Словы ў падарунак

Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў на ўроках беларускай мовы

“Развіццё вуснай і пісьмовай мовы вучняў — адна з найважнейшых задач навучання беларускай мове ў школе”, — увесь час дэкларуецца ў школьных праграмах. І гэта невыпадкова. Абмежаванае функцыянаванне беларускага маўлення ў грамадстве прывяло да таго, што моўнае асяроддзе дзіцяці на роднай мове фарміруецца толькі дзякуючы школьнаму навучанню.

Такім чынам, фарміраванне моўных, маўленчых і камунікатыўных уменняў школьнікаў падчас навучання становіцца першачарговай задачай настаўнікаў беларускай мовы, менавіта таму кожны ўрок роднай мовы павінен быць накіраваны на развіццё пазнавальнай цікавасці і актыўнасці школьнікаў, на далучэнне вучняў да культурнай спадчыны, а таксама на забеспячэнне ўмоў для развіцця моўных і маўленчых здольнасцей.

Якія метады і прыёмы будуць найбольш эфектыўна садзейнічаць развіццю камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў на ўроках беларускай мовы, стымуляваць маўленчую дзейнасць, накіроўваць на пошук, аналіз і перадачу інфармацыі ў адпаведнасці з пастаўленай камунікатыўнай задачай? Вывучыўшы і прааналізаваўшы літаратуру па гэтай тэме, я вызначыла, што трэба развіваць маўленчы, моўны, стылістычны і рытарычны аспекты камунікатыўнай кампетэнцыі, і адабрала найбольш значныя, на мой погляд, метады і прыёмы. Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў — доўгі і складаны працэс. Да яго я падыходжу абдумана, будую кожны ўрок на ўзаемаразуменні, суперажыванні, супрацоўніцтве. Пры падрыхтоўцы да заняткаў старанна адбіраю матэрыял — фактычны, тэарэтычны, практычны.

Для развіцця маўленчага аспекту камунікатыўнай кампетэнцыі  ­выкарыстоўваю наступныя метады: імітацыйны, камунікатыўны і метад канструявання. Імітацыйны метад — гэта навучанне маўленчай дзейнасці паводле ўзораў. Для гэтага прымяняю наступныя  прыёмы:

  • вусны ці пісьмовы пераказ тэксту;
  • складанне сказаў, словазлучэнняў паводле тыпу, узору прапанаванага, паводле мадэлі, схемы;
  • навучанне вымаўленню і інтанаванню паводле прыкладаў, паводле ўзораў вымаўлення настаўніка;
  • выразнае чытанне паводле прыкладу, узору артыстычнага выканання (на аснове выкарыстання гукапісу, фонахрэстаматыі);
  • розныя апавяданні і сачыненні паводле аналогіі з прачытаным.

Камунікатыўны метад выцякае з функцыі мовы быць сродкам зносін і з функцыі маўлення ажыццяўляць зносіны. Арсенал прыёмаў, сродкаў навучання, тыпаў заданняў і практыкаванняў вельмі вялікі. На сваіх ўроках я выкарыстоўваю наступныя прыёмы: стварэнне маўленчай сітуацыі, гутаркі, ролевыя гульні, экскурсіі, паходы, назіранні — усё, што можа выклікаць патрэбу ў выказваннях і зносінах, напрыклад, дапамагчы сабраць матэрыял для сачынення, апавядання, мініяцюры.

Гульня “Апрані ляльку”. З дзяцінства ўсе мы ведаем гульню “Апрані ляльку”. Уявім сабе гэтую ляльку і паспрабуем апрануць яе. На картках — назвы розных відаў беларускага народнага адзення і абутку: мужчынскага і жаночага. Але між імі схаваліся словы-“самазванцы”. Трэба выбраць усе віды адзення. І неабходна быць пільнымі, каб не апрануць ляльку ў нешта недарэчнае.

Світка, пас, саян, бурнос, выжал, жупан, вапняк, андарак, бурдзюк, каптур, гэбель, сурдут, нагавіцы, адрына, убрус, пасталы, магерка, вёрстка, кабат, боты, абрус, намітка, абліваха, фартух, жлукта, кашуля. (Выдзеленыя — не адзенне.)

Метад канструявання тэксту выцякае з дыдактычнай заканамернасці, якая заключаецца ў тым, што новыя спосабы дзейнасці вучня, яго новыя ўменні фарміруюцца на аснове ведаў. Выкарыстоўваю прыём “Крок за крокам”. У адпаведнасці з ім, вучні ведаюць тыпы і структуру тых тэкстаў, якія яны ствараюць, правілы іх складання, могуць канструяваць тэкст.

