Падабацца людзям прыемна і карысна

Пачынаючы новы навучальны год пасля адпачынку, мы падабаемся сабе, нашым навучэнцам і калегам, бацькам і адміністрацыі. Ды і нам усе пералічаныя людзі здаюцца сімпатычнымі, цудоўнымі. Іншымі словамі, прыступаем да работы ў акружэнні аднадумцаў у сяброўскай атмасферы, адчуваючы станоўчыя эмоцыі. Ці застаецца наша ўспрыманне іншых людзей такім жа пазітыўным цягам навучальнага года? Якія псіхалагічныя механізмы адказваюць за гэта? Як імі можна кіраваць? Ведаць адказы на гэтыя пытанні педагогу важна, бо яго прафесійны поспех, псіхалагічнае здароўе ў прафесіі залежаць і ад таго, ці падабаецца ён навучэнцам, выхаванцам, і наколькі яны падабаюцца яму.

Фарміраванне прывабнасці нейкага чалавека для ўспрымальніка і прадукт гэтага працэсу называюцца ў псіхалогіі атракцыяй. Міжасобасная атракцыя (ад лац. аttractio — прыцяжэнне, прывабліванне) — узнікненне пры ўспрыманні чалавека чалавекам узаемнай прывабнасці, разуменне і прыняцце адно аднаго ва ўзаемадзеянні, калі не толькі ўзгадняюцца дзеянні, але і наладжваюцца станоўчыя ўзаемаадносіны. Працэс атракцыі — ёсць узнікненне станоўчых эмацыянальных адносін пры ўспрыманні іншага чалавека. Псіхолагамі вызначаны розныя ўзроўні атракцыі: сімпатыя, сяброўства, каханне. Адрозніваюць унутраныя і знешнія фактары атракцыі. Знешнія фактары — гэта тыя, якія не маюць яўнай сувязі з працэсам зносін людзей: уменне падтрымаць гутарку, таварыскасць, уменне прыцягнуць увагу, жаданне падабацца і падтрымліваць сяброўскія адносіны з іншымі, эмацыянальны стан чалавека, прасторавая блізкасць. Унутраныя фактары атракцыі — гэта тыя, якія фарміруюцца падчас зносін людзей: стыль зносін (хамства, грубасць, нетактоўнасць адпужваюць людзей нават ад самага прывабнага з выгляду чалавека), падтрымка (субяседнік, які выказвае эмпатыю, робіць кампліменты, больш прыемны), фізічная прывабнасць (знешне прыгожы чалавек больш схіляе да зносін, чым непрыгожы).
На падставе пералічанага ўжо можна зрабіць выснову, як падабацца іншым і што данесці да навучэнцаў і выхаванцаў, каб яны падабаліся людзям. Ёсць прыёмы фарміравання атракцыі, апісаныя псіхолагамі, і якія ўжо даволі часта ўжываюцца людзьмі прафесій, дзе ёсць неабходнасць пастаянных зносін. Граматна і шчыра ўжываючы прыёмы атракцыі, можна істотна ўплываць на ўспрыманне сваёй персоны калектывам ці канкрэтным чалавекам.
Свежыя прыклады з майго жыцця ўжывання прыёму атракцыі. Выклік пацыентаў па імені і імені па бацьку зубным доктарам да сябе ў кабінет. Пазітыўныя эмоцыі ад гучання свайго імя прыглушаюць трывогу за магчымыя балявыя адчуванні пры лячэнні. Другі прыклад. Кандуктарка ў адэскім трамваі, якая ўвесь час усміхаецца і дэманструе пачуццё гумару. Нягледзячы на гарачыню і цеснату ў вагоне, яна была ў добрым гуморы і адорвала ім пасажыраў. Яна прасіла купіць білет. І калі пачула, што білет куплены, з усмешкай спытала: “Можа, вы хочаце заплаціць яшчэ раз?” Такі кандуктар у адказ на сваю рэпліку пачуе добразычлівы смех ці… сапраўды атрымае другую аплату за створаны ёю добры настрой. Такім чынам, прыёмы атракцыі, якія, спадзяёмся, педагог знойдзе як ужыць у сваёй практыцы:

1. “Імя ўласнае”

Называйце часта імя размоўцы. Звяртайцеся па імені — гэта не толькі ветлівасць! Імя чалавека суправаджае яго ўсё жыццё, імя і асоба нераздзельныя. Калі да чалавека звяртаюцца, не называючы імені, — гэта “абязлічаны” зварот. У гэтым выпадку чалавек цікавіць нас не як асоба, а як аб’ект службовых функцый. Імя — сімвал асобы. Называючы чалавека па імені, знарок ці міжволі праяўляюць увагу да гэтай асобы. Праяўленне ўвагі да чалавека — гэта пацвярджэнне яго як асобы. Кожны чакае гэтага. Калі гэтыя чаканні не задавальняюцца, чалавек адчувае негатыў. Любая асоба заўсёды імкнецца да станоўчых эмоцый. Калі хтосьці выклікае ў нас станоўчыя эмоцыі, ён прыцягвае да сябе, выклікае прыхільнасць, гэта значыць, фарміруе атракцыю. Прыём гэты неабходна ўжываць пастаянна да ўсіх навучэнцаў. Тым самым настаўнік загадзя схіляе да сябе дзяцей, а не тады, калі ён прад’яўляе патрабаванні да іх. Каб лягчэй запомніць імёны:
* Як толькі пачулі імя, знайдзіце прычыну, каб адразу ж прамовіць яго ўслых (“Вельмі прыемна пазнаёміцца, Вольга”); правядзіце асацыяцыі з імёнамі іншых людзей; калі неабходна адразу запомніць шмат імёнаў, то настаўніку карысна арганізаваць самастойную работу навучэнцаў і засяродзіцца ў той час на запамінанні іх імёнаў. А вечарам гадзіну-дзве патрэніравацца. На наступны дзень часцей звяртайцеся да тых, каго трэба запомніць.

2. Прыём “Люстэрка адносін”

Часцей усміхайцеся. Усмешка і адкрыты позірк робяць цуды. Большасць людзей па-добраму ўсміхаюцца сваім сябрам. Усмешка — гэта сігнал: “Я ваш сябар”. Сябар, згодна са слоўнікам, “прыхільнік, абаронца”. Адна з патрэб чалавека — гэта патрэба ў бяспецы, абароненасці. Калі патрэба задавальняецца, з’яўляюцца станоўчыя эмоцыі. Нагадаем, што калі вы выклікаеце станоўчыя эмоцыі, то знарок ці міжволі фарміруеце атракцыю.
Ці абавязаны мы ўмець усміхацца? Ці ўмеем мы ўсміхацца, не тады, калі смешна, а тады, калі неабходна? Выклікаць прыхільнасць да сябе навучэнцаў — гэта прафесійны абавязак настаўніка. Такім чынам, уменне ўсміхацца — гэта прафесійнае ўменне настаўніка.

3. Прыём “Залатыя словы”

Часцей кажыце суразмоўцы прыемныя словы, рабіце кампліменты, падкрэслівайце яго важнасць і правільнасць яго выбару ці рашэння.
Кампліменты — гэта прыемныя словы пра станоўчыя якасці чалавека. Што адбудзецца з чалавекам, калі яму часта гаварыць кампліменты? Ён паверыць у свае здольнасці і будзе іх развіваць. У аснове кампліментаў ляжыць псіхалагічны эфект — перакананне. Як вынік пераканання — патэнцыяльнае задавальненне патрэбы выглядаць не горш за іншых, быць больш сучасным. Задаволена патрэба — узнікаюць станоўчыя эмоцыі, накіраванасць, схільнасць да таго, хто гэтыя пачуцці выклікае. Праверце ўплыў “залатых слоў” на сабе. Напрыклад, да вас звернуты менавіта гэтыя словы: “У адносінах з вамі можна многаму навучыцца!”, “У вас незвычайная здольнасць бачыць цудоўнае там, дзе іншыя не бачаць!”

4. “Цярплівы слухач”

Кожнаму чалавеку час ад часу трэба выгаварыцца. Не перапыняйце яго, слухайце моўчкі, перыядычна ківаючы і паказваючы, што вы яго разумееце.

