Для рэалізацыі вучнёўскіх амбіцый — даследчая дзейнасць

“Магчыма, з ліку маіх вучняў вучонымі стануць адзінкі. Ды і, далучаючы дзяцей да даследчай работы, не стаўлю я сабе такой задачы, а вось сфарміраваць у іх зацікаўленыя, неабыякавыя адносіны да навакольнага свету, імкненне яго спазнаваць і асвойваць, вызначаць сваё месца ў ім, па магчымасці пазітыўна ўплываць на ход падзей — гэта лічу вельмі важным”, — гаворыць настаўніца інфарматыкі ліцэя № 1 Ліды Гродзенскай вобласці Людміла Васільеўна Пранюк. Выхаванцы Людмілы Васільеўны пішуць даследчыя работы і паспяхова абараняюць іх на навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню. Настаўніца — кіраўнік алімпіяднай школы “Інтэлектуал”, секцыі “Флэш” даследчага таварыства “Ліцэіст”, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пра тое, як эфектыўна арганізаваць даследчую дзейнасць ва ўстанове адукацыі, як правільна выбраць тэму і праводзіць даследаванне, і не толькі пра гэта — наша гутарка з Л.В.ПРАНЮК.

— Людміла Васільеўна, што прывяло вас у педагагічную прафесію? Чаму вы сталі настаўніцай інфарматыкі?

— Выбар прафесіі — дзіцячая мара працаваць з дзецьмі, адкрываць для сябе і іншых свет, чытаць шмат кніг. А яшчэ мой класны кіраўнік Таццяна Іванаўна Русель — настаўніца фізікі — многа расказвала пра гэтую прафесію, была прыкладам дастойнага настаўніка. Менавіта інфарматыку я выбрала таму, што ў 1990 годзе інфармацыйныя тэхналогіі былі абсалютнай навінкай, экзотыкай, было адчуванне, што за гэтым — будучыня. Цікаўнасць, інтарэс, навізна — выдатная матывацыя для вучобы. А галоўнае, незразумела, складана будзе ці не. Навука ж новая!

— Якіх педагагічных прынцыпаў вы прытрымліваецеся ў сваёй рабоце?

— Пераканана, што трэба вучыць так, каб здзіўляць. Праблема многіх вучняў сёння — гэта вучоба дзеля адзнакі, а не для таго, каб навучыцца. Лічу, што галоўнае ў рабоце настаўніка — выклікаць інтарэс да свайго прадмета, да навукі ў цэлым, да таго паняцця, што вывучаецца на ўроку. З ростам аб’ёмаў інфармацыі, што паступае, становіцца ўсё больш актуальным уменне правільна яе ўспрымаць і перапрацоўваць, вылучаць галоўнае, адкідаць лішняе, перакладаць на мову ўласнага разумення. Калі гэтаму навучыўся, значыць, вырашыш любую задачу.


— Якім павінен быць сучасны ўрок? Назавіце, калі ласка, складнікі паспяховага ўрока.

— Урок павінен быць карысным, прычым з любога боку. Камусьці — карысным у пошуку і разуменні новай формулы, камусьці — у разуменні таго, што такое работа ў калектыве, а камусьці — проста ў разуменні таго, што неабходна сачыць за паставай, седзячы за камп’ютарам. На кожным уроку інфарматыкі вучань павінен адчуць і зразумець, дзе ён у канкрэтнай жыццёвай сітуацыі зможа прымяніць тыя веды, уменні і навыкі, якія атрымае. Практычная накіраванасць урока — гэта і ёсць тая сцежка, якая выводзіць дзіця на шырокую жыццёвую дарогу ініцыятывы і творчасці.

— А як вы зацікаўліваеце вучняў прадметам?

