Фарміраванне трывалых арфаграфічных навыкаў — адна з найважнейшых задач навучання беларускай мове. Правільнае пісьмо забяспечвае дакладнасць выказвання думак, узаемаразуменне людзей у пісьмовых зносінах. Ад ступені сфарміраванасці навыкаў правапісу залежыць арфаграфічная і маўленчая пісьменнасць школьніка, яго здольнасць засвойваць родную мову ў пісьмовай форме.
Большасць вучняў хоць і ведаюць правілы, аднак пішуць з памылкамі. У чым жа прычына гэтага? У няўменні навучэнца ўбачыць патрэбную арфаграму, у адсутнасці арфаграфічнай пільнасці ці слабай падрыхтаванасці. Увага настаўніка мовы павінна быць засяроджана на развіцці арфаграфічнай пільнасці вучняў, на трывалым засваенні вучнямі пэўных ведаў, якія з’яўляюцца асновай для выкарыстання правіл правапісу і авалодання маўленчымі нормамі.
На ўроку веды вучняў фарміруюцца ў аператыўнай
(кароткачасовай) памяці. А каб гэтыя веды сталі трывалымі, іх неабходна перанесці ў доўгатэрміновую памяць. І тут значная роля належыць рабоце па фарміраванні арфаграфічнай пільнасці, г.зн. выпрацаванай здольнасці навучэнца знаходзіць тыя месцы ў словах, дзе пісьмовы знак не выяўляецца пры вымаўленні і ўзнікае цяжкасць пры яго напісанні.
Пад арфаграфічным навыкам разумеюць “такі ўзровень авалодання ведамі, пры якім вучань здольны прымяняць правілы на практыцы, не асэнсоўваючы іх”. Арфаграфічныя навыкі — гэта навыкі не аўтаматычныя, а аўтаматызаваныя (пры неабходнасці яны могуць быць пракантраляваны вучнем з дапамогай правіл). Навык можа быць выпрацаваны толькі ў тым выпадку, калі напісанне слова не патрабуе аналізу граматычнай формы, семантыкі слова ці кантэксту яго ўжывання.
Навучанне арфаграфіі прадугледжвае фарміраванне ў вучняў арфаграфічнай пільнасці, пад якой разумеюць здольнасць выяўляць арфаграмы ў слове (словазлучэнні, сказе, тэксце), таму ўзнікае неабходнасць увядзення паняцця “арфаграма” ў змесце навучання беларускаму правапісу. Паняцце арфаграмы ў методыцы навучання арфаграфіі дапамагае вучням лепш арыентавацца ў працэсе пісьма (г.зн. вылучаць напісанні, якія патрабуюць прымянення правіл, класіфікаваць і дэферэнцыраваць іх), стварае надзейную аснову для сістэмнага ўспрымання матэрыялу. У заданнях да практыкаванняў прадугледжваю падкрэсліванне, праверку арфаграм, выяўленне арфаграм, якія трэба правяраць па слоўніку, што спрыяе фарміраванню ў вучняў арфаграфічнай пільнасці, якая прадугледжвае аналізавальнае прагляданне. Бачанне кожнага элемента слова, марфемы, склада, уменне вылучаць іх, пазнаваць арфаграмы “ў твар”, адрозніваць іх адну ад адной.
Пачынаючы з 5 класа, пры вывучэнні правіл, якія складаюць змест навучання арфаграфіі на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі (правапіс галосных о, э — а; е, ё — я; парных звонкіх і глухіх зычных і інш.), выпрацоўваю ў вучняў сімультанны (адначасовы, сінхронны) арфаграфічны навык. Пры засваенні правіл, якія не разглядаліся ў пачатковай школе (правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах; прыстаўных зычных і галосных; літар і, й, ы пасля прыставак), спачатку фармірую сукцэсіўны (паслядоўны, паступовы), а потым — сімультанны арфаграфічны навык.
Здольнасць вучня бачыць арфаграмы — неабходная ўмова для авалодання арфаграфічнымі нормамі на аснове паспяховага выкарыстання правіл. Гэтую здольнасць вучняў фармірую, замацоўваю і ўдасканальваю на ўсіх ступенях адукацыі праз сістэму практыкаванняў. Гэты метад патрабуе шматразовага прымянення на практыцы тэарэтычных ведаў з мэтай выпрацоўкі стабільных практычных навыкаў. Галоўны сродак развіцця арфаграфічнай пільнасці — гэта правільнае, своечасовае фарміраванне паняцця аб арфаграме.
