Нядаўна на спецыялізаванай еўрапейскай платформе Vedamo прайшоў фінал конкурсу для таленавітых педагогаў “Анлайн-настаўнік № 1 у Беларусі”. Арганізатарам конкурсу выступала першая ў Беларусі анлайн-школа Prime (https://primeonline.by) пры інфармацыйнай падтрымцы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі (http://mgiro.minsk.edu.by).
У склад журы конкурсу ўвайшлі заснавальнік і дырэктар Prime Таццяна Курэц; настаўнік-метадыст, пераможца міжнародных конкурсаў “Лепшы настаўнік рускай славеснасці найбліжэйшага замежжа”, EdCrunchAwardOEK Алена Волкава; магістр педагагічных навук, кіраўнік адукацыйных праграм Настасся Ганчарова; кандыдат педагагічных навук, намеснік дэкана факультэта павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў, дацэнт кафедры педагогікі МГІРА Дзмітрый Прохараў.
Асноўныя крытэрыі ацэнкі конкурсных работ:
— максімальнае задзейнічанне рэсурсу міжпрадметных сувязей;
— прымяненне лічбавых тэхналогій, інтэрактыўных платформ, мабільных устройстваў, без якіх ужо немагчыма ўявіць сабе “ўрокі будучыні” сёння;
— інавацыйнасць методык і распрацовак.
Конкурс праходзіў у два этапы. Завочны этап — распрацоўка сцэнарыя анлайн-заняткаў і прэзентацыя да іх на платформе Vedamo. Вочны этап — прэзентацыя-абарона сваіх праектаў (запіс трансляцыі на YouTube-канале https://www.youtube.com/watch?v=73nlI3ZOIK4&feature=youtu.be).
Мы прадставілі на конкурс анлайн-заняткі па нямецкай мове для 6 класа па тэме “Ежа”, дзе прапанавалі паглядзець на звычайныя рэчы па-новаму. Ці можа ежа быць не толькі смачнай і карыснай, але і музычнай? Ці можа агародніна стаць садавіной? Ці існуюць беларускія словы з нямецкімі каранямі? Ці можна на геаграфічнай карце знайсці краіну, чыя назва на розных мовах азначае або поўдзень, або ўсход? На ўсе гэтыя пытанні можна адказаць адным словам: так!
Каб гэта даказаць, мы выбралі фармат ІКС-педыцыі. Само слова ІКС азначае інтрыгу, загадку, уключае фармат квест-тэхналогіі. ІКС — гэта нешта новае, невядомае, тое, што неабходна знайсці. Арыенцірам стала ўзаемадзеянне прадметнага асяроддзя, мовы, культуры і мыслення ў рамках інтэграванага прадметна-моўнага навучання CLIL (Content and Language Integrated Learning).
У выкладанні, як і ў жыцці, ёсць два падыходы. Можна глядзець толькі наперад, а можна выкарыстоўваць прынцып “фасетачнага зроку”. Гэта ўменне глядзець вакол, з мноства ўзаемазвязаных элементаў складаць цэласную карціну свету.
Геаграфія адкрывае месцазнаходжанне краіны, чыя назва ў перакладзе з нямецкай азначае “ўсход” (Österreich), а рускі варыянт падобны да лацінскага і азначае “поўдзень” (Austria). Пошукавая аперацыя “Аўстрыя” завяршылася паспяхова на інтэрактыўным анлайн-сэрвісе GoogleMaps (https://www.mapsdirections.info/de/).
Гісторыя дапамагае даведацца, якая агародніна вось ужо 20 гадоў на тэрыторыі Еўрасаюза афіцыйна лічыцца садавіной. Парадаксальна, але факт! Гэта… морква. З яе робяць варэнне, а варэнне бывае толькі з садавіны.
З дапамогай гульні “Kim-Spiel: што змянілася?” можна не толькі пратэсціраваць зрокавую памяць, але і правесці моўныя паралелі. Было прапанавана знайсці на малюнку 9 беларускіх слоў, у якіх нямецкія карані. Адказы: der Pinsel — пэндзаль; malen — маляваць; fein — файны; der Zucker — цукар — цукерка; die Farbe — фарба; das Malbrett — мальберт; das Papier — папера; die Gurke — агурок; die Zwiebel — цыбуля.
Аснова нашых заняткаў — аўтэнтычны відэарэпартаж пра ўнікальны Венскі аркестр з агародніны (https://www.wdrmaus.de/filme/sachgeschichten/gemueseorchester.php5). У цэнтры ўвагі — арыгінальныя музычныя інструменты. Вучням прапаноўваецца творчая гульня “Эвалюцыя”: абудзі сваю фантазію, спалучы два прадметы і ствары новы вобраз. Што атрымалася? Маркоўная флейта? Трашчотка з баклажана? Труба з цукіні? А які незвычайны інструмент прыйдзецца вам даспадобы?
Міжпрадметныя сувязі дапамагаюць “абудзіць” пазнавальную цікавасць вучняў. Наступны крок — накіраваць іх “разумовую энергію” ў патрэбнае рэчышча. Прывяду аналогію: даказана, што язда на веласіпедзе актывізуе мысліцельныя працэсы. Таму на занятках ствараем “велатрэнажор для мазгоў”, прапаноўваючы вучням наступныя заданні:
— вылучыць гіпотэзы (выказаць здагадку, што можа быць унутры чорнай скрыні);
— спрагназаваць далейшы ход падзей (выкарыстоўваем стоп-кадр пры рабоце з відэа);
— скласці правілы нетыкету для зносін на анлайн-занятках (https://www.duden.de/rechtschreibung/Netiquette);
— пабудаваць лагічны ланцужок (як агародніна можа стаць садавіной, ці можна ў космасе слухаць музыку);
— знайсці невідавочнае прымяненне прадмета. Напрыклад, дадзены тры малюнкі: нож, каструля, свердзел. Як можна выкарыстаць гэтыя прадметы на кухні? Небходна выйсці за межы стэрэатыпаў. З дапамогай свердзела ўдзельнікі гародніннага аркестра майструюць свае дзіўныя інструменты.
Такім чынам, вучні разумеюць, што з дапамогай нямецкай мовы яны атрымліваюць порцыю той самай ежы для розуму, якая прымушае думаць, разважаць, дазваляе пракачаць логіку, мысленне, уяўленне.
Чым большая колькасць каналаў, па якіх да нас паступае інфармацыя, тым глыбейшае яе разуменне і лягчэйшае запамінанне. Інтэрактыўная платформа Vedamo дапамагае стварыць мультысенсорнае асяроддзе, якое аб’ядноўвае аўдыяльны, візуальны і кінестычны каналы ўспрымання і перапрацоўкі інфармацыі. Вучні становяцца актыўнымі ўдзельнікамі і сааўтарамі вучэбнага працэсу, выкарыстоўваючы разнастайныя формы ўзаемадзеяння з матэрыялам:
— актыўныя формы ўзаемадзеяння (навігацыя па пабочных платформах/выбар варыянту адказу на платформе LearningApps.org/маштабіраванне аб’ектаў/работа з медыя-плэерам/выкарыстанне бібліятэкі фігур платформы Vedamo);
— дзейнасныя формы ўзаемадзеяння (перамяшчэнне аб’ектаў/работа са слаямі/выдаленне, унясенне аб’ектаў у актыўнае поле/дабаўленне запісаў/выкарыстанне чату/разнастайныя інструменты чарчэння і малявання).
Навучанне становіцца яшчэ больш каштоўным, калі яно пераходзіць у саманавучанне. Прапаноўваем вучням дыферэнцыраваныя дамашнія заданні.
“Рабі з намі!” — перайдзі па QR-кодзе на Вікі-слоўнік. Падумай, якія яшчэ словы прыйшлі да нас з нямецкай мовы. Ствары ўласны слоўнік у карцінках.
“Рабі, як мы!” — перайдзі па QR-кодзе на апісанне вопыту і правядзі дома эксперымент “Шклянкі, якія спяваюць”. Запоўні даследчы ліст на стар. 46. Расфарбуй гукарад: звонкія гукі — светла-жоўтым колерам, глухія — цёмна-зялёным і сінім. Адказ знойдзеш на стар. 47.
“Рабі лепш за нас!” — пагуляй у гульню “Эвалюцыя. Працяг”: аб’яднай два розныя прадметы і ствары новы вобраз. Напрыклад, як можна аб’яднаць расчоску і тапачкі? Пракачай гібкасць розуму і творчае мысленне!
І на завяршэнне. Выкарыстайце прапанаваныя QR-коды/спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы і ператварыце чытанне артыкула ў інтэрактыўны працэс. Прыемнага прагляду!
Вольга ДЗЯДОВІЧ,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі № 24 Мінска,
Сяргей МАЗУРЭНКА,
настаўнік фізікі сярэдняй школы № 178 Мінска імя Т.А.Лук’яновіча; пераможцы конкурсу “Анлайн-настаўнік № 1”.