Візуальная інтэрактыўная матэматыка

У сувязі з ростам аб’ёмаў інфармацыі становіцца папулярным прадстаўляць інфармацыю ў выглядзе выяў. Па даных даследавання CISCO, 90% усёй інфармацыі ў інтэрнэце — візуальныя даныя. Велізарную колькасць інфармацыі неабходна асвойваць і сучасным школьнікам. Для сённяшніх навучэнцаў самымі звыклымі і хуткімі для ўспрымання формамі інфармацыі з’яўляюцца выявы, відэа і іншыя візуальныя даныя. Развіццё інфармацыйных тэхналогій і фарміраванне новай візуальнай культуры вылучае новыя патрабаванні, што прад’яўляюцца да дзейнасці педагога. Сёння настаўніку неабходна навучыцца падаваць вучэбны матэрыял у візуальнай форме. Пры гэтым трэба змагчы інтэрпрэтаваць аб’ём вучэбнай інфармацыі і падаць яе ў найбольш зручнай і зразумелай форме, выкарыстоўваючы розныя сродкі — тэксты, графічныя выявы, відэа- і аўдыязапісы, інтэрактыўныя элементы.

Пры вырашэнні гэтай задачы паўстае шэраг пытанняў:

1. Як сціснуць, структураваць інфармацыю так, каб яна не страціла сэнсавай нагрузкі?

2. Якія аптымальныя інструменты, што дазваляюць візуалізаваць розныя тыпы інфармацыі, выбраць з наяўнай разнастайнасці?

3. Якія правілы неабходна выконваць пры візуалізацыі інфармацыі?

Візуалізацыя — гэта наглядны спосаб прадстаўлення любой інфармацыі, якая лепш засвойваецца навучэнцамі, калі ёсць апора на зрокавы вобраз. Прымяненне нагляднасці не з’яўляецца інавацыяй у педагогіцы. Яшчэ ў ХVІІ стагоддзі чэшскі педагог Ян Амос Каменскі распрацаваў тэорыю нагляднасці як прынцыпу нагляднасці ў дыдактыцы. Таму пры візуалізацыі інфармацыі ўжываю ўсе правілы выкарыстання прынцыпу нагляднасці.

У адрозненне ад іншых школьных прадметаў матэматыка здаецца навучэнцам сухой і сумнай, дзе нічога новага не адбываецца. Каб раскрыць прыгажосць навукі, матываваць навучэнцаў на яе вывучэнне, рэалізую ў сваёй рабоце візуалізацыю вучэбнага матэрыялу і інтэрактыўныя сродкі навучання.

За час сваёй педагагічнай дзейнасці ацаніла шматлікія праграмы і сэрвісы. І спынілася на тых, якія адпавядаюць маім патрабаванням і спецыфіцы прадмета.

Праграмамі Microsoft Power Point і Geogebra кары­стаюся даўно, і яны да гэтага часу не страцілі сваю актуальнасць. Пастаянна вывучаю іх новыя магчымасці і спосабы прымянення пры навучанні матэматыцы. Microsoft Power Point — гэта не проста перагортванне слайдаў, якія з’яўляюцца камбінацыяй тэксту і малюнкаў, пры тлумачэнні новага матэрыялу настаўнікам. Пры правільным афармленні слайдаў, выкарыстанні гіперспасылак, уменні ствараць анімацыю і трыгеры прэзентацыя ў залежнасці ад пастаўленых мэт пера­твараецца ў схему, дыяграму, апорны канспект, інтэрактыўны плакат, дыдактычную гульню, відэа. Напрыклад, на першых уроках геаметрыі ў 10 класе для разумення ўсіх выпадкаў узаемнага размяшчэння дзвюх прамых, прамой і плоскасці, дзвюх плоскасцей у прасторы стварыла інтэрактыўны плакат “Уводзіны ў стэрэаметрыю” (мал. 1).

Мал.1. Адзін са слайдаў інтэрактыўнага плаката “Уводзіны ў стэрэаметрыю”

Кнопкі ў плакаце клікабельныя. Пры націсканні на любую з іх адлюстроўваецца карцінка, якая ілюструе адпаведнае размяшчэнне геаметрычных аб’ектаў, іх апісанне і абазначэнне. Гэта забяспечвае максімальнае ўзаемадзеянне навучэнца з інфармацыяй.

Праграму Geogebra выкарыстоўваю для пабудовы графікаў функцый, мадэлей геаметрычных цел, для задач на пабудову, на эксперымент і даследаванне, для ілюстрацыі графічнага метаду рашэння ўраўненняў і задач з параметрамі. Станоўчы момант выкарыстання праграмы ў тым, што візуальны паказ вучэбнага матэрыялу робіць яго цікавым, больш інфарматыўным, зразумелым, пераканаўчым, фарміруе прасторавае ўяўленне, спрыяе лепшаму за­сваенню матэрыялу.

Напрыклад, з дапамогай мадэлі “Даследаванне графіка функцыі y = а (x–s)2” (мал. 2) добра праглядваецца ўвесь працэс пераўтварэння графіка, яго рух адносна восей каардынат, а не толькі пачатковы і канчатковы вынік. Парабала выяўляецца аўтаматычна пры любым значэнні параметраў a, c, s, змена якіх адбываецца з дапамогай перамяшчэння бегункоў. Анімацыю можна захаваць у фармаце gif, і потым адкрыць, не выкарыстоўваючы праграму Geogebra.

Мал. 2. Графік функцыі y = а (x–s)2

Усё больш і больш запатрабаваныя ў адукацыі вэб-рэсурсы і сэрвісы. Для стварэння воблака слоў выкарыстоўваю сэрвіс Wordart.com. Ён дазваляе ствараць графічныя выявы, якія змяшчаюць тэкст у пэўнай форме і колеры. У такія выявы ўключаю істотныя паняцці і тэрміны матэматыкі. Іх можна выкарыстоўваць на розных этапах урока. Напрыклад, у 5 класе на ўроку матэматыкі “Звычайныя дробы”, прысвечаным Міжнароднаму дню лесу, навучэнцы з наваднымі пытаннямі настаўніка называюць тэму ўрока і фармулююць мэты (мал. 3).

Мал. 3. Воблака слоў

У анлайн-сэрвісе Mentimeter.com можна стварыць воблака слоў з навучэнцамі ў рэжыме рэальнага часу, напрыклад, каб атрымаць зваротную сувязь ад вучняў на этапе рэфлексіі.

Каб зрабіць урок разнастайным, а вучэнне займальным, ствараю інтэрактыўныя крыжаванкі ў сэрвісе Puzzlecup.com, інтэрактыўныя філворды ў сэрвісе Onlinetestpad.com. Трэба падзяліцца спасылкай на гэтыя актыўнасці з навучэнцамі. Вынікі аўтаматычна фіксуюцца ў маім профілі. Пры неабходнасці крыжаванку можна захаваць у фармаце *.doc, вілворд — у фармаце *.pdf для далейшай раздрукоўкі. Добрай дапамогай на этапе матывацыі навучэнцаў з’яўляецца генератар рэбусаў Rebus1.com. Адным націсканнем клавішы слова або фраза ператвараецца ў рэбус. Напрыклад, у 6 класе, каб даведацца пра назву тэмы “Прапорцыя”, навучэнцы разгад­ваюць рэбус (мал. 4).

Мал.4. Рэбус “Прапорцыя”

Вялікія магчымасці забеспячэння нагляднасці і інтэрактыўнасці прапануе сэрвіс Genial.ly. Гэта шматфункцыянальны інструмент, з дапамогай якога можна стварыць разнастайныя адукацыйныя рэсурсы: інтэр­актыўныя плакаты, інфаграфіку, інтэрактыўныя прэзентацыі, дыдактычныя гульні, адукацыйныя лонгрыды і г.д. У сэрвісе мноства гатовых шаблонаў з магчымасцю рэдагавання.

Напрыклад, пры вывучэнні рацыянальных лікаў на этапе першаснага замацавання ведаў прапаную гульню на размеркаванне пунктаў з зададзенымі каардынатамі на каардынатнай прамой (мал. 5). Усе кропкі можна перамяшчаць у патрэбнае становішча.

Мал. 5. Гульня на перацягванне аб’ектаў

Рэсурсамі, створанымі ў сэрвісе Genial.ly, можна падзяліцца з дапамогай спасылкі або ўбудаваць з дапамогай html-кода на свой блог ці сайт.

Аднак важна не забываць пра правілы афармлення сваіх адукацыйных рэсурсаў. Пры стварэнні любых матэрыялаў да ўрока прытрымліваюся наступных правіл:

1. Прымяняць нагляднасць там, дзе без яе немагчыма абысціся.

2. Правяраць на арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі.

3. Захоўваць адзіны стыль афармлення.

4. Выкарыстоўваць не больш за 2—3 шрыфты.

5. Гарманічныя колеравыя спалучэнні.

6. Мінімум эфектаў і анімацыі.

7. Захоўваць правы на інтэлектуальную ўласнасць.

8. Не займацца “аздабляльнасцю”.

Выкананне правіл нагляднасці і правільнага афармлення адукацыйных рэсурсаў спрыяе эфектыўнаму ўспрыманню, палепшанаму запамінанню і ўзнаўленню вучэбнага матэрыялу па матэматыцы, развіццю крытычнага і візуальнага мыслення, павышэнню ві­зуальнай пісьменнасці і візуальнай культуры. Прычым апасродкаванае вывучэнне анлайн-сэрвісаў спрыяе развіццю лічбавых кампетэнцый старшакласнікаў, што забяспечвае пераход навучэнца на больш высокі ўзровень пазнавальнай дзейнасці.

Ірына ПАЧКО,
настаўніца матэматыкі Столінскай дзяржаўнай гімназіі Брэсцкай вобласці.