“Настаўнік — гэта чалавек, які вучыцца ўсё жыццё, толькі ў гэтым выпадку ён здабывае права вучыць”

Апошнім часам мы многа гаворым пра тое, якой павінна быць сучасная школа, і пералічваем патрабаванні да сучаснага настаўніка. Але настаўнік не зможа адпавядаць патрабаванням грамадства, калі не будзе развівацца і займацца павышэннем сваёй кваліфікацыі (нават калі ў яго будзе чырвоны дыплом аб заканчэнні педагагічнага ўніверсітэта). Думаю, што гэта вядомая аксіёма. Гэтак жа як і тое, што павышэнне педагагічнай кваліфікацыі немагчыма без дзеяння метадычнай службы, дзякуючы якой “вырасла” не адно пакаленне выдатных педагогаў і пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства. Прыклад Віктара Эдуардавіча Жука, пераможцы конкурсу “Настаўнік года -2014”, яркае таму пацвярджэнне.
Больш за тое, сёння школа не можа развівацца ніякім іншым шляхам, акрамя як ствараючы і асвойваючы новую адукацыйную практыку, забяспечваючы кампетэнтнасны падыход да адукацыйнага працэсу і вынік навучання. А гэта патрабуе новых падыходаў да арганізацыі метадычнай работы.
Перспектывы развіцця метадычнай службы ў горадзе (раёне) сталі тэмай гутаркі з Людмілай Алейзаўнай Шкраба, намеснікам загадчыка раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама. Настаўнікі гэтага рэгіёна даўно дэманструюць выдатныя вынікі, апошнім з якіх з’яўляецца выхад у суперфінал конкурсу “Настаўнік года-2014” Іны Рычардаўны Віннік, настаўніка-метадыста, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы.

— Людміла Алейзаўна, апошнім часам вядуцца дыскусіі аб неабходнасці метадычнай службы, прычым на ўсіх узроўнях. Што вы думаеце на гэты конт, адпрацаваўшы ў гэтай сістэме нямала гадоў?
— Асноўная функцыя метадычнай работы ў раёне — навучыць педагогаў “вырошчваць” свой педагагічны вопыт, своечасова абагульняць і трансліраваць наяўныя дасягненні эфектыўнай педагагічнай практыкі. Педагог — адмысловая прафесія. Ад вынікаў дзейнасці настаўніка залежыць паспяховасць навучэнцаў як грамадзян краіны, выпрацоўка ў іх перакананняў у самаўдасканаленні і самаразвіцці на працягу ўсяго жыцця. Якім жа павінен быць сучасны педагог? Вядома, педагог павінен быць майстрам. А метадычная работа спрыяе прафесійнаму самаўдасканаленню педагогаў. Сучаснай школе патрэбны мабільны настаўнік (гатовы да ўспрымання інавацый і які ўмее дзейнічаць па-новаму, гэта значыць прымяняе разнастайныя нетрадыцыйныя формы работы на вучэбных занятках), выкарыстоўвае эфектыўную педагагічную практыку.
Аўтар шматлікіх метадычных дапаможнікаў для педагогаў Уладзімір Лізінскі выказаў няўхільную ісціну: “Настаўнік — гэта чалавек, які вучыцца ўсё жыццё, толькі ў гэтым выпадку ён здабывае права вучыць”. Сапраўдны настаўнік-прафесіянал знаходзіцца ў пастаянным развіцці і ўсё сваё працоўнае жыццё з’яўляецца даследчыкам. Асаблівы ўплыў на фарміраванне настаўніцкага прафесіяналізму аказвае самаадукацыя. Для павышэння якасці адукацыі сучасны настаўнік павінен валодаць сістэмай сучасных педагагічных метадаў і тэхналогій, умела выкарыстоўваць сучасныя падыходы ў практыцы навучання і выхавання, валодаць метадамі рэфлексіўнага аналізу ўласнай прафесійнай дзейнасці.
І цяпер як ніколі патрэбна сістэмная, мэтанакіраваная работа па самаадукацыі педагогаў, абагульненні эфектыўнага педагагічнага вопыту на ўзроўні ўстаноў адукацыі, раёна, вобласці, рэспублікі. Асноўным памочнікам у рэалізацыі гэтай сістэмы з’яўляецца метадыст.

