Чалавечае грамадства, як і асобна ўзятыя яго прадстаўнікі, набываючы вопыт, развіваецца, становіцца больш мудрым, а значыць, звяртае ўсё больш увагі на адукацыю падрастаючага пакалення і ўмовы, у якіх гэты працэс праходзіць. У цяперашні час у фокусе ўвагі — профільнае навучанне, а гэта, у сваю чаргу, прадугледжвае выяўленне і навучанне адораных вучняў. Такім чынам, важна, каб педагог, які працуе з імі, меў псіхалагічную гатоўнасць да гэтай дзейнасці, разумеў сутнасць адоранасці, сам з’яўляўся творчым чалавекам. Тут важнымі з’яўляюцца знешнія і ўнутраныя стымулы, дапамога звонку і работа педагога над сабой. У якім напрамку павінна ажыццяўляцца такая работа?
Дыялог з чытачом
Азнаёмімся з прыметамі агульнай адоранасці, сфармуляванымі А.І.Савенкавым (доктарам псіхалагічных навук, Масква): цікаўнасць, звышадчувальнасць да праблем, здольнасць да прагназавання, здольнасць да ацэнкі, вынаходлівасць, настойлівасць, здольнасць разважаць і мысліць лагічна, багаты слоўнікавы запас, перфекцыянізм (імкненне да стварэння дасканалага творчага прадукту). Усё гэта фактычна з’яўляецца праграмай для развіцця агульнай адоранасці педагога. Развіццё педагога ў рамках агульнай адоранасці створыць глебу для ўзаемаразумення і паспяховага ўзаемадзеяння паміж адораным вучнем і настаўнікам. Педагогу важна ўдзяліць увагу развіццю інтэлектуальнай, эмацыянальнай і паводзінскай гібкасці. Удасканаленне асобы настаўніка ў напрамку захавання і прымнажэння гібкасці — адна з найважнейшых умоў паспяховай работы з адоранымі навучэнцамі.
Адзін з эфектыўных спосабаў падрыхтоўкі настаўніка да прафесійных зносін з адоранымі вучнямі (у тым ліку развіцця гібкасці) — метад фоталангажу. Ён створаны французскімі псіхолагамі Клэр Белізл і Аленам Баптыстам у 1969 годзе. Яны выкарысталі набор чорна-белых фотаздымкаў з мэтай развіцця камунікатыўных і экспрэсіўных уменняў у дарослых. Метад фоталангажу выкарыстоўваецца для таго, каб падахвоціць удзельнікаў да абмену асацыяцыямі і ўяўленнямі не толькі для зносін на актуальную тэму, але і для ўсведамлення важных тэндэнцый. Пры выкарыстанні гэтага метаду ўдзельнікі не абмяркоўваюць мастацка-эстэтычныя якасці фотаздымкаў або іх агульны змест. Асноўны акцэнт робіцца на каменціраванне асабістага вопыту і асацыяцый. Фотаздымкі выбіраюцца з улікам іх здольнасці выклікаць асацыяцыі, таму маюць праектыўны, сімвалічны характар. Сумеснае ўспрыманне фотаздымкаў з наступным абмеркаваннем у групе робіць удзельнікаў больш адчувальнымі да меркаванняў адно аднаго, дазваляе ўзяць пад увагу розныя псіхалагічныя пазіцыі.
У рамках фоталангажу не толькі ўспрымаюцца і абмяркоўваюцца фотаздымкі, якія нясуць сімвалічны сэнс, але і складаюцца апавяданні, гісторыі на хвалюючую тэму. Педагогі Мінска ў рамках трэнінгу для падрыхтоўкі да работы з адоранымі дзецьмі ажыццяўлялі фоталангаж на аснове набору спектракарт і метадычных рэкамендацый да правядзення фоталангажу, створаных А.Капыціным (доктар медыцынскіх навук, арт-тэрапеўт; Санкт-Пецярбург) і У.Халкала (фінскі псіхатэрапеўт, аўтар праграм па псіхатэрапіі; Турку). Настаўнікі выконвалі заданне з дапамогай самастойна выбраных фотаздымкаў з калекцыі спектракарт, а таксама складалі апавяданне-гісторыю, звязанае з вопытам работы з адоранымі навучэнцамі.
Спектракарты можна эфектыўна выкарыстоўваць і ў рабоце з адоранымі навучэнцамі, калі ў іх ёсць праблемы ў зносінах з аднакласнікамі, педагогамі, калі назіраецца творчы крызіс, асобасныя праблемы.
