Ні дня без выдумкі і творчасці

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Асіповіч Магілёўскай вобласці Неаніла Львоўна Цыганок мяркуе, што сёння высокі бал на ЦТ вучань можа атрымаць і без дапамогі рэпетытара. Для гэтага неабходна супадзенне некалькіх умоў: настаўнік, які добра ведае свой прадмет і працуе сучасна, які стымулюе навучэнцаў думаць, развівае іх мысленне, вучыць самім знаходзіць ісціну ў незнаёмай сітуацыі; матываваны і амбіцыйны навучэнец, які любіць прадмет, ведае, для чаго яго вучыць, імкнецца да поспеху; агульная матывуючая атмасфера ў школе, супрацоўніцтва з бацькамі.

Неаніла Львоўна вось ужо 38 гадоў выкладае ў школе, мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Педагог актыўна працуе над фарміраваннем даследчых кампетэнцый навучэнцаў на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Ёю распрацаваны комплекс метадычных прыёмаў і форм навучання, якія дазваляюць павышаць вучэбную матывацыю, развіваць здольнасці вучняў, прымяняць гістарычныя веды на практыцы. Выхаванцы Н.Л.Цыганок паспяхова выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню. Аб асноўных педагагічных прынцыпах настаўніцы, сакрэтах паспяховасці вучняў у даследчай дзейнасці наш карэспандэнт гутарыць з Н.Л.ЦЫГАНОК.

— Неаніла Львоўна, чым прываблівае вас педагагічная прафесія? Чаму вы вырашылі стаць настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства?

— Аб прафесіі настаўніка я марыла з таго часу, як пайшла ў першы клас. У мяне была цудоўная настаўніца Вольга Піліпаўна Лук’яненка. Яна для мяне была і застаецца прыкладам сапраўднага педагога. Ужо прыйшоўшы працаваць у школу, я заўсёды хадзіла да яе дамоў, раілася, як лепш зрабіць у той ці іншай сітуацыі.

Вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказаў і мой бацька Леў Мікалаевіч Валнушкін, які прапрацаваў выкладчыкам па класе трубы ў дзіцячай музычнай школе Асіповіч больш за 30 гадоў. У дзяцінстве я бачыла, як ён адносіўся да работы, сама вучылася ў музычнай школе, калі ён быў выкладчыкам. Бацька заўсёды быў і застаецца для мяне прыкладам паважлівага стаўлення да людзей, гатоўнасці прыйсці на дапамогу. Тата аказаў на мяне каласальны ўплыў і ў палітычным плане. Ён любіў гісторыю, шмат чытаў, асабліва газет і часопісаў, мы з ім вялі доўгія размовы і дыскусіі.

У школе маімі любімымі прадметамі былі руская мова і літаратура, гісторыя. На выбар менавіта гістарычнага факультэта паўплываў мой школьны настаўнік гісторыі Яфім Юр’евіч Шапіра. Франтавік, гумарыст і ў той жа час сур’ёзны чалавек, які даваў нам добрыя веды. Калі паступала ў БДУ, прэтэндэнтаў на адно месца было 15 чалавек, але гісторыю я здала на выдатна. У той час ні пра якіх рэпетытараў мы паняцця не мелі, на экзамене правяраліся менавіта школьныя веды і адказваць камісіі неабходна было вусна.

Чым прываблівае мяне прафесія? Думаю, перш за ўсё творчасцю. Як гавораць зараз, крэатыўнасцю. А таксама магчымасцю быць у адной асобе выканальнікам розных роляў. Гэта толькі здаецца, што мы выконваем руцінную работу: вядзём урокі. На самай справе на ўроках у розных класах мы розныя, і пазакласная работа па прадмеце раскрывае ў нас такія здольнасці, а магчыма, і таленты, пра якія на іншай рабоце мы б і не здагадваліся. Акрамя таго, пастаянныя зносіны з моладдзю прымушаюць заставацца ў “тонусе”, не адставаць ад часу, адчуваць сябе маладым.

