Першыя крокі ў пазнанні свету дзіця робіць, калі чуе галасы прыроды і суадносіць іх з рэальнымі носьбітамі гэтых галасоў — жывёламі, птушкамі: “На хвілінку прыпыніся, // Ды паслухай, падзівіся, // Галасы прыроды… // Выхвалялася варона, // Што між птушак няма роўных, // Што ў яе вакальны дар, // Рот раскрыла ды как-кар”. Гэта радкі з нашай сумеснай з Бажэнай Мацюк кнігі “Гэта ўсё — Радзіма наша”. Наступны этап — загадкі, якія таксама змешчаны ў кнізе. Там я ўжо не называю жывёл ці птушак, а толькі апісваю іх,
а дзеці адгадваюць. Падрыхтавацца да школы дапаможа “Азбука ў вершах і малюнках”. На літару “а” прапанаваны радкі: “Абрыкосы, апельсіны // І чубаты ананас // Мы нясём для Ангеліны, // Што чакае ў госці нас”. Так можна не толькі вучыць літары, але і ўзбагачаць слоўнік дзіцяці”.

Для першакласнікаў створана “Маленькая азбука вялікай краіны”, дзе ў алфавітным парадку выкладзены словы-асацыяцыі, факты, падзеі і з’явы, па якіх мы можам расказаць пра Беларусь (азёры, бусел, валошкі і г.д.), а побач з імі невялічкія вершы. Пачаткоўцу таксама прапануем “Азбуку ў загадках” (з падказкамі і адгадкамі), каб ён акунуўся ў захапляючы свет разнастайных раслін і жывёл, прыгожых прыродных з’яў і казачных герояў. У кнізе “Слоўца да слоўца” ў алфавітным парадку сабраны невялікія гісторыі-апавяданні, якія дапамагаюць асэнсаваць і засвоіць тэарэтычны матэрыял раз­дзела “Амонімы”. Калі вучням цяжка зразумець і растлумачыць значэнне таго ці іншага амоніма, можна звярнуцца да змешчанага ў канцы зборніка дапаможніка. Для стварэння ўласных замалёвак дзеці выкарыстоўваць прыклады для самастойнай работы і спіс рэкамендаванай літаратуры. Для найбольш падрыхтаваных вучняў ёсць прыклады-ілюстрацыі з не растлумачанымі яшчэ амонімамі. Напрыклад, да верша “Зусім забыўшыся на гулі, // Пытае ўнучак у бабулі: // “Скажы мне, мая бабка, // Гатова ў печы бабка?” ёсць заданні — самастойна растлумачыць значэнні амоніма “бабка”, пра якія не згадана ў тэксце: бабка — матчына або бацькава маці; бабка — здобная булка і г.д.; падабраць адпаведныя значэнні для тлумачэння выкарыстаных у вершаваных радках амонімаў.

Рыхтуючы вучняў да вуснага сачынення з элементамі апісання ў 6 класе, Віктар Віктаравіч выкарыстоўвае матэрыялы сваёй кнігі “Вясёлкавыя вершы”, якія выпрацоўваюць назіральнасць, уменне адрозніваць адценні колераў, выбіраць з іх найбольш падыхо­дзячыя да апісання і папаўняць свой слоўнік, называючы гэтыя адценні (карычневы, руды, буры і г.д.). Даецца заданне накшталт: замест каляровых квадратаў у вершах напiсаць назвы адпаведных колераў (адценняў), вызначыць “настрой” верша, даказаць, што гэта вершаваны твор, падабраць словы для вызначэння адценняў наступных колераў: жоўты, сіні, чырвоны. Кніжка Віктара Віктаравіча “Пакацілася сонейка” з вершамі-загадкамі, прымаўкамі і займальнымі заданнямі пра месяцы і поры года падыдзе для вучняў 4 класа. У кнізе “Паэтычныя забавы” аўтар не проста ўзбагачае слоўнік вучняў, але і развівае іх фантазію, здольнасць бачыць, адчуваць і ра­зумець, пра што гаворыцца ў вершы, а таксама вучыць складаць вершы, адчуваць рытм і рыфму: “Гляньце: сонейкавы дзеткі —// Расцвілі на полі кветкі (слова “кветкі” напісана ўверх нагамі), // А над імі загулі // Таўстабокія чмялі (слова “чмялі” напісана ўверх нагамі)”.