Асновай зместу дзейнасці па фарміраванні арфаграфічнай пільнасці з’яўляецца ўрок. З пункту гледжання фарміравання арфаграфічнай пільнасці ўрокі беларускай мовы ўмоўна можна падзяліць на тры віды:
1) урокі, на якіх вывучаюцца асобныя правілы арфаграфіі;
2) урокі з элементамі вывучэння правіл арфаграфіі;
3) урокі кантролю засваення арфаграфічных навыкаў.
Вучэбныя заняткі планую так, каб яны былі накіраваны на вучня, на абуджэнне яго думкі, на развіццё яго здольнасцей. Уключаю кожнага вучня ў працэс выканання пэўных практыкаванняў, фармірую ўменне знаходзіць арфаграмы і тлумачыць іх. Пастаянна нагадваю навучэнцам, што трывалыя веды — гэта каштоўнасць культурнай, адукаванай асобы. Паслядоўнасць і сістэмнасць у навучанні — найбольш эфектыўныя шляхі развіцця пісьменнасці. І каб вучань правільна пісаў, неабходна, каб ён разумеў сутнасць паняцця “арфаграма”. Уменне знаходзіць, распазнаваць арфаграму фарміруецца ў ходзе вывучэння арфаграфічных правіл у 4—6 класах, працэс паўтарэння і ўдасканалення прыпадае на 7—8 класы і 9—11 класы.
Сістэма ў практыкаваннях — гэта перш за ўсё рэгулярнасць трэніровачнай работы і паступовае, паслядоўнае яе ўскладненне. У сваёй педагагічнай дзейнасці захоўваю сувязь паміж асобнымі практыкаваннямі, тэмамі, паслядоўнасць у супастаўленні новага матэрыялу са старым, імкнуся да паступовага пашырэння кола тэм, якія паўтараюцца. Кожнае новае практыкаванне павінна знаходзіцца ў цеснай сувязі з папярэднім, абапірацца на яго, і толькі тады можна будзе зрабіць крок наперад. Каб устанавіць сувязь новага матэрыялу з папярэднім, пачынаю новы ўрок з паўтарэння пройдзенага матэрыялу.
Практыкаванні займаюць большую частку ўрока, і вельмі важна, каб яны былі мэтанакіраванымі і выкарыстоўваліся ў сістэме. Напрыклад, у 6 класе пры паўтарэнні вывучанага матэрыялу за 5 клас па тэме “Гукі беларускай мовы. Іх вымаўленне і абазначэнне на пісьме” праводжу арфаграфічную хвілінку. На дошцы запісваю дату: “Дзявятага верасня”. Вучням прапаную наступныя заданні:
1) вызначце колькасць літар і гукаў у словах даты;
2) назавіце ўсе гукі ў запісанай даце; 3) ахарактарызуйце галосныя і зычныя гукі; 4) растлумачце напісанне ў слове “дзявятага” літары я; 5) растлумачце напісанне ў слове “дзявятага” літар дз; 6) прывядзіце свае прыклады на правапіс літары я.
На кожным уроку такая праца праходзіць па-рознаму, бо залежыць ад ступені складанасці вучэбнага матэрыялу, яго навізны. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Правапіс не (ня) з прыметнікамі” прапаную вучням картасхему. Пасля таго як матэрыял растлумачаны, акцэнтую ўвагу вучняў на напісанні галосных е, ё, я; затым гэтае правіла паўтараюць навучэнцы. Тым вучням, якія адчуваюць цяжкасці пры запамінанні матэрыялу, прапаную самім скласці картасхему “Правапіс не (ня) з прыметнікамі” і карыстацца ёй пры выкананні практыкаванняў, тэставых заданняў, напісанні слоўнікавых дыктантаў.
Ствараючы сістэму практыкаванняў, адбіраю толькі неабходнае. За аснову бяру эфектыўнасць адных практыкаванняў у параўнанні з іншымі, абавязковасць тых ці іншых практыкаванняў у адпаведнасці з тэмай урока. Вопыт паказвае, што эфектыўнымі з’яўляюцца тыя практыкаванні, у якіх паспяхова вырашаюцца арфаграфічныя задачы і якія садзейнічаюць маўленчаму і інтэлектуальнаму развіццю вучняў.