— Чаму перш за ўсё вы імкняцеся навучыць сваіх выхаванцаў?

— Не магу сказаць, што ў мяне ёсць дакладна сфармуляванае педагагічнае крэда. Хутчэй гэта прынцыпы, якіх я прытрымліваюся ў сваёй рабоце. Лічу, што настаўнік павінен не толькі даць школьнікам веды, але і навучыць іх думаць, не толькі выпрацаваць каштоўнасныя арыентацыі, але і сфарміраваць інтарэс і павагу да гістарычнай спадчыны.

З першых дзён работы ў школе стала выкарыстоўваць нестандартныя падыходы да выкладання гісторыі. Асабліва шырока прымяняла тэхнічныя сродкі навучання. У цяперашні час у асноўным выкарыстоўваю мультымедыйныя прэзентацыі, відэафільмы, магчымасці камп’ютарнай тэхнікі. Адной з першых стала прымяняць заліковую форму праверкі ведаў. Пры правядзенні залікаў у якасці настаўнікаў-экзаменатараў прыцягвала лепшых навучэнцаў і дзякуючы гэтаму магла праводзіць залікі адразу для трох-чатырох класаў.

На ўроках актыўна ўцягваю навучэнцаў у работу. Яны шмат працуюць самастойна. Амаль усе заняткі праходзяць у форме дыялогу, падчас якога мы абмяркоўваем праблемныя пытанні гістарычнага мінулага і нашай сучаснасці. Шмат гадоў працую па прынцыпе перавернутага ўрока. Праўда, пакуль не з’ездзіла на семінар у Эстонію ў 2013 годзе, не ведала, што мая методыка носіць такую назву.

Імкнуся выпрацаваць у сваіх выхаванцаў крытычнае мысленне. Мне хочацца, каб яны маглі не проста ўспрымаць навакольную рэчаіснасць як данасць, але і пераўтвараць яе. Вучу іх сумленнасці. Гавару, што чалавек пры любых абставінах павінен заставацца чалавекам. Вучу не рабалепстваваць перад тымі, хто мацнейшы (неабавязкова фізічна), не здавацца перад цяжкасцямі, вучу працаздольнасці. Нельга атрымаць высокі вынік, калі ты не працаваў, не прыклаў усе сілы для яго дасягнення. І вучні бачаць, што гэта праўда. Спадзяюся, што за межамі школы яны хаця б часткова будуць прытрымлівацца гэтых прынцыпаў.

— Неаніла Львоўна, а як фарміруеце станоўчую матывацыю школьнікаў да вывучэння гісторыі і грамадазнаўства?

— Сфарміраваць матывацыю да вывучэння гісторыі нялёгка. Гэта звязана з мноствам прычын, адной з якіх з’яўляецца падзенне прэстыжу прафесій гуманітарнай накіраванасці. Пэўную ролю адыграла і пагаршэнне якасці падручнікаў. Сучасныя вучні маюць абмежаваны кругагляд, а падручнікі напісаны так, быццам многія гістарычныя факты дзецям ужо вядомыя. Гэта робіць тэксты складанымі для ўспрымання, навучэнцы не могуць іх зразумець і перастаюць увогуле чытаць параграфы падручніка. Няведанне назапашваецца як снежны камяк.

