Праз стагоддзі з дапамогай віртуальнай рэальнасці

Новы навучальны год пачаўся для мяне ў сталічнай сярэдняй школе № 32 пасля шасці гадоў дэкрэтнага адпачынку. Гэта быў час пераасэнсавання сябе, жыццёвых арыенціраў, набыцця новага статусу, назапашвання ідэй, стратэгій, задач. Плануючы арганізацыйна-выхаваўчую работу па прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, шукала арыгінальныя падыходы, спосабы зацікаўлівання вучняў 5-х класаў. На адной хвалі з пяцікласнікамі быць няпроста: дзеці перанасычаны інфармацыяй з розных крыніц пра розныя галіны жыцця. Як знайсці месца для беларускай мовы і літаратуры, якія даволі часта сучаснымі падлеткамі ўспрымаюцца як замежныя?

“Дарогамі кнігі праз стагоддзі” — так называлася пазакласнае мерапрыемства па беларускай літаратуры. Вучні 6 класа рыхтавалі прэзентацыю сваёй настольнай кнігі. Прыем­на адз­начыць, што дзеці чытаюць! Сярод упадабаных падлеткамі аўтараў — Р.Кіплінг, Н.Кухарска, С.Нурдквіст, Э.Файн, Ч.Л.Хан, А.Ліндгрэн, Э.Брайтан, Х.Вэб, Дж. Роўлінг і іншыя.

Пасля знаёмства з любімымі кнігамі шасцікласнікаў нарэшце быў атрыманы адказ на пытанне: “Чаму ў нашым кабінеце расстаўлена невядомая да гэтага апаратура і стаіць дадатковы ноўтбук і тэлевізар?”.

Дапамогу мне аказаў баць­ка вучаніцы 6 “Г” класа Дзмітрый Віктаравіч Носік, дырэктар ГАА “ТрыВіжн”, кампаніі, якая распрацавала і рэалізавала праект “Вандроўка ў друкарню Францыска Скарыны”. Ён згадзіўся прыняць удзел у нашым мерапрыемстве.
Віртуальная рэаль­насць — гэта з’ява, якая ўжо добра знаёма прагрэсіўнай частцы падлеткаў: тэматычныя квесты ў спецыялізаваных забаўляльных цэнтрах, хатнія забавы з падобным абсталяваннем… Некаторыя навучэнцы ўжо каталіся з гары на лыжах, пераадольваючы перашкоды на сваім шляху, малявалі ў фармаце 3D, не змарнаваўшы пры гэтым ніводнага грама фарбы і аркуша паперы.

…Надзелі першаму шчасліўчыку шлем, далі ў рукі маніпулятары — і запанавала цішыня: дзіця крочыла па друкарні ХVІ стагоддзя, а аднакласнікі ўважліва назіралі за хлопцам. Кастусь Сухоцкі ўбачыў друкарскі станок, які ў тыя часы быў драўляным з некаторымі металічнымі дэталямі. Галоўная яго частка — драўляны вінт з рычагом, які называецца кукой. Знізу ён завяршаўся чатырохвугольнай націскной плітой. Да друкарскага станка быў прымацаваны рухомы стол — талер. На талеры размяшчалася друкарская форма з наборам. Тэкст пакрывалі пластом фарбы і аддрукоўвалі… Кастусь, уражаны, здымае шлем.

Цяпер па сівой даўніне крочыць Арцём Шляпо. Ён трапіў у скрыпторый, майстэрню рукапіснай кнігі. Хлопчык бачыць постаць манаха, хутчэй за ўсё гэта скрыптар — перапісчык, а можа і мастак, які ўпрыгожвае кнігу. Работа лічылася цяжкай, таму займаліся ёй пераважна мужчыны.

Гледзячы на манітор камп’ютара, настаўніку лёгка каменціраваць любы крок вучня, на якім шлем для віртуальянай рэальнасці. Я расказала падарожнаму, што адной з самых ілюстраваных беларускіх кніг лічыцца “Радзівілаўскі летапіс”. У ёй змешчана 618 каляровых мініяцюр, кожная з якіх мае вялікую мастацкую і гістарычную каштоўнасць.

А вось і ўнікальны экспанат вандроўкі — “Малая падарожная кніжка”, якая была выдадзена ў доме віленскага бургамістра Якуба Бабіча ў Вільні ў 1522 годзе!!! З дапамогай кантролераў — спецыяльнага прыстасавання, якое ідзе ў камплекце са шлемам, — можна пагартаць старонкі выдання, што лічыцца першай кнігай, выдадзенай на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі беларускія землі. І вось перад вачыма яны, унікальныя гравюры, застаўкі і ініцыялы!

Шчыра кажучы, сэрца білася часцей ад адной толькі думкі, што, знаходзячыся ў 212 кабінеце мінскай школы, вандруеш у нерэальна прыгожай абстаноўцы, гартаеш выданне ХVІ стагоддзя, бачыш друкарскі станок, біблія­тэку с вялікай колькасцю кніг, постаць манаха, чуеш патрэскванне палення ў каміне… А Дзмітрый Віктаравіч, распрацоўшчык праграмы, прапануе ўзяць у рукі кандэлябр і пасвяціць ім над сталом, а пасля асцярожна, бо гараць свечкі, паставіць у іншае месца…

Асабліва ўважлівая Дар’я Ільяшук была ў захапленні ад вясёлага гноміка, які схаваўся ў коміне… Дзяўчынка дзеліцца ўражаннямі:
— Калі я вандравала па штучна створанай рэальнасці, то ўвесь час задавала сабе пытанне: “А гэта рэальна ці вір­туальна?”. Калі я падышла да “Малой падарожнай кніжкі”, на свае вочы яе ўбачыла і з дапамогай кантролераў пагартала, то зразумела, што са мной адбываецца нешта грандыёзнае!

Сапраўды, шасцікласнікі далучыліся да сусветнай гістарычна-культурнай каштоўнасці — не менш.

Па сутнасці, віртуальная рэальнасць — гэта захапляючая гульня з вялікім патэнцыялам, эфектыўны інструмент у сістэме адукацыі. Выкарыстаўшы такую, пакуль, на вялікі жаль, унікальную магчымасць — знаёмства з друкарняй былых часоў, мы ўсім класам каталіся на горных лыжах, зляталі ў Рыа-дэ-Жанейра, Венецыю і Шанхай; падняліся на ліфце на вышыню небаскроба, а пасля паляцелі з яго ўніз…

Вельмі добра, што на Міжнароднай спецыялізаванай навукова-тэхнічнай выставе-форуме “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”, якая праходзіць у Мінску штогод у канцы восені, прэзентуюцца цікавыя праекты, праграмы, напрыклад, “Свет Далі”, “Урокі анатоміі”, уздымаюцца пытанні ўкаранення і шырокага выкарыстання перадавых інфармацыйных тэхналогій у галіне адукацыі, павышэння лічбавай дасведчанасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і ўмацавання кадравага патэнцыялу краіны.

Упэўнена, што ўрокі біялогіі, хіміі, фізікі, геаграфіі, мастац­тва, літаратуры змогуць зайграць новымі фарбамі пры выкарыстанні віртуальнай рэальнасці. Цікава, што мэта ўстойлівага развіцця № 4 у Беларусі “Забеспячэнне ўсёабдымнай і справядлівай якаснай адукацыі і заахвочванне магчымасці навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх” можа быць рэалізавана ў тым ліку і сродкамі лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі.

Як настаўнік з 16-гадовым стажам работы ў сістэме адукацыі зазначу, што сёння адукацыйная прастора не можа існа­ваць у баку ад змен у грамадстве, выкліканых яго лічбавізацыяй. Інфар­мацыйныя тэхналогіі інтэграваны ў вучэбны працэс.

Новыя тэхналогіі — сур’ёзны выклік для існуючай сіс­тэмы адукацыі. Яны робяць працэс навучання не толькі карысным, але і неверагодна захапляючым.

Улада СКУРАТОВІЧ,
вучаніца 6 класа;
Вікторыя ЛЕПЯШЫНСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 32 Мінска.