Прыём “Крок за крокам”. Заданне:
1. Прачытайце тэкст. 2. Размясціце абзацы так, каб атрымаўся звязны тэкст. 3. Ахарактарызуйце сітуацыю маўлення, назавіце ­істотныя прыметы. 4. Зрабіце разбор прос­тага сказа. 5. Растлумачце значэнні слоў “мянтуз”, “шчупак”.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Верасень

У высокім небе не чуваць ужо над полем звонкага спеву жаваранка. Не відаць у садах ні берасцянкі, ні чыжыкаў, ні шпакоў. Даўно ўжо няма салаўя.

Па камянях каля рэчкі не скачуць жвавыя пліскі. Усе гэтыя птушкі паляцелі на поў­дзень. Мы іх не ўбачым да наступнай вясны. Верасень — першы месяц восені. Сады і лясы змяняюць паступова сваю летнюю зялёную вопратку на асенняе ўбранне. Лісце на дрэвах пачынае жаўцець. Сярод вечназялёных лапак ялін і сосен зіхаціць залатое лісце бяроз, ліп, клёнаў, вольхі, арэшніку. У садах паспелі яблыкі, грушы. Вада ў рэчках і азёрах становіцца празрыстай і халоднай. Мянтуз пакідае сваё летняе сховішча пад берагам і пачынае жыраваць у мелкай вадзе. Плоткі, акуні, язі збіраюцца ў чароды і шукаюць сабе глыбейшых мясцін. Толькі шчупак па-ранейшаму палюе ў адзіноце.

Для развіцця моўнага аспекту выкарыстоўваю метад фарміравання ўменняў і навыкаў (падбор прыкладу, розныя віды дыктантаў: пісьмо па памяці, каменціраванае пісьмо, спісванне) і метад замацавання ведаў (складанне табліц, алгарытмаў). Існуе старая ісціна: хочаш быць пісьменным — трэніруй сваю зрокавую памяць, чытай як мага больш разнастайнай літаратуры і пільна сачы за правільнай пабудовай слова з літар. Таму адным з эфектыўных прыёмаў  у маёй рабоце з’яўляецца пісьмо па памяці. Заданне: прачытаць тэкст пяць разоў і запісаць па памяці, растлумачыць запісанае. “Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць”. (Цётка.)

Каменціраванае пісьмо. Падчас запісу тэксту пад дыктоўку адзін з вучняў прагаворвае словы па складах і, сустрэўшы слова, якое патрабуе разбору, каменціруе яго, тлумачыць яго правапіс. Такі від работы актывізуе разумовую дзейнасць вучняў.

З  мэтай фарміравання моўнай і маўленчай кампетэнцый выкарыстоўваю наступныя прыёмы: “Знайдзі лішнія словы”, назіранне за словам, “Карэктар”, гульня “Рэшата”.

Прыём “Знайдзі лішнія словы”. Неабходна растлумачыць значэнне выдзеленых слоў.

Лы(ж, ш)ка, мы(ж, ш)ка, сырае(ж, ш)ка,

Качарэ(ж, ш)ка, кні(ж, ш)ка, сце(ж, ш)ка,

Перабе(ж, ш)ка, бро(ж, ш)ка, ду(ж,ш)ка,

Дзе(ж, ш)ка, стры(ж, ш)ка, мо(ж, ш)ка, ву(ж, ш)ка.

Прыём “Знайдзі небяспечнае месца”. Вымаўляюцца словы, дзеці пляскаюць у далоні, як толькі пачуюць гук, якому на пісьме “нельга давяраць”: парны зычны на канцы або ў сярэдзіне слова.

Пастаянныя практыкаванні, накіраваныя на выпрацоўку арфаграфічных навыкаў, дапамагаюць вучням практычна авалод­ваць мовай, што спрыяе засваенню вучэбнага матэрыялу, забяпечвае далейшую адукацыйную дзейнасць школьнікаў.

Гульня “Рэшата”.  Трэба “прасеяць” назоўнікі па тыпах скланення: боль, быль, вартавы, вуаль, гасціная, дачка, дзіця, дзядуля, жырафа, імя, мадам, марожанае, паліто, рэч, сабака, салата, соль, сонца, фрау, цыбуля, шынель.

Для развіцця стылістычнага аспекту выкарыстоўваю метад стылістычнага аналізу  моўных сродкаў. Метады навучання стылістыцы рэалізоўваю пры дапамозе наступных метадычных прыёмаў: параўнання; супастаўлення; сінанімічнай замены; устанаўлення стылістычнай маркіраванасці слоў, словаформ, сінтаксічных канструкцый з выкарыстаннем слоўнікаў і іншай даведачнай літаратуры; стылістычнага эксперымента; мадэлявання; рэцэнзавання; самарэдагавання; складання і рашэння пазнавальных задач.

Метад стылістычнага аналізу. Неабходна растлумачыць значэнне слоў і вызначыць, у якім стылі можна выкарыстоўваць гэтыя словы.