Педагогу для адораных дзяцей важна ўспрымаць прафесійнае жыццё і жыццё ўвогуле як крыніцу тэм для даследавання, выказвання гіпотэз, выяўлення супярэчнасцей, разумовага эксперымента. Іншымі словамі, у прывычным і штодзённым варта шукаць і знаходзіць асаблівае і незвычайнае, сумнявацца ў відавочным і знаходзіць для гэтага аргументы. У псіхалогіі такое ўменне называюць адчувальнасцю да праблемы. Адчувальнасць да праблемы — адзін з галоўных крытэрыяў выяўлення адоранасці. Калі вучню прыходзяць у галаву пытанні, як намаляваць сон іншага чалавека, чаму карысная ежа часта аказваецца нясмачнай, а шкодная — наадварот, як памяць разумее, што трэба памятаць, а што забыць, і гэтак далей, то ён, хутчэй за ўсё, адораная асоба. Калі і мы, педагогі, выяўляем адчувальнасць да праблемы, то гэта сур’ёзны аргумент на карысць нашай асабістай адоранасці.
Трэніруйце сваю адоранасць не толькі разам з вучнямі, але і самастойна. Карыстайцеся любой магчымасцю, падказанай вам жыццём. Прыдумляйце сабе заданні — як, напрыклад, Эрнэст Хемінгуэй. Аднойчы ён пайшоў у заклад з калегамі, паабяцаўшы ім, што зможа напісаць самае кароткае апавяданне, здольнае расчуліць любога. Ён выйграў спрэчку: “Прадаюцца дзіцячыя чаравічкі. Няношаныя” (“For sale: baby shoes, never worn”). З той пары яго вопыт не дае спакою пісьменнікам і проста творчым людзям: многія спрабуюць змясціць цэлую гісторыю, здольную крануць, здзівіць чытача, у шэсць слоў — як у Хемінгуэя. Гэтыя творчыя практыкаванні гэтак жа, як і ў Эрнэста Хэмінгуэя, прымушаюць сумаваць.
“Вы памыліліся нумарам”, — адказаў знаёмы голас.
Пасажыры, зараз з вамі гаворыць не капітан.
Я сустрэў блізкую душу. А яна — не.
Прадаю парашут: ніколі не адкрываўся, злёгку заплямлены.
Гэта наша залатое вяселле. Столік на аднаго.
Сёння я зноў прадставіўся сваёй маці.
Я прынёс дадому ружы. Ключы не падышлі.
Мая мама навучыла мяне галіцца.
Маё адлюстраванне толькі што мне падміргнула.
Прабач, салдат, мы прадаём чаравікі парамі.
Хірург выратоўвае пацыента. Пацыент дзякуе Богу.
Уяўляў сябе дарослым. Стаў дарослым. Страціў уяўленне.
Дарагія чытачы, абвергнем апошняе апавяданне і дакажам, што педагог для адораных і сам адораны, і сам пазітыўны. Няхай варыятны вашых міні-гісторый будуць радаснымі і вясёлымі. У японцаў ёсць выказванне “сейкацу онці”, што азначае “закрыты да жыцця”. Педагог для адораных не можа быць такім. Давайце адкрывацца самім сабе, сваім вучням, жыццю ў цэлым. Давайце будзем актыўнымі і жыццярадаснымі, гібкімі і вынаходлівымі.
Псіхалагічнае люстэрка
Ці схільны вы да работы з адоранымі вучнямі
У псіхалагічным сэнсе схільнасць — гэта станоўчыя ўнутрана матываваныя адносіны, цікавасць да якога-небудзь занятку. Псіхалагічную аснову схільнасці складае ўстойлівая патрэба асобы ў пэўнай дзейнасці. Схільнасць забяспечвае не толькі прывабнасць выніку, які дасягаецца, але і задавальненне ад самога працэсу дзейнасці. Развітая схільнасць характарызуецца працяглым імкненнем да дзейнасці, якое не насычаецца, і творчымі адносінамі да яе вымярэння, развіцця, да пастаяннага набыцця ведаў і ўдасканальвання ўменняў, якія адпавядаюць гэтай дзейнасці.
Як жа вымераць сваю схільнасць да работы з адоранымі вучнямі? Ад яе прысутнасці і выяўленасці вельмі многае залежыць. А.І.Дароўскі прапанаваў кампактную методыку, скарыстаўшыся якой нашы чытачы даследуюць наяўнасць і канцэнтрацыю аднаго са складнікаў паспяховай работы з адоранымі вучнямі.
Выберыце адзін з прапанаваных варыянтаў адказаў.
- Ці лічыце вы, што сучасныя формы і метады работы з адоранымі дзецьмі могуць быць палепшаны?
А. Так.
Б. Не, яны і так даволі добрыя.
В. Так, у некаторых выпадках, але пры сучасным стане школы не вельмі.
- Ці ўпэўнены вы, што самі можаце ўдзельнічаць у змяненні работы з адоранымі дзецьмі?
А. Так, у большасці выпадкаў.
Б. Не.
В. Так, у некаторых выпадках.
- Як вы лічыце, некаторыя з вашых ідэй спрыялі б лепшаму выяўленню адораных дзяцей?
А. Так.
Б. Так, пры добрых умовах.
В. Толькі ў некаторай ступені.
- Ці лічыце вы, што ў недалёкай перспектыве будзеце адыгрываць важную ролю ў прынцыповых змяненнях у навучанні і выхаванні адораных дзяцей?