Не ўсе сучасныя дзеці ведаюць, што такое калаўрот, верацяно, гасцінец, абора і г.д. Для ўрокаў беларускай мовы па тэме “Устарэлыя словы” няма адаптаваных да школьнай праграмы гістарычных даведнікаў. Віктар Кажура і яго жонка Зоя Кажура распрацавалі гістарычна-паэтычны слоўнік “Рэха мінулых дзён”. У ім сабраны 248 моўных адзінак беларускіх архаізмаў і гістарызмаў, растлумачана іх значэнне, якое падмацавана вершаванымі замалёўкамі, і даюцца заданні, напрыклад, падабраць сінонімы да слова. “І загучала слова…” — кніга, прысвечаная гісторыі мовы, асноўным этапам развіцця беларускага слова. У выданні ёсць раздзел “Лясун і шышкі”, у якім змешчаны аўтарскія матэрыялы ўдзельнікаў гімназічнай літаратурнай гасцёўні “На Парнасе”, якой кіруе педагог (таксама ён супрацоўнічае з народным клубам кампазітараў і паэтаў Мінскай вобласці “Жывіца”). Вывучэнне на ўроках літаратуры беларускай міфалогіі так захапіла вучняў, што яны самі апынуліся ў свеце незвычайных персанажаў і склалі фантастычныя гісторыі, зрабілі малюнкі да іх.

На ўроках беларускай літаратуры ў 5 класе настаўнік выкарыстоўвае кнігу “Падказкі да казкі”. Ён прапануе пачатак вядомай беларускай казкі (у аўтарскай паэтычнай апрацоўцы) і заданні: успомніць назву казкі, пераказаць яе, растлумачыць значэнне пэўных слоў, прывесці прыклады казак пра звяроў, чарадзейных і бытавых казак і разам з аднакласнікамі падрыхтаваць інсцэніроўку казкі або зрабіць слайд-фільм па яе матывах. Выкладаючы тэмы “Аднародныя члены сказа” і “Сказы з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах, знакі прыпынку”, педагог прапаноўвае тэматычныя матэрыялы “Крыжаванкі-вандраванкі”.

Прыклад такога задання: “Пагля­дзі, мой юны дружа, // На двары якая сцюжа, // Як працяжна, злосна, глуха // Завывае … ”. Вучням трэба: а) замест шматкроп’яў дапісаць словы, якія падыходзяць па сэнсе; б) гэтыя словы па­ставіць у патрэбнай форме, каб яны рыфмаваліся з ужо выкарыстанымі і ўтваралі закончаны вершаваны твор; в) калі ўзнікнуць цяжкасці з выбарам патрэбных слоў, адшукаць іх у “Словах для даведак”; г) запоўніць крыжаванку падабранымі словамі; д) у агульнай калонцы крыжаванкі прачытаць назву раздзела. Падчас выканання такіх заданняў узбагачаецца слоўнікавы запас вучняў, развіваецца арфаграфічная, пунктуацыйная пісьменнасць.

Акрамя гэтага, настаўнікам падрыхтаваны матэрыялы для правядзення фізкультхвілінак, якія сваім зместам адпавядаюць тэме ўрока. Падчас іх правядзення Віктар Кажура просіць вучняў разам з выкананнем адпаведных рухаў (устань, ідзі, шукай, збяры) успомніць, напрыклад, назвы грыбоў і ягад, пра якія ідзе размова на ўроку: “Падняліся мы да ранку, // Выйшлі з братам на палянку, // Куст за кустам расхінаем, // Зоркі-ягадкі збіраем”.

Настольная кніга настаўнікаў — вучэбны дапаможнік (для 6—11 класаў) “Азбукоўнік” — пазнавальна-навуковая, часам гульнявая кніжка-чытанка, камусьці забаўлянка”. Тут выкладзены матэрыял з гісторыі кожнай літары, названы ў алфавітным парадку найбольш вядомыя беларускія пісьменнікі, паходжанне асобных рэчаў і з’яў, правілы беларускай мовы, заданні, пераклады, дыктанты, пераказы і гульні. За напісанне дапаможніка Віктар Кажура стаў лаўрэатам Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі “Дзіцячая і юнацкая літаратура”.


Віктар Віктаравіч працягвае ствараць літаратуру для дзяцей. Да выхаду ў свет рыхтуюцца яго новыя кнігі: “З легендаў і міфаў. Героі беларускай міфалогіі”, “Крыжаванкі-вандраванкі”, “Вясёлкавыя вершы”, “Маленькая энцыклапедыя Грыбнога царства”, “Маленькая энцыклапедыя Каралеўства кветак”. Прыгожа ілюстраваныя выданні Віктара Віктаравіча друкуюцца ў вядомых выдавецтвах краіны, маюць тыражы па некалькі тысяч экзэмпляраў. Кнігі хутка разыходзяцца ў кніжных магазінах і заўсёды запатрабаваны ў бібліятэках.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.