Напрыканцы навучальнага года, калі ўсе вучні, іх бацькі і педагогі мараць аб цёплым сонейку і адпачынку, аб прыгодах і вандроўках, мы завіталі ў сярэднюю школу № 9 Кобрына ў 3 клас на ўрок выяўленчага мастацтва па тэме “Веснавы луг”, які павінна была правесці настаўніца пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Гапанюк — фіналістка рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2014”.
Жыве ўсюды прыгажосць
Празвінеў званок. Наталля Мікалаеўна адразу пацікавілася, ці ёсць усё неабходнае ў дзяцей: папера, фарбы, пэндзлі, вада. “Сёння ў нас з вамі ўрок творчасці, — адзначыла педагог. — А творчасць — гэта крыніца дабрыні, прыгажосці і ісціны. Давайце сядзем зручней, усміхнёмся адно аднаму, зробім глыбокі ўдых і выдых. Пазбавімся ад усіх трывог, крыўды, напружання, на поўныя грудзі ўдыхнём прыгажосць вясенняга дня, цеплыню сонечных промняў, блакіт неба і чысціню паветра. Няхай усё цудоўнае, што вы адчуеце зараз, сагравае вас і далей”.
Эпіграфам да ўрока па тэме “Веснавы луг” сталі словы Міхаіла Пляцкоўскага: “Живёт повсюду красота: // Живёт в закатах и рассветах, // В лугах, туманами одетых, // В звезде, манящей, как мечта…”. Мэта ўрока, якую вызначыла настаўніца, — удасканаленне навыкаў стварэння кампазіцыі пры дапамозе нетрадыцыйных тэхнік малявання. Задачы ўрока — навучыць выкарыстоўваць розныя мастацкія тэхнікі для вырашэння творчай задумы; садзейнічаць фарміраванню эстэтычных адносін да рэчаіснасці, да ўсяго прыгожага ў жыцці; ствараць спрыяльныя ўмовы для ўмацавання эмацыянальна-псіхічнага здароўя дзяцей праз далучэнне іх да выяўленчага мастацтва; развіваць у ходзе ўрока дробную маторыку і каардынацыю рухаў рук.
“Што значыць для вас прыгажосць?”— задала пытанне Наталля Мікалаеўна вучням. Усе ў класе ўзнялі рукі, жадаючы выказаць сваё меркаванне. У многіх яно супала: адным з самых прыгожых месцаў з’яўляецца веснавы луг. Настаўніца прапанавала кожнаму на ўроку намаляваць лугавое багацце кветак. Але перш чым прыступіць да творчасці, заклікала паслухаць аўдыяфрагмент з апавядання Міхаіла Прышвіна “Залаты луг” і праглядзець слайды. Вучні ўважліва слухалі: “Мы жили в деревне, перед окном у нас был луг, весь золотой от множества цветущих одуванчиков. Это было очень красиво. Все говорили: очень красиво! Луг — золотой. Однажды я рано встал удить рыбу и заметил, что луг был не золотой, а зелёный. Когда же я возвращался около полудня домой, луг был опять весь золотой”.
Запіс перапыніўся, і Наталля Мікалаеўна спыталася ў дзяцей: “Чаму пісьменнік назваў луг залатым?” Здагадацца было няцяжка: ад мноства дзьмухаўцоў. А чаму раніцай луг быў зялёным, а апоўдні стаў зноў залатым? Вучні вырашылі, што ўначы кветкі засыналі і закрываліся. Настаўніца зноў узнавіла запіс: “Я стал наблюдать. К вечеру луг опять позеленел. Тогда я пошёл, отыскал одуванчик, и оказалось, что он сжал свои лепестки, как всё равно, если бы у вас пальцы со стороны ладони были жёлтые и, сжав в кулак, мы закрыли бы жёлтое. Утром, когда солнце взошло, я видел, как одуванчики раскрывают свои ладони, и от этого луг становился опять золотым. С тех пор одуванчик стал для нас одним из самых интересных цветов, потому что спать одуванчики ложились вместе с нами и вместе с нами вставали”.
