Геаграфія для эрудытаў

Сістэмныя пераўтварэнні і глабальныя змены, якія адбываюцца ў свеце, аказваюць вялізны ўплыў на навучанне ва ўстановах адукацыі нашай краіны і патрабуюць прывядзення яго ў адпаведнасць з сучасным адукацыйным асяроддзем.

Сёння неабходны сур’ёзныя змены ў формах арганізацыі дзейнасці навучэнцаў.

Фота да матэрыяла: Геаграфія для эрудытаў.

У выхаванні цікавасці да геаграфіі роля займальнасці вялікая, яна стварае зацікаўленасць, выклікае ­адчуванне чакання. Ад ступені зацікаўленасці часта залежыць характар увагі на ўроку, яе актыўнасць, а таксама крытычнасць розуму, творчы ўздым навучэнцаў. Тут можна ­адзначыць такі ланцужок сувязі: займальнасць стымулюе цікаўнасць, цікаўнасць перахо­дзіць у дапытлівасць і абуджае ціка­васць да прадмета, што, у сваю чаргу, выклікае патрэбу ў глыбокім авалоданні ведамі і вядзе да раскрыцця патэнцыяльных задаткаў і здольнасцей. Таму асноўная задача сучаснага настаўніка — выбраць такія формы работы і метады арганізацыі вучэбнай дзейнасці, якія адпавядаюць галоўнай мэце — развіццю асобы навучэнца. Неабходна такая арганізацыя вучэбнага працэсу, якая стымулюе дзіця да пошуку рашэнняў, фарміравання ўласнай пазіцыі.

У сучасным адукацыйным працэсе асноўнай формай перадачы ведаў, уменняў, навыкаў застаецца ўрок. Адносіны да яго звычайна выяўляюцца ў словах “цікава” ці “нецікава”. І каб урокі былі цікавымі, неабходна даць магчымасць навучэнцам выйсці са сферы штодзённасці, манатоннасці, бу­дзённасці, трэба праводзіць нестандартныя ўрокі. Нетрадыцыйныя ўрокі акумулююць метады і прыёмы розных форм навучання. Яны будуюцца на сумеснай дзейнасці педагога і навучэнцаў, на сумесным пошуку, з мэтай павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.

Са свайго вопыту работы я зразумеў, што толькі тады настаўнік адчувае сапраўднае задавальненне, калі ён бачыць вочы сваіх навучэнцаў, поўныя цікавасці, здзіўлення і задавальнення, калі ўрок заканчваецца масай розных пытанняў, рэплік, выказванняў, каментарыяў. Яшчэ не ўсе словы знаёмы дзецям, але мары ўжо нараджаюцца — убачыць свет на свае вочы. Канечне, за невялікі адрэзак часу (45 мінут) выкласці навучэнцам інфармацыю, праверыць веды, развіць практычныя навыкі — задача звыш­складаная. Таму наколькі правільна настаўнік вызна­чыць мэту ўрока, адбярэ канкрэтны матэрыял, а таксама метады і сродкі навучання, залежыць якасць навучання, паспяховасць дасягнення канчатковых вынікаў.

Нетрадыцыйны ўрок — імправізаваныя вучэбныя заняткі са свабоднай структурай. Па сваім прызначэнні ён можа быць урокам вывучэння новага матэрыялу, урокам абагульнення ведаў, урокам камбінаванага тыпу. Такі ўрок з’явіўся як своеасаблівы “адказ” настаўнікаў на зніжэнне цікавасці навучэнцаў да прадмета. Пры распрацоўцы такіх заняткаў я стаўлю пэўныя мэты і рэалізоўваю іх у канкрэтных формах.

Больш падрабязна спынюся на нетрадыцыйных формах і метадах, якія я прымяняю на ўроках геаграфіі пры вывучэнні курса “Геа­графія мацерыкоў і краін” у 8 класе. Работа ў парах, узаемакантроль, урок-віктарына, бліцапытанне, дзелавыя гульні, марафоны, спаборніцтвы, завочныя падарожжы, урок-аўкцыён, урокі-залікі, урокі-“суды” — гэта невялікі пералік форм і метадаў, якімі я валодаю і якія прымяняю.

Пры правядзенні адкрытых урокаў нетрадыцыйныя іх формы з’яўляюцца заў­сёды выйгрышнымі, таму што ў іх прысутні­ча­юць гульнявыя моманты, арыгінальная падача матэрыялу, навучэнцы заняты не толькі падчас падрыхтоўкі да ўрокаў, на такіх занятках праводзіцца калектыўная і групавая работа.