А. Так. Напэўна.
Б. Гэта малаверагодна.
В. Магчыма.
- Калі вы вырашаеце зрабіць нейкае дзеянне, ці думаеце вы, што зможаце ажыццявіць сваю задуму, якая дапамагае становішчу спраў?
А. Так.
Б. Часта думаю, што не здолею.
В. Так, часта.
- Ці адчуваеце вы жаданне заняцца вывучэннем асаблівасцей неардынарных асоб?
А. Так, гэта мяне прыцягвае.
Б. Не, мне гэта нецікава.
В. Усё залежыць ад запатрабаванасці такіх людзей у грамадстве.
- Вам часта даводзіцца шукаць новыя метады развіцця здольнасцей дзяцей. Ці адчуваеце вы задавальненне ад гэтага?
А. Так.
Б. Мяне задавальняе толькі тое, што ёсць.
В. Не, таму што лічу слабай сістэму стымулявання.
- Калі праблема не вырашана, але вас гэта хвалюе, ці хочаце вы знайсці той тэарэтычны матэрыял, які дапаможа вырашыць праблему?
А. Так.
Б. Не, дастаткова ведаў перадавога вопыту.
В. Не.
- Калі вы сутыкаецеся з педагагічнымі няўдачамі, то:
А. Працягваеце ўпарціцца ў пачынанні новай справы.
Б. Махняце рукой на задумы.
В. Працягнеце рабіць сваю справу.
- Ці ўспрымаеце вы крытыку ў свой адрас лёгка і без крыўд?
А. Так.
Б. Не зусім лёгка.
В. Балюча.
- Калі вы крытыкуеце каго-небудзь, ці спрабуеце ў той жа час яго падбадзёрыць?
А. Не заўсёды.
Б. Пры добрым настроі.
В. У асноўным стараюся гэта рабіць.
- Ці можаце вы адразу падрабязна ўспомніць гутарку з цікавым чалавекам?
А. Так, канечне.
Б. Запамінаю толькі тое, што мяне цікавіць.
В. Усё ўспомніць не магу.
- Калі вы пачулі незнаёмы тэрмін у знаёмым кантэксце, ці зможаце яго паўтарыць у падобнай сітуацыі?
А. Так, без цяжкасцей.
Б. Так, калі гэты тэрмін лёгка запомніць.
В. Не.
- Навучэнец задае вам складанае пытанне на “забароненую” тэму. Вашы дзеянні.
А. Вы ўхіляецеся ад адказу.
Б. Вы тактоўна пераносіце адказ на іншы час.
В. Вы спрабуеце адказаць.
- У вас ёсць асноўнае крэда ў прафесійнай дзейнасці. Калі вы яго абараняеце, то:
А. Можаце адмовіцца ад яго, калі выслухаеце пераканаўчыя доказы апанентаў.
Б. Застаняцеся пры сваім меркаванні, якія б аргументы ні выказвалі.
В. Зменіце сваё меркаванне, калі націск будзе вельмі моцным.
- На ўроках па маім прадмеце мне падабаюцца наступныя адказы навучэнцаў:
А. Сярэдні.
Б. Дастатковы.
В. Арыгінальны.
- У час адпачынку вы лічыце за лепшае:
А. Вырашаць праблемы, звязаныя з работай.
Б. Пачытаць цікавую кнігу.
В. Паглыбіцца ў свет вашых любімых захапленняў.
- Вы займаецеся распрацоўкай новага ўрока. Вырашаеце спыніць гэтую справу, калі:
А. На вашу думку, справа выдатна выканана, завершана.
Б. Вы больш-менш задаволены.
В. Вам яшчэ не ўсё ўдалося зрабіць, але ёсць і іншыя справы.
Падлічыце балы, якія вы набралі, наступным чынам:
За адказ А — 3, за адказ Б — 1, За адказ В — 2.
Вынікі:
49 і больш балаў. Вы маеце вялікую схільнасць да работы з адоранымі дзецьмі. У вас ёсць для гэтага патэнцыяльныя магчымасці. Вы здольны стымуляваць творчую актыўнасць, падтрымліваць розныя віды творчай дзейнасці навучэнцаў.
Ад 24 да 48 балаў. У вас ёсць схільнасці да работы з адоранымі дзецьмі, але яны патрабуюць вашых дадатковых жаданняў, рэсурсаў і актыўнага самарэгулявання ў інтэлектуальным працэсе. Вам неабходны правільны выбар аб’екта накіраванасці творчай цікавасці навучэнцаў.
23 і менш балаў. Схільнасцей да работы з адоранымі дзецьмі, канечне, малавата. У большай ступені вы самі не праяўляеце да гэтага асаблівага запалу. Але пры адпаведнай мабілізацыі духоўных сіл, веры ў сябе, карпатлівай рабоце ў сферы павышанага інтэлекту вы зможаце дасягнуць многага ў вырашэнні гэтай праблемы.
Святлана РАДЗЬКОВА.