Дзеці далонькамі прадэманстравалі, як кветкі закрываюцца ўвечары і адкрываюцца раніцай. Настаўніца нагадала, што суквецце дзьмухаўца ў сухое надвор’е адкрываецца паміж 5—6 гадзінамі раніцы і закрываецца да 20—22 гадзін, а ў сырое надвор’е зусім не раскрываецца. А яшчэ гэтая сціплая кветка валодае мноствам карысных уласцівасцей. З некаторымі з іх Наталля Мікалаеўна прапанавала дзецям пазнаёміцца самастойна, прачытаўшы тэкст (карткі з ім ляжалі на парце кожнага). Вучні з цікавасцю прачыталі: “Такія сціплыя кветкі, як дзьмухаўцы, валодаюць шматлікімі карыснымі ўласцівасцямі. Напрыклад, з маладога лісця і сцяблін дзьмухаўца робяць смачны салат. А з кветак гэтай расліны, аказваецца, можна згатаваць варэнне. Падсмажаныя карані дзьмухаўца могуць з поспехам замяніць каву. Выкарыстоўваюць дзьмухавец і ў медыцыне, прычым і карэнне, і лісце, і сок расліны. Прэпараты на аснове дзьмухаўца дапамагаюць ад многіх хвароб і валодаюць, напрыклад, антывіруснымі ўласцівасцямі. Вядомы і касметычныя ўласцівасці расліны: маска са свежага лісця добра ўвільгатняе скуру. А настой з кветак дзьмухаўца дапамагае змагацца з вяснушкамі”.
“Ці сустрэліся вам у тэксце словы, значэнне якіх вы не зразумелі? — запыталася настаўніца. — Калі так, звернемся да слоўніка С.І.Ожагава”. Каля дошкі дзеці зачытвалі незразумелыя словы і іх тлумачэнне: “Антывірусныя ўласцівасці? Прыстаўка анты- ў значэнні проці- ўжываецца для азначэння супрацьлегласці; вірус — драбнюткі мікраарганізм, узбуджальнік заразнай хваробы. Выснова: антывірусныя ўласцівасці расліны дапамагаюць змагацца з хваробай. Настой? Гэта вадкасць, якая змяшчае экстракт змешчанай у яе расліны (напрыклад, настой рамонку, трыпутніку і г.д.)”.
Асвойваем нетрадыцыйныя тэхнікі малявання
“А зараз, калі ласка, аб’яднайцеся ў групы па радах і адкажыце на мае пытанні, — зноў звярнулася да вучняў Наталля Мікалаеўна. — Кожная група атрымае картку са сваім пытаннем, адказ на якое вы знойдзеце ў тэксце. Вось першае пытанне: “Як ужываюць дзьмухавец у кулінарыі?” Другое: “Як выкарыстоўваюць расліну ў медыцыне?” Трэцяе напрошваецца само сабой: “Якімі касметычнымі ўласцівасцямі валодае дзьмухавец?”
Настаўніца нагадала дзецям аб правілах работы ў групах: неабходна выслухоўваць меркаванні кожнага, паважліва адносіцца адно да аднаго. Па чарзе дзеці адказвалі на пытанні, згадвалі інфармацыю, прачытаную ў тэксце. І зрабілі выснову, што дзьмухаўцы не толькі ўпрыгожваюць веснавыя лугі, але і прыносяць карысць людзям. Нарэшце вучні прыступілі да практычнай часткі ўрока — малявання веснавога лугу.
