У верасні 2014 года ў Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна быў створаны даследчы цэнтр “Лінгвіст”, які далучыў і настаўнікаў англійскай мовы, і навучэнцаў усіх ступеней агульнай сярэдняй адукацыі да пошуку новых ідэй, навуковых рашэнняў, вынаходніцкай творчасці. Арганізацыя даследчай дзейнасці па англійскай мове ў гімназіі праходзіць у розных формах, як на ўроках, так і ў пазаўрочны час. Дзейнасць цэнтра мае два асноўныя напрамкі: работа з настаўнікамі англійскай мовы ў рамках павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка і даследчая работа з навучэнцамі.
Дзейнасць даследчага цэнтра “Лінгвіст” стварае ўмовы для бесперапыннага ўдасканалення прафесійнага майстэрства настаўнікаў англійскай мовы, выкарыстання імі эфектыўных сучасных адукацыйных тэхналогій, форм і метадаў.
З 2014 года ў гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне методыкі фарміравання метадалагічнай культуры педагога ў сістэме бесперапыннай прафесійнай адукацыі”, удзельнікамі якога сталі два педагогі цэнтра: А.П.Прасняк (індывідуальная тэма інавайцыйнай дзейнасці “Фарміраванне ў педагогаў уменняў праектаваць сучасны ўрок англійскай мовы з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій”) і А.У.Якіменка (індывідуальная тэма інавацыйнай дзейнасці “Фарміраванне ў педагогаў уменняў арганізаваць кантрольна-ацэначную дзейнасць навучэнцаў праз выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, інтэрактыўных прыёмаў і метадаў работы”).Для настаўнікаў англійскай мовы правялі майстар-клас “Сучасны ўрок: мэтапастаноўка і праектаванне”, семінары-практыкумы “Урок як цэласная дыдактычная сістэма” і “Прадстаўленне вопыту педагагічнай дзейнасці: варыянты, тыповыя памылкі”.
Педагогі цэнтра з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі дыстанцыйных семінараў на zavuch.info (“Фарміраванне ключавых кампетэнцый у навучэнцаў на ўроку з выкарыстаннем ІКТ”, “Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій як сродак павышэння якасці ведаў навучэнцаў, развіцця іх творчых здольнасцей”, “Сучасныя тэхналогіі навучання: дасягненні, вопыт, практыка”, Using Activate for Speaking, Vocabulary and Fun language learning (Clark Ervin-Billones), арганізаваныя пры Пасольстве ЗША ў Рэспубліцы Беларусь), дыстанцыйных курсаў “Навучанне англійскай мове малодшых школьнікаў” ва ўніверсітэце Арэгона ЗША, міжнародных канферэнцый настаўнікаў англійскай мовы, серыі вэбінараў МАІРА “Развіццё даследчых кампетэнцый навучэнцаў”, праекта “Школы: партнёры будучыні”, арганізаванага федэральным міністрам замежных спраў Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.
Аксана Уладзіміраўна Якіменка перамагла ў конкурсе “Камп’ютар. Адукацыі. Інтэрнэт — 2016” у намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс у базавай і агульнай сярэдняй адукацыі” (Learning English 5 with Pleasure).
Матэрыялы з вопыту работы настаўнікаў англійскай мовы размешчаны на сайце Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна (https://lrgymnazia.schools.by) у раздзеле “Метадычная скарбонка”. У рамках раённага фестывалю педагагічных ідэй (жнівень 2015 года) выпушчаны дыскі па падрыхтоўцы да алімпіяды і ЦТ па англійскай мове, зборнік “Чароўнымі сцяжынкамі англійскай мовы”, зборнік маўленчых сітуацый для падрыхтоўкі да алімпіяды (5—9 класы). Дыдактычныя матэрыялы з вопыту правядзення дыстанцыйных алімпіяд для навучэнцаў размешчаны на сайце “Англійская для адораных” (http://odarennije.ucoz.com).
