У адзінстве ўсіх і ўнікальнасці кожнага педагога

Метадычны практыкум

Мэта: садзейнічаць павышэнню ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці намеснікаў дырэктараў у вырашэнні пытанняў эфектыўнага кіравання метадычнай работай ва ўстанове адукацыі як неабходнай умовы забеспячэння якаснай адукацыі.

Задачы:

1) пазнаёміць з тэарэтычнымі аспектамі кіравання метадычнай работай ва ўстанове адукацыі;

2) удасканальваць прафесійную кампетэнтнасць удзельнікаў метадычнага практыкуму ў ходзе ўключэння іх у работу па стварэнні інтэлектуальнай карты кіравання метадычнай работай;

3) распаўсюджваць станоўчы вопыт кіравання ў арганізацыі метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі;

4) абгрунтаваць важнасць кіраўніцкай дзейнасці намесніка дырэктара па стварэнні эфектыўнай сістэмы кіравання метадычнай работай, накіраванай на ўдасканаленне прафесійнага майстэрства педагогаў і павышэнне якасці адукацыі.
Абсталяванне: прэзентацыя, тэзаўрус, інтэлектуальныя карты “Кіраванне сістэмай метадычнай работы”, фламастары.

Метадычны практыкум пачынаецца з прагляду відэароліка (https://www.youtube.com/watch?v=gJDxMxY6P88&feature=youtu.be). Вядучы запрашае ўдзельнікаў практыкуму ўслед за галоўным героем сюжэта адправіцца ў падарожжа. Выкарыстоўваючы інтэрактыўны прыём “Пытанне”, ён вызначае мэту падарожжа, заахвочвае ўсіх даведацца нешта новае і атрымаць задавальненне ад сумесных зносін. Вядучы таксама знаёміць удзельнікаў практыкуму з тэмай і мэтай заняткаў.

Для таго каб падарожжа праходзіла лёгка, неабходна вызначыцца з паняццямі, якія будуць выкарыстоўвацца. Удзельнікам практыкуму прапаноўваецца адказаць на пытанне: “Якія ключавыя словы павінны ўтрымлівацца ў паняцці “Метадычная работа”?”. Вядучы прымае адказы і прапаноўвае пазнаёміцца з тэзаўрусам па тэме практыкуму, асаблівую ўвагу звяртае на паняцці “метадычная работа” і “кіраванне”.

Метадычная работа — гэта сістэматычная калектыўная і індывідуальная дзейнасць педагагічных кадраў, накіраваная на павышэнне іх навукова-тэарэтычнага, агульнакультурнага ўзроўню, псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі і прафесійнага майстэрства.

У адпаведнасці з класічнай тэорыяй, кіраванне — гэта працэс планавання, арганізацыі матывацыі і кантролю, які ажыццяўляецца для таго, каб сфарміраваць і дасягнуць мэты арганізацыі. Кіраваць метадычнай работай — значыць кіраваць усімі яе кампанентамі, якія фарміруюць метадычнае асяроддзе.

Найважнейшая мэта кіравання метадычнай работай — стварэнне ўмоў для самаадукацыі, самаразвіцця, навучанне кадраў.

Падчас падарожжа неабходна весці дзённік назіранняў. Вядучы прапаноўвае аформіць яго ў форме інтэлектуальнай карты.

Крок 1. З чаго пачаць?

Любая важная справа пачынаецца з аналізу сітуацыі. Галіна “Аналіз” грунтуецца на дыягностыцы і аналітычных матэрыялах, падрыхтаваных падчас кантрольнай і аналітычнай дзейнасці.

З вопыту работы. Штогод па картах, прапанаваных Мастоўскім раённым навукова-метадычным кабінетам (загадчык Г.Л.Глуткіна), мы праводзім дыягностыку -ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў, вызначаем праблемы і цяжкасці. Практыка паказала, што без дыягностыкі нельга аптымальна кіраваць ніякімі педагагічнымі працэсамі. Сэнс дыягнаставання заключаецца ў тым, каб атрымаць рэальную і па магчымасці наглядную карціну рэчаіснасці. Дабаўляем аналітычныя матэрыялы па аналізе стану метадычнай работы ва ўстанове адукацыі, вызначаем праблемы, і першы крок на шляху пабудовы сістэмы эфектыўнага кіравання зроблены.