Актывізаваць пазнавальную дзейнасць на ўроку дазваляе выкарыстанне гульнявой методыкі, якая дае магчымасць арганізоўваць калектыўную работу класа і разві­ваць вучэбныя навыкі. Назва гульні — развіццё мыслення, увагі, памяці, назіральнасці, кемлівасці і г.д. Выкарыстанне гульняў вырашае мноства задач: развівае пазнавальную цікавасць да прадмета; спрыяе станаўленню творчай асобы навучэнца; узмацняе асабістую прыналежнасць да таго, што адбываецца.

Педагагічная навука прад’яўляе пэўныя патрабаванні да арганізацыі гульні на ўроку. Гульня павінна быць натуральнай формай дзейнасці навучэнцаў, падчас якой вывучаюцца і ўдакладняюцца ўяўленні пра навакольны свет, адкрываецца прастора для творчасці; яна павінна быць цікавай, эмацыя­нальнай, даступнай, прыносіць задавальненне. У той жа час гульня вучыць і ўдасканальвае веды і ўменні.

Прыклады гульнявых момантаў, якія я выкарыстоўваю ў сваёй рабоце:

“Трэці лішні” (у пералік трох назваў уключаецца адна лішняя, якая не падыхо­дзіць па сэнсе). Напрыклад: Амазонка — Ніл — Анхель; Наміб — Калазары — Конга; Яхідна — Каала — Дарлінг.

“Пазнай сілуэт” (па контурах астравоў, мораў, мацерыкоў пазнаць аб’ект).

“Збяры карту” (контурная карта разразаецца на часткі, з якіх трэба сабраць карту меркаванага мацерыка).

“Геаграфічны ланцужок” (навучэнцы ­адзін за адным называюць геаграфічныя наз­вы на апошнюю літару ў папярэднім слове, напрыклад, Аканкагуа — Атакама — Анхель — Ла-Плацкая — Ямайка — Амазонка і г.д.). Гэты гульнявы метад зручны пры засваенні геаграфічнай наменклатуры падчас вывучэння мацерыкоў.

“Мовай лічбаў…” (гэты метад выкарыстоўваю на абагульняльных уроках пры вывучэнні мацерыкоў. Напрыклад: пры вывучэнні Афрыкі навучэнцам прапануецца растлумачыць, што азначаюць наступныя лічбы: 30,3 млн кв.м., 8000 км, 5895 м, –157 м, ­1 мм і г.д.).

“Бліцапытанне” (неабходна даць адразу адказ на пастаўленае пытанне, напрыклад, пры абагульняльным паўтарэнні, пры вывучэнні паўднёвых мацерыкоў выкарыстоўваю такія пытанні:

самым маленькім мацерыком з’яўляецца…;

самым гарачым мацерыком з’яўляецца…;

самым высокім мацерыком з’яўляецца…;

самым сухім мацерыком з’яўляецца…;

мацярык, на якім размешчаны самы высокі вадаспад…;

самы надзвычайны мацярык з пункту гледжання арганічнага свету…).

Метад “Лаві памылку” выкарыстоўваю падчас правядзення ўрокаў абагульняльнага паўтарэння. Чытаецца ўрывак, навучэнцы ўважліва слухаюць яго і, калі чу­юць няправільныя даныя, падымаюць руку і выпраўляюць. Напрыклад, “Вот и сбылась ты, мечта моя! Ликует команда: Ура! Земля! Мы Африке! Тихий прощай океан, помог воплотить мне блестящий план! На волнах прибоя доставил корвет, большей земли на всем свете нет! Сентябрьской весной оживает природа, снега осталось совсем немного. Хвоя тихонько летит с эвкалипта, пингвины купаются в глине липкой. Смотрите! Куда-то бежит кенгуру, наверное, тигр с ней за­теял игру! Оленей берем чтоб добраться в Сахару, прошу караван, но дают только пару, в Сахаре нас ждет и покой и уют, может быть, сока березы дадут, ну, а пока я ловлю в Танганьике щук и китов, правда все невеликих, Африка очень понравилась мне, о чем сообщаю я вам в этом письме” (у гэтым тэксце зроблена 12 памылак).