5. “Жэсты”

Выкарыстоўвайце жэсты, якія схіляць вас да суразмоўцы. Людзі, якія сімпатызуюць адно аднаму, капіруюць жэсты суразмоўцы, яго міміку, пачынаюць несвядома пераймаць яго ў размове. Калі хочаце выклікаць цікавасць да сябе, то непрыкметна капіруйце жэсты партнёра.

6. “Асабістае жыццё”

Цікаўцеся жыццём суразмоўцы, спытайце яго пра хобі ці захапленні. Пры кожнай наступнай сустрэчы пытайцеся пра яго поспехі.

7. “Адлегласць”

У зносінах важна правільна выбраць дыстанцыю, на якой вы будзеце знаходзіцца ад свайго суразмоўцы. Пры знаёмстве недапушчальна перасякаць мяжу інтымнай зоны, а пры штодзённых зносінах не варта адыходзіць ад партнёра на вялікую адлегласць.

8. “Прасторавае размяшчэнне”

Падчас зносін трэба правільна выбраць спосаб падысці да чалавека. Для калег аптымальна знаходзіцца збоку адно ад аднаго, паколькі прамая пазіцыя можа выклікаць непатрэбную агрэсію. Таму часта падсвядома калегі перадаюць адно аднаму дакументы збоку, а кіраўніку, наадварот, прама.

9. “Уменне слухаць”

Гэты прыём атракцыі ўключае некалькі падпрыёмаў. Самы галоўны з іх — так званае актыўнае слуханне. Яно заключаецца ў тым, што вы спрабуеце здагадацца, што скажа суразмоўца ў наступнай фразе. Знешняе праяўленне гэтага — словы, падказаныя суразмоўцы, калі той шукае патрэбныя. Дакладная падказка натхняе таго, хто гаворыць, бо сведчыць пра цікавасць слухача, яго ўвагу і поўнае ўзаемаразуменне.
Асабліва важна правільна завяршыць зносіны. Калі вы сэканоміце на эмоцыях і добразычлівасці, думаючы, што ўжо ўсяго дабіліся, то можаце звесці ўсе свае намаганні да нуля. Для выхаду з кантакту важна не толькі выбраць найбольш спрыяльны момант, але і зрабіць гэта тактоўна. Пры развітанні варта ўжыць моўныя абароты, якія маюць характар добрых пажаданняў і надзей на далейшае супрацоўніцтва: “Усяго добрага! Будзьце здаровы!”, “Заўсёды рады вас бачыць! Жадаю поспеху!”

Вядома, у жыцці можна сустрэць шмат іншых прыёмаў атракцыі і працягнуць іх спіс. Трэба толькі мець на ўвазе, што сфера іх ужывання — гэта несвядомая сфера псіхікі чалавека.
Атракцыя можа быць адным з асноўных кампанентаў “скрытага” кіравання. “Скрытае” кіраванне мае цалкам высакародныя мэты. Напрыклад, калі бацькі, настаўнікі замест загадаў непрыкметна і лёгка кіруюць дзіцем, без прымусу падштурхоўваючы яго да дзеянняў у правільным кірунку. Аб’ект кіравання захоўвае сваю годнасць і ўсведамленне ўласнай свабоды. Тут мэты кіравання не дэманструюцца. Такое “скрытае” кіраванне не з’яўляецца маніпуляцыяй.
Лёгка прыйсці да высновы, дарагія чытачы, што ў рабоце школы атракцыя адыгрывае важную ролю. Яе наяўнасць істотна павышае эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. Адсутнасць у навучэнцаў неабходнага эмацыянальнага стану ў вучэбнай дзейнасці непазбежна выклікае камунікатыўныя цяжкасці, абцяжарыць навучанне, а можа і зрабіць яго ўвогуле немагчымым. Пры добрым настроі працаздольнасць навучэнца значна павялічваецца. Цудоўна, калі ваш падапечны скажа: “На ўроку мне падабаецца, калі ў настаўніка добры настрой, усё ціха, спакойна”. Жадаю нашым чытачам у прафесійным і звычайным жыцці не раз пераканацца, што асноўныя сродкі дасягнення атракцыі запатрабаваны сучаснай школай і жыццём.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.