— Дзейнасць вашага вучэбна-метадычнага кабінета вельмі насычаная. Што сёння хвалюе настаўнікаў Нясвіжскага раёна і як вы дапамагаеце спраўляцца ім з хвалюючымі пытаннямі?
— Практыка сведчыць, што ў педагогаў часта з’яўляюцца цяжкасці з апісаннем вопыту ўласнай дзейнасці, ёсць праблемы, звязаныя з уключэннем у даследчую дзейнасць, валоданнем навыкамі мэтапалягання, планавання, прагназавання, выкарыстання адэкватных метадаў, прыёмаў арганізацыі педагагічнай дзейнасці. У сувязі з гэтым работа раённага вучэбна-метадычнага кабінета накіравана на каардынацыю дзейнасці раённых і школьных метадычных фарміраванняў на дыягнастычнай аснове (з мэтай вызначэння структуры і зместу метадычнай работы); удасканаленне работы раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў, накіраванай на актуалізацыю і паглыбленне ведаў педагогаў, удасканаленне педтэхнікі настаўнікаў, іх падрыхтоўку да атэстацыі, укараненне педагогамі сучасных педагагічных тэхналогій у практыку выкладання вучэбных прадметаў.
Даволі шмат увагі ў нас у раёне ўдзяляецца метадычнаму суправаджэнню атэстацыі педработнікаў, асноўнымі задачамі якой з’яўляюцца стымуляванне росту прафесійнага майстэрства настаўнікаў, развіццё іх творчай ініцыятывы. Выразна спланаваная работа па выяўленні, абагульненні і ўкараненні эфектыўнай педагагічнай практыкі педагогаў праз семінары, круглыя сталы, адзіныя метадычныя дні, кансультацыі, творчыя справаздачы, дэкады педмайстэрства, узаеманаведванне ўрокаў, пашыраныя пасяджэнні метадычных аб’яднанняў, раённы метадычны савет, трэнінгі была накіравана на папярэджанне стрэсавай сітуацыі пры праходжанні атэстацыі педагогамі.

— Сапраўды, атэстацыя сёння хвалюе ўсіх: і настаўнікаў, і метадыстаў. На чым рабілі акцэнт вы, рыхтуючы да гэтай працэдуры сваіх педагогаў?
— Асаблівая ўвага засяроджваецца на працэдуры праходжання педагогамі атэстацыі на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, катэгорыю “настаўнік-метадыст”, а таксама на арганізацыйна-метадычным забеспячэнні якаснай падрыхтоўкі да абагульнення свайго педагагічнага вопыту.
У прыватнасці, мы праводзілі семінар-практыкум “Абагульненне, апісанне эфектыўнага педагагічнага вопыту”, актыўнымі ўдзельнікамі якога сталі педагогі, якія прэтэндавалі на праходжанне атэстацыі на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, катэгорыю “настаўнік-метадыст”, а таксама на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
І ў працэсе гульні-дыспуту “Кейс”, праведзенай падчас семінара, былі вылучаны асноўныя крытэрыі эфектыўнасці вопыту: узгодненасць мэт, задач, прагназуемага выніку з заяўленай праблемай, сутнасць вопыту, актуальнасць і перспектыўнасць, наяўнасць элементаў навізны, рэпрэзентатыўнасць, выніковасць, метадычны ўзровень апісання вопыту.
Асаблівая ўвага была ўдзелена абагульненню, апісанню педагагічнага вопыту на аснове рэфлексіўнага падыходу, і дадзены наступныя рэкамендацыі па абагульненні вопыту:
1. Перш чым прыступіць да абагульнення педагагічнага вопыту, выразна пазначце тэму і мэту работы.
2. Паглядзіце на сваю дзейнасць збоку, станьце незалежным экспертам.
3. Вылучыце ва ўласным вопыце тое, што складае яго сутнасць. Вызначце, у якіх суадносінах знаходзяцца новаўвядзенні і якія склаліся традыцыйныя формы, метады, прыёмы.
4. Складзіце кароткі план апісання педагагічнага вопыту, вылучыце паслядоўныя этапы ва ўласнай рабоце ў гэтым кірунку, складзіце тэзісы.
5. Ацаніце свой практычны вопыт. Паведамляючы пра поспехі, не забудзьцеся пра цяжкасці і праблемы, памылкі. Галоўны крытэрый вопыту — выніковасць. Пакажыце, як растуць і развіваюцца вашы навучэнцы.
6. Працуючы над тэмай, райцеся з калектывам, са сваімі калегамі, расказвайце ім аб сваіх цяжкасцях, сумненнях.
7. У дадатках размясціце тэхналагічныя карты, планы-канспекты заняткаў, мерапрыемстваў, а таксама спіс уласных публікацый па тэме вопыту, прыклады дыдактычных матэрыялаў, анкет, апытальнікаў.
Як паказвае практыка, далёка не ўсе педагогі здольныя праяўляць ініцыятыву ў пераасэнсаванні і перабудове сваёй дзейнасці, часам яны маюць патрэбу ў дапамозе, напрыклад, у фармулёўцы тэмы вопыту, выразным выдзяленні педагагічнай праблемы, вызначэнні ўмоў, якія спрыяюць прымяненню адукацыйнага прадукту і перспектывы развіцця вопыту, вызначэнні перспектыўнасці сваёй дзейнасці.
А вопыт педагогаў, якія паспяхова прайшлі атэстацыю, павінен выкарыстоўвацца як узор для фарміравання вопыту і паляпшэння майстэрства іншых педагогаў.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.