Нетрадыцыйнай формай ­правядзен­ня ўро­ка з’яўляецца тэсціраванне на кам­п’ютары. Камп’ютарнае тэсціраванне само па сабе нетрадыцыйнае, таму што ўсе мы прывыклі да тэстаў, выкананых на паперы. У параўнанні з традыцыйнымі формамі кантролю камп’ютарны тэст мае шэраг пераваг: хуткае атрыманне вынікаў; аб’ектыўнасць у ацэнцы ведаў; атрыманне дакладнай ­інфармацыі пра валоданне навучэнцамі пэўнымі ўменнямі і навыкамі; дае магчымасць настаўніку суаднесці гэтыя даныя з пастаўленымі на гэтым этапе ўрока задачамі навучання і правесці своечасовую карэкцыю працэсу засваення новых ведаў; яно больш цікавае ў параўнанні з традыцыйнымі формамі, што ўплывае на павышэнне пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў і стварае ў іх станоўчую матывацыю.

Адным з метадаў, накіраваных на раз­віццё цікавасці да тэмы, што вывучаецца, з’яў­ляецца складанне і разгадванне крыжаванак. Пры іх складанні выкарыстоўваю ключавыя словы. Мной складзены крыжа­ванкі: “Рэкорды геаграфіі павінен ве­даць кожны! Разгадай і атрымай 10 балаў” (увайшлі практычна ўсе геаграфічныя рэкорды свету). Такія ж крыжаванкі складзены па ўсіх мацерыках. Напрыклад, “Афрыка — самы гарачы мацярык”, “Аўстралія — самы маленькі мацярык”, “Антарктыда — самы халодны і высокі мацярык”, “Паўднёвая Амерыка — самы вільготны мацярык”. Крыжаванкі выкарыстоўваю для праверкі ведаў на абагульняльных уроках.

Любімай формай правядзення ўрокаў пры вывучэнні мацерыкоў і краін з’яўляец­ца КВЗ па абагульненні ведаў. Такія ўрокі падрыхтаваны мной па ўсіх паўднёвых ­ма­церыках. Спачатку ідзе ўступнае ­слова настаўніка, які акцэнтуе ўвагу на мэце ўрока, потым ён прапануе навучэнцам, па­дзяліўшыся на дзве каманды смелых маракоў, адправіцца ў падарожжа на цудоўным парусніку.

Мэта ўрока-семінара — актывізаваць самастойную работу навучэнцаў над вучэбнай і дадатковай літаратурай, падахвочваючы іх да больш глыбокага асэнсавання ведаў па тэме, што вывучаецца, і іх прымнажэння. Пры падрыхтоўцы ўрокаў-семінараў я загадзя рыхтую пытанні і даю літаратуру для самастойнай работы, адводзячы на гэта неабходны час. На самім уроку мы падрабязна абмяркоўваем пастаўленыя пытанні, удакладняем, пашыраем, паглыбляем свае веды. Настаўнік заахвочвае нестандарт­ныя меркаванні, арыгінальныя думкі, пошукі новых падыходаў да асэнсавання тэмы, якая вывучаецца. Каштоўнасць такіх урокаў не толькі ў тым, што яны актывізуюць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, але і і ў тым, што яны дапамагаюць самастойна здабываць навуковыя веды, развіваць маўленне і мысленне.

Яшчэ адна форма заняткаў — відэаўрок. Выкарыстанне відэафільмаў дапамагае развіццю псіхічнай дзейнасці навучэнцаў, і перш за ўсё памяці і ўвагі. Падчас прагляду відэа ў класе ўзнікае атмасфера сумеснай пазнавальнай дзейнасці. У гэтых умовах нават няўважлівы навучэнец становіцца актыўным удзельнікам адукацыйнага працэсу. Напрыклад, каб зразумець змест фільма, школьнікам неабходна прыкласці некаторыя намаганні. Так мімавольная ўвага перахо­дзіць у адвольную, яе інтэнсіўнасць уплывае на працэс запамінання. Выкарыстанне розных каналаў паступлення інфармацыі станоўча ўплывае на трываласць захоўвання вучэбнага матэрыялу.

Урок-залік часцей за ўсё ­праводзіцца ў форме віктарыны, грамадскага агляду ве­даў, турніру, творчай справаздачы. Такія ўрокі арганізоўваюцца пасля вывучэння ­вялікай тэмы ці цэлага раздзела. Напрык­лад, можна правесці гульню-спаборніцтва, якая зніме напружанне і дыскамфорт падчас праверкі ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў. Вельмі падабаецца маім выхаван­цам “Віктарына 33”, якую я праводжу на ўро­ках, часцей за ўсё пры праверцы ведаў геа­графічнай наменклатуры і мацерыкоў.

