Акцэнт на актыўную пошукавую дзейнасць

У тым, што вучні Галіны Эдуардаўны Давідоўскай, якая працуе ў гімназіі № 21 Заводскага раёна сталіцы, вельмі захоплены гісторыяй і грамадазнаўствам, сумнявацца не даводзіцца. Гімназісты з нецярпеннем чакаюць кожнага ўрока настаўніцы. Пытання “Хто будзе выступаць на алімпіядзе ці навукова-практычнай канферэнцыі?” не паўстае ніколі, бо кожны раз жадаючых паспрабаваць свае сілы нямала.
Выхаванцы Г.Э.Давідоўскай рэгулярна займаюць прызавыя месцы на алімпіядах па гісторыі, навукова-практычных канферэнцыях, розных інтэлектуальных конкурсах. Так, Пётр Кліменка атрымаў дыплом ІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Улад Літвінаў, Улад Савянок і Іна Арэп’ева сталі пераможцамі раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Інтэлект будучыні” на секцыях “Гісторыя Беларусі” і “Сусветная гісторыя”, а таксама ўладальнікамі дыпломаў ІІ і ІІІ ступені на IX Міжнародным форуме студэнцкай і навучэнскай моладзі “Першы крок у навуку 2012”.
Галіна Эдуардаўна — лаўрэат спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, удастоена прэміі Мінгарвыканкама за абагульненне вопыту па тэме “Развіццё пазнавальных кампетэнцый навучэнцаў у пазаўрочны час па прадмеце“Гісторыя” з дапамогай сродкаў новых інфармацыйных тэхналогій”.

“У дзяцінстве я марыла стаць археолагам, праводзіць раскопкі, знаходзіць цікавыя рэчы, — расказвае настаўніца. — Вельмі любіла чытаць гістарычныя кнігі, як мастацкія, так і навукова-папулярныя, дакументальнага характару. Так паступова і захапілася гісторыяй. А пасля школы вырашыла паступаць у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М.Горкага”.
Пасля яго заканчэння маладога спецыяліста размеркавалі ў няпоўную базавую школу вёскі Горкі Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Як прыгадвае настаўніца, першапачаткова былі цяжкасці з дысцыплінай у класе, з выстаўленнем адзнак, з уменнем данесці інфармацыю да дзіцяці. Аднак дзякуючы дапамозе калег гэтыя праблемы вырашаліся, і Г.Э.Давідоўская злавіла сябе на думцы, што ёй падабаецца ўзаемадзейнічаць з дзецьмі.
Галіна Эдуардаўна больш за 20 гадоў адпрацавала настаўніцай гісторыі. Па водгуках калег, у рабоце педагог імкнецца развіць патэнцыял кожнага навучэнца, зацікавіць яго не толькі сваім прадметам, але і паказаць усю шматграннасць навакольнага свету. Яна развівае ў навучэнцаў уменне раскрываць сутнасць і сэнс гістарычных, эканамічных з’яў, працэсаў і паняццяў, аналізаваць і параўноўваць, абагульняць факты мінулага і сучаснасці, даваць ацэнку з’явам і дзеянням людзей, працаваць з крыніцамі гістарычных ведаў, дакументамі, картамі, прымяняць гістарычныя і эканамічныя веды пры аналізе з’яў і працэсаў. Галіна Эдуардаўна — настаўніца творчая, захопленая, якая выпраменьвае душэўную пяшчоту і цеплыню, аптымістычна адносіцца да жыцця, верыць у свае сілы і сілы сваіх вучняў, здольная меркаваць аб усім смела і самастойна. Энергія педагога перадаецца яе навучэнцам, якія пранікаюцца любоўю да прадмета і ў выніку атрымліваюць высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні.
“На мой погляд, “Гісторыя” — вельмі важны прадмет, таму што кожны чалавек, грамадзянін павінен быць інтэлектуальна развітым, а гуманітарныя прадметы, такія як “Літаратура”, “Гісторыя”, “Грамадазнаўства”, садзейнічаюць гэтаму, — адзначае Г.Э.Давідоўская. — “Гісторыя” — прадмет даволі ўніверсальны. Ён прадугледжвае веданне не толькі гістарычных падзей, але і эканомікі, геаграфіі, паліталогіі, культурных дасягненняў розных народаў. Галоўнай задачай гістарычнай адукацыі ў сучасных умовах з’яўляецца не толькі атрыманне навучэнцамі пэўнай базы ведаў, але і фарміраванне ў іх уменняў і навыкаў самастойнага іх набыцця. Ключавыя кампетэнцыі фарміруюцца толькі ў вопыце ўласнай дзейнасці, таму адукацыйная прастора павінна будавацца так, каб дзіця аказвалася ў сітуацыях, якія садзейнічаюць іх станаўленню, а выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій дазваляе змясціць акцэнт з вербальных метадаў навучання гісторыі на метады пошукавай і творчай дзейнасці”.
Г.Э.Давідоўская актыўна выкарыстоўвае ў рабоце сучасныя тэхналогіі навучання. Эфектыўнымі, на яе думку, з’яўляюцца інтэрактыўныя метады навучання, элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо (“асацыяцыі”, кластары, сінквейны і г.д.). Зацікавіць дзяцей гісторыяй дазваляюць гульнявыя метады і прыёмы работы. У прыватнасці, для пяцікласнікаў настаўніцай распрацавана гульня “Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі”. На аснове твораў Гамера “Іліяда” і “Адысея” (а яны вывучаюцца гімназістамі больш падрабязна ў адаптаваным варыянце) рыхтуюцца пытанні, звязаныя з дзейнасцю старажытнагрэчаскіх герояў. Гэтыя пытанні размяркоўваюцца па намінацыях. Навучэнцы падзяляюцца на групы і паміж імі праводзіцца гульня. Звычайна настаўніца фарміруе каманды загадзя. Тут часта ўлічваецца і жаданне дзяцей, і іх паспяховасць, і інтарэсы. За правільны адказ каманды атрымліваюць медалі або жэтоны. Перамагае тая каманда, на рахунку якой будзе больш трафеяў.
Галіна Эдуардаўна аддае перавагу групавым формам работы. “Групавая работа вельмі эфектыўная. Праўда, яе нельга выкарыстоўваць пастаянна. Гэтую работу варта дакладна арганізаваць. У групу павінны ўваходзіць як слабыя, так і моцныя навучэнцы, педагогу неабходна прапаноўваць заданні, у якіх былі б задзейнічаны ўсе дзеці. І ў групе навучэнцы самі бачаць, хто праяўляе большую актыўнасць, а хто — меншую. Прычым звычайна працуюць усе дзеці, нікому не прыйдзе ў галаву адсядзецца за спінай таварыша, бо падвесці сваю каманду не жадае ніхто”, — заўважае настаўніца.
Звычайна ў групавой форме арганізуюцца ўсе паўтаральна-абагульняльныя ўрокі (на думку Г.Э.Давідоўскай, гэта, бадай што, самыя галоўныя ўрокі, бо яны дапамагаюць сістэматызаваць увесь пройдзены матэрыял). Падчас іх навучэнцы паўтараюць даты, імёны, выконваюць заданні. Урок праходзіць вельмі інтэнсіўна, у хуткім тэмпе. Гімназісты чакаюць такіх урокаў. Яны “зарабляюць” жэтончыкі і ў залежнасці ад іх колькасці атрымліваюць адзнакі.

Асаблівае месца ў дзейнасці Галіны Эдуардаўны займае работа з адоранымі дзецьмі. Настаўніца выкарыстоўвае методыку, накіраваную на развіццё пазнавальных кампетэнцый навучэнцаў. Так, звычайна з навучэнцаў 7—9 класаў фарміруецца група, з якой у пазаўрочны час, на факультатыўных і стымулюючых занятках, у тандэме з настаўніцай гісторыі Галінай Сцяпанаўнай Арэп’евай і праводзяцца заняткі. Непасрэдна перад алімпіядай ідзе вельмі інтэнсіўная напружаная работа — па некалькі гадзін штодзённа.
Пры падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды выкарыстоўваецца блочная сістэма. Матэрыял тэмы разглядаецца адразу адзіным лагічным блокам, які потым прапрацоўваецца на асобных занятках: адбываецца так званае “пагружэнне” ў тэму. Дарэчы, аналіз штогадовых заданняў прадметнай алімпіяды дазволіў вызначыць асноўныя напрамкі дзейнасці. Гэта работа з гістарычнымі дакументамі і картамі, карцінамі і карыкатурамі на гістарычную тэматыку, храналогіяй гістарычных падзей, паняційным гістарычным апаратам, вызначэннем гістарычнай асобы па апісанні, партрэце, цытатах.
Істотнае дапаўненне ў арганізацыі падрыхтоўкі да алімпіяд — сродкі новых інфармацыйных тэхналогій. Пры гэтым выкарыстоўваюцца інтэрнэт-рэсурсы, электронныя энцыклапедыі і падручнікі, інтэрактыўныя карты, пазнавальныя фільмы, розныя тэставыя, навучальныя і развіццёвыя праграмы. Кабінет гісторыі мае вялікую медыятэку. Усе электронныя рэсурсы занесены ў каталог і сістэматызаваны па тэмах. Дарэчы, апошнія гады гімназія з’яўляецца мультымедыйным рэсурсным цэнтрам з самымі шырокімі магчымасцямі: сучасным абсталяваннем (камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі, мультымедыйныя праектары, дакумент-камеры, сэнсарныя тэрміналы і інш.), лакальнай сеткай і кругласутачным доступам да інтэрнэту.
Першым этапам работы з алімпіяднікамі з’яўляецца “выклік”: навучэнцам паведамляецца тэма, над якой яны будуць працаваць. Старшакласнікі прыгадваюць усё, што яны ведаюць па гэтай тэме, вызначаюць межы свайго ведання і няведання. На гэтым этапе выкарыстоўваюцца вучэбныя фільмы, мультымедыйныя прэзентацыі.