Тым не менш мне здаецца, што мае вучні захоплены гісторыяй. І прыходзіць гэтае захапленне паступова. Яшчэ маладой настаўніцай я неяк інтуітыўна зразумела: на ўроку можа быць усё, акрамя суму. Я імкнулася разнастаіць этапы тлумачэння матэрыялу: і дыяфільмы паказвала, і карціны развешвала, і гульні прыдумвала. Аднак аднымі “захаплялачкамі” не абысціся. Неабходна накіраваць вучняў не толькі на слуханне, але і на разумовую работу. Дапамагла мне ў гэтым невялікая брашурка (настаўнікі старэйшага пакалення яе добра ведаюць) — “Заданні для самастойнай работы па гісторыі сярэдніх вякоў” Г.М.Данскога. Мае вучні траплялі ў свет рыцараў, святароў, сялян і рамеснікаў, але самае галоўнае — у свет самастойнага пошуку адказаў на няпростыя пытанні. Гэта вельмі захапляла дзяцей. Так я зразумела: трывалыя веды, уменні, навыкі нельга даць, іх можна толькі ўзяць. І браць іх вучні будуць толькі ў тым выпадку, калі ўсвядомяць: тое, чаму яны навучацца ў школе, ім сапраўды спатрэбіцца ў дарослым жыцці. Гэта быў першы ўрок, засвоены мной. А другім стала разуменне: нельга вывучыць усё, але можна многае зразумець і многаму навучыцца. Магчыма, разуменне і ўменне важнейшыя, чым факты, завучаныя на выдатна.

І сёння я лічу, што самая галоўная матывацыя — самастойны пошук вучнямі адказаў на тыя пытанні, якія ставіць перад імі наш прадмет. Работа даследчыка захоплівае, робіць вывучэнне манатоннага (а для многіх і проста сумнага) школьнага прадмета “Гісторыя” незвычайным і прыцягальным.

Дапамагае палюбіць прадмет і пазакласная работа, таму я шмат займаюся ёй. З 1999 года кірую ў школе клубам “Дэбаты”, які аб’ядноўвае каля 40 навучэнцаў. Мы -ўдзельнічаем у рэспубліканскіх і міжнародных турнірах і практычна заўсёды займаем прызавыя месцы.

Адным з важных сродкаў далучэння навучэнцаў да гісторыі сваёй радзімы лічу экскурсійную работу. Са сваімі вучнямі мы аб’ехалі амаль усю Беларусь: пабывалі ў Заслаўі, Міры, Нясвіжы, Строчыцах, Брэсцкай крэпасці. Вельмі часта наведваем тэатры. Я імкнуся паказваць вучням тыя пастаноўкі, якія звязаны з матэрыялам, што вывучаецца (“Тутэйшыя”, “Чорная панна Нясвіжа”, “Князь Вітаўт”, “Паўлінка” і інш.).

Імкнуся да таго, каб мае вучні не проста запаміналі гістарычныя падзеі, але і адчувалі іх сэрцам. З гэтай мэтай прывучаю дзяцей да чытання гістарычнай літаратуры. А каб ім было цікава, арганізоўваю гульні на тэму прачытанага. Так, з вучнямі 7-х класаў правяла турнір знаўцаў кнігі А.Дзюма “Тры мушкецёры”. Атрымалася захапляльная дзея, якая нікога не пакінула абыякавым.

— Якім адукацыйным тэхналогіям вы аддаяце перавагу?

— У сваёй рабоце шырока выкарыстоўваю элементы розных педтэхналогій: адаптыўнай, праектнай, гульнявой, інтэграванай, развіцця крытычнага мыслення. Але перавагу аддаю стратэгіі навучання “актыўная ацэнка”. Чаму яна мне падабаецца? Тут прысутнічае элемент гульні: прынцып “непаднімання рукі”, “святлафор”, “чароўная скрыначка” і г.д. Напрыклад, прынцып “непаднімання рукі” азначае, што выклікаць можна любога вучня пры дапамозе карткі з іменем і прозвішчам, змешчанай у “чароўную скрыначку”. Яго карысць у тым, што ён без напружання прыцягвае усіх навучэнцаў да работы. З аднаго боку, гэта падобна на гульню і адпаведным чынам успрымаецца вучнямі (заўсёды выклікае іх ажыўленне). З другога, уцягвае ўсіх навучэнцаў у актыўны вучэбны працэс і ў выніку паляпшае іх веды па прадмеце.