— Вывучэнне асноўнага матэрыялу на сваіх уроках імкнуся арганізаваць такім чынам, каб адказаць на галоўнае пытанне навучэнцаў: навошта гэта трэба ведаць, умець і г.д. Прычым зрабіць гэта ўжо на першых этапах вывучэння той ці іншай тэмы. Для гэтага, напрыклад, пры вывучэнні вялікай тэмы “Асновы вэб-канструявання” ў 11 класе кожны навучэнец у самым пачатку атрымлівае тэму свайго праекта “Распрацаваць сайт па тэме…”, для рэалізацыі якога яму спатрэбяцца веды, атрыманыя на ўроку.

З вопыту работы ведаю, што вывучэнне прадмета ў рэжыме 1 гадзіна на тыдзень мае свае асаблівасці: часам вучням складана ўспомніць, што было на мінулым уроку, а калі яшчэ “пашанцавала” захварэць і прапусціць некалькі ўрокаў, то можна зусім адстаць ад тэмы. Таксама з вопыту ведаю, што найбольшую цікавасць у вучняў выклікаюць індывідуальныя доўгатэрміновыя праекты, над якімі яны працуюць ад аднаго да некалькіх месяцаў, выконваючы іх як выніковыя работы падчас вывучэння буйнога блока матэрыялу, якія павышаюць узровень іх ведаў і дапамагаюць у адпрацоўцы ўменняў па тых або іншых пытаннях. Таму пераканана: работа над уласным праектам — гарантыя таго, што тэма абавязкова будзе засвоена.

Для работы на ўроку я рыхтую раздатачны паўрочны матэрыял з прыкладамі, франтальнымі і самастойнымі заданнямі — неабходным мінімумам, які дазволіць авалодаць тым або іншым прыёмам. Каб навучэнец мог зрабіць свой праект больш цікавым, варта прымяняць такія прыёмы, але крыху адшліфаваныя, а гэта ўжо дадатковы пошук інфармацыі (напрыклад, у інтэрнэце — электронныя падручнікі, відэаўрокі і г.д.).

Часам карыснымі бываюць групавыя праекты, напрыклад, задачы па разліку кошту рамонту жылога памяшкання. З жыцця навучэнцы ведаюць, што рамонт хтосьці робіць, а хтосьці за гэта плаціць. Так, у пачатку ўрока яны вызначаюць свае ролі: заказчык і выканаўца. Задача кожнага заключаецца ў тым, каб заказчыку не пераплаціць за работу, а выканаўцу не працаваць бясплатна. Падчас урока ідзе пастаянная праекцыя на рэальнае жыццё, а гэта аблягчае разуменне тых ці іншых паняццяў. Вось вам і адказы на пытанне, навошта ведаць геаметрыю: неабходна пралічыць плошчу памяшканняў, купіць матэрыялы, атрымаць плату за абклейванне сцен і г.д.

Яшчэ адзін прыклад — праект “Дамашняя бухгалтэрыя”, дзе вучні з дапамогай электронных табліц вывучаюць фінансавыя праблемы сям’і: сямейны бюджэт, аплату камунальных паслуг, разлік аплаты за выкарыстаную электраэнергію, патрэбу ў матэрыялах і іх кошт для рамонту ўласнага пакоя, кошт прыкладнага меню на дзень і сумарныя выдаткі за месяц усёй сям’і, выдаткі на сямейны адпачынак, улік асабістых кішэнных выдаткаў.

Падчас работы над праектам або рашэння практычна накіраванай задачы мае навучэнцы прыходзяць да разумення таго, што веданне камп’ютарных тэхналогій і тэхнікі з’яўляецца сродкам пазнання свету. На такіх уроках дасягаецца разуменне навучэнцамі практычнага выкарыстання ведаў і навыкаў, якія яны набываюць на ўроках інфарматыкі, бо яны бачаць, як многа новых магчымасцей яны атрымліваюць у сродках і спосабах вывучэння і апрацоўкі інфармацыі, магчымасцей эксперыментаваць, аналізаваць, рабіць высновы.

— Разам са сваімі навучэнцамі вы праводзіце даследчыя работы. Ці кожны навучэнец можа заняцца даследчай дзейнасцю? Як знайсці і падрыхтаваць навучэнца-даследчыка?