Наступная галіна — “Мэтавызначэнне”. Выбар мэты — гэта зыходная пазіцыя кіраўніцкага цыкла. Пры арганізацыі метадычнай работы ў аснову ставяцца рэальныя запыты і інтарэсы педагогаў. Старажытныя мараплаўцы гаварылі: “Плыву не так, як вецер дзьме, а як ветразь пастаўлю”. Стрэлкамі ўзаемадзеяння звязаны галіны “Мэтавызначэнне” і “Вынік”, таму што мэта — гэта ідэальны запланаваны вынік.

Удзельнікам практыкуму прапаноўваецца ў ходзе групавой работы вызначыць паказчыкі выніковасці метадычнай работы і запоўніць галіну “Вынік”.

З вопыту работы. Важным этапам у вызначэнні прыярытэтаў метадычнай работы ва ўстанове адукацыі з’яўляецца жнівеньская педагагічная нарада. На прыкладзе рэфлексіі настаўнікам прапаноўваецца прыём “Дрэва перамог і праблем”. Педагогам раздаюцца карткі з яблыкамі і лімонамі. На яблыкі запісваецца тое, чым мы можам ганарыцца, а на лімоны — праблемы, якія неабходна вырашыць. На графічныя малюнкі дрэў педагогі прымацоўваюць яблыкі і лімоны. Уключэнне кожнага педагога ў асэнсаванне дзейнасці ўсяго педагагічнага калектыву садзейнічае не толькі вызначэнню асноўных напрамкаў работы, але і прыняццю педагогамі мэт і задач работы ўстановы адукацыі, павышэнню асабістай адказнасці за прынятыя рашэнні.

Наступнымі этапамі працэсу кіравання з’яўляецца “Планаванне” і “Арганізацыя кіравання”. Распрацоўка і рэалізацыя плана — два асноўныя этапы кіраўніцкага цыкла. Дасягнуць поспеху можна пры выкананні трох галоўных умоў: веданне таго ўзроўню, на якім знаходзіцца калектыў у пачатку планавання, дакладнае ўяўленне аб тым узроўні, на які павінна быць паднята работа да канца запланаванага перыяду, выбар эфектыўных шляхоў і сродкаў дзейнасці, якая плануецца.

Крок 2. Што нам неабходна?

Кіраванне метадычнай работай — гэта дзейнасць, накіраваная на стварэнне ўмоў для стымулявання самаразвіцця кожнага настаўніка, для яго самарэалізацыі. Якія ўмовы неабходны для эфектыўнай метадычнай работы? Удзельнікам практыкуму прапаноўваецца практыкаванне “Незакончаны сказ”: у нашай школе дэмакратычны стыль кіравання, у нас заахвочваецца ўдзел калектыву ў кіраванні школай, кантроль носіць дыягнастычны, аналітычны, навучальны і падтрымліваючы характар. Дэвіз нашай дзейнасці: “Адзінства ўсіх і ўнікальнасць кожнага”. А ў вас?

Удзельнікам практыкуму прапаноўваецца ў ходзе групавой работы вызначыць умовы эфектыўнага кіравання метадычнай работай.

Неабходна памятаць галоўнае: усе і заўсёды павінны бачыць вынік сваёй работы і яго ацэнку. Добрае слова падтрымкі, пахвала, дапамога заўсёды павінны мець месца ў кіраўніцкай дзейнасці.

Крок 3. Выбар свайго шляху.

Дыферэнцыяцыя метадычнай работы з’яўляецца адным з крытэрыяў эфектыўнасці кіравання метадычнай работай. Дыферэнцыяцыя мае на ўвазе вялікую ўдзельную вагу ў сістэме метадычнай работы індывідуальных і групавых заняткаў з педагогамі зыходзячы з узроўню іх прафесіяналізму, гатоўнасці да самаразвіцця і іншых паказчыкаў.

Можна вылучыць тры ўзроўні педмайстэрства: нізкі (інтуітыўны), сярэдні (пошукавы), высокі (майстэрскі).

З вопыту работы. У адпаведнасці з узроўнем педмайстэрства для кожнага педагога распрацоўваюцца індывідуальныя варыянты метадычнай работы. Так, метадычная работа з педагогамі, якія працуюць на інтуітыўным узроўні, арыентуецца на выпрацоўку станоўчых адносін да педагагічнай дзейнасці, авалоданне тэарэтычнымі ведамі. Да гэтай катэгорыі адносяцца маладыя спецыялісты, для іх арганізоўваецца настаўніцтва. Шлях маладога спецыяліста ў нашай школе пачынаецца з самапрэзентацыі “Я раскажу вам пра сябе…”. Арганізоўваюцца індывідуальныя заняткі па афармленні дакументацыі, методыцы правядзення ўрока, арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці і г.д. Вялікая роля ў прафесійным станаўленні маладога спецыяліста належыць педагогу, гатоваму дапамагчы маладому настаўніку.

Метадычная работа з педагогамі высокага ўзроўню мае на ўвазе стымуляванне каштоўнаснай арыентацыі на творчасць у іх педагагічнай дзейнасці, на стварэнне індывідуальнай метадычнай сістэмы. Пры гэтым асноўны ўпор робіцца на самаадукацыю і самааналіз уласных дасягненняў, ініцыятыву ў апрабацыі новых варыянтаў навучання і выхавання вучняў (арганізацыя ўдзелу ў прафесійных конкурсах, фестывалях, форумах). Педагогі нашай школы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі гэтых мерапрыемстваў. У 2016 годзе яны сталі пераможцамі Міжнароднага конкурсу “ІТ-рашэнні для адукацыі будучыні” ў намінацыях “ІТ-педагог” і “ІТ-школа”. Штогод педагогі школы становяцца пераможцамі і прызёрамі раённага конкурсу “Мой лепшы ўрок (факультатыўныя заняткі)”.

Крок 4. Якім чынам арганізоўваем дзейнасць?

Традыцыйна ў структуру метадычнай работы ўстановы адукацыі ўключаюцца метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-прадметнікаў, праблемныя і творчыя групы, школы перадавога педагагічнага вопыту і маладога спецыяліста і г.д. Удзельнікам практыкуму прапаноўваецца практыкаванне “Выбар”. Кожная група выбірае метадычнае фарміраванне, у склад якога ўвойдзе (метад выпадковага выбару). Групам прапаноўваецца тэма “Сучасныя метадычныя патрабаванні да рэалізацыі прадметнага зместу”. На інтэлектуальнай карце запісваюцца метады і сродкі дзейнасці, характэрныя для метадычнага фарміравання. Для больш поўнага разумення сваёй ролі групам раздаюцца палажэнні аб метадычных фарміраваннях.

З вопыту работы. У ролі каардынатара метадычнай работы выступае метадычны савет. Ён працуе на падставе палажэння аб метадычным савеце. Метадычную работу ва ўстанове адукацыі можна прадставіць як узаемазвязаны ланцуг дзеянняў: пошук праблемы — вызначэнне шляхоў вырашэння — распрацоўка рэкамендацый — абмен вопытам. Напрыклад, па выніках дыягностыкі ў педагогаў нашай школы былі цяжкасці ў арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці. У планы метадычных аб’яднанняў школы на 3 чвэрць уключаны пасяджэнні па гэтай праблеме, у ходзе якіх настаўнікі абмеркавалі тэарэтычныя аспекты, правялі адкрытыя ўрокі, распрацавалі рэкамендацыі, якія прадставілі на пасяджэнне метадычнага савета. Вынік: выпуск брашуры “Арганізацыя кантрольна-ацэначнай дзейнасці”.

Крок 5. Пошук аднадумцаў.

Поспех любой справы залежыць ад каманды. Для таго каб кіраванне метадычнай работай было эфектыўным, неабходна знайсці аднадумцаў.

У цяперашні час задача карпатлівага далучэння настаўнікаў да кіравання школай у разнастайных праявах становіцца ўсё больш значнай. Найбольш удалы прыём павышэння эфектыўнасці работы: кожнаму — справа па душы. Тое, што настаўніку падабаецца і вельмі добра ў яго атрымліваецца, узялі за аснову яго метадычнай дзейнасці.

