Крэда назаўсёды

Увесь мой педагагічны шлях — гэта ўзыходжанне па прыступках. 20 гадоў у пачатковай школе — многа гэта ці мала?
Першыя гады работы ў школе былі для мяне нялёгкімі. В.А.Сухамлінскі пісаў: “Няма ў свеце нічога больш складанага, чым чалавечая асоба!” Вось і ў мяне было шмат цяжкасцей і сумненняў. Я старалася знаходзіць радасць у зносінах з дзецьмі, імкнулася пазнаць душу кожнага дзіцяці і пастаянна вучылася сама, абагачалася вопытам калег. І вось аднойчы я адчула, што мне ёсць што сказаць і паказаць вучням. З’явілася першае крэда майго педагагічнага шляху: “Не абмяжоўвацца падачай ведаў, а здзіўляць і зацікаўліваць”.

Ідуць дні, гады. Ідуць вельмі хутка, а хочацца паспець многае. Мяняецца час, але не мяняюцца задачы, якія я стаўлю перад сабой:

• даць навучэнцам трывалыя і глыбокія веды па прадметах;

• спрыяць творчаму развіццю кожнага дзіцяці як на ўроку, так і па-за заняткамі;

• выклікаць у школьнікаў цікавасць да ведаў, навучыць іх мець уласнае меркаванне;

• выхаваць у дзяцей самастойнасць, сумленнасць, веру ў сябе;

• стаць ім сябрам, раскрыць багацце іх душ.

Для паспяховага вырашэння гэтых задач выкарыстоўваю розныя падыходы, метады і формы навучання, якія могуць вар’іравацца ў залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей класа, груп і асобнага дзіцяці. Выкарыстоўваючы ў сваёй рабоце асобасна арыентаваны падыход, гульнявыя тэхналогіі, ІКТ, развіццёвае і праблемнае навучанне, дабіваюся самастойнасці мыслення вучняў, развіцця іх пазнавальных працэсаў і творчых здольнасцей.

На выхадзе з пачатковай школы дзеці павінны быць глыбока перакананыя ў неабходнасці пазнання, гатовыя пераадольваць цяжкасці на шляху набыцця ведаў, прыкладаючы пры гэтым максімум валявых намаганняў, гэта значыць валодаць пазнавальнай актыўнасцю. А фарміраваць пазнавальную актыўнасць мне дапамагаюць урокі рашэння праектных задач, на якіх мае навучэнцы вучацца рэфлексаваць (бачыць праблему; аналізаваць зробленае — чаму атрымалася, чаму не атрымалася; бачыць цяжкасці, памылкі); вызначаць мэты (ставіць і ўтрымліваць мэты); планаваць (складаць план сваёй дзейнасці); мадэляваць (прадста­ўляць спосаб дзеяння ў выглядзе схемы-мадэлі, вызначаючы самае істотнае і галоўнае); праяўляць ініцыятыву пры пошуку спосабу рашэння задачы; уступаць у камунікацыю (узаемадзейнічаць пры рашэнні задачы, адстойваць сваю пазіцыю, прымаць ці аргументавана адхіляць пункт гледжання іншых).

Важным напрамкам маёй работы з’яўляецца развіццё крытычнага мыслення навучэнцаў. Імкнуся так праектаваць вучэбныя заняткі, падбіраць такія метады і прыёмы работы, каб абудзіць у вучнях даследчую, творчую актыўнасць, задзейнічаць ужо наяўныя веды, стварыць умовы для асэнсавання дзецьмі новага матэрыялу. Дапамагае мне ў гэтым метад шасціграннага (шасцівугольнага) навучання.

Шасцівугольная картка, якая называецца гексам (hexagon), — гэта ў пэўным сэнсе фармалізаваныя веды па вызначаным аспекце. Усе шасцівугольнікі злучаюцца дзякуючы пэўным сувязям. Выкарыстанне шасцівугольнікаў з’яўляецца простым і эфектыўным спосабам развіцця такіх навыкаў, як здольнасць выбіраць, класіфікаваць, вызна­чаць сувязі паміж паняццямі і падзеямі, шу­каць доказы і выбудоўваць алгарытмы. Метад шасцівугольнага навучання дапамагае за кароткі час абагульніць і сістэматызаваць матэрыял, актывізаваць дзейнасць навучэнцаў на ўроку, кіраваць групавым працэсам.