— На жаль, урок абмежаваны часам, праграмай, а вакол столькі цікавага. Даследчая работа — гэта якраз тое, што дазваляе выйсці за межы ўрока і зрабіць адкрыццё. Далучаючы вучняў да даследчай работы па інфарматыцы, абавязкова імкнуся абазначыць карыснасць і сацыяльную значнасць даследаванняў, падкрэсліць іх практычную накіраванасць. У падлеткавым узросце вучні вельмі любяць спрачацца, даказваць сваю выключнасць ва ўсіх пытаннях, таму пошук навуковай ісціны, пацвярджэнне або абвяржэнне гіпотэзы, для чаго неабходна правесці даследаванні, — ці не лепшы варыянт для рэалізацыі сваіх амбіцый: высвятляй, даказвай. Пры гэтым імкнуся акцэнтаваць увагу навучэнцаў на тым, што знаходзіцца побач, так бы мовіць, пад рукой: аўтобус, на якім прыязджаем у школу, скрыжаванне, якое відаць з акна, велічыні, якія выкарыстоўваем на ўроках матэматыкі ці фізікі.

Работы па інфарматыцы носяць даследчы характар. Яны выкананы з дапамогай навуковай методыкі, маюць уласны эксперыментальны матэрыял, на аснове якога праводзіцца аналіз і робяцца высновы пра характар аб’екта, што даследуецца. Асаблівасцю такіх работ з’яўляецца тое, што вынік, які яны могуць даць, загадзя не вызначаны. Акрамя таго, каб удзельнічаць у даследчым праекце па інфарматыцы, неабходны і пэўны ўзровень ведаў і навыкаў праграмавання, бо навуковы праект прадугледжвае як мінімум абавязковае выкарыстанне інструментаў праграмавання, прычым на дастаткова высокім узроўні, не гаворачы ўжо пра нелінейнасць мыслення, якое прыводзіць да ўмення рашаць абстрактныя задачы. Такое ўпэўненае валоданне інструментарыем дазваляе абысці праблемы, звязаныя з негатыўнай эмацыянальнай афарбоўкай, калі штосьці не атрымліваецца, матывуе навучэнцаў на павышэнне ўзроўню свайго майстэрства. Таму, як правіла, такімі навучэнцамі аказваюцца выхаванцы алімпіяднай школы.

Поспех дзейнасці ў многім залежыць ад яе дакладнай арганізацыі. Мы з вучнямі складаем план выканання даследавання, вызначаем часавыя межы, аб’ём работы і этапы яе выканання. На кожным этапе работы праводжу індывідуальныя кансультацыі з кожным членам творчай групы, вызначаючы канкрэтныя заданні, выбар матэрыялаў і інструментаў, неабходнай літаратуры. Працуючы ў складзе групы даследчыкаў, кожны навучэнец выбірае сабе пэўнае поле дзейнасці: штосьці яму падабаецца больш, больш яму зразумела і г.д.

Тэма павінна быць па магчымасці арыгінальнай, акрамя таго, актуальнай. Фармулёўка тэмы нараджаецца не адразу. Бывае так, што тэма цікавая, але няма дастатковага матэрыялу для даследавання. Тут вучню патрэбна кансультацыя педагога, іх сумесны творчы пошук. Бывае, тэму падказвае само жыццё. Так, у 2010 годзе ў нашым горадзе праходзіла рэспубліканскае свята “Дажынкі”. Адным са святочных аб’ектаў горада стаў устаноўлены ў гарадскім парку знак нулявога кіламетра, які лідчане сталі называць цэнтрам горада. Дапытлівы розум адразу задае пытанні: “Чаму?”, “Ці праўда гэта?” Тэма даследчай работы стала відавочнай: “Вызначэнне каардынат цэнтра горада Ліды”. Гэтая работа на XIV Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў была адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Мы прадоўжылі вывучаць свой горад. Як вынік — работа “Аптымізацыя маршрутнай сеткі пасажырскага транспарту горада Ліды”. Навучэнцы высветлілі, што прапанаваны варыянт маршрутнай сеткі мог бы прывесці да значнай эканоміі сродкаў бюджэту горада. Гэтая работа на рэспубліканскай канферэнцыі была адзначана дыпломам ІІІ ступені і атрымала прызнанне на навукова-інжынерным конкурсе Belsef (дыплом ІІІ ступені).