Вуж ці вужака?

Вуж — адна з неядавітых змей сямейства паўзуноў: шэры вуж.

Вужака: 1. Агульная назва паўзуноў з доўгім целам без ног; змяя. 2. разм. Ліхі, каварны чалавек: “Ну ты і вужака!”

Прыём “Стылістычны эксперымент”. Падкрэсліць словы, якiя, на думку вучняў, адносяцца да жаргоннай лексiкi.

Пасвіць гавяду (рагатую жывёлу), звя­заць галень (дзяркач), дапусціць ляп (памылку), продкi (бацькi) не з’явіліся, зрабіць трэба жалезна (цвёрда, абавязкова), задраiць (шчыльна закрыць) усе вокны, зіма ­цёнгле (заўсёды) ідзе пасля восені, атрымалася
халтура (нядобрасумленна выкананая работа), усё павінна быць у ажуры (парадку).

Для кожнага важным з’яўляецца валоданне маўленчымі навыкамі — уменнем публічна выступаць, весці гутарку на розныя тэмы, як спецыяльныя, так і бытавыя, прымаць удзел у дыскусіях, дыспутах, спрэчках, умець правільна і карэктна задаваць пытанні і ўпэўнена ўключацца ў размову, правільна і дакладна перадаваць свае думкі як у вуснай, так і ў пісьмовай форме. Для развіцця рытарычнага аспекту выкарыстоўваю наступныя метады і прыёмы: мадэляванне тэксту (прыём “Складанне крэатыўных дыялогаў”), кампазіцыйнае выказванне “Жывое слова” (метад, на аснове якога будуюцца выказванні пэўных жанраў: аб’ява, віншаванне, парада, спачуванне, прывітальнае і развітальнае слова, падзяка і інш.).

Прыём “Словы ў падарунак” ажыццяўляецца на аснове дыдактычнага матэрыялу ўрока. Па ўмове гульні, вучні атрымліваюць у падарунак словы, узятыя з тэкстаў. Я паведамляю, што слова — прыдатны матэрыял, карыстаючыся якім можна стварыць незвычайны шэдэўр, да гэтага часу нікім не створаны. Умова гульні апісваецца ў адпаведнасці з тэматыкай дыдактычных тэкстаў, якія выкарыстоўваюцца пры вывучэнні лінгвістычнага матэрыялу. Вучні будуюць выказванне, якое таксама камусьці адрасуюць у якасці падарунка.

Прыём клішаваных фраз. Заключаецца ў выкарыстанні гатовых, тыповых для пэўнай камунікатыўнай сітуацыі маўленчых штампаў, зваротаў, якія дазваляюць эканоміць час у працэсе суразмоўніцтва. Напрыклад, змадэляваць пачатковую фразу наступных сітуацый: а) прыёму наведвальнікаў; б) запрашэння падначаленых на сустрэчу; в) запрашэння высокапастаўленых асоб ці членаў дэлегацыі на пасяджэнне.

Выразы для даведкі: запрашаю вас…; дазвольце запрасіць вас…; маю гонар запрасіць вас…; ласкава прашу…; прашу, сядайце, будзьце ласкавы, калі ласка; пра­ходзьце (заходзьце), будзьце ласкавы.

Уменне валодаць словам, доказна выказваць свае думкі садзейнічае ўсебаковаму развіццю творчай асобы, павышэнню агульнай культуры чалавека. У сувязі з гэтым развіваю ў вучняў інтэлектуальны кантакт (адпаведнасць разумовых здольнасцей аратара ўзроўню развіцця слухачоў), псіхалагічны кантакт (супадзенне душэўных перажыванняў, псіхічнага стану прамоўцы і слухачоў), эмацыянальны кантакт (адпаведнасць пачуццёвага стану, сістэмы перажыванняў), зрокавы кантакт (уменне правільна накіроўваць свой позірк, трымаць у полі зроку ўсю аўдыторыю), галасавы кантакт (выпрацоўка правільнага пасылу, палётнасці гуку, уменне накіроўваць свой голас разам з позіркам).

Выкарыстанне апрабаваных метадаў і прыёмаў дапамагае дасягнуць адной з ключавых мэт адукацыі — фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі. Гэта ключ да поспеху не толькі падчас навучання і праходжання выніковай атэстацыі па мове, але і ў далейшым дарослым жыцці. Лічу, што рэалізоўваю сябе праз паспяховасць сваіх вучняў: пры выбары экзамену яны аддаюць перавагу беларускай мове, на цэнтралізаваным тэсціраванні атрымліваюць высокія балы, актыўна і вынікова прымаюць удзел у творчых конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях, паступаюць на філалагічны факультэт вышэйшых устаноў адукацыі.

Таццяна АБРАЖЭВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.