Арганізуючы ўрок, імкнуся так кіра­ваць дзейнасцю навучэнцаў, каб кожнае дзіця адчула сілу поспеху, што акрыляе. А гордасць настаўніка — гэта поспехі яго вучняў, іх дасягненні. І вось яшчэ адно маё педагагічнае крэда: “Старацца заўсёды ўба­чыць у душы дзіцяці тое зярнятка, даглядаючы якое, можна вырасціць выдатную расліну”.

У гэтым навучальным годзе я таксама магу пахваліцца поспехамі сваіх вучняў. У раённай алімпіядзе сярод пачаткоўцаў Аляксандра Макевіч заняла 1-е месца па прадмеце “Чалавек і свет”, Дар’я Малыхіна — 3-е месца па рускай мове. Штогод мае навучэнцы ўдзельнічаюць у раённай праектна-даследчай канферэнцыі “Я пазнаю свет” — Дар’я і Аляксандра ўзнагароджаны дыпломамі І ступені ў 2019/2020 го­дзе, а Ягор Барткевіч — дыпломам ІІ ступені ў гэтым навучальным го­дзе. Каманда “Праменьчыкі”, якая складаецца з пяці навучэнцаў майго класа (Ягора Барткевіча, Глеба Карповіча, Ульяны Зінкевіч, Аляксандры Макевіч, Святланы Лукоўскай), прыняла ўдзел у ІІ Рэспубліканскім праекце “Суперзорачка” і заняла 3-е месца ў вобласці.

Вось ужо каторы раз, дваццаты год запар, звініць званок. Я ўваходжу ў клас толькі з адной мэтай — выхоўваць сваіх вучняў, прыносіць кожнаму з іх шчасце навучання. Асноўны мой педагагічны сродак — дзіцячы калектыў, здольны залучаць да работы ўсіх — не прымушаць, а менавіта залучаць. Стараюся ператварыць кожны ўрок у нашу з дзецьмі калектыўную работу. Імкнуся зрабіць цяжкі і напружаны працэс навучання і выхавання школьнікаў радасным, даступным і эфектыўным, дзе пануе гармонія душы і розуму. У нас ёсць агульнае крэда: “Мы разам працуем! Разам адпачываем! Разам уладкоўваем жыццё!”

Мае цяперашнія дзеці такія ж любімыя, як і самыя першыя. Да кожнага ўрока з імі, здаецца, я рыхтавалася ўсё жыццё і, бясспрэчна, з імі няпроста. У маім класе 24 вучні, і кожны з іх асоба! Па цаглінцы, крок за крокам, мы будуем наш школьны дом — дом радасці; дом, дзе ёсць вялікія магчымасці і выбар, дзе добра вучыцца, дзе ўтульна і цёпла. У нашай школе існуе штогадовая традыцыя ў канцы навучальнага года выбіраць лепшы клас года — “самы класны клас”. У мінулым навучальным го­дзе наш клас заняў 2-е месца, сёлета мы пераможцы сярод навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Дзесяць гадоў назад я паспрабавала сябе ў якасці аўтара метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў пачатковых класаў. У маёй калекцыі ўжо шэсць кніг, і мне вельмі прыемна бачыць іх на сталах у маіх калег і ўсведамляць, што мой педагагічны вопыт запатрабаваны. У цяперашні час праводжу майстар-класы для педагогаў, спрабую сябе ў якасці лектара ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Крэда гэтага шляху: “Вучыць усіх, вучыць кожнага!”

Для мяне як настаўніка найбольшае шчасце і радасць, калі я бачу, што маім вучням падабаецца вучыцца, што яны з жаданнем ідуць у школу, што яна стала для іх другім домам. Хачу бачыць вясёлыя ўсмешкі сваіх выхаванцаў, хачу, каб яны былі дабрэйшымі, мацнейшымі, чым многія з нас. А для гэтага трэба пастаянна вучыцца самім, валодаць вялікім тактам і цярпеннем, а галоўнае — любоўю да дзяцей.

“Што самае галоўнае ў маім жыцці, у маёй прафесіі?” — пытаюся я ў сябе. І без роздуму адказваю: “Любоў да дзяцей!” Гэтае крэда назаўсёды.

Наталля ШУКЕЛОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага.