ці Нестандартны падыход да правядзення педагагічнага савета ў сельскай школе
Метадычная работа з’яўляецца важным вектарам развіцця любой установы адукацыі. І ад таго, як яна будзе арганізавана, залежыць, у якім напрамку школа будзе рухацца сёння. Школа ў аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці на працягу 3 гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі ў раённым конкурсе “Школа ўзорнай якасці і парадку”, а значыць, вектар руху правільны!
Вялікія вясеннія канікулы для навучэнцаў адміністрацыя школы выкарыстала з карысцю для педагогаў — павышаючы іх тэарэтычную і практычную падрыхтоўку ў найбольш важных на сёння пытаннях, а менавіта ў пытаннях фарміравання здароўезберагальнага асяроддзя школы.
Практыка паказвае, што якасць навучання ў школе залежыць ад прафесіяналізму настаўніка, яго тэарэтычнай і практычнай кампетэнтнасці. І педсавет як галоўны орган у вырашэнні пытанняў вучэбна-выхаваўчай работы, не можа пакідаць без увагі прафесійнае ўдасканаленне педагогаў. Таму лічу, што сёння зыходнай нормай з’яўляецца навучанне настаўнікаў падчас падрыхтоўкі і правядзення педагагічных саветаў як найважнейшага спосабу прадукцыйнага ўзаемадзеяння педагогаў і развіцця іх творчай актыўнасці.
У сваёй рабоце мы даўно адышлі ад такіх форм правядзення педагагічных саветаў, дзе настаўнікі “адбываюць пакаранне”, слухаючы манатонныя даклады. Галоўны прынцып у выбары форм — тэарэтычная і практычная значнасць для педагогаў: ад тэмы педсавета, якая павінна быць актуальнай для калектыву, да магчымасці прымянення атрыманых ведаў у сваёй дзейнасці.
Як правіла, для нашай школы педсавет — гэта заўсёды інтэрактыўныя зносіны. У мінулым навучальным годзе гэта быў педагагічны квест, у гэтым годзе планавалася творчая майстэрня. Аднак апошнія падзеі ў свеце ўнеслі некаторыя карэктывы і ў нашу работу. Мы адкрылі для сябе новую форму правядзення педсавета — віртуальны педагагічны кансіліум. І тэма на сёння аказалася вельмі актуальнай: “Ад фарміравання здароўезберагальнага асяроддзя школы да дасягнення якасці навучання”.
Работа калектыву была арганізавана па наступнай схеме:
На працягу тыдня педагогі атрымлівалі “заданні дня”, якія выконваліся дыстанцыйна:
— анлайн-тэсціраванне, якое дазваляе даць ацэнку работы школы з пазіцыі здароўезберажэння;
— сістэматызацыя ўласнага вопыту работы па пытанні “Здароўезберагальныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе, якія прымяняю я”;
— віртуальнае знаёмства з вопытам замежных краін у прымяненні здароўезберагальных тэхналогій у адукацыйным працэсе;
— распрацоўка ўрокаў па прадметах з выкарыстаннем тэхналогій здароўезберажэння;
— удзел у віртуальным квест-уроку “Адкрый свой унутраны рэзерв здароўя!”.
Апошні блок віртуальнага педагагічнага кансіліуму быў асветлены на дыстанцыйнай сустрэчы настаўнікаў, дзе былі прыняты рашэнні і выдзелены асноўныя кірункі ўдасканалення педагагічнай дзейнасці па фарміраванні культуры здароўя ў школе.
Вынікам плённай работы калектыву ў новым фармаце стаў віртуальны часопіс “Здаровая школа. Якаснае навучанне”, дзе сабраны практычныя рэкамендацыі настаўнікаў-прадметнікаў па прымяненні здароўезберагальных тэхналогій у адукацыйным працэсе, распрацоўкі “здароўезберагальных урокаў”, памяткі для педагогаў і бацькоў па пытаннях здароўезберажэння. Віртуальны часопіс размясцілі на сайце школы ў агульным доступе.
У фае школы таксама паставілі мабільны стэнд са шматзначнай назвай “Я застаюся ў страі!”, дзе педагогі размясцілі напрацаваныя ў працэсе педагагічнага кансіліуму асноўныя правілы здароўя для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Па словах педагогаў школы, такая форма правядзення педагагічнага савета дазволіла, па-першае, кожнаму настаўніку прывесці ў парадак сваю сістэму работы па пытаннях здароўезберажэння ў адукацыйным працэсе, па-другое, уважліва вывучыць вопыт работы сваіх калег і напрацоўкі замежных краін у гэтым кірунку, па-трэцяе, скарэкціраваць сваю работу з улікам набытых ведаў.
А адміністрацыя школы чарговы раз пераканалася, што якасць навучання не панясе страты ні пры якіх умовах, таму што нашы педагогі вельмі мабільныя і валодаюць метадычнай кампетэнтнасцю ў галіне фарміравання ведаў навучэнца, якую пастаянна ўдасканальваюць. А выкарыстанне тэхналогій здароўезберажэння дазволіць усім удзельнікам адукацыйнага працэсу заставацца ў страі і паспяхова праводзіць заняткі ў далейшым.
Марына АФАНАСЕНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Жупранскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.