Сярод іх: 1) работа са слоўнікам; 2) арфаграфічныя хвілінкі, накіраваныя на ўменне навучэнца знаходзіць і распазнаваць арфаграмы ва ўмовах як зрокавага, так і слыхавога ўспрымання; 3) карткі з індывідуальнымі заданнямі; 4) папераджальны дыктант; 5) тлумачальны дыктант;
6) дыктант “Правяраю сябе”; 7) праверачны дыктант;
8) пісьмо па памяці; 9) каменціраванае пісьмо; 10) работа з дэфармаваным тэкстам; 11) вучэбна-трэніровачныя тэсты; 12) бліц-тэсты; 12) слоўнікавы дыктант; 13) выбарачны дыктант і інш.
Адзін са шляхоў развіцця арфаграфічнай пільнасці — работа з арфаграфічным слоўнікам. Яе можна праводзіць на розных этапах урока. Работа са слоўнікам развівае назіральнасць, зрокавую памяць, садзейнічае запамінанню форм слова, фарміруе ўменне самааналізу, самаправеркі. Работу са слоўнікамі выкарыстоўваю ў час правядзення самаправеркі або ўзаемаправеркі слоўнікавых дыктантаў, падчас самастойнай работы з трэніровачнымі тэстамі, бліц-тэстамі. Гэтыя віды работ трэніруюць зрокавую памяць навучэнцаў, удасканальваюць навык работы са слоўнікам.
Увага — гэта аснова арфаграфічнай пільнасці. Выкарыстанне на кожным уроку слоўнікава-арфаграфічных хвілінак садзейнічае павышэнню арфаграфічнай пільнасці, удасканальвае культуру пісьма, фарміруе ўвагу. Слоўнікава-арфаграфічныя хвілінкі праводжу на любым этапе ўрока. Яны садзейнічаюць развіццю ў навучэнцаў умення разважаць над прымяненнем правіл да адпаведнага матэрыялу.
Дзейсным сродкам развіцця арфаграфічнай пільнасці з’яўляецца дыктант, з дапамогай якога правяраюцца ўменне правільна пісаць словы на вывучаныя правілы па арфаграфіі і ўменне ставіць знакі прыпынку ў адпаведнасці з вывучанымі правіламі па пунктуацыі. Для актывізацыі інтэлектуальнай дзейнасці навучэнцаў, фарміравання і развіцця іх арфаграфічнай і пунктуацыйнай пільнасці выкарыстоўваю розныя віды дыктантаў. Выбар канкрэтнага яго віду залежыць ад тэмы і мэты ўрока.
На ўроках мовы выкарыстоўваю папераджальна-зрокавы і папераджальна-слыхавы дыктанты. У першым выпадку прапаную вучням уважліва прачытаць тэкст, па якім яны будуць пісаць дыктант. Затым абмяркоўваем вылучаныя вучнямі арфаграмы, выяўляем варыянты напісання. У другім — чытаю тэкст, а вучні пад маім кіраўніцтвам знаходзяць арфаграмы і аналізуюць выбар напісання. Звычайна такі дыктант праводжу на першапачатковым этапе засваення матэрыялу і фарміравання адпаведных уменняў і навыкаў вучняў з мэтай прадухілення няправільных напісанняў. Спачатку вусна праводзіцца тлумачэнне пэўных арфаграм, а потым вучні запісваюць словы пад дыктоўку. Лічу, што праводзіць такія дыктанты лепш у пачатку ўрока і суправаджаць іх запісам на дошцы.
Правядзенне тлумачальнага дыктанта (прамежкавы паміж папераджальным і праверачным) дазваляе выявіць, наколькі трывала вучні засвоілі матэрыял, ці могуць знайсці і растлумачыць арфаграмы, рыхтуе вучняў да самастойнага пісьма. У ходзе дыктанта ўсе напісанні тлумачацца, пры гэтым арфаграфічныя веды замацоўваюцца практычным ужываннем. Тлумачальны дыктант праводжу пры замацаванні пэўнай тэмы або пры паўтарэнні раздзела. Яго мэта — не папярэдзіць магчымыя памылкі, а выправіць іх пасля напісання асобных сказаў або ўсяго тэксту.