Стратэгія НаШтоБуЗУ (на што буду звяртаць увагу) — своеасаблівы крытэрый урока. Выпрацаваныя разам з навучэнцамі крытэрыі найбольш дзейсны спосаб для абуджэння пазнавальнага інтарэсу і актыўнай самастойнай работы на ўроку. НаШтоБуЗУ таксама прымушае настаўніка дакладна прытрымлівацца выпрацаванага алгарытму работы на ўроку і з найменшымі стратамі часу і сіл дасягаць пастаўленых мэт. Гэтая стратэгія вельмі важная пры складанні заданняў для кантрольных работ. Калі дакладна прытрымлівацца выпрацаванай НаШтоБуЗУ, то вынікі работы па кантрольнай значна павышаюцца.

Стратэгія “актыўнай ацэнкі” — гэта дыялог з вучнямі, іх масавае ўцягненне ў вучэбны працэс. Гэта ўзаемнае ўзбагачэнне ведамі і ўменнямі. Гэта разнастайныя формы работы, праблемнае навучанне (пастаноўка ключавога пытання), зваротная сувязь на ўроку, мэтавызначэнне. На такіх занятках навучэнцы разняволеныя, актыўныя, свабодныя, атрымліваюць больш трывалыя веды і ўменні, чым звычайна. Пачуццё страху адсутнічае поўнасцю.

Неаніла Львоўна, сфармулюйце, калі ласка, свае патрабаванні да эфектыўнага ўрока. Як па-вашаму, што можна і чаго ніколі нельга рабіць на ўроку гісторыі?

— Паспяхова правесці ўрок няпроста. На мой погляд, само паняцце “паспяховы ўрок” не мае канкрэтнай фармулёўкі, а таму для розных педагогаў і кіраўнікоў сістэмы адукацыі ўспрыманне паспяховага ўрока рознае. Для мяне паспяховы ўрок — гэта той урок, пасля якога вучні не спяшаюцца выйсці з класа, абмяркоўваюць тое, што рабілі на ўроку, ідуць да настаўніка з пытаннямі. Калі вучні пытаюцца: “Як? Ужо званок?” — гэта таксама сведчыць пра паспяховы ўрок.

Як жа правесці такі ўрок? Думаю, адна з умоў якаснага правядзення ўрока — гэта яго дакладная падрыхтоўка. Працуючы метадыстам у аддзеле адукацыі, я даволі часта сутыкалася з тым, што настаўнікі не пішуць паўрочныя планы. Не магу з гэтым пагадзіцца. Я сама вельмі часта пісала разгорнутыя планы правядзення ўрокаў. Памятаю, калі была маладой настаўніцай, нават перапісвала з метадычак распрацоўкі ўрокаў, адаптуючы іх пад свае класы.

Часам маладыя педагогі гавораць, што яны не хочуць капіраваць чужы вопыт: я лепш па-свойму правяду ўрок. На гэта я прыводжу такі прыклад. Калі мастакі вучацца маляваць, яны робяць вельмі многа копій твораў вядомых мастакоў. Так набіваецца рука, фарміруюцца ўменні, развіваецца пачуццё колеру, кампазіцыі і інш. У настаўнікаў падобная сітуацыя. Няма ніякага свайго вопыту. Спачатку ты проста ўсё робіш па шаблоне, пад капірку, але ў пэўны момант раптам разумееш, што можаш гэты шаблон змяніць, перабудаваць. А потым шаблон становіцца не патрэбны, ты ўсё прыдумваеш сам. Але без добрай метадычнай школы, без своеасаблівага трафарэту не будзе асаблівасцей свайго настаўніцкага почырку, сваёй методыкі ці прыёмаў.

Яшчэ адна ўмова — добрае веданне педагогам прадмета. На жаль, сёння многія маладыя (і не толькі) настаўнікі не працуюць над сабой, не павышаюць свой прафесійны і адукацыйны ўзровень. Калі ты дрэнна валодаеш сваім прадметам, то ніякія методыкі не дапамогуць правесці паспяховы ўрок. У той жа час методыкай валодаць неабходна. Без гэтага таксама складана працаваць на сучасным узроўні.