Дзейнасць настаўнікаў гімназіі, зацікаўленых у супрацоўніцтве з даследчым цэнтрам “Лінгвіст”, заключаецца ў рабоце над праектамі, удзеле ў вэбінарах, дыстанцыйных конкурсах і алімпіядах даследчага характару, падрыхтоўцы да публічных выступленняў на навукова-практычных канферэнцыях, стэндавых дакладаў.З вялікім задавальненнем настаўнікі працуюць над вэб-квестам. Вэб-квест — гэта не проста пошук інфармацыі, а пастаноўка праблемы, якую з дапамогай інтэрнэту вырашае група навучэнцаў рознага ўзросту. Дзякуючы вэб-квесту, развіваецца ўменне параўноўваць, аналізаваць, класіфікаваць, думаць абстрактна. Навучэнцы не проста збіраюць інфармацыю, але і трансфармуюць яе, каб выканаць заданне. Мяняецца і роля настаўніка. Ён становіцца кансультантам, настаўнікам, старэйшым партнёрам. Навучэнцы нашай гімназіі працавалі над вэб-квестамі па тэмах Royal Family, Summer Olympic Games 2012, Tower of London, Weather Forecast (http://ideas4el.ru), Usual and Unusual Houses, My Country Belarus, Family Traditions (http://zubrilina.blogspot.com.by).
Члены цэнтра “Лінгвіст” — пастаянныя ўдзельнікі інтэрнэт-праектаў. На сайце www.kidlink.org нас зацікавілі праекты Where do I live?, Doves for Peace, Finish my Story, I describe me, You draw me. Гэты ж вэб-сайт прапаноўвае штогадовы праект-гульню Landmark Game, мэта якой — адгадаць славутасці свету па падказках, дасланых на e-mail камандамі-сапернікамі. Праект Holidays and Festivals Around the World на сайце www.epals.com стаў самым захапляльным і цікавым. Асноўная мэта гэтага праекта — вывучэнне традыцый і звычаяў розных краін свету і абмен інфармацыяй са сваімі партнёрамі з іншых краін.
У практыку работы цэнтра ўкаранёна актыўнае выкарыстанне дыстанцыйных курсаў і дыстанцыйных алімпіяд па англійскай мове даследчага характару на nic-snail.ru, cerm.ru, karusel.desc.ru, olymp.msu.ru, www.moiro.by: Puzzle Time, “Займальная англійская”, Funny Rules, інтэрнэт-карусель па англійскай мове, Ламаносаўская алімпіяда, дыстанцыйная алімпіяда МАІРА.
Навучэнцы на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі платных вэбінараў на www.english4idlers.ru. Навучанне праводзіцца на аснове падручнікаў Headway, Objective, Word Skills, Side by Side, Active Grammar. На вэбінарах прымяняюцца разнастайныя падкасты (тыпу China232), відэа (тыпу TED, Blank on Blank), аўдыякнігі, фільмы і артыкулы.
На базе нашай установы адукацыі былі праведзены вэбінары для ўдзельнікаў цэнтра “Лінгвіст”: “Што неабходна для паспяховага выступлення (публічная абарона)”, “Стэндавая форма прадстаўлення даследчай работы”. У гімназіі арганізаваны таксама дыялагічныя зносіны суполак членаў цэнтра schools.by, якія ажыццяўляюцца пры дапамозе Skype, Viber, электроннай пошты, электроннай дошкі аб’яў. Прыцягненне да сеткавага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў цэнтра дазволіла стварыць інтэрнэт-форумы па розных праблемах, зносіны ў рэжыме анлайн паміж настаўнікам і навучэнцам (кансультацыі навучэнцаў па пытаннях вучэбных праектаў, удзелу ў дастанцыйных алімпіядах, конкурсах). У выніку работы сеткавай суполкі навучэнцаў цэнтра створаны вучэбныя праекты, якія можна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе: My Pet (4 клас), My Small Motherland (7 клас), My Gymnasium (9 клас), Great Inventions in our Life (11 клас).
Удзел членаў цэнтра ў дыстанцыйных алімпіядах даследчага характару і міжнародных праектах з’яўляеццца эфектыўным спосабам навучання, самарэалізацыі, павышэння адукацыйнага ўзроўню навучэнцаў. Алімпіяды матывуюць на праверку ведаў, самасцвярджэнне, раскрыццё творчага патэнцыялу, дапамагаюць паглыблена вывучаць англійскую мову.