На ўроку-спаборніцтве падчас лагічных аперацый, аналізу, абагульнення, параўнання і г.д. навучэнцы робяць самастойныя высновы. Такія заняткі праводжу ў групавой форме — гэта з’яўляецца адным з рэзерваў эфектыўнасці і якасці ўрока. Працуючы разам, дапамагаючы адно аднаму, навучэнцы могуць дасягаць большага, чым кожны па­асобку, і такая форма работы мае перавагі перад агульнакласнай:

— кожная група выбірае свой тэмп работы;

— навучэнцы маюць магчымасць прадэманстраваць індывідуальныя здольнасці і магчымасці;

— набываецца вопыт узаемаадносін;

— фарміруюцца такія важныя якасці асобы, як самакантроль, уменне аб’ектыўна ацэньваць сябе і іншых.

На такіх уроках выкарыстоўваю разміначныя віды тэстаў: тэсты-альтэрнатывы, калі з двух адказаў прапануецца выб­раць правільны; тэсты з мноствам варыянтаў, дзе правільны адказ выбіраецца з некалькіх прапанаваных; тэсты на знаходжанне адпаведнага адказу размяшчаюцца ў выглядзе 20 калонак, а навучэнец пры дапамозе лічбаў ці літар павінен абазначыць адпавед­насць фактаў або з’яў.

Клас загадзя дзеліцца на групы, у кожнай выбіраецца лідар — іншымі словамі, памочнік настаўніка. Разам мы рыхтуем усё неабходнае для ўрока: карткі, схемы, заданні, пэўны раздатачны матэрыял. Такая форма работы дапамагае настаўніку дасягаць пастаўленай мэты, стварае творчую спаборніцкую атмасферу сярод навучэнцаў. Свабодная форма зносін спрыяе меншай стамляльнасці, павышае працаздольнасць, выхоўвае навыкі ўзаемакантролю, рыхтуе да практычнай дзейнасці.

У 2015 годзе я апрабаваў такую форму правядзення ўрока, як  “Эрудыт-аўкцыён” і зараз выкарыстоўваю ў сваёй рабоце. Такія заняткі добра праводзіць для абагульнення ведаў па вялікай тэме. Так, мной падрыхтаваны і праведзены ўрокі ў 8 класе “Кантынент пінгвінаў”(урок абагульнення ведаў па тэме “Антарктыда”); “Кантынент кенгуру” (урок абагульнення ведаў па тэме “Аўстралія”). Па выніках фестывалю ведаў і творчасці гэты ўрок перамог у намінацыі “Лепшы сучасны ўрок” (урок абагульнення ведаў па тэме “Аўстралія” прыкладаецца).

Нам, дарослым, здаецца, што мы адрозніваемся ад дзяцей тым, што ў нас ёсць вопыт і веды. Нічога падобнага! Навучэнцы імкнуцца да развіцця — у гэтым іх галоўнае адрозненне. Цікаўнасць, прага ведаў — адметная рыса дзяцінства, і настаўнік дапамагае навучэнцу знайсці гэтую цікавасць.

Выкарыстанне на ўроках нетрадыцыйных форм і метадаў дапамагло дасягнуць шэрага вынікаў: адсутнасць непаспяховых па прадмеце; стабільнасць выніку якасці ведаў; навучэнцы сталі больш ініцыятыўнымі і самастойнымі; мяняецца характар узаемаадносін паміж дзецьмі; навучэнцы больш глыбока разумеюць вучэбны матэрыял; узрастае іх пазнавальная актыўнасць і творчая самастойнасць; фарміруюцца навыкі вучэбных дзелавых зносін. Таксама павысілася цікавасць да прадмета, дзеці з задавальненнем наведваюць урокі геаграфіі, удзельнічаюць у пазакласных мерапрыемствах, фестывалях творчасці, конкурсах, што праводзяцца ў межах школы, раёна.

Аднак неабходна адзначыць, што часта выкарыстоўваць такія формы арганізацыі вучэбнага працэсу немэтазгодна, таму што нетрадыцыйныя ўрокі могуць хутка ­стаць традыцыйнымі, а гэта ў канчатковым выніку прывядзе да зніжэння ў навучэнцаў цікавасці да прадмета.

Павел ШЛЫК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 22 Віцебска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.