або Як за простай гільзай схавана цэлая гісторыя
Звычайна галоўнай мэтай арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці ў школе з’яўляецца не авалоданне новымі, дагэтуль невядомымі фактамі, а навучанне алгарытму вядзення даследавання, навыкам, якія могуць быць выкарыстаны потым у даследаванні любой складанасці і тэматыкі. Таму, як правіла, даследчая работа ажыццяўляецца ў кожнай навучальнай установе па папярэдне распрацаваным плане. Але часам даследаванне нараджаецца і стыхійна, тады настаўнік праходзіць цікавы шлях пошуку і адкрыццяў разам са сваімі вучнямі.
У школьны музей Олтушскай сярэдняй школы дзеці прынеслі элемент гільзы, якая была знойдзена на полі паміж вёскамі Олтуш і Дворышча. Пры аглядзе новага экспаната быў вызначаны год і месца выпуску — 1915 г., Дзюсельдорф. Гэтая знаходка выклікала шэраг пытанняў: якія падзеі звязаныя з гільзай? Што адбывалася на роднай тэрыторыі ў гады Першай сусветнай вайны? Як насельніцтва перанесла цяжар вайны? Вайна — тэма добра знаёмая ўдзельнікам гуртка “Музейная справа”, які шмат гадоў дзейнічае ў школе. У школьным музеі Вялікай Айчыннай вайне прысвечаны цэлы раздзел. Аднак у той жа час гільза стала першым экспанатам музея, які сведчыў аб Першай сусветнай вайне на нашай тэрыторыі.
Было прынята рашэнне знайсці адказы на пытанні, якія зацікавілі вучняў. Прынцыповым з’яўляецца пачаць даследчую дзейнасць з улікам магчымасцей вучняў, без насаджэння ім празмерных патрабаванняў да навуковай даследчай дзейнасці, каб фармальныя патрабаванні не падавілі пазнавальную цікавасць.
Вельмі важна дакладна акрэсліць сферу навукова-даследчай дзейнасці, вызначыць аб’ект і прадмет даследавання. Паколькі пытанне аб даследаванні гільзы разглядалася на пасяджэнні гуртка, дзе многія дзеці зацікавіліся знаходкай, адразу вызначыўся калектыўны характар працы. Быў сфарміраваны аб’ект даследавання — Першая сусветная вайна як найбуйнейшы міжнародны канфлікт, які выклікаў вялізныя палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя і культурныя змены ў краінах-удзельніцах. Прадметам даследавання было выбрана становішча жыхароў вёскі Олтуш і навакольных вёсак у 1914—1918 гг.
Пасля таго як аб’ект і прадмет даследавання вызначаны, фармулюецца тэма даследавання. На першым пасяджэнні яна была сфармулявана наступным чынам: “Падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі вёскі Олтуш і навакольных вёсак”. Трэба таксама ўлічваць, што першапачатковая фармулёўка тэмы даследавання можа змяніцца ў залежнасці ад вынікаў работы над літаратурай і першакрыніцамі.
Акрамя цікавасці да малавядомай старонкі гісторыі краю, была сфармулявана актуальнасць вывучэння тэмы: надыходзіў юбілей падзей, звязаных з Першай сусветнай вайной. Ушанаванне даты патрабавала наяўнасці інфармацыі пра лёс роднага краю гадоў гэтага найбуйнейшага канфлікту.
На падрыхтоўчым этапе навуковы кіраўнік разам з даследчыкамі склалі план работы, які змясціў асноўныя этапы і кірункі, тэрміны і размеркаванне абавязкаў паміж членамі калектыўнай даследчай работы. Агульны план выглядаў так: 1. Знаёмства з літаратурай па тэме. 2. Пошук і збор крыніц. 3. Сістэматызацыя матэрыялаў. 4.Фарміраванне вынікаў і іх прадстаўленне.
Першапачаткова юныя даследчыкі сталі вывучаць літаратуру, якой аказалася няшмат. З літаратуры высветлілі, што ў жніўні 1915 года на Усходнім фронце Першай сусветнай вайны пачалося наступленне нямецкіх войскаў па лініі Коўна — Вільня — Мінск. З прычыны наступлення германскіх войскаў летам — восенню 1915 года Гродзенская, Віленская, заходнія паветы Мінскай, Віцебскай губерняў — каля 70 тысяч кв. км. этнічнай тэрыторыі Беларусі — былі акупіраваны немцамі.
Вывучэнне літаратуры па вызначанай тэме дазволіла вызначыць гіпотэзу, мэты і задачы даследавання і вызначыць кола пытанняў, для вырашэння якіх неабходна прыцягненне першакрыніц. Пасля этапу самастойнай работы над літаратурай было арганізавана калектыўнае абмеркаванне вынікаў. Аказалася, што большасць пытанняў вучняў, перш за ўсё тых, якія тычыліся лёсу жыхароў вёскі Олтуш падчас Першай сусветнай вайны, засталіся без адказаў. Напэўна таму тэма Першай сусветнай вайны выклікала жывую цікавасць у дзяцей, якія наведваюць гурток “Музейная справа”. Даследаванне было працягнута, была складзена гіпотэза, пастаўлена мэта даследавання. Гіпотэзай даследавання маіх вучняў стала ідэя аб тым, што падчас Першай сусветнай вайны жыхары вёскі Олтуш пазналі цяжар ваенных дзеянняў праз разбурэнні, удзел у ваенных дзеяннях і бежанства. Мэтай работы стала вызначэнне ўплыву падзей Першай сусветнай вайны на жыццё жыхароў вёскі Олтуш і яе ваколіц. Для дасягнення мэты былі вызначаны наступныя шляхі і сродкі дасягнення мэты — задачы:
- даць характарыстыку асноўным падзеям 1914—1918 гг. на тэрыторыі Заходняй Беларусі і в.Олтуш;
- прасачыць лёс матэрыяльных каштоўнасцей мясцовых жыхароў;
- вывучыць становішча акупіраванага насельніцтва, мабілізаваных мужчын, бежанцаў у 1914—1918 гг.;
- даць ацэнку ўплыву Першай сусветнай вайны на развіццё в.Олтуш.
Наступным этапам даследчай дзейнасці быў пошук крыніц. Работа з першакрыніцамі — найбольш цікавая і складаная частка вучнёўскага даследавання. Першакрыніцамі могуць быць заканадаўчыя матэрыялы, дакументы справаводства, перыядычны друк, эпісталярныя крыніцы (пісьмы), вусныя ўспаміны і г.д. Галоўным прынцыпам работы з першакрыніцамі для вучняў павінны быць мэтазгоднасць іх выкарыстання, даступнасць і знаёмства з правіламі іх збору, апрацоўкі і выкарыстання.
У складанні спіса неабходнай для вывучэння літаратуры абавязковы ўдзел саміх даследчыкаў. Такім чынам у вучняў фарміруецца навык самастойнай работы ў бібліятэцы: работы з сістэмай бібліятэчных, у тым ліку і электронных, каталогаў, правільнага афармлення бібліяграфічных даных. Навуковаму кіраўніку не трэба спяшацца прадстаўляць вучням спіс літаратуры ў гатовым выглядзе, лепш будзе растлумачыць ім правілы работы з сістэмамі бібліятэчных каталогаў. Таксама важна пазнаёміць вучняў са спосабамі фіксавання неабходнай інфармацыі: выпісванне найбольш важных фактаў, цытат, складанне тэзісаў, планаў і канспектаў навуковых работ. Немалаважным з’яўляецца фарміраванне культуры вядзення запісаў, вучань можа іх весці ў выглядзе картак, у сшытку або ў электронным варыянце, аднак у любым выпадку неабходна прытрымлівацца акуратнасці і сістэмнасці, каб запісы былі зразумелымі і імі лёгка было карыстацца.
Першай крыніцай, да якой звярнуліся юныя даследчыкі, стаў царкоўнапрыходскі летапіс Олтушскай Спаса-Праабражэнскай царквы, копія якога змяшчаецца ў музеі. З яго былі атрыманы наступныя звесткі: “У жніўні 1915 г. Олтушскі прыход падвергнуўся вялізнаму спусташэнню: па запатрабаванні ваенных улад, прытч (святар, а таксама асобы, якія служылі ў царкве) і амаль усё насельніцтва вымушаны былі пакінуць родныя мясціны і ўцякаць у цэнтральныя раёны Расіі, пакідаючы сваю нерухомую, а таксама большую частку рухомай маёмасці на волю лёсу”.
Таксама ў запісах летапісу адзначалася, што ў выніку правядзення баявых дзеянняў царква была пашкоджана ў двух месцах, аднак дэталёва пашкоджанні святаром не апісваліся. Даныя пра пашкоджанні царквы дазвалялі зрабіць заключэнне аб тым, што гільза, з якой пачалося даследаванне, магла быць адным са слядоў тых ваенных падзей.
Вышэйадзначаныя звесткі, а таксама недахоп інфармацыі падштурхнулі да працягу даследавання і звароту да найбольш даступных для школьнікаў крыніц — вусных успамінаў. Загадзя школьнікі азнаёміліся з асноўнымі метадамі збору вусных успамінаў: інтэрв’ю і апытаннем. Нягледзячы на тое, што вучні не могуць валодаць усёй методыкай збору вусных крыніц і іх даныя патрабуюць крытычнай ацэнкі, сабраны матэрыял можа стаць штуршком для сур’ёзных далейшых навуковых даследаванняў.
Апытваліся дзеці і ўнукі ўдзельнікаў Першай сусветнай вайны, былі вывучаны іх сямейныя архівы. У выніку апытанняў мясцовых жыхароў былі атрыманы матэрыялы ўспамінаў, фота і 2 лісты. Некаторыя з успамінаў, прыведзеных ніжэй, могуць стаць штуршком для далейшых даследаванняў:
З аповеду Ганны Нічыпараўны Кавалёвай (Сумскай): “Бацька, Нічыпар Якаўлевіч Сумскі, 1892 г.н., быў мабілізаваны ў гады Першай сусветнай вайны. У 1915 годзе яго забралі ў войска, а ўжо ў 1917 годзе яго ваенная часць размяшчалася ў горадзе Мсцісле Магілёўскай вобласці. Нічыпар Якаўлевіч быў паранены пад Мінскам у нагу і яго адправілі ў шпіталь, у шпіталі яго наведвала мая маці. У 1919 годзе яго дэмабілізавалі і ён вярнуўся дадому”.
З аповеду Валянціны Паўлаўны Гаўрылюк: “Мой дзед, Іван Якаўлевіч Харык (1880 — 1930), у гады Першай сусветнай вайны служыў у расійскай арміі. У 1916 г. ён трапіў у палон. Жонка Івана Якаўлевіча, Мілання Іванаўна Харык (1839—1971), з чатырма дзецьмі па патрабаванні мясцовых улад адправілася ў бежанства. Па ўспамінах, яны былі вывезены ў Паволжа, недалёка ад Казані. Жылі яны там да таго часу, пакуль не пачаўся голад пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У час знаходжання ў Паволжы старэйшая дачка Харыкаў знайшла ў канаўцы абраз божай Маці, які стаў сямейнай рэліквіяй, яго ўвесь час хавалі і стараліся нікому не паказваць. На адваротным баку абраза застаўся надпіс аб тым, што яго замовіла ігумення манастыра Лізавета. Сям’і Харык з вялікімі цяжкасцямі ўдалося дабрацца на радзіму. Іван Якаўлевіч вярнуўся ў Олтуш у 1920 годзе. Свайго дома ён не знайшоў, таму што дом быў разабраны ваеннымі для ўмацавання акопаў (такі лёс напаткаў амаль усе хаты ў вёсцы). Іван Якаўлевіч купіў маленькі домік і дачакаўся сям’ю, якая ў хуткім часе таксама вярнулася на радзіму”.
У сямейным архіве Валянціны Паўлаўны Гаўрылюк была таксама знойдзена рэдкая крыніца — ліст Івана Якаўлевіча Харыка, які ён даслаў з Германіі, дзе знаходзіўся ў палоне. З ліста было ўстаноўлена, што Іван Якаўлевіч утрымліваўся ў вельмі цяжкіх умовах. У лісце Іван Якаўлевіч (ён быў малапісьменны, таму змест пісьма кароткі і змяшчае шэраг граматычных памылак) пісаў, што жывы, і прасіў даслаць яму сухароў. Ліст да адрасата дайшоў толькі ў 1920 годзе, бо раней сям’я знаходзілася ў бежанстве.
Жыхарка вёскі Дворышча Лідзія Якаўлеўна Алесік, 1937 г.н., расказала пра сям’ю сваёй маці:
“Сям’я маёй маці, Аляксандры Рыгораўны Алесік, у гады Першай сусветнай вайны складалася з 7 чалавек: бацька — Рыгор Міхайлавіч Алесік, маці — Яўгенія Лукінічна Алесік і пяцёра дзяцей. Яшчэ да пачатку вайны ў 1912 годзе Рыгор Міхайлавіч быў мабілізаваны ў армію. У 1915 годзе сям’ю, як і многіх, прымусілі адправіцца ў бежанства. Яўгенія Лукінічна паехала з усімі дзецьмі, а таксама са сваёй малодшай сястрой Антанінай, бацькам Лукашам і маці Еўдакіяй. На станцыі Ляхавічы, пакуль Яўгенія бегала па ваду, сын Якаў выйшаў з вагона і згубіўся. Нягледзячы на страту свайго дзіцяці, сям’і далей прыйшлося ехаць без яго. У вагоне людзі пачалі хварэць на тыф. Захварэў і бацька Яўгеніі Лукаш, ад чаго праз два дні памёр. Пахавалі яго разам з іншымі памерлымі ля чыгункі на чужыне. Вельмі баяліся, што з сям’і яшчэ хтосьці захварэе, але ўсё абышлося.
Людзей прывезлі на Кубань. Сям’я Алесікаў пасялілася на станцыі Ціхарэцкая. Каб пракарміцца, наймаліся на работу. Старэйшыя працавалі на зямлі: жалі, сеялі, касілі. Дзеці пасвілі жывёл. Прабабуля Аляксандра з братам Майсеем пасвілі авечак. Яна расказвала, што авечак было вельмі многа і дзеці баяліся іх страціць, таму што не ўмелі лічыць. Праз два гады знайшоўся сын Якаў, які адстаў ад цягніка. Аказалася, Якаў, пасля таго як адстаў ад цягніка, ішоў два дні па дарозе, дайшоў да малой вёсачкі, адкуль адзін мужчына адвёз яго ў Ляхавічы і перадаў начальніку станцыі. Якава адправілі ў дзіцячы прытулак у Смаленск, дзе праз два гады яго ўбачыла жанчына з Олтуша Мелання. Мелання перадала навіну пра Якава сваім аднавяскоўцам. Пра Якава даведалася маці, якая адразу ж паехала ў Смаленск і забрала сына. Сям’я Алесікаў вярнулася на радзіму ў 1922 годзе, калі тут ужо была іншая ўлада — палякі”.
Некаторыя дэталі аб падзеях, якія адбываюцца, даследчыкі атрымалі з ліста, які быў перададзены ў музей. Як аказалася, ліст прыйшоў на адрас Олтушскай Спаса-Праабражэнскай царквы ў 1987 годзе ад паляка Серафіма Корсак-Міхайлоўскага, які з’яўляўся ўнукам святара Спаса-Праабражэнскай царквы.
Работа з літаратурай і першакрыніцамі завяршаецца афармленнем вынікаў даследавання. Перш чым прыступаць да афармлення работы, неабходна суаднесці атрыманыя вынікі з гіпотэзай, якая была вылучана ў пачатку даследавання, а таксама з мэтай і задачамі даследавання. Так, пасля пошуку і работы з крыніцамі ўся сабраная інфармацыя па выбранай для даследавання тэме была сістэматызавана і абагульнена даследчыкамі, а таксама ўдакладнена тэма даследавання. Паколькі найбольш значная частка работы тычылася лёсу нашых аднавяскоўцаў, вырашана было сфармуляваць тэму ў новай рэдакцыі: “Лёс жыхароў вёскі Олтуш і навакольных вёсак у гады Першай сусветнай вайны”. Мэты і задачы адпавядалі тэме і вынікам даследавання, таму засталіся без змен. Гіпотэза даследавання аб тым, што падчас Першай сусветнай вайны жыхары вёскі Олтуш пазналі цяжар ваенных дзеянняў праз разбурэнні, удзел у ваенных дзеяннях і бежанства, была пацверджана.
Пры напісанні тэксту дзецям прыйшлося авалодаць шматлікімі метадамі даследчай работы (абагульненне, індукцыя, дэдукцыя і інш.). Афармленне вынікаў школьнікі пачалі з кампаноўкі падрыхтаваных тэкстаў па главах у адпаведнасці са структурай работы. Напісанне кожнай з глаў абавязкова заканчвалася высновай, якая ўтрымлівала кароткі пераказ сутнасці разгледжанага ў ёй пытання. Даследчыкі звярнулі ўвагу, што зручней спачатку падрыхтаваць заключэнне да ўсёй работы, а апошняй часткай афармлення зрабіць напісанне ўступу, які абавязкова ўключае ў сябе актуальнасць даследавання, агляд літаратуры і крыніц, мэту і задачы, аб’ект, прадмет даследавання. Акрамя таго, былі засвоены асновы афармлення літаратуры.
Апошні этап даследавання — публічнае прадстаўленне і абарона вынікаў. Пры падрыхтоўцы выступлення трэба звярнуць увагу на лагічнасць выступлення і на мову дакладчыка, якая павінна быць зразумелай, граматычна дакладнай, упэўненай, выразнай. Пажадана прымяненне як вербальных, так і невербальных сродкаў, прыёмаў перадачы інфармацыі. Важным з’яўляецца ўменне адказваць на пытанні аўдыторыі. Вынікі даследчай работы “Лёс жыхароў вёскі Олтуш і навакольных вёсак у гады Першай сусветнай вайны” былі прадстаўлены вучнямі Аксанай Абрамчук, Хрысцінай Касцючык, Настассяй Каротчыкавай і Ільёй Абрамчуком на раённай і абласной навукова-практычных канферэнцыях “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”. Па выніках раённай канферэнцыі навуковы тандэм быў ўзнагароджаны дыпломам пераможцы. Вынікам работы над тэмай было таксама папаўненне фондаў школьнага музея, ліквідацыя “белай плямы” ў гісторыі родных мясцін, а таксама ўвядзенне пэўных матэрыялаў у навуковы абарот.
Кацярына АЛЕСІК,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Олтушскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна.
Фота з архіва аўтара.