Пастаўленая мэта даследчага цэнтра “Лінгвіст” вызначыла прагнозныя паказчыкі і крытэрыі паспяховасці:
— узровень матывацыі навучэнцаў да вывучэння англійскай мовы згодна з методыкай М.Р.Гінзбурга “Вывучэнне школьнай матывацыі”;
— якасць адукацыйных паслуг, якія аказваюцца, па вучэбным прадмеце “Англійская мова”: сярэдні бал па прадмеце, выніковасць удзелу ў алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях;
— запатрабаванасць вопыту работы на ўзроўні раёна, вобласці, рэспублікі: каэфіцыент абагульнення вопыту педагагічнай дзейнасці ў гэтым напрамку, прадстаўленне вопыту ў сродках масавай інфармацыі;
— гатовыя прадукты вопыту: сайт настаўніка англійскай мовы, дыдактычны матэрыял гімназічнай дыстанцыйнай алімпіяды для навучэнцаў 9—11 класаў, электронныя тэсты для падрыхтоўкі да ЦТ.
Самым каштоўным лічу крытэрый матывацыі навучэнцаў да вывучэння прадмета. Згодна з данымі дыягностыкі, на канец 2014/2015 навучальнага года ў 8 класе адзначалася перавага 4 і 5 узроўняў прадукцыйнай матывацыі, узровень матывацыі па методыцы М.Р.Гінзбурга “Вывучэнне школьнай матывацыі” павялічыўся з 40% да 75%.
Працэнт удзелу ў дыстанцыйных алімпіядах, анлайн-конкурсах, вэбінарах, вэб-квестах па англійскай мове павялічыўся да 100% у навучэнцаў 8 класа. Гэтыя віды работ спрыялі паляпшэнню паказчыкаў навучэнцаў на раённай алімпіядзе па прадмеце (успрыманне і разуменне мовы на слых, лексіка-граматычны тэст, вуснае маўленне), навукова-даследчай дзейнасці (Types of neologisms and productive patterns of their building in the English language, Аnimals in English proverbs and sayings, What is hot with the young generation?). Асаблівай увагі заслугоўвае даследчая работа навучэнкі 4 класа, удастоеная дыплома ІІІ ступені на абласным конкурсе работ даследчага характару дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў “Я — даследчык — 2016”, па тэме “Пятеро из ларца, одинаковых с лица”. У гэтай рабоце параўноўвалася 5 казак пра Балабушку розных рэдакцый аднаго сюжэта ў розных народаў (“Колобок”, “Балабушка i Сонейка”, Johnny-Cake, The Gingerbread Man, Vom dicken fetten Pfannekuchen), вызначаліся падабенствы і адрозненні сюжэтных ліній і матываў казак, параўноваліся вобразы персанажаў і выяўлялася іх нацыянальная спецыфіка.
Варта адзначыць павышэнне сярэдняга бала пры здачы ЦТ па англійскай мове, а таксама павелічэнне колькасці навучэнцаў, якія набралі больш за 70—80 балаў. У выніку паспяховай здачы ЦТ па англійскай мове 9 навучэнцаў гімназіі паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі па профілі “Замежныя мовы”: МДЛУ (факультэт міжнародных камунікацый — 2 навучэнцы, перакладчыцкі факультэт — 1 навучэнец, факультэт іспанскай мовы — 1 навучэнец, факультэт англійскай мовы — 3 навучэнцы), БДЭУ (факультэт міжнародных бізнес-камунікацый — 1 навучэнец).
Даследчы цэнтр “Лінгвіст” — гэта адзін з самых станоўчых эксперыментаў апошніх гадоў. Даследчая дзейнасць стала неад’емнай часткай зместу адукацыі і ўстойлівай формай працэсу навучання. Гэта карпатлівая сумесная работа настаўніка і вучня. Я ўпэўнена, што менавіта стваральная праца настаўніка па фарміраванні інтэлектуальнага патэнцыялу, творчых здольнасцей і даследчых навыкаў навучэнцаў дазволіць выхаваць рознабакова адукаваных людзей.
Якасныя і колькасныя паказчыкі сведчаць аб працягу работы ў гэтым напрамку. Мэтазгодным з’яўляецца адкрыццё цэнтраў прыродазнаўча-матэматычных і гуманітарных навук, гісторыка-краязнаўчага напрамку.
Аксана ПРАСНЯК,
настаўніца англійскай мовы Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна.