Анлайн-дошка padlet у навучанні нямецкай мове

Цяперашняе пакаленне школьнікаў можна назваць па-сапраўднаму лічбавым пакаленнем. Задача настаўніка — захапіць дзіця, зрабіць так, каб яно само хацела атрымліваць новыя веды, не баялася цяжкасцей, упэўнена ішло да пастаўленай мэты. Немагчыма ўявіць сабе сучасны працэс навучання без новых інфармацыйных тэхналогій, якія робяць яго больш простым, цікавым і займальным. Для вырашэння гэтай задачы адным з эфектыўных сродкаў, на мой погляд, з’яўляецца выкарыстанне інтэрактыўнай анлайн-дошкі Padlet, якая дазваляе адсочваць работу навучэнцаў, спрыяе стварэнню станоўчай матывацыі, фарміраванню навыкаў каманднай работы.

Заданні, створаныя на анлайн-дошцы, даступныя для калектыўнага рэдагавання, дапаўнення, шматразовага прымянення. Выкарыстанне інтэрактыўнай анлайн-дошкі Padlet у навучанні нямецкай мове дае магчымасць візуалізаваць інфармацыю, працаваць дыстанцыйна. Пры гэтым настаўнік выступае ў ролі каардынатара.

Работу з гэтым сэрвісам пачынаю з ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Спачатку знаёмлю навучэнцаў з правіламі работы. Важна паказаць магчымасці выкарыстання гэтай дошкі пры калектыўным стварэнні анлайн-сцяны: для размяшчэння паведамлення на віртуальнай анлайн-сцяне неабходна двойчы націснуць левай кнопкай мышы ў свабодным месцы сцяны і ўпісаць неабходную інфармацыю або скапіраваць і ўставіць спасылку, пазначыўшы пры гэтым крыніцу інфармацыі; да паведамлення на сцяне можна прымацаваць малюнак, відэа, тэкставы дакумент Word, прэзентацыю PowerPoint, гукавы файл. Таксама можна размясціць на сцяне відэаролік, знойдзены на канале YouTube; для замацавання паведамлення на сцяне неабходна націснуць левай кнопкай мышы па-за паведамленнем (у любым свабодным месцы) і перамясціць яго так, каб інфармацыя на сцяне размяшчалася акуратна, пры гэтым падпісаўшы яго.

Пры рабоце з гэтым сэрвісам неабходна выконваць наступны алгарытм дзеянняў для стварэння анлайн-дошкі:

1. Рэгіструемся на рэсурсе Padlet.com.

2. Дабаўляем новую дошку.

3. Выбіраем тып сцяны.

4. Уводзім назву дошкі, апісанне; выбіраем абоі (можна дабавіць уласныя абоі) і — сцяна гатова.

5. Напаўняем анлайн-дошку неабходнай інфармацыяй, якая ўключае вучэбны матэрыял па тэме, што вывучаецца.

6. Капіруем спасылку на анлайн-дошку і дзелімся ёй з навучэнцамі.

Атрымаўшы спасылку, кожны навучэнец зможа запісаць туды пост, пакі­нуць паведамленні, каментарыі, дабавіць фатаграфіі або відэа, не рэгіструючыся.

Так, пры арганізацыі вучэбных заняткаў у 7 класе па тэме “Падарожжа па розных краінах” з выкарыстаннем гэтага сэрвісу планую напаўненне анлайн-дош­кі згодна  з этапамі ўрока.

У самым пачатку ўрока на арганізацыйна-матывацыйным этапе прапаную навучэнцам па QR-кодзе перайсці на платформу сэрвісу Padlet. сom https:
//padlet.com/nevmerzhitskayasvetlanka/ytr09jgst5ipxhmi.

Гэта дазваляе захапіць навучэнцаў, настроіць іх на эфектыўную сумесную дзейнасць, уключыць у актыўнае ўзаемадзеянне.

На этапе мэтавызначэння навучэнцам прапануецца калаж з выявай славутасцей Германіі, выкарыстоўваючы які навучэнцы ўдзельнічаюць у вызначэнні тэмы і мэт урока. Такі від работы спрыяе ўсведамленню мэтавызначэння, вызначэнню і тлумачэнню мэт урока самімі навучэнцамі, стварэнню станоўчай матывацыі.

На этапе актуалізацыі ведаў, пераходзячы па спасылцы на анлайн-сэр­віс bubbl.us, навучэнцы складаюць “карту ідэй” пра тое, якія краіны і іх славутасці яны хацелі б наведаць, ажыццяўляецца збор ідэй. Такі від дзейнасці спрыяе актуалізацыі ведаў навучэнцаў, дазваляе арганізаваць калектыўны мазгавы штурм, нават калі ўдзельнікі знаходзяцца на адлегласці.

На аперацыйна-пазнавальным этапе прапаную навучэнцам прайсці па спасылцы і здзейсніць анлайн-падарожжа па карціннай галерэі горада Дрэздэна, а затым падрыхтаваць віртуальны праспект па вывучаемай тэме. З мэтай прамежкавага кантролю ўспрымання і разумення навучэнцамі атрыманай інфармацыі на гэтым этапе прапаную выканаць інтэрактыўнае заданне. Для гэтага навучэнцы пераходзяць па спасылцы на сэрвіс LearningApps.org.

На аперацыйна-дзейнасным этапе навучэнцы абмяркоўваюць мэту паездкі і складаюць сумесны “маршрут” запланаванай паездкі па краінах вывучаемай мовы. Навучэнцы абмяркоўваюць час выезду, від транспарту, спіс неабходных рэчаў і г.д. Ажыццяўляецца абмен інфармацыяй, навучэнцы пакідаюць свае каментарыі. Работа можа быць арганізавана ў камандах, што робіць працэс навучання яшчэ больш прывабным.

Выкарыстанне інтэрактыўнай анлайн-дошкі Padlet на рэфлексійна-ацэначным этапе дазваляе ажыццяўляць кантроль атрыманых ведаў з дапамогай такіх відаў работы, як складанне сінквейна, выкананне віктарыны ў сэрвісе kahoot.it або на бясплатнай платформе wixsite.com, дзе навучэнцы праходзяць тэсты. Вынікі паступаюць на камп’ютар настаўніка, апрацоўваюцца і аналізуюцца.

Гатовай дошкай можна падзяліцца ў сацсетках, убудаваць у сайт, экспартаваць у розных фарматах, раздрукаваць і нават стварыць QR-код.

Укараненне сучасных інавацый у адукацыю не толькі з’яўляецца сродкам падтрымання матывацыі, але і дапамагае навучэнцам дасягнуць больш высокіх вынікаў у навучанні. Інтэрактыўная анлайн-дошка Рadlet з’яўляецца эфектыўным сродкам планавання вучэбнага матэрыялу. Навучэнцы не толькі атрымліваюць новыя веды, але і асвойваюць спосабы атрымання і перапрацоўкі інфармацыі, актывізуецца пазнавальная дзейнасць школьнікаў, развіваецца іх творчы патэнцыял.

Святлана НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ,
настаўніца нямецкай мовы, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 14 Мазыра.