“Як вы лічыце, якім будзе першы крок у нашай рабоце? Канечне, стварэнне фону, — працягнула Наталля Мікалаеўна. — Фон будзем маляваць акварэльнымі фарбамі. Давайце ўспомнім правілы карыстання акварэльнымі фарбамі: чыстай вадой і чыстым пэндзлем змочваем патрэбныя фарбы, змешваем іх на паперы або на палітры і не даём ім засыхаць. У нашым выпадку для фону будзем выкарыстоўваць фарбы светла-зялёнага колеру. І вы разумееце чаму: маладая трава мае светла-зялёны колер. Толькі з часам яна набывае больш насычанае зялёнае адценне. Размясціце ліст паперы гарызантальна. Вазьміце шырокі пэндзаль, вядзіце ім злева направа, памятаючы, што мазочкі павінны выконвацца ў адным кірунку. Не шкадуйце вадзічкі, бо акварэль хутка перасыхае. Заліце фон”.
Далей дзеці працуюць самастойна пад нягучную прыемную інструментальную музыку. Настаўніца падыходзіць да дзяцей і цікавіцца, ці ёсць у каго пытанні або цяжкасці. …Пакуль фарбы падсыхаюць, педагог прапаноўвае крыху адпачыць — устаць з-за парт і падчас фізкультхвілінкі парухацца: “На лугу растут цветы, небывалой красоты. (Робяцца пацягванні рук у розныя бакі.) К солнцу тянутся цветы, с ними потянись и ты. (Рукі цягнуцца ўверх.) Ветер дует иногда, только это не беда. (Вучні махаюць рукамі, паказваюць вецер.) Наклоняются цветочки, опускают лепесточки. (Дзеці нахіляюцца.) А потом опять встают и по прежнему цветут”.
“Сёння мы шмат гаварылі аб дзьмухаўцах, — гаворыць настаўніца. — Сапраўды, прыгажосць веснавога лугу звязана з гэтымі маленькімі сонейкамі, рассыпанымі па зялёнай траве. Наступны крок у нашай рабоце — маляванне дзьмухаўцоў гуашшу. Хачу прапанаваць выканаць яго ў розных тэхніках. Першы рад будзе маляваць расліны ватнымі палачкамі”. Педагог дэманструе, як гэта рабіць: ватную палачку абмакнула ў гуаш і пачала фарміраваць на паперы кветачку, падобную на галоўку дзьмухаўца. У гэтай тэхніцы ватная палачка замяняе пэндзаль. Настаўніца нагадала пра правілы кампазіцыі: выявы прадметаў, якія размешчаны бліжэй, будуць выглядаць больш маштабна, а аддаленыя аб’екты здавацца меншымі.“Возьмем зараз чыстую ватную палачку і зялёным колерам намалюем сцябло і ліст. На што падобны лісточак дзьмухаўца? На елачку, на стрэлачку”. Наталля Мікалаеўна прадэманстравала ўсё сказанае.
Другому раду педагог прапанавала наносіць малюнкі з дапамогай пластмасавага відэльца, чым выклікала моцнае здзіўленне дзяцей: “Наліце ў талерачку жоўтую гуаш. Апусціце ў гуаш відэлец і потым прыкладзіце яго да ліста, фарміруючы галоўку дзьмухаўца. Рухайцеся па крузе. Калі маляваць дзьмухавец на дальнім плане, то трэба больш кампактна фарміраваць яго галоўку. А сцябло і лісце прамалёўваць тонкім пэндзлем”.
Наступная тэхніка — маляванне тыканнем. Гэтым займаўся трэці рад. Папярэдне апусціўшы пэндзаль у фарбу і, трымаючы яго вертыкальна, дзеці тыкалі на паперы. У выніку з’яўлялася галоўка дзьмухаўца. Сцябло і ліст расліны вучні прамалёўвалі тонкім пэндзлем.
У якой тэхніцы працаваць таму ці іншаму раду, вызначалася з дапамогай жэрабя. А перад гэтым настаўніца расказала аб правілах карыстання гуашшу: фарбы павінны разводзіцца вадой да стану смятанападобнай масы. Але вадой не варта, яе лішак зробіць слой тонкім і празрыстым. Наталля Мікалаеўна параіла вучням, што, перш чым узяцца за работу, неабходна асвоіць тэхнікі на палітрах: “Памятайце, што вашы малюнкі павінны быць акуратнымі і выкананымі ў адпаведнасці з выбранай тэхнікай. А для таго, каб абудзіць вашу фантазію, зробім адно практыкаванне. Заплюшчыце вочы і паспрабуйце ўявіць сабе менавіта той луг, які вы будзеце маляваць. На вашым лузе зараз цёпла, чуецца гудзенне пчол. Ваш твар прыемна абдымае веснавы ветрык… Вашы вочкі адпачылі? Расплюшчваем іх”.
Працавалі дзеці самастойна, у парах. Гучала фонавая музыка. Настаўніца сачыла за ходам работы і давала вучням карысныя парады. Па меры выканання малюнкаў дзеці прымацоўвалі іх на дошку, на якой паступова з’явіўся сапраўдны веснавы луг.
“Давайце палюбуемся разам нашымі работамі, — звярнулася да класа Наталля Мікалаеўна. — Якія малюнкі вам падабаюцца больш за ўсё і чаму? Успомніце, якую мэту мы ставілі ў пачатку ўрока? Ці ўдалося нам дасягнуць яе? Чаму вы лічыце менавіта так? Пра што новае даведаліся вы з нашага ўрока?” Вучні ўзнімалі рукі і адказвалі на пытанні. Адзначылі, у прыватнасці, што ўсе іх работы вылучаюцца акуратнасцю, што мэта сённяшняга ўрока дасягнута, што ўсе яны былі ўважлівымі і зацікаўленымі пры выкананні малюнкаў і навучыліся маляваць нетрадыцыйнымі спосабамі. Акрамя таго, даведаліся аб карысных уласцівасцях дзьмухаўцоў.
У лістах самаацэнкі вучні ахарактарызавалі свае работы з улікам тых патрабаванняў, аб якіх гаварыла настаўніца ў пачатку ўрока. На шкале самаацэнкі дзеці пазначылі алоўкам сіняга колеру акуратнасць выканання малюнкаў, а зялёным алоўкам — валоданне тэхнікай. Пры развітанні настаўніца зноў звярнулася да эпіграфа ўрока і папрасіла вучняў зачытаць уголас прыгожыя радкі Міхаіла Пляцкоўскага. Урок завяршыўся, і дзеці сталі наводзіць парадак на сваіх партах.
Каб на ўроку дзецям было камфортна
Пры падвядзенні вынікаў урока Наталля Мікалаеўна адзначыла, што сама тэма “Веснавы луг” надзвычай пазітыўная: “З дапамогай залатых сонейкаў — дзьмухаўцоў, якія мы малявалі, — мы стварылі ў класе вельмі ўрачысты, святочны настрой. Каб эмацыянальна настроіць дзяцей на творчую дзейнасць, я выкарыстала эпіграф — урывак з песні Юрыя Антонава на словы М.Пляцкоўскага. І амаль для кожнага свайго ўрока, гэты не быў выключэннем, я шукаю цікавыя мастацкія тэксты і знаёмлю з імі дзяцей. Пры гэтым наладжваюцца міжпрадметныя сувязі. Сёння мы вывучалі карысныя ўласцівасці дзьмухаўца, даведваліся пра сэнс незнаёмых многім вучням слоў. Мне хацелася прадэманстраваць міжпрадметныя сувязі з літаратурай, з прадметам “Чалавек і свет”. Вельмі люблю і заўсёды выкарыстоўваю групавую і парную работу на ўроках. Сумесная дзейнасць вучыць дзяцей прыслухоўвацца і разумець адно аднаго, ісці насустрач, на пэўныя ўступкі. Часта заняткі суправаджаюцца лёгкай прыгожай музыкай. Маім вучням вельмі падабаецца напрыканцы ўрока даваць ацэнку як сваёй дзейнасці, так і рабоце аднакласнікаў. Часам яны настолькі дакладна і аб’ектыўна робяць гэта, што дзіву даюся! Сёння было, праўда, малавата часу для гэтага.