Выбарачны дыктант дапамагае засяродзіць увагу вучняў на патрэбнай арфаграме (ці арфаграмах). Лічу, што гэты від дыктанта — адзін з самых актыўных прыёмаў навучання арфаграфіі і развіцця арфаграфічнай пільнасці навучэнцаў. Ён не займае шмат часу, дае магчымасць прывучыць навучэнцаў хутка схопліваць асаблівасці гукавога і марфалагічнага складу слова. Каштоўнасць такой працы ў тым, што выключаецца магчымасць механічнага запісу, аналізуецца больш матэрыялу на пэўнае правіла, чым пры іншых відах дыктанта. Акрамя таго, дзякуючы выбарачнаму запісу, патрэбныя арфаграмы вучні лепш успрымаюць і лягчэй запамінаюць.
Да выбрачнага дыктанта вучняў рыхтую, практыкую выбарачнае чытанне (тлумачэнне з разборам напісанняў, але без іх запісу) і выбарачнае спісванне (запіс слоў на патрэбнае правіла). Выбарачныя дыктанты паступова ўскладняю дадатковымі заданнямі, Напрыклад, падабраць да выбраных слоў праверачныя. У 5 класе выбар патрэбных слоў ажыццяўляецца пад маім кіраўніцтвам, а ў 6 класе вучні гэтую работу выконваюць самастойна. Выбарачны дыктант звычайна выкарыстоўваю пры паўтарэнні, замацаванні і падагульненні вывучанага матэрыялу.
Для правядзення дыктанта па памяці (самадыктанта) выкарыстоўваю тэксты мастацкіх твораў, якія былі вывучаны на ўроках беларускай літаратуры. Пісьмо па памяці садзейнічае развіццю арфаграфічнай і пунктуацыйнай пільнасці навучэнцаў, запісанае звяраецца з прыведзеным у вучэбнай кнізе тэкстам.
Выкарыстанне на ўроках мовы дыктанта “Правяраю сябе” развівае ў вучняў уменне кантраляваць сябе ў час пісьма. Дыктую тэкст, а вучні пішуць і падкрэсліваюць напісанні, у якіх сумняваюцца. Потым высвятляюцца спрэчныя пытанні, а памылкі выпраўляюцца. Пры гэтым наяўнасць пытанняў у час правядзення дыктанта і наяўнасць правак не ўплываюць на адзнаку, якая выстаўляецца ў сшытку вучня.
Дыктант з каментарыем у час пісьма праводжу на аснове арфаграфічнага матэрыялу: вучань называе правіла, дае пэўныя тлумачэнні, робіць вывад пра напісанне пэўных слоў.
Значная роля ў павышэнні арфаграфічнай пісьменнасці належыць праверачнаму дыктанту, з дапамогай якога фармірую арфаграфічныя і пунктуацыйныя ўменні, вызначаю ўзровень валодання вучнямі практычнымі ўменнямі і навыкамі. Праверачны дыктант гарантуе максімальную карысць: ён садзейнічае павышэнню ўвагі навучэнцаў у час аналізу работы, запамінанню правільнага напісання пэўнага слова, папаўненню лексічнага запасу.
Кантроль вучэбнай дзейнасці адыгрывае істотную ролю ў забеспячэнні паспяховасці навучання. У сваёй практыцы выкарыстоўваю розныя формы кантролю: вуснае апытанне, пісьмовыя кантрольныя работы, індывідуальныя карткі, тэставыя работы, творчыя заданні. Крытэрыі ацэньвання вучням вядомыя, тым не менш я заўсёды абгрунтоўваю адзнаку, якую выстаўляю.
Увесь час развіваю ў навучэнцаў здольнасць да самаацэньвання дзеянняў. Для выпрацоўкі адэкватнай самаацэнкі выкарыстоўваю наступныя метады:
– ацэнка вучнем работы, выкананай іншым вучнем (узаемаацэнка). Наяўнасць інфармацыі аб рабоце таварыша з’яўляецца ўмовай для ўзнікнення самаацэначнай дзейнасці;
– самаацэнка пры выкананні пісьмовых заданняў і вусных адказаў па ўзоры.
Важнасць самаацэнкі заключаецца ў тым, што на аснове асэнсавання гэтых вынікаў вучань атрымлівае магчымасць пабудаваць уласную праграму далейшай дзейнасці.
Наталля СУДАРЫКАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крынкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы імя М.Ц.Лынькова Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.