Сёлета Антон Болтач прадставіў новы праект — “Сцеражыся аўтамабіля!”. Даследчыку неабходна было ўспомніць правілы дарожнага руху, прычым паглядзець на іх пад іншым вуглом — вачыма вадзіцеля. Выконваючы даследаванне, давялося па-новаму асэнсаваць пытанні бяспекі руху, зразумець адказнасць за свае паводзіны ў якасці розных удзельнікаў дарожнага руху — вадзіцеля і пешахода, чаго так часам не хапае на дарозе. Мадэляванне руху на скрыжаванні дазволіла знайсці прычыну пробак і знайсці рашэнне гэтай праблемы. Нашы дасягненні — дыпломы ІІ ступені на рэспубліканскай канферэнцыі і ў навукова-інжынерным конкурсе Belsef.

У маёй практыцы тэмы даследчых праектаў часцей за ўсё адносяцца да канкрэтных пытанняў, актуальных для практычнага жыцця, якія разам з тым патрабуюць прыцягнення ведаў навучэнцаў з розных галін, іх творчага мыслення, даследчых навыкаў. Такім чынам дасягаецца натуральная інтэграцыя ведаў і практычнага вопыту.

Асаблівае задавальненне я адчуваю, калі ўзаемадзейнічаю са сваімі выпускнікамі, якія, некалі ўцягнутыя ў захапляльны свет навукі, звязваюць з ёй свой прафесійны лёс. Працуючы над праектамі, юны даследчык вучыцца планаваць свае дзеянні і дасягаць мэты. У выніку пасля заканчэння школы ён падрыхтаваны і маральна сфарміраваны для дарослага жыцця. Адзінае, што зменіцца, — гэта маштаб яго дзейнасці.

— Людміла Васільеўна, сёлета вы сталі дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Які праект вы прадстаўлялі?

— На гэтым конкурсе мы прадстаўлялі сайт установы адукацыі як сродак кіраўніцкай дзейнасці.

Бясспрэчным з’яўляецца той факт, што ні друкаваная прадукцыя, ні радыё і тэлебачанне не могуць падаваць інфармацыю ў зручным, прэзентабельным, зразумелым выглядзе пры меншым кошце, чым гэта робіць вэб-сайт. Вычарпальная інфармацыя, прадстаўленая на сайце, пазбаўляе ад неабходнасці тлумачыць адну і тую ж інфармацыю па тэлефоне. Актуальнасць інфармацыі забяспечваецца рэгулярным абнаўленнем, не патрабуе асаблівых выдаткаў. Так мы патлумачылі актуальнасць нашага праекта. Адной з мэт нашага сайта з’яўляецца стварэнне ў свядомасці наведвальнікаў запамінальнага і прывабнага вобраза ўстановы адукацыі, установы, у якой можна не толькі вучыцца, але і жыць ярка, цікава, карысна.

Мы — гэта не проста ярка аформлены займеннік на галоўнай старонцы, гэта адна сям’я, аб’яднаная адной ідэяй. Мы адкрыты і рады расказаць пра сябе. Мы палічылі актуальным паказаць сённяшні ліцэй і прадставілі віртуальны тур па ўстанове. Віртуальныя дзённікі, інфармацыя для бацькоў, педагогаў, абітурыентаў і яшчэ шмат чаго, але ніводная старонка сайта не змяшчае фармальнай інфармацыі. Усё сапраўды прадумана і неабходна. Такая канцэпцыя сайта.

— Якія планы на новы навучальны год?

— Навучэнцы падказалі пэўныя ідэі, звязаныя з мабільнымі дадаткамі. Для мяне гэта зусім новы напрамак. Таму, каб не адставаць ад жыцця, вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.