З вопыту работы. Аналіз дыягнастычных карт і анкетавання выявіў цяжкасці ў выкарыстанні сучасных тэхналогій у адукацыйным працэсе. З мэтай павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу і аказання дапамогі педагогам школы была створана творчая група “Вывучэнне і выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій”. У склад групы ўвайшлі педагогі, якія маюць вялікі стаж работы, і зусім маладыя спецыялісты. Быў распрацаваны алгарытм дзейнасці творчай групы: тэарэтычны блок, семінар-практыкум, аналітычны і практыка-арыентаваны блокі. На працягу навучальнага года педагогі пазнаёміліся і абмяняліся вопытам па чатырох тэхналогіях: ТРКМ (тэхналогія развіцця крытычнага мыслення); праектныя, здароўезберагальныя і інтэрактыўныя тэхналогіі. Колькасць педагогаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй практыцы сучасныя тэхналогіі, павялічылася з 48 да 75 працэнтаў.

Крок 6. Кантроль вынікаў метадычнай дзейнасці.

Ці не задумваліся вы пра тое, што ўнутраны кантроль — гэта самая пакутная функцыя ў нашым імклівым жыцці? У адным артыкуле было цікавае параўнанне ўнутранага кантролю з прыёмнай дачкой. Быццам бы і любіць павінны, але ў прыёмнай дачкі складаны нораў. І часта закрадваецца думка: “Ці можа ўвогуле не звяртаць на яе ўвагі?” І бавіць яна свае дні ўдалечыні ад бурнага кіраўніцкага жыцця, не трымае на нас зла і ведае, што прыйдзе час і мы зноў успомнім пра яе.

Удзельнікам прыктыкуму прапаноўваецца праглядзець урывак з фільма “Каханне і галубы” (цытата “Важны не вынік, а працэс”). Ва ўнутраным кантролі важны і працэс, і вынік. А.А.Глінскі гаворыць пра тое, што ёсць вертыкальная сістэма кантролю і гарызантальная.

Вертыкальная форма кантролю — гэта планавы і сістэмны кантроль з боку адміністрацыі. Яго асноўная задача заключаецца ў “вырошчванні” асобы педагога-майстра, кантролі вынікаў працы. Другі падыход да арганізацыі і правядзення кантролю за метадычнай работай — гарызантальны — асобасна арыентаваны. Ён грунтуецца на прынцыпе даверу адно да аднаго, калі ў якасці дасягнутага педагог дэманструе часцей за ўсё не сам працэс, а канчатковы вынік.

З вопыту работы. Яркі прыклад — удзел педагогаў у рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі сістэмна-модульнага забеспячэння прафарыентацыйнага кампанента сучаснага адукацыйнага асяроддзя”. Вынік: падрыхтаваны праграмы факультатыўных заняткаў “Падарожжа па краіне Геаметрыя” для 1—4 класаў, “Фарміраванне графічных уменняў і навыкаў вучняў 5—9 класаў”. Электронны вучэбны дапаможнік “Падарожжа па краіне Геаметрыя” (аўтары І.Н.Бачарова, Н.А.Буркас) адзначаны дыпломам І ступені на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар, Адукацыя. Інтэрнэт”.

Крок 7. Куды мы прыйшлі?

Увага ўдзельнікаў практыкуму накіравана на галіну “Вынік”, які цесна звязаны з “Мэтавызначэннем”. Кіраўніцкі цыкл завяршыўся. Аналіз атрыманых вынікаў дае нам падставы меркаваць аб эфектыўнасці арганізацыі метадычнай работы ва ўстанове адукацыі.

Рэфлексія

Прадоўжыце сказ “Метадычную работу ў школе можна параўнаць з …, таму што (дзе?)…”. Напрыклад, я лічу, што метадычную работу можна параўнаць з песняй, якую ва ўстанове адукацыі павінны з задавальненнем выконваць усе, нават тыя, хто спяваць не ўмее.
Наша сумеснае падарожжа завяршылася, але шлях па складанай дарозе кіравання метадычнай работай ва ўстанове адукацыі працягваецца. Гэта шлях руху і пошуку, дасягнення новых мэт і адкрыцця новых гарызонтаў. Няма межаў дасканаласці! Жадаю вам поспехаў на педагагічным і жыццёвым шляху.

Ірына СІЛЬВАНОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза
Івана Шарамета Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.