Важныя і веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне трымаць клас, разуменне вучняў, іх запытаў, іх інтарэсаў; інтэлігентнасць, выхаванасць, тактоўнасць педагога; свабоднае валоданне камп’ютарнымі тэхналогіямі.

Чаго ніколі нельга рабіць на ўроку? Думаю, ні ў якім выпадку нельга вылучаць сярод вучняў любімчыкаў, дзяцей, якія карыстаюцца нейкімі льготамі. Нельга як завышаць, так і заніжаць адзнакі. Трэба імкнуцца ставіць адзнакі аб’ектыўна, прычым усім вучням без выключэння. Нельга прыніжаць і абражаць вучняў, многага патрабаваць ад навучэнцаў, а самому працаваць як мокрае гарыць. Нельга рэпеціраваць адкрыты ўрок, адпрацоўваючы кожны жэст і кожнае слова вучняў і настаўніка. Нельга кожны ўрок праводзіць аднолькава, без выдумкі і творчасці. Урок — гэта маленькі спектакль, а настаўнік і вучні ў ім — акцёры. Калісьці адна вельмі добрая настаўніца мне сказала, што настаўнік павінен пастаянна адчуваць сябе як на сцэне — толькі тады яго чакае поспех.

— Як даўно вы займаецеся даследчай дзейнасцю з вучнямі? Ці кожнае дзіця можа стаць даследчыкам?

— Даследчай дзейнасцю займаюся вельмі даўно. Пачынала з урокаў, а зараз гэта ўжо спалучэнне ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці. Даследчая дзейнасць непасрэдна на ўроку мае адрозненні ад даследавання ў пазаўрочны час. Яна абмежавана ў часе, носіць больш вузкі характар. У сувязі з гэтым я планую апорныя ўрокі, у межах якіх стараюся ўключаць усе этапы дзейнасці навучэнцаў па авалодванні новымі спосабамі вучэбнай дзейнасці. Вучэбная праграма па гісторыі не дае магчымасці адвесці для гэтых мэт цэлы ўрок, таму ў межах урока вылучаю развіццёвы сегмент — частку заняткаў, прысвечаную адпрацоўцы аднаго ці некалькіх уменняў. На кожным уроку, пачынаючы з 5 класа, адводжу час на развіццё спецыяльных уменняў. Гэта дазваляе навучэнцам зразумець, што гісторык — гэта не сума ведаў, а спосаб мыслення і дзейнасці і працаваць на ўроку трэба ўсвядомлена і з інтарэсам.

На другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстоўваю такія формы вучэбнай дзейнасці, як антыцыпацыя (прадбачанне, угадванне наступнага выкладання), персаніфікацыя падзей у форме міні-сачыненняў, аналіз ілюстрацый падручніка, адаптаваных дакументаў, прыёмы “лагічны ланцужок”, “пункт гледжання”, “адтэрмінаваная адгадка”, “дакладчык” і інш. У 10—11 класах гэта складанне тэзісаў, міні-апытанне, анкетаванне, інтэрв’ю, работа з першакрыніцамі, напісанне эсэ, рэфератаў, рэканструкцыя і інтэрпрэтацыя гістарычных падзей. Усё гэта дазваляе навучэнцам авалодаць асновамі даследчай дзейнасці, зразумець, што ж гэта такое — навукова-даследчая работа.

У асноўным сістэматычная даследчая работа праводзіцца ў пазаўрочны час. Мой асабісты вопыт сведчыць, што калі навучэнец пачынае гэтую работу дастаткова рана, то поспехі могуць быць значнымі. У той жа час я пераканана: схільнасць да навуковай работы можа праявіцца далёка не ва ўсіх навучэнцаў. Звычайна захапляецца і займаецца вучэбным даследаваннем не больш за 5% усіх вучняў класа. Гэтыя дзеці дасягаюць поспехаў, удзельнічаюць у канферэнцыях не толькі раённага, але і абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню, публікуюць свае работы, працягваюць навукова-даследчую работу пасля заканчэння школы. Астатнія вучні спыняюцца на этапе школьных вучэбна-даследчых канферэнцый, але гэта не зніжае значнасці атрыманага імі вопыту даследчай дзейнасці.

