Адным з найважнейшых этапаў сучаснага ўрока хіміі з’яўляецца вызначэнне яго мэты і задач. Навучанне — гэта мэтанакіраванае ўзаемадзеянне настаўніка і вучня, і яно можа адбывацца толькі праз мэтапакладанне. Кожны этап, кожная мінута ўрока павінны быць падпарадкаваны выніку, які запланаваны асноўнай мэтай. Мэта можа ставіцца як на адзін урок, так і на некалькі, у залежнасці ад таго, колькі часу адводзіцца на вывучэнне пастаўленай праблемы.
Кожны вучань павінен разумець важнасць дасягнення мэты, бачыць, дзе ён можа выкарыстоўваць веды і ўменні, атрыманыя на ўроку хіміі. Неабходна даць магчымасць вучням самім сфармуляваць мэту, задачы, а таксама тэму ўрока. Мэтапакладанне — калектыўнае дзеянне, а кожны вучань — яго актыўны ўдзельнік.
Якімі ж павінны быць мэты ўрока, што ставіць перад сабой вучань?
Мэты павінны быць:
• канкрэтнымі і дакладнымі (без расплывістай фармулёўкі);
• зразумелымі;
• pэальнымі (якія характарызуюць жаданы вынік);
• пабуджальнымі да дзеяння.
Для больш выразнай пастаноўкі мэты лепш выкарыстоўваць такія дзеяслоўныя формы, якія паказваюць завершанасць дзеяння навучэнца. Напрыклад: навучыць, азнаёміць, растлумачыць, развіць, разгледзець, паказаць і г.д.
Вельмі важна вызначыць зыходны ўзровень падрыхтоўкі вучняў, выявіць, якіх ведаў яму не хапае для засваення наступнага матэрыялу. Настаўнік павінен прадугледзець варыянты мэтапакладання вучняў і скарэкціраваць іх. Найбольш змястоўныя мэты, з пункту гледжання хіміі, карысна запісваць на дошцы, што прыцягне ўвагу вучняў.
Фіксацыя мэт дазваляе настаўніку звяртацца да іх на працягу ўрока і ў канцы для аналізу дасягнутага.
Правільна пастаўленая мэта ўрока дапамагае намеціць яго задачы:
• вучэбныя: уключаюць асноўныя падзеі, з’явы, якія павінны быць трывала засвоены вучнямі;
• выхаваўчыя: уключаюць вызначэнне адносін вучняў да навакольнага асяроддзя і паводзін;
• развіццёвыя: уменні параўноўваць, ажыццяўляць разумовыя дзеянні па ўстанаўленні падабенства або адрознення паміж хімічнымі аб’ектамі, рэакцыямі і г.д.
Для вызначэння тэмы і мэты ўрока хіміі можна выкарыстоўваць метады “Праблемная сітуацыя”, “Знайдзі памылку”, прыём-гульню “так — не”, прыём “ведаем, хочам даведацца, даведаліся” і інш.
Для вучняў 7—9 класаў я, напрыклад, стаўлю пытанні, звязаныя з гісторыяй, або выкарыстоўваю цікавыя задачы, загадкі.
Тэма ўрока “Алюміній”. Імператар Напалеон загадаў падаць для гасцей прыборы з вельмі дарагога серабрыста-белага металу, а ўсім іншым давялося карыстацца звычайнымі прыборамі з золата і серабра. З чаго былі зроблены прыборы для гасцей?
Тэма ўрока “Вугляводы. Крухмал”. Звычайна белы, як мука, ад ёду я сінею, але баюся кіпеню: у ім адразу стану клеем!
Тэма ўрока “Галагены”. Паспрабуйце вызначыць, пра якія хімічныя элементы ідзе гаворка.
* Гэты хімічны элемент уваходзіць у склад касцявой тканкі і зубной эмалі. Яго злучэнні дадаюць у зубныя пасты. (Фтор.)
* Яго слабы пах можна адчуваць у водаправоднай вадзе (ім абеззаражваюць ваду).(Хлор.)
* Кожны карыстаўся спіртавой настойкай гэтага рэчыва як кроваспыняльным і абеззараджвальным сродкам. (Ёд.)
* Яго злучэнні прымяняюць у фатаграфіі ў якасці святлоадчувальнага рэчыва. (Бром.)
Прыём “здзіўляй” падчас вывучэння тэмы “Жалеза”. Першае жалеза, якое трапіла яшчэ ў глыбокай старажытнасці ў рукі нашых продкаў, было не зямнога, а касмічнага паходжання. Жалеза ўваходзіць у склад метэарытаў, якія падаюць на нашу планету з касмічнай прасторы.
Невыпадкова на некаторых старажытных мовах жалеза называецца нябесным каменем.
Прыём “ці ведаеце вы, што?”. Тэма ўрока “Бялкі”. Ці ведаеце вы, што наяўнасць бялкоў у розных тканках чалавека неаднолькавая. Так, у мышцах да 80% бялку, селязёнцы, крыві, лёгкіх — 72%, скуры — 63%, печані — 57%, мозгу — 15%, тканцы зубоў — 14—28%.
Прыём “работа над паняццем”. Навучэнцам называецца тэма ўрока. Напрыклад, “Нукліды і ізатопы. Паняцце радыеактыўнасці” ў 8 класе. Неабходна растлумачыць значэнне кожнага слова. Далей ад значэння слова вызначаецца мэта ўрока.
Пасля дасягнення вынікаў неабходна праводзіць рэфлексію работы. Сістэматычнае аб’яднанне мэтапакладання і рэфлексіі ў розных відах дзейнасці прыводзіць да самастойнай пастаноўкі мэты. Такім чынам, дзеці вучацца выказваць сваё меркаванне, слухаць і чуць іншага, працаваць ва ўзаемадзеянні. Менавіта такі падыход да мэтапакладання з’яўляецца цікавым, эфектыўным і актуальным.
Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.