Медыя — НАШ новы інструмент!

Лета — час водпускаў і канікул. Але гэта ніяк не перашкодзіла сабраць поўную актавую залу настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў у сярэдняй школе № 3 Жабінкі. Прычына гэтага — прэзентацыя першых вынікаў ініцыятывы “Медыя — ваш новы інструмент” у рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Быць медыяграматным зараз не проста модна, а неабходна. Мы жывём у свеце інфармацыі. Калі раней школа вучыла здабываць інфармацыю, то зараз яе столькі, што ўзнікла неабходнасць яе адбору. Прычым такога, каб не быць падманутым, каб умець адрозніць маніпуляцыю і падман ад праўды. Быць медыяграматным — гэта патрэба сучаснага чалавека, таму ва ўстанове адукацыі ўжо другі год ідзе работа ў гэтым кірунку. У 2014/2015 навучальным годзе ў школе рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання медыяадукацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення”. Мэта дзейнасці педагагічнага калектыву ў перыяд укаранення праекта — не толькі навучанне дзяцей выкарыстоўваць існуючыя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, але і папярэджваць магчымасці іх негатыўнага ўплыву на асобу, фарміраванне ў навучэнцаў навыку крытычнага аналізу інфармацыі. На працягу навучальнага года творчая група педагогаў праводзіла з навучэнцамі вучэбныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы, на якіх дзяцей вучылі правільна працаваць з інфармацыяй, што паступае з розных крыніц, адрозніваць канкрэтныя факты ад інтэрпрэтацый, процістаяць маніпуляцыям масмедыя (рэклама, фішынг і г.д.), а таксама правільна (не парушаючы аўтарскіх правоў і г.д.) ствараць уласныя медыяпрадукты.

У сувязі з гэтым адміністрацыю школы і зацікавіла прапанова Майстэрні сацыяльнага кіно, якая паступіла ў маі 2015 года ад выпускніка школы, намесніка дырэктара, прадзюсара культурна-інфармацыйнай установы “Майстэрня сацыяльнага кіно” Канстанціна Вараб’я.

У перыяд са жніўня па снежань 2015 года праводзілася падрыхтоўка да рэалізацыі гэтай ініцыятывы. Са студзеня 2016 года пачалася непасрэдная работа па яе рэалізацыі ўстановай “Майстэрня сацыяльнага кіно” на базе нашай школы. Са студзеня па май 2016 года з дзецьмі і педагогамі правялі трэнінгі “Увядзенне ў відэавытворчасць”, “Сацыяльная праблематыка і стварэнне сацыяльнага відэароліка”, “Увядзенне ў інтэрнэт-тэлебачанне”, “Рэпартаж і дакументальнае кіно”, “Ігравое кіно як сацыяльны інструмент”.

Мэта праекта “Медыя — ваш новы інструмент!” — садзейнічаць развіццю сацыяльных медыя і павышаць узровень інфармаванасці пра сацыяльныя праблемы і ініцыятывы сярод жыхароў Жабінкі.

Дзякуючы ўдзелу ў гэтай ініцыятыве, педагогі і навучэнцы атрымалі магчымасць працаваць у галіне медыя пад кіраўніцтвам прафесійных рэжысёраў Андрэя Палупанава, Станіслава Турко і польскага прадзюсара Паўла Квасьнеўскага. Адукацыйную праграму трэнінгаў распрацавала мінская ўстанова “Майстэрня сацыяльнага кіно”, кіраўніком вучэбнай праграмы быў дырэктар установы і рэжысёр Андрэй Палупанаў.

34 навучэнцы школы і 8 настаўнікаў азнаёміліся з прынцыпамі і асновамі відэавытворчасці, а таксама з магчымасцямі выкарыстання гэтага інструмента.

У рамках практычнай часткі заняткаў было адзнята 12 відэаролікаў па тэмах праведзеных трэнінгаў. Асаблівай увагі заслугоўваюць сацыяльныя ролікі пра Жабінку, дзе навучэнцы стараліся прэзентаваць лепшыя куточкі свайго горада для турыстаў і гасцей Жабінкі. Работа над гэтымі відэаролікамі садзейнічала развіццю ў дзяцей патрыятычных пачуццяў, увагі і любові да сваёй малой радзімы. Найбольшую цікавасць выклікаў відэаролік пра Свята-Нікіцкі храм у вёсцы Здзітава, які прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Над ролікам працавала група дзяцей пад кіраўніцтвам маладых педагогаў Таццяны Васільеўны Кунц і Юліі Сяргееўны Ліннік. Таксама ў здымках удзельнічаў вядомы польскі прадзюсар Павел Квасьнеўскі.