Сярод работ, якімі можна ганарыцца, адзначу даследаванне “Гарады-пабрацімы Кранштат і Асіповічы ў гады Вялікай Айчыннай вайны (вопыт параўнальнага апісання)”. Яно было прадстаўлена на IV Міжнароднай гісторыка-краязнаўчай алімпіядзе ў Кранштаце (Расія) і IV Рэспубліканскім конкурсе творчых работ навучэнцаў і студэнтаў “Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці беларускага народа (да 60-годдзя перамогі над фашысцкай Германіяй”), дзе атрымала дыпломы І ступені.

З 2006 года займаюся разам з навучэнцамі гісторыяй Халакосту ў Асіповіцкім раёне. У выніку гэтай дзейнасці былі напісаны дзве навукова-даследчыя работы: “Незабыўнае (з гісторыі Халакосту ў Асіповіцкім раёне)” і “Няўслаўленыя героі” (аб праведніках народаў свету Асіповіцкага раёна). Упершыню была адноўлена гісторыя ліквідавання яўрэйскага насельніцтва ў гады вайны, устаноўлены прозвішчы больш як 100 яўрэяў, якія загінулі ад рук фашыстаў, але адсутнічалі ў спісах кнігі “Памяць”, адноўлены біяграфіі 308 яўрэяў — даваенных жыхароў горада.

За час напісання навуковай работы “Няўслаўленыя героі” мы з маімі вучаніцамі Валерыяй Зайцавай і Вітай Новік устанавілі факты 15-і да гэтага невядомых выпадкаў аказання падчас вайны дапамогі яўрэям жыхарамі Асіповіцкага раёна, сістэматызавалі іх, сабралі багаты фактычны матэрыял пра жыццё, дзейнасць праведнікаў і выратавальнікаў Асіповіцкага раёна. Для правядзення асветніцкай работы сярод дзяцей і дарослых Асіповіцкага раёна з ліку старшакласнікаў была створана лектарская група.

Работы аб Халакосце ў Асіповіцкім раёне былі прадстаўлены на V Міжнародным конкурсе работ аб Халакосце ў Маскве (дыплом ІІ ступені), абласным конкурсе навукова-даследчых работ навучэнцаў (дыплом І ступені), V Рэспубліканскім конкурсе творчых работ навучэнцаў і студэнтаў па грамадазнаўчых навуках “Вялікая Айчынная вайна ва ўдзячнай памяці беларускага народа” (дыплом І ступені).

Мне заўсёды здавалася, што будзе несправядлівым, калі вялікая пошукавая работа, здзейсненая не толькі маімі навучэнцамі, але і навучэнцамі іншых школ пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў, застанецца нікому невядомай. І вось на сёння выйшлі ўжо два выданні зборніка навукова-даследчых работ школьнікаў, складальнікам якога я з’яўляюся. Першае выданне зборніка навукова-даследчых работ навучэнцаў, артыкулаў і успамінаў “Вайна вядомая… і невядомая” выйшла ў свет у маі 2010 года.

Каштоўнасць зборнікаў у першую чаргу ў тым, што яны даказалі: навуковая работа навучэнцаў мае выхад. Работы не застаюцца ў сталах, папках і камп’ютарах. Яны запатрабаваны і могуць прынесці рэальную карысць усім, хто прачытае кнігу, а гэта дарагога каштуе.

— А якія ў вас планы на новы навучальны год?

— Хачу разам з навучэнцамі завяршыць пошукавую работу, звязаную з подзвігам святара С.Кучынскага па выратаванні яўрэйскіх дзяцей у гады вайны. Спадзяюся, што камісія па прысваенні звання праведніка ў Ізраілі палічыць неабходным адзначыць гэтай высокай узнагародай нашага земляка. У супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой спадзяёмся кананізаваць протаерэя Сцяфана Кучынскага.

— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.