Далей адбываецца пошук інфармацыі, якой не хапае. Ён істотна спрашчаецца дзякуючы інтэрнэту, электронным энцыклапедыям і падручнікам. У выніку гімназісты эканомяць час, кожны з іх працуе ў індывідуальным тэмпе. “Інтэрнэт дазваляе хутка знайсці гістарычныя дакументы, партрэты асоб, карты, карціны і карыкатуры на гістарычную тэматыку. Паток інфармацыі вялікі, і старшакласнікі вучацца вылучаць галоўнае, — каменціруе Галіна Эдуардаўна. — Акрамя таго, тэхнічныя магчымасці камп’ютара дазваляюць утрымліваць адначасова змест некалькіх тэкстаў. Гэта ў сваю чаргу садзейнічае развіццю ўменняў супастаўляць і аналізаваць”.
На наступным этапе адбываецца апрацоўка і замацаванне ведаў у памяці навучэнцаў. Для гэтага настаўніца прапаноўвае дзецям самім скласці крыжаванкі ці тэставыя заданні. Гэта дазваляе старшакласнікам актыўна ўключацца ў пазнавальную дзейнасць і самастойна прапрацоўваць неабходныя тэмы. Гімназісты вучацца працаваць з інфармацыяй і выкарыстоўваць яе для ўласнага развіцця. Для гэтага этапу работы аптымальныя электронныя рэсурсы — праграмы “Дзесяцібальны маніторынг” і Hot Potatoes. Апошняя праграма з’яўляецца асабліва запатрабаванай у гімназістаў. Яна дае магчымасць складаць крыжаванкі з выкарыстаннем важных гістарычных паняццяў, апісанняў і партрэтаў гістарычных асоб, а таксама цытат вядомых людзей. Усе распрацаваныя навучэнцамі заданні выкарыстоўваюцца для ўзаемнай праверкі ведаў.

Яшчэ адзін напрамак работы настаўніцы — гэта арганізацыя даследчай дзейнасці, падрыхтоўка навучэнцаў да навукова-практычных канферэнцый.
У 2010—2011 годзе гімназія стала эксперыментальнай пляцоўкай па апрабацыі методыкі правядзення вучэбна-даследчай дзейнасці ва ўмовах функцыянавання мультымедыйнага рэсурснага цэнтра. Як заўважае Г.Э.Давідоўская, гэты эксперымент дазволіў зрабіць выкарыстанне сродкаў новых інфармацыйных тэхналогій у вучэбна-даследчай дзейнасці сістэмным і арганізаваным.
“Даследчыя ўменні з’яўляюцца агульнымі для многіх вучэбных дысцыплін, таму важна было забяспечыць адзіны падыход і пераемнасць да фарміравання гэтых уменняў пры вывучэнні розных прадметаў, — падкрэслівае настаўніца. — Пры актыўнай даследчай дзейнасці адбываецца свядомае засваенне матэрыялу, больш дакладнае вызначэнне прыкмет асноўных паняццяў, пашырэнне аб’ёму ведаў, фарміраванне ўменняў выкарыстоўваць свае веды ў комплексе”.
Своеасаблівай “фішкай” у арганізацыі даследчай работы з’яўляецца тое, што сабраны навучэнцамі матэрыял абавязкова афармляецца ў закончаны прадукт, які можна было б выкарыстоўваць надалей. Навучэнцамі Г.Э.Давідоўскай створаны тры такія электронныя прадукты. Віртуальная экскурсія “Трасцянец: дарогай пакут”, выкананая ў выглядзе інтэрактыўнай карты з распрацаваным маршрутам па мясцінах былога канцлагера “Трасцянец”. Па тэме “Дзіцячы крыжовы паход: міфы і рэальнасць” Іна Арэп’ева ў праграме PowerPoint распрацавала інтэрактыўную электронную карту дзіцячых крыжовых паходаў. Улад Літвінаў і Улад Савянок сваё даследаванне “Уплыў дзейнасці езуітаў на культурную прастору горада Мінска” прадставілі ў выглядзе электроннай энцыклапедыі ў праграме AutoRun Pro Enterprise ІІ.
Электронныя прадукты, створаныя навучэнцамі, выкарыстоўваюцца і на ўроках гісторыі, і на факультатыўных занятках. А набыты вопыт па стварэнні вучэбна-даследчага праекта, па рашэнні праблемных задач і ўменні прэзентаваць вынік сваёй работы, можна не сумнявацца, даў штуршок да далейшага развіцця маладых даследчыкаў.
Падрыхтоўку вучняў, у якіх ёсць цікаўнасць да гісторыі, да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, настаўніца плануе працягваць і ў новым навучальным годзе. Ды і метадычная работа па-ранейшаму будзе ў цэнтры ўвагі Галіны Эдуардаўны — яна ахвотна дзеліцца назапашаным вопытам з педагогамі горада і рэспублікі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.