У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшоў конкурс даследчых работ навучэнцаў, на заключны этап якога юныя вучоныя сталічнай вобласці і іх госці з беларускамоўнай гімназіі імя Францыска Скарыны Вільнюса прадставілі 220 навуковых даследаванняў. Заснавальнікамі мерапрыемства з’яўляюцца ўпраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.
Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей конкурсу, начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Алена Віктараўна Марцінкевіч адзначыла, што сёння ў Беларусі ўдзяляецца асаблівая ўвага фарміраванню інавацыйнай галіны, робіцца стаўка на развіццё навукі і тэхналогій. Энергія, дапытлівасць, напорыстасць таленавітай моладзі, гатоўнасць рухацца новымі нязведанымі шляхамі здольны прывесці краіну да адкрыццяў, якія забяспечаць якасны прарыў у эканоміцы. Яна расказала аб перамогах навучэнцаў Міншчыны на рэспубліканскіх, міжнародных алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях і пажадала ўдзельнікам поспехаў у рэалізацыі ўласных інавацыйных ідэй і распрацовак.
Упершыню ў межах конкурсу быў праведзены фестываль устаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, накіраваны на арганізацыю прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. У інтэрактыўнай форме сваю дзейнасць прадставілі студэнты і выкладчыкі факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, фізічнага, хімічнага, механіка-матэматычнага факультэтаў, а таксама спецыялісты псіхалагічнай службы БДУ, Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, Мінскага дзяржаўнага каледжа харчовай прамысловасці. Для ўдзельнікаў мерапрыемства была арганізавана сустрэча з дэканам механіка-матэматычнага факультэта БДУ Д.Г.Мядзведзевым. Навучэнцы з задавальненнем прынялі ўдзел у экалагічных дэбатах, эканамічнай гульні FLIXA і інш.
Работы юных даследчыкаў былі разгледжаны на пасяджэннях 13 секцый. Журы конкурсу, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі вядучых ВНУ краіны, спецыялісты НІА, РІВШ, РІПА і МАІРА, адзначыла, што работы навучэнцаў становяцца з году ў год больш змястоўнымі і грунтоўнымі. Сёння маладых даследчыкаў хвалююць праблемы забруджвання атмасферы і крыніц пітной вады, якасць прадуктаў харчавання; яны робяць спробы вырашыць праблемы ўтылізацыі адходаў, шукаюць шляхі захавання прыродных рэсурсаў. У час усеагульнай інфарматызацыі яны стварылі электронны падручнік, камп’ютарную гульню “Берагоша”, сайт “Культурная спадчына Беларусі”. Навучэнцаў цікавяць пытанні дыстанцыйнага навучання, мабільных дадаткаў, абароны асабістай перапіскі і іншыя.
Дыпломам І ступені ў секцыі “Беларуская мова і літаратура” адзначана работа “Вопыт лексіка-граматычнага і сацыякультурнага даследавання беларускамоўнай рэкламы”, аўтарамі якой з’яўляюцца навучэнцы 11 класа Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Кірыл Грыневіч і Настасся Скарупа (кіраўнік Наталля Віктараўна Ржэуцкая). У ёй ліцэісты правялі глыбокае міждысцыплінарнае вывучэнне эканамічнай эфектыўнасці выкарыстання беларускамоўнай рэкламы. Яны прааналізавалі рэкламны тэкст з пункта гледжання лінгвістыкі, прапанавалі крытэрыі стварэння моўнай мадэлі эфектыўнага беларускамоўнага рэкламнага тэксту, прадставілі схему эканамічнай запатрабаванасці такой рэкламы ў Беларусі. Вынікі даследавання могуць быць карыснымі рэкламным аддзелам розных кампаній, зацікаўленых у прасоўванні сваёй прадукцыі на айчынным рынку.
Работы, прысвечаныя рэалізацыі розных мадэлей камунікацыі: паміж чытачамі і пісьменнікам, дарослымі і дзецьмі, наведвальнікамі сацсетак, а таксама актуалізацыі культурных канцэптаў і парадыгм былі прадстаўлены сёлета ў секцыі “Руская мова і літаратура”. Практычна ўсе даследаванні насілі міждысцыплінарны характар: яны выкананы на стыку літаратуразнаўства, лінгвістыкі, культуралогіі, філасофіі, сацыялогіі. Перамогу ў гэтай секцыі святкавала дзесяцікласніца Нясвіжскай гімназіі Ангеліна Саковіч з работай “Лінгвакультуралагічны аналіз канцэпту “люстэрка” (на матэрыяле аповесці Аляксандра Жыцінскага “Арсік”). Яе навуковы кіраўнік — Ірына Уладзіміраўна Хаванская.
У секцыі “Гісторыя” перамаглі дзесяцікласнікі нарацкай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна Мікіта Вайцяшонак і Андрэй Бародзіч з работай “Палявая фартыфікацыя Першай сусветнай вайны ў міжазер’і Нарач — Мядзел” (кіраўнік Валянцін Феліцыянавіч Радзевіч). Аўтары выявілі архітэктурна-эстэтычныя і тыпалагічныя асаблівасці помнікаў фартыфікацыі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі свайго раёна; прааналізавалі айчынны і замежны вопыт іх выкарыстання, прапанавалі ўласны варыянт рэвалярызацыі і адаптацыі фартыфікацыйных збудаванняў перыяду Першай сусветнай вайны. Асноўны ўпор у даследаванні школьнікаў быў зроблены на натурныя абследаванні абарончых збудаванняў, што захаваліся. Вывучыўшы фартыфікацыю міжазер’я Нарач — Мядзел, навучэнцы прапанавалі варыянт выкарыстання існуючых збудаванняў, стварэнне музея-скансэна. Найбольш перспектыўным месцам для яго стварэння, па меркаванні даследчыкаў, з’яўляецца раён паміж азёрамі Нарач і Мядзел, дзе ёсць бетонныя збудаванні нямецкай лініі абароны, што захаваліся, а таксама абрысы рускіх акопаў і бліндажоў. Для пазіцый магчыма ўзнаўленне адной з сістэм умацаванняў, якія рэальна існавалі, у раёне ўрочышча “Чорная гара”.
Дыплом І ступені ў секцыі “Працоўнае навучанне” атрымала навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 20 Барысава Вольга Рогава за работу “Выразныя магчымасці пап’е-машэ ў скульптурах малых форм на тэмы беларускага фальклору” (кіраўнік Наталля Валер’еўна Звонава). Аўтар сцвярджае, што ў тэхніцы пап’е-машэ можна вырабіць любы прадмет прыкладнога значэння: ад маленькай цацкі на ёлку да мэблі. Усё, што спатрэбіцца для гэтага, — стос старых газет і клей. Дзяўчына пераканаўча даказала, што тэхніка пап’е-машэ з’яўляецца малазатратнай, таму такі від дзейнасці можна выкарыстоўваць пры рабоце з дзецьмі. Членам журы былі прадстаўлены ўзоры вырабаў, выкананыя Вольгай, на тэмы беларускага фальклору: Барбара Радзівіл, Зюзя, Цуда-Юда, беларускія музыкі, затоплены горад на дне Свіцязі.
Нягледзячы на тое, што магніты вядомы людзям з глыбокай старажытнасці, яны па-ранейшаму тояць у сабе мноства загадак, якія да канца не вывучаны. Так, у секцыі “Фізіка і астраномія” была прадстаўлена на суд журы і ацэнена дыпломам І ступені даследчая работа “Непастаянныя магніты”, выкананая навучэнцамі сярэдняй школы № 1 Смілавіч Чэрвеньскага раёна Ягорам Дарафеевым, Вячаславам Буслаевым і Андрэем Макаро (кіраўнік Анатоль Канстанцінавіч Шабусаў). У працэсе даследавання былі вывучаны не толькі якасныя, але і колькасныя характарыстыкі магнітных палёў, у прыватнасці, магнітная індукцыя. Вымярэнні праводзіліся з дапамогай датчыка Хола, была зроблена яго настройка, вывучаны межы прымянімасці.
У секцыі “Экалогія. Энергазберажэнне ў адукацыйнай прасторы” члены журы вылучылі работу васьмікласніка гімназіі № 2 Салігорска Міхаіла Горскага “Птушкі выратоўваюць птушак” (кіраўнік Тамара Аляксандраўна Алекса). Даследаванне было ўдастоена дыплома І ступені. У рабоце абгрунтоўваецца неабходнасць пошуку прыродных сарбентаў, бо існуючыя сінтэтычныя сарбенты могуць самі стаць крыніцай забруджвання навакольнага асяроддзя. У працэсе даследавання Міхаіл разгледзеў будову пяра птушак, склад нафты і даказаў, што пер’е, маючы складаную будову, здольна сарбіраваць такія рэчывы, як нафта. Хлопец правёў эксперымент, які складаўся з некалькіх серый: паглынання пер’ем чыстай нафты; ачысткі яго з дапамогай вады, забруджанай нафтай і даказаў перавагі такога сарбенту перад іншымі. Аргументавана прагучаў эканамічны доказ эфектыўнасці пер’евага сарбенту: былі зроблены падлікі, якія даказваюць, што пер’е беларускіх птушкафабрык, сабранае за год, можа паглынуць усю нафту пасля буйной аварыі. Работа пазнавальная для тых, хто любіць прыроду і шукае магчымасці яе аховы ад антрапагеннага забруджвання.
У секцыі “Біялогія” дыплома І ступені і спецыяльнага прыза ўдастоена работа “Вывучэнне ўраджайнасці суніц садовых сартоў: кімберлі, вімазанта, вікода, вімарына, пры вырошчванні расады Frigo ў адкрытым грунце”, выкананая навучэнкай 10 класа гімназіі Дзяржынска Надзеяй Багдановіч (кіраўнік Святлана Уладзіміраўна Слінка).
Ураджай суніц садовых, больш вядомых у народзе як клубніцы, з’яўляецца адным з найбольш доўгачаканых для аматараў і прафесіяналаў. Аднак масавыя тэрміны пладанашэння суніц абмяжоўваюцца некалькімі тыднямі чэрвеня. Падчас даследавання, праведзенага Надзеяй, былі вырашчаны расліны і зроблены параўнальны аналіз ураджайнасці некаторых сартоў клубніц, якія прапаноўваюцца сучаснымі каталогамі раслін і вытворцамі. Асноўнай мэтай работы стала мадэляванне праекта вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі па вырошчванні суніц садовых у адкрытым грунце з пралангаванымі тэрмінамі выспявання. Вынікі даследавання паказалі, што ўраджайнасць у раслін, вырашчаных з такой расады, у першы год значна вышэйшы, чым ураджайнасць у раслін, вырашчаных вегетатыўна з маладых разетак, якія дасягаюць такіх паказчыкаў толькі на другі год. Такім чынам, расада Frigo дазваляе атрымліваць паўнацэнны ўраджай ужо на першы год вырошчвання. Эканамічна абгрунтавана пакупка элітных сартоў раслін суніц садовых: пры выдатках 600 тысяч рублёў у першы год прыбытак ад продажу лішкаў ураджаю за 3 гады складае больш за тры мільёны рублёў.
Мінская вобласць з’яўляецца лідарам сярод устаноў адукацыі краіны па развіцці школьных бізнес-кампаній. Мноства ідэй, увасобленых у іх дзейнасці, зараджалася менавіта на конкурсах даследчых работ. Таму невыпадкова 24 работы навучэнцаў вобласці, якія могуць мець практычную значнасць у сферы інфарматыкі, прамысловасці, энергаспажывання і г.д., былі прадстаўлены спачатку ў секцыях конкурсу, а затым у выглядзе стэндавай абароны (сёлетняе новаўвядзенне) у секцыі “Эканоміка і бізнес-планаванне”. 11 з іх былі ўдастоены спецыяльных прызоў членаў бізнес-журы, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу Мінска і Мінскай вобласці. Юныя даследчыкі прадставілі на іх суд інтэрактыўны дапаможнік, крыніцу альтэрнатыўнай энергіі, газавы акумулятар, шматфункцыянальны гадзіннік-інфарматар і інш. З гэтымі работамі змаглі пазнаёміцца і ўсе ўдзельнікі конкурсу на кірмашы праектаў, які прайшоў пасля заканчэння работы секцый.
Уладальнікам спецыяльнага прыза і пераможцай у намінацыі “Лепшы дызайн стэнда” стала адзінаццацікласніца гімназіі № 1 Жодзіна Лізавета Салохіна з работай “Перспектыўная крыніца альтэрнатыўнай энергіі” (кіраўнік Ірына Мікалаеўна Пічугіна). У даследаванні абгрунтавана і эксперыментальна пацверджана магчымасць выкарыстання тапінамбуру як альтэрнатыўнага віду паліва і зыходнай сельскагаспадарчай сыравіны для атрымання біяэтанолу.
Спецыяльным прызам была адзначана і работа васьмікласнікаў Праўдзінскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Рамана Бякешкі і Аляксея Цежара “Экалагічная ХКС”. Юныя даследчыкі высветлілі, што ў нашай краіне практычна адсутнічае вытворчасць малагабарытных хімічных крыніц сілкавання (ХКС), таму магазінныя паліцы запоўнены батарэйкамі замежнай вытворчасці. Якасць такіх элементаў сілкавання, як правіла, нізкая, а кошт высокі. Акрамя таго, яны ўяўляюць сур’ёзную пагрозу для навакольнага асяроддзя, бо іх нельга самастойна ўтылізаваць — у іх склад уваходзяць шкодныя хімічныя спалучэнні і рэчывы: КОН, NaOH, Li, Hg і інш. Мэтай работы стала стварэнне і даследаванне характарыстык экалагічнай ХКС. Паставіўшы мноства эксперыментаў з садавіной і агароднінай, навучэнцы сканструявалі экалагічную ХКС, дзе ў якасці электраліту можна выкарыстоўваць прыродную ваду, якая ўваходзіць у склад садавіны і агародніны. Аўтары прыйшлі да высновы, што электрарухальная сіла ХКС не залежыць ад геаметрычных памераў пласцін і тэмпературы ў межах ад 0 да 90°С; унутранае супраціўленне экалагічнай ХКС вялікае і складае 4,75 кОМ, а максімальная магутнасць — усяго 0,56 мВт. Батарэю ХКС можна выкарыстоўваць для дэкаратыўнай і сігнальнай падсветкі і сілкавання радыётэхнічных прылад з нізкім спажываннем энергіі. Яна экалагічная, бо практычна не забруджвае навакольнае асяроддзе.
Яшчэ аднаго спецыяльнага прыза была ўдастоена работа “Ад сімвалаў да радкоў. Інтэрактыўны дапаможнік для 10 класа”, аўтарам якога з’яўляецца навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Ілья Брагінец (кіраўнік Святлана Рыгораўна Пузіноўская). Сродкамі мовы ActionScript 2 быў распрацаваны інтэрактыўны дапаможнік, прымяненне якога дазволіць пераадолець цяжкасці пры вывучэнні тэмы “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання” ў вучэбным курсе “Інфарматыка” для 10 класа. Для распрацоўкі дапаможніка была выбрана праграма AdobeFlash CS5, якая прадастаўляе вялікія магчымасці камп’ютарнай візуалізацыі інфармацыі і дазваляе ствараць яскравыя інтэрактыўныя прадукты. Афармленне дапаможніка вытрымана ў адным стылі. Для стварэння фонаў выкарыстоўваліся магчымасці графічных рэдактараў AdobePhotoshop CS5 и CorelDraw X5.
Дзевяцікласніца гімназіі № 1 Валожына Дар’я Бразоўская таксама была адзначана спецыяльным прызам за работу “Інфармацыйна-даведачная турыстычная геа-інфармацыйная сістэма горада Валожына”. Адметнасцю распрацаванага праекта з’яўляецца выкарыстанне тэхналогій “адкрытых” праграмных прадуктаў, якія свабодна распаўсюджваюцца. Вынікам даследавання з’явілася стварэнне лічбавай карты для турыстаў на аснове сучасных геаінфармацыйных тэхналогій; распрацавана база геаданых, якая ўтрымлівае інфармацыю аб аб’ектах і суб’ектах турызму, а таксама аб турыстычных маршрутах; распрацавана зручная класіфікацыя і сімвалізацыя турыстычных відаў дзейнасці, турысцкіх аб’ектаў і суб’ектаў. Канчатковы прадукт даследчай работы ўяўляе сабой геаінфармацыйную даведачную сістэму, даныя якой можна праглядаць у двухмерным выглядзе ў праграме ArcReader.
Пераможцы конкурсу даследчых работ навучэнцаў былі ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама і каштоўнымі падарункамі.
Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.