Дабавіць у навучанне аптымізму і пазітыву

З настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Наталляй Уладзіміраўнай Даніловіч я пазнаёмілася на ІІІ Міжнародным фестывалі прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці”. Педагог набрала  максімальную колькасць балаў  і стала абсалютнай пераможцай гэтага фестывалю. Шчырая ўсмешка, бляск у вачах, захапленне любімай справай, энергія і жаданне зрабіць навучанне дзяцей цікавым, матываваным, усвядомленым, а работу сваіх калег — камфортнай і сугучнай часу з магчымасцю раскрыць свой патэнцыял і самарэалізавацца, думаю, не пакідаюць абыякавымі нікога, хто хоць раз сустрэўся з Наталляй Уладзіміраўнай. Пра тое, як эфектыўна вучыць школьнікаў пакалення Z, як зрабіць так, каб гаджэты не перашкаджалі, а дапамагалі вучыцца, — наша гутарка з педагогам.

— Наталля  Уладзіміраўна, чаму вы сталі настаўніцай? Як даўно працуеце ў школе? Які ваш жыццёвы дэвіз?

— Ужо 25 гадоў, чвэрць стагоддзя, маё жыццё звязана з адукацыяй Гро­дзенскага раёна. 13 гадоў пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў у Парэцкай санаторнай школе-інтэрнаце. За гэты час скончыла гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, набыла вопыт і ўпэўненасць. У 2008 годзе мяне запрасілі ў Парэцкую сярэднюю школу на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Стала выкладаць гісторыю і грамадазнаўства. Было складана. Новыя абавязкі, новыя прадметы. Вучылася ў калег, самаадукоўвалася. Магчыма, жыццёвы дэвіз “Не здавацца, не апускаць рукі” і выраз “Бог выпрабаванняў не па сілах не дае” дапамаглі ў маім прафесійным станаўленні як кіраўніка, так і настаўніка.

— Што прываблівае ў рабоце з вучнямі? Якімі прынцыпамі кіруецеся ў сваёй дзейнасці?

— Работа з вучнямі для мяне — гэта не толькі магчымасць апрабаваць формы, метады, прыёмы навучання, “трымаць руку на пульсе”, укараняць новыя методыкі і стратэгіі, але і магчымасць больш даведацца пра здольнасці і праблемы вучняў, бачыць, чым жывуць, цікавяцца сённяшнія школьнікі, прымаць непасрэдны ўдзел у іх жыцці.

Сёння добра відаць, што дзеці лічбавага пакалення — іншыя. Сучаснае пакаленне Z называюць па-рознаму — цэнтэніялы, дамаседы, маўклівае пакаленне, пакаленне “ЯЯЯ”, лічбавыя людзі. Наведваючы заняткі калег, а таксама падчас сваіх урокаў заўважыла, што вучням цяжка ўтрымлі­ваць увагу і слухаць настаўніка больш як 10—15 хвілін, у іх больш развіта кароткачасовая памяць, чым доўгачасовая. Нярэдка праблемы з паспяховасцю ў некаторых вучняў узнікаюць з-за няўседлівасці, нецярплівасці і непаслухмянасці. Зэты — не заўсёды адказныя і старанныя, яны індывідуалісты, любяць, калі іх хваляць, добра арыентуюцца ў інфармацыі, умеюць яе знайсці, але большасць вучняў адчуваюць цяжкасці ў перадачы інфармацыі вусна.

Як вучыць сённяшніх зэтаў? Стары прынцып — перадача інфармацыі з вуснаў у вусны, ад настаўніка вучню — не­эфектыўны. На сваіх уроках гісторыі і грамадазнаўства імкнуся вучыць праз дыялог. Заўсёды абмяркоўваем з вучнямі, дзе могуць спатрэбіцца веды, атрыманыя на сённяшнім уроку.

Час на ўроку — галоўная каштоўнасц­ь. Стараемся не губляць яго дарма. Мяняю віды дзейнасці: актыўнае слуханне — абмеркаванне ў малых групах — індыві­дуальная работа з тэкстам, картасхемай, дакументам — работа з падручнікам — прагляд відэафрагмента — падвядзенне вынікаў урока. Усё залежыць ад тэмы і мэты ўрока.

Зэты любяць парадак і лагічнасць, хочуць ведаць дакладныя тэрміны і што ім будзе за выкананне ці невыкананне заданняў. Для заданняў падбіраю тэкставыя матэрыялы простыя для ўспрымання, пры гэтым ключавыя пункты, пытанні вылучаю візуальна. Строгі, але справядлівы кантроль — абавязкова. І абавязкова “лайкі” — заахвочванне адзнакай, слоўнай ацэнкай, адабрэнне, пахвала. З зэтамі “не працуе” прынцып шматразовага паўтарэння. Як толькі матэрыял становіцца ім зразумелым, паўтарэнне вывучанага яны лічаць непатрэбным. З дзецьмі пакалення Z неабходна размаўляць як з дарослымі людзьмі, на роўных. Яны лічаць, што дарослыя нічым не лепшыя за іх, уключаючы настаўнікаў, і яны чакаюць паважлівых адносін.

— Якія тэхналогіі на сённяшні дзень лічыце найбольш эфектыўнымі? Чаму? Як іх выкарыстоўваеце?

— За 25 гадоў работы з вучнямі выпрацаваўся рацыянальны падыход да падбору сродкаў навучання. Апрабавана мноства тэхналогій, але нельга сказаць, што цалкам аддаю перавагу той ці іншай. Для мяне тэхналагічны ўрок — гэта ўрок, у якога ёсць мэты (настаўніка і вучняў), запланаваны вынік і сродкі, накіраваныя на дасягненне гэтага выніку. У залежнасці ад тэмы і мэт урока прадумваю дзейнасц­ь сваю і вучняў. Вызначаю, якія элементы і прыёмы тэхналогій на дадзеным этапе ўрока будуць найбольш эфектыўнымі.

Эўрыстычны дыялог — гэта не толькі метад, але і прынцып, якога я пры­трымліваюся пры навучанні гісторыі і грамадазнаўству. Гутарка стымулюе галаўны мозг, у тым ліку лобныя долі — вобласць, якая адказвае за прыняцце складаных рашэнняў і пабудову высноў. Зносіны вучняў паміж сабой стымулююць памяць і робяць вучэбны працэс больш дынамічным.

Сучасныя дзеці прывыклі жыць ва ўмовах многазадачнасці, таму інтэрактыўныя гульні дапамагаюць зацікавіць матэрыялам, дабавіць у навучанне аптымізму і пазітывізму. Пераадолець адмоўныя тэндэнцыі развіцця “лічбавага пакалення” дапамагаюць тэхналогіі развіццёвага, праектнага, змешанага, праблемнага, інтэрактыўнага навучання. Прымяненне прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення дапамагае вучыць не толькі разумець, але і думаць.

На сваіх уроках выкарыстоўваю матэрыялы не толькі падручніка, хрэстаматыі, але і архіва вуснай гісторыі. Успаміны жыхароў нашай краіны, сведкаў айчыннай гісторыі, дапамагаюць успрымаць гісторыю праз прызму лёсу чалавека.

Выкарыстоўваю метад ін­тэрв’ю. Прапаноўваю вучням скласці інтэрв’ю з вядомай асобай. Такая форма работы паказвае ўменне вучня працаваць з інфармацыяй, бо каб задаць пытанне асобе, якая жыла 100 гадоў назад, трэба прачытаць біяграфію, адабраць факты, скласці пытанні, сфармуляваць адказы. Вучні могуц­ь праявіць сябе, падрыхтаваўшы інсцэніроўку інтэрв’ю ў парах, выбраўшы для сябе ролю журналіста або знакамітай асобы.

Вучу працаваць з фота­здымкамі. Мы іх не проста разглядаем, выкарыстоўва­ючы як ілюстрацыю да той ці іншай падзеі, а аналізуем: хто на здымку, хто мог здымаць, што бачым на пярэднім плане, а што за кадрам, з якой мэтай зроблена фота і г.д.  У якасці дамашняга задання прапаную напісаць гісторыю сваёй сям’і, выкарыстоўваючы некалькі фота з сямейнага альбома, або гісторыю аднаго фотаздымка.

Нярэдка сачыненні вучняў перарастаюць у даследчыя работы, з якімі выступаем на конкурсах работ даследчага характару.

 — Наталля Уладзіміраўна, ці выкарыстоўваеце вы ў сваёй рабоце ІКТ? Па-вашаму, гаджэты пера­шкаджаюць ці дапамагаюць школьнікам у вучобе?

— Зэты лепш разумеюць вобразы, чым словы. Інструкцыі ў карцінках ці відэа­роліках лепш успрымаюцца сучаснымі школьнікамі. Таму ў сваёй рабоце імкнуся выкарыстоўваць як трыдыцыйныя інструменты (дошка, крэйда, маркеры), так і новыя тэхналогіі навучання (праектар, комп’ютар, інтэрактыўная дошка). Выкарыстоўваем смартфоны, з дапамогай якіх праз QR-код адкрываем спасылкі на заданні, шукаем тлумачэнне незразумелых тэрмінаў, выконваем заданні з дапамогай сэрвісаў web 2.0 (складаем воблака слоў па тэме, ментальныя карты). Часта ў якасці дамашняга задання прапаноўваю паглядзець мастацкі фільм, які глыбей раскрывае тэму ўрока, і па матывах прагляду напісаць водгук або эсэ. На ўроках абмяркоўваем прагледжанае, дзелімся ўражаннямі. Часта самі падлеткі даюц­ь мне парады, што можна пагля­дзець, і скідваюць спасылкі ў нашай суполцы ва “УКантакце”. Дарэчы, у кожным класе, дзе я працую, у нас створаны групы класа ва “УКантакце”, у якіх размяшчаюцца кароткія каментарыі па выкананні дамашняга задання, спасылкі на відэаролікі па тэме, аб’явы аб конкурсах, акцыях, экскурсіях, спасылкі на цікавыя артыкулы на гістарычныя тэмы.

Сучасныя гаджэты трывала ўвайшлі ў наша жыццё, таму, каб яны дапамагалі ў вучобе нашым вучням, настаўнікам трэба шырэй выкарыстоўваць магчымасці ІКТ, быць у адной прасторы з вучнямі, у тым ліку віртуальнай.

 — Над якой тэмай па самаадукацыі працуеце сёлета?

— Адно з маіх правіл як кіраўніка — “Вядзі за сабой, а не штурхай перад сабой”. Каб у цябе паверылі, пайшлі за табой, трэба ведаць галоўнае: куды весці і як. А таму галоўны складнік маёй работы — гэта мая адукацыя, бесперапынная, пастаянная: курсы, семінары, майстар-класы, адкрытыя ўрокі, самаразвіццё… Адначасова я магу даследаваць некалькі тэм, збіраць інфармацыю, чытаць, магу пераключыцца на новую праблему, актуальную на дадзены момант.

Даўнім маім захапленнем з’яўляецца гістарычнае краязнаўства. Ужо некалькі гадоў я вяду заняткі аб’яднання па інтарэсах “Юны экскурсавод”. У 2019 годзе абагульніла вопыт у гэтым напрамку і матэрыялы прадставіла на ХVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечанай Году малой радзімы. Мая работа “У сваім краі, як у раі” па фарміраванні каштоўнасных адносін да малой радзімы ў падлеткаў аграгарадка праз дзейнасць аб’яднання па інтарэсах “Юны экскурсавод” была адзначана дыпломам II ступені.

Разам з вучнямі мы стварылі экскурсійны праект “Парэчча: ад станцыі да аграгарадка”, які дапамагае школьнікам пашырыць веды пра Парэчча  — сваю малую радзіму, глыбей разумець асаблівасці яе прыроды, гісторыі, культуры. Распрацавалі маршрут, тэксты экскурсій, буклеты, квест-гульню, размалёўку “Наша Парэчча”, знялі відэаролікі. Зараз матэрыяламі, якія былі распрацаваны ў ходзе рэалізацыі праекта, актыўна карыстаюцца настаўнікі Парэцкай сярэдняй школы, Парэцкай санаторнай школы-інтэрната, выхавальнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча, спецыялісты Парэцкага цэнтра культуры і адпачынку, культаддзела санаторыя “Парэчча”. Дадзены праект вучні школы неаднаразова прадстаўлялі на шэрагу конкурсаў і заваёўвалі ўзнагароды. У нашай скарбонцы  ёсць узнагароды рэспубліканскіх конкурсаў акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, рэгіянальнага этапа Рэспубліканскага мала­дзёжнага конкурсу “Сто ідэй для Беларусі”, I адкрытага рэгіянальнага конкурсу турысцкіх праектаў “Я запрашаю вас на малую радзіму”, завочнага конкурсу інавацыйных праектаў “Педагагічны форум ідэй — 2019” НДААЦ “Зубраня”.

А нядаўна з вучнямі 8 класа мы стварылі віртуальнае падарожжа па нашай малой радзіме з дапамогай сэрвісу web 2.0 Google Maps. Віртуальная экскурсія — праграмна-інфармацыйны прадукт, прызначаны для інтэграванага прадстаўлення відэа-, аўдыя-, графічнай і тэкставай інфармацыі. Гэта мультымедыйная панарама, якая, у адрозненне ад відэа або звычайнай серыі фотаздымкаў, валодае інтэрактыўнасцю.

Для стварэння віртуальнай экскурсіі мы выкарысталі карты Google. Google Maps (www.google.com/maps/) — самы просты і найбольш даступны сэрвіс, які дазваляе ствараць свае карты, устанаўліваць на іх меткі, дабаўляць тэкст, апісанне месца, размяшчаць фотаздымкі, відэа, ажыццяўляць пошук дамоў, арганізацый па назве і адрасе. На сэрвісе ёсць магчымасць групавой работы. Для стварэння экскурсіі па нашай малой радзіме — аграгарадку Парэчча — мы выкарысталі школьны акаўнт Google, а таксама рэдагавалі карты ў групе, далучыўшы ўдзельнікаў па адрасах Gmail.

Мяркуем, што актыўнымі карыстальнікамі віртуальнай экскурсіі стануць настаўнікі і вучні школы аграгарадка, жыхары і госці Парэчча. Спадзяёмся, што сумеснымі намаганнямі ўдасца сфармі­раваць у іх станоўчы вобраз малой ра­дзімы. У перс­пектыве плануем папаўняц­ь матэрыя­ламі створаны турыстычны маршрут, а таксама дапаўняць іншымі аб’ектамі, якія існуюць у аграгарадку.

— Наталля Уладзіміраўна, падзяліцеся, калі ласка, сваімі планамі на найбліжэйшую будучыню.

— На парозе — гарачая экзаменацыйная пара. Мае адзінаццацікласнікі і я разам з імі рыхтуемся да здачы дзяржаўнага экзамену па гісторыі Беларусі. Яшчэ шмат чаго неабходна паўтарыць, запомніць. З дзевяцікласнікамі і васьмікласнікамі запланавалі пры­няць удзел у шэрагу конкурсаў, дапрацоўваем работы. Сама зараз прымаю ўдзел у абласным завочным конкурсе “Метадычны анлайн-экспрэс” для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце, застаўся апошні этап. А яшчэ трэба падвесці вынікі года, усё прааналізаваць, пракантраляваць, прачытаць, напісаць, палічыц­ь, арганізаваць, спланаваць… і можна адпачываць.

— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.