Інтрыга ўрока абуджае цікавасць

У канцы мінулага тыдня ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі падвялі вынікі конкурсу метадычных распрацовак “Арганізацыя міжкультурных іншамоўных зносін на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці”, які праводзіўся для настаўнікаў замежных моў (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай). Свае метадычныя распрацоўкі даслалі 367 педагогаў. У акадэмію за сертыфікатамі прыехалі 49 настаўнікаў.

Як адзначыла метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Галіна Хадасевіч, мэта конкурсу — выяўленне таленавітых, творча працуючых настаўнікаў замежных моў, іх падтрымка і заахвочванне, а таксама прапаганда эфектыўнага педагагічнага вопыту, публічнае прызнанне ўкладу педагогаў у развіццё методыкі навучання і выхавання вучняў I, II, III ступеней агульнай сярэдняй адукацыі.

Трэба адзначыць, што ў акадэмію прыехалі вельмі таленавітыя і творчыя настаўнікі, якія на працягу двух дзён дзяліліся сваім метадычным досведам, вынікамі сваёй дзейнасці падчас навучальнага года, некаторыя ўспаміналі яркія ўрокі сваіх калег. Акрамя таго, усім было што сказаць і пра свае конкурсныя распрацоўкі. У прыватнасці, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Івацэвіч Святлана Шабан разам са сваёй вучаніцай працавала над даведнікам па англійскай мове, у якім змешчаны звесткі пра гісторыка-культурныя каштоўнасці раёна. На аснове праведзенага даследавання быў распрацаваны турыстычны маршрут для жыхароў і гасцей горада, раёна.

Два сертыфікаты атрымала настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Жодзіна Святлана Каляда. Святлана Міхайлаўна прадставіла распрацоўкі ў дзвюх намінацыях: “Вучэбныя заняткі” і “Пазакласнае мерапрыемства”, якое было прысвечана спаленым беларускім вёскам падчас Другой сусветнай вайны. Усе падзеі ў сцэнарыі разгортваюцца ў Хатыні. Спецыяльна для заключнай сцэны мерапрыемства на англійскую мову было перакладзена відэа з “Маршу міру—82”, у якім маці 11 дзяцей (у іх ліку і С.М.Каляда) і мастак М.Савіцкі заклікаюць да захавання міру на зямлі.

Своеасаблівым падарункам для пераможцаў конкурсу сталі майстар-класы старшынь журы. Мне пашчасціла наведаць адзін такі майстар-клас. Яго праводзіў настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”, настаўнік англійскай мовы Ліцэя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Сарока. Аляксандр Мар’янавіч — выдатны педагог, сапраўдны майстар сваёй справы. За лічаныя 30 хвілін ён даў столькі ведаў і падзяліўся цэлым спектрам эмоцый! Брава!

Слова майстру: “Спачатку я звярнуў увагу на тое, як неабходна планаваць свой урок. Самае важнае — паставіць мэту, якая лагічна прывядзе да чаканага выніку. На ўроках замежнай мовы мы вызначаем 2 мэты: адукацыйную (якому аспекту мовы мы сёння будзем вучыцца: маўленне, разуменне і ўспрыманне тэксту на слых; ці гэта будзе замацаванне навыкаў пісьмовага маўлення) і камунікатыўную (да чаго вучні прыйдуць у канцы ўрока або цыкла ўрокаў, што змогуць расказаць, спытаць, у чым упэўніць, што параіць).

Далей я звярнуў увагу на тое, што для высокаматываваных навучэнцаў падручніка недастаткова, таму настаўніку трэба пашукаць дадатковыя матэрыялы, якія будуць адпавядаць моўнаму запасу вучняў, узроставым асаблівасцям. Але трэба быць уважлівымі, бо матэрыялы цяпер у адкрытым доступе, іх больш чым дастаткова. У гэтай сувязі трэба быць выбіральным, прадумваць, наколькі гэты матэрыял упішацца ў канву ўрока. Акцэнт неабходна рабіць на тым, што дапаможа навучэнцам дайсці да мэты ўрока. Не меншай увагі патрабуе і логіка пабудовы этапаў урока: што дапаможа раскрыць тэму ўрока, якія віды практыкаванняў дапамогуць прывесці да пастаўленых мэт і вынікаў у канцы ўрока.

Затым я прайграў адзін з фрагментаў урока, які быў звязаны з канікуламі, і на практыцы паказаў, як можна пабудаваць урок (ад тэорыі — да практыкі). На ўроку заўсёды патрэбна звяртаць увагу на лексіку для апісання чаго-небудзь, для выражэння сваіх думак. Трэба навучыць дзяцей, як гэта правільна рабіць з пункту гледжання граматыкі. Усё гэта добра відаць на практыцы, напрыклад, у тэкстах. Тут можна абыграць нават SMS-паведамленне, якое можа прыйсці ад героя, ці пісьмо па электроннай пошце. Патрэбна рэальнасць сітуацыі. Змест тэксту звязаны з пастаўленай на ўроку ўмоўнай маўленчай праблемай. Далей праца будуецца на аснове прачытанага тэксту, але на першы план выходзіць асабісты вопыт (стаўленне) навучэнцаў па праблеме, якая вывучаецца. Калі гэта канікулы, то кожны вучань мае свой вопыт іх правядзення. А гэта азначае, што кожны можа даць парады, ацаніць убачанае падчас сваіх канікул.

Асаблівая ўвага на майстар-класе была ўдзелена візуалізацыі. Тэкст на ўроку пажадана суправаджаць любой ілюстрацыяй, што дапаможа зняць псіхалагічны бар’ер і стварыць пэўную таямнічасць, асабліва калі карцінка ідзе перад тэкстам. Інтрыга ўрока абуджае цікавасць нават у самых нематываваных навучэнцаў. І яшчэ: не трэба зацыклівацца на памылках навучэнцаў. Гэта важна, інакш вучні будуць баяцца сказаць лішняе слова. Нават калі памылка грубая, лепш у карэктнай форме даць моўны ўзор.

Мы павінны не проста вучыць лексіцы і граматыцы, а дапамагаць вучням пераўтвараць гэтыя веды ва ўменні, каб свабодна карыстацца імі ў жыццёвых маўленчых сітуацыях, вырашаючы тую камунікатыўную сітуацыю, з якой сутыкнуліся. Акрамя таго, мы павінны развіваць сацыякультурную кампетэнцыю ў сваіх навучэнцаў. Яны павінны валодаць пэўнай базай ведаў пра носьбітаў мовы, якая вывучаецца, каб, напрыклад, дапамагчы турысту-замежніку адаптавацца да нашых культурных традыцый”.

Не менш цікавым быў майстар-клас настаўніка-метадыста настаўніцы нямецкай мовы Зелянкоўскага дзіцячага-сада — сярэдняй школы імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна Віцебскай вобласці Аліны Стальмачонак. У выніку ўсе пераможцы конкурсу атрымалі не толькі сертыфікаты, але і метадычныя парады, незабыўныя ўражанні ад зносін з калегамі-аднадумцамі.


Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.