Прызнаныя майстры

Напярэдадні зімовых свят у Маскве падвялі вынікі Міжнароднага конкурсу педагагічных ідэй і майстэрства сярод выкладчыкаў рускай мовы ў краінах СНД “Школа без меж”, заснавальнікам якога выступіла Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі.

У лік пераможцаў конкурсу ўвайшла настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Асіповіч Таццяна Амбрушкевіч. Лаўрэатам гэтых спаборніцтваў у намінацыі “За арыгінальнасць задумы педагагічнага праекта” стала настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 28 Гродна Наталля Шашко.

Конкурс мае на мэце павышэнне якасці выкладання рускай мовы, стымуляванне цікавасці сучаснай моладзі за мяжой да вывучэння рускай мовы, умацаванне міжнародных сувязей і абмен вопытам паміж педагогамі. Ён право­дзіўся на працягу лістапада — снежня. Першы этап прайшоў у дыстанцыйным фармаце. У аргкамітэт конкурсу паступілі 623 заяўкі ад выкладчыкаў рускай мовы з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана.

Конкурснае заданне ўяўляла сабой апісанне педагагічнага праекта, які б утрымліваў фрагмент урока на любую тэму, апісанне мерапрыемства, звязанага з вывучэннем рускай мовы, апісанне прымянення метадычнай інавацыі або метадычнага прыёму пры вырашэнні канкрэтнай адукацыйнай задачы, прыклад творчай работы з навучэнцамі пры вывучэнні рус­кай мовы. Журы ацэньвала актуальнасць праекта, адпаведнасць зместу выбранай тэме, значнасць і разнастай­насць матэрыялаў, іх сістэм­насць і практычную каштоўнасць.

У другім (вочным) туры конкурсу ўдзельнічалі дванаццаць педагогаў. Настаўнікі з 9 краін Садружнасці прэзентавалі прадстаўленыя праекты вочна, астатнія — дыстанцыйна. Па выніках абароны конкурсных работ міжнароднае журы вызначыла чатырох пераможцаў і восем лаўрэатаў. Члены журы адзначылі высокі ўзровень работ пераможцаў і рэкамендавалі іх распрацоўкі да практычнага прымянення ў методыцы выкладання рускай мовы ў краінах Садружнасці.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Асіповіч Таццяна Амбрушкевіч прадставіла праект “Выкарыстанне метадычных прыёмаў актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроках рускай мовы”. У рабоце былі апісаны адаптаваныя для сучасных школьнікаў актыўныя метады і прыёмы навучання, сярод якіх найбольш эфектыўныя — квесты, ролевыя гульні, інтэр­актыўныя прыёмы “Гісторыі з мяшка” (накіраваны на стварэнне тэкстаў з выкарыстаннем пэўнага арфаграфічнага мінімуму), “Броўнаўскі рух” (накіраваны на засваенне тэарэтычных ведаў па новай тэме) і інш.

Як расказала Таццяна Львоўна, канкурэнцыя на конкурсе была вельмі сур’ёзная, аднак вялікім бонусам для яе ў другім этапе стала работа з аўдыторыяй. Прымаючы ўзнагароду, настаўніца падкрэсліла неабходнасць сумеснымі намаганнямі захоў­ваць і развіваць культуру выкладання рускай мовы ў краінах Садружнасці.

Кожны канкурсант атрымаў імянны дыплом і грашовы прыз. Але гэта не адзіныя трафеі, якія павезлі з Масквы пераможцы і лаўрэаты. Самым яркім вынікам конкурсу стаў эфект агульнасці і аднадушнасці педагогаў з розных краін — ён быў асабліва адчувальны на цырымоніі ўзнагароджання.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.