Творчы працэс павінен быць свабодным, наколькі гэта магчыма. Нават не рэкамендуюць, каб настаўнік дапамагаў дзецям ствараць. Я не зусім згодна з такім меркаваннем, бо не ва ўсіх дзяцей усё адразу атрымліваецца. Стараюся хаця б крышачку ім дапамагаць. Мая асноўная мэта — каб на ўроку дзецям было камфортна”.
Я — настаўніца! І ніколі аб гэтым не пашкадавала!
“Родам я з вёскі Кісялёўцы Кобрынскага раёна. Прафесію выбрала дзякуючы ў многім сваёй першай настаўніцы, — расказала Наталля Мікалаеўна. — Ніколі не забуду свой першы дзень у школе ў якасці вучаніцы. Калі ў клас увайшла настаўніца, я ўразілася настолькі, што словамі не перадаць! Якая яна была прыгожая! Які голас у яе быў! А які добры погляд! Я нясмела падышла да яе і падарыла кветкі. А настаўніца ветліва падзякавала мне і пацалавала. А потым пачаўся ўрок — дзівосны, непаўторны. Настаўніца расказвала пра нашу Радзіму — і мне хацелася абняць кожную бярозку, пра добрых і працавітых людзей — і ў мяне ўзнікала велізарнае пачуццё любові да кожнага чалавека. Здавалася, што я, маленькая дзяўчынка, валодаю велізарнай сілай, якая дапаможа мне здзейсніць шмат добрых спраў і ўчынкаў. Калі мама спытала, як прайшоў мой першы школьны дзень, я сур’ёзна адказала: “Хачу быць настаўніцай!” Кожны раз, прыходзячы дадому са школы, збірала ўсе свае цацкі і вучыла іх чытаць, пісаць, лічыць. Потым стала запрашаць сваіх сябровак. У нас праходзілі дамашнія ўрокі, усё па-сапраўднаму! Дома былі школьная дошка, праўда, самаробная, указка і крэйда. Часта заняткі праходзілі летам, калі я, як ніхто іншы, сумавала па школе, ужо не ўяўляючы для сябе іншай прафесіі.
Час ішоў, і сяброўкам сталі не вельмі цікавыя мае ўрокі. У іх з’явіліся свае захапленні, а я працягвала марыць… І тады зрабіла свой першы крок — стала студэнткай педвучылішча ў Баранавічах, дзе вучылася на настаўніцу пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва, а пасля паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. І ніколі аб гэтым не пашкадавала!
Калі я ўпершыню пераступала парог школы ў якасці настаўніка, памятаю, як доўга не магла адчыніць дзверы, дзе мяне чакалі будучыя вучні са сваімі бацькамі. Раптам адно дзіця адпускае руку мамы і ўпэўненай хадой падыходзіць да мяне. Наіўна гледзячы мне ў вочы, працягвае свой букецік і кажа тое, што могуць спытаць толькі дзеці: “Вы будзеце нас любіць?” Што магла я яму адказаць? Па маёй шчырай усмешцы ўсе зразумелі, што я іх ужо люблю, усе яны ўжо былі і маімі дзецьмі. А дзяцей было шмат. І ўсе яны былі розныя, не падобныя адно на аднаго. Мне неабходна было навучыць іх любіць свет, людзей, адно аднаго, шанаваць у чалавеку такія якасці, як дабрыня, вернасць, гонар, адвага. А гэта не табліца множання, не правілы граматыкі. Іх немагчыма вывучыць, трэба ўсё гэта адчуць сэрцам, душой. На кожным уроку я спрабавала, і спрабую да гэтага часу, данесці тое, што немагчыма вымераць, памацаць, адразу ўбачыць. Дзеці вырастаюць, пакідаюць пачатковую школу, забіраючы з сабой маленькую часцінку маёй душы, але пакідаючы мне памяць аб сабе і надзею на тое, што мая праца не прайшла бясследна”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.