Дзякуючы рабоце над сацыяльным відэаролікам, дзеці глыбей прааналізавалі праблему занятасці моладзі. Дакументальныя відэаролікі садзейнічалі маральнаму, патрыятычнаму выхаванню (ролік пра вязня канцлагера), прафарыентацыі (ролік пра настаўніка фізічнай культуры і здароўя) і імкненню пастаянна працаваць над сабой. Ролік пра выпускніка школы з ДЦП “Вова” прадэманстраваў магчымасць інклюзіўнай адукацыі (кіраўнікі Вольга Леанідаўна Дзенісюк, Юлія Валер’еўна Кавальчук).

Любімцам публікі стаў ігравы відэаролік “Розыгрыш” (кіраўнікі Вольга Фёдараўна Карпук, Святлана Віктараўна Шаўчук). У галоўных ролях здымаліся навучэнец 10 класа Уладзіслаў Шыцік і навучэнка 9 класа Кацярына Саўчук. Гісторыя школьнага кахання, якая стала пачаткам вялікага сямейнага шчасця, сплаў юнацкага запалу і гумару — такую характарыстыку далі роліку гледачы. Усе мастацкія ролікі дазволілі дзецям і настаўнікам праявіць творчасць і фантазію.

Работа ў рамках гэтай ініцыятывы была карыснай для ўстановы адукацыі яшчэ і таму, што выконвала прафарыентацыйную функцыю. Дзеці змаглі непасрэдна “паглыбіцца” ў прафесіі, звязаныя з медыя (рэжысура, журналістыка, відэавытворчасць і г.д.) і адчуць сябе людзьмі, якія працуюць у гэтай сферы.

Характэрна, што ўсе створаныя ў рамках ініцыятывы прадукты будуць размешчаны на новым інтэрнэт-партале горада “Жабінка Life”. Гэта інтэрактыўны сайт пра Жабінку і яе жыццё, дзе будзе сабрана інфармацыя пра ўсе арганізацыі горада, славутасці, мерапрыемствы, якія праводзяцца, і шмат іншай карыснай інфармацыі. Плануецца, што “Жабінка Life” стане новым спосабам развіцця турызму на Жабінкаўшчыне, а таксама пасадзейнічае развіццю камунікацыі паміж жыхарамі горада і ўладамі ў вырашэнні праблем развіцця горада.

Акрамя таго, рэалізацыя мясцовай ініцыятывы мае сацыяльны, экалагічны і эканамічны эфекты.

Сацыяльны эфект ініцыятывы заключаецца ва ўцягненні патэнцыялу маладых грамадзян у сацыяльныя працэсы, павышэнне інфармаванасці вучняў, выкладчыкаў і жыхароў горада пра сацыяльныя праблемы і ініцыятывы, стварэнне магчымасці для свабоднага ўдзелу ў інфармацыйных працэсах.

Экалагічны эфект у тым, што ў рамках трэнінгу па сацыяльнай праблематыцы прайшоў паказ аўдыявізуальных твораў Майстэрні сацыяльнага кіно на тэму экалогіі. Акрамя таго, удзельнікі курса атрымалі магчымасць азнаёміцца з бягучымі экалагічнымі праблемамі.

І яшчэ: курс, які праводзіцца ў рамках праекта, дазваляе моладзі атрымаць дастаткова ведаў для далейшага аказання паслуг у сферы відэаздымкі на камерцыйнай аснове.

Па выніках прэзентацыі ўсім удзельнікам ініцыятывы былі ўручаны сертыфікаты, а паміж Майстэрняй сацыяльнага кіно і Жабінкаўскім раённым выканаўчым камітэтам падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. У далейшым у школе плануецца арганізаваць работу аб’яднанняў па інтарэсах па гэтым кірунку.
Таму мы смела можам заявіць, што медыя — гэта НАШ інструмент!

Вольга ЗАВЕРЖАНЕЦ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, Віталіна ПАПКОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаўсярэдняй школы № 3 Жабінкі Брэсцкай вобласці.