Мэта навучання беларускай мове ў пачатковай школе — авалоданне камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі, неабходнымі для эфектыўнага выкарыстання мовы ў розных сітуацыях зносін, развіццё творчага патэнцыялу дзяцей і іх далучэнне праз мову да культурных традыцый беларускага народа.
Мэтанакіраванае, паэтапнае і сістэматычнае выкарыстанне займальных лексічных практыкаванняў дазваляе сфарміраваць у вучняў камунікатыўную кампетэнцыю, павысіць цікавасць да вывучэння беларускай мовы. Работа ў гэтым напрамку залежыць ад віду дзейнасці на ўроку, характару і аб’ёму лексічнага матэрыялу, асаблівасцей класа, мэт і задач па развіцці слоўніка, пастаўленых настаўнікам.
Першы клас — самы цяжкі ў рабоце. Дзеці прыходзяць у школу з рускамоўных сем’яў, ім трэба спачатку “ўвайсці” ў беларускую мову, адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць, зацікавіцца ёй — развіць пачуццёвую аснову беларускага маўлення. З гэтай мэтай практыкую праслухоўванне малых жанраў беларускага фальклору (калыханак, песенек, забаўлянак, кароткіх вершаў), якое суправаджаецца пэўнымі дзеяннямі, паўтарэннем гукаперайманняў, асобных слоў і выразаў (“Кую, кую ножку, // Паеду ў дарожку. // Трэба ножку падкаваць, // Каб умела танцаваць”; “Ой, на коціка варкота, // А на дзіцятка дрымота. // Будзе коцік варкатаць, // А (Андрэйка, Кацярынка) будзе спа ць”), а таксама інсцэніроўкі, якія суправаджаюць чытанне казак.
Арганізую простыя карагодныя гульні “Знаёмства”, “Адгадай, чый галасок” і “Хто схаваўся”. Напрыклад, падчас гульні “Люстэрка” вучні стая ць у коле, адзін — у яго цэнтры. Дзеці іду ць па ім, прыгаворваючы: “Роўным колам у карагодзе любім мы, сябры, хадзіць. Што нам Настачка (Кацечка, Кастусёк) пакажа, тое будзем мы рабіць”. Вучні паўтараюць паказаныя рухі і каменціруюць іх па-беларуску.
Праводжу гульні-драматызацыі з дакладным размеркаваннем роляў кожнага ўдзельніка і адпаведнымі слоўнымі прыгаворамі (“Гусі-гусі”, “Пастух і статак”, “Воўк і авечкі”, “Рэдзька” і “Кавалі”), а таксама гульню з мячом “Па-беларуску ці па-руску?”, падчас якой дзеці ловяць мяч і вызначаюць мову настаўніка.
Знаёмлю з новымі словамі, паказваючы прадметы і малюнкі ці дэманструючы пэўныя дзеянні. Так, прапаную вучням разразныя слоўнічкі-памочнічкі. Напрыканцы ўрока дзеці раскладаюць карткі-подпісы (вясёлка, бусел, сонейка, дзьмухавец, хмарка, рамонак, мураш і кроплі) пад малюнкамі, прымацоўваюць іх, выконваюць заданні: чытаюць словы і называюць тыя з іх, гучанне якіх падобна на гучанне ў рускай мове (сонейка, мураш, рамонак); вымаўляюць рускае слова і беларускае, прыклейваюць подпісы пад малюнкамі, расфарбоўваюць сонейка ў жоўты колер; прыклейваюць подпісы пад выявамі хмаркі, дзьмухаўца, бусла і вясёлкі; падлічваюць колькасць кветак на малюнку і разважаюць над тым, чаму дзьмухавец мае такую назву; падлічваюць колькасць жывёл на малюнку і разфарбоўваюць дзюбу і ногі бусла чырвоным колерам; разважаюць над тым, якога колеру можа быць хмарка, прадметамі жывой ці нежывой прыроды з’яўляюцца сонейка і хмарка і чаму; падлічваюць колькасць колераў у вясёлкі, прыклейваюць подпіс і расфарбоўваюць яе; расказваюць, як сябруюць паміж сабой прадметы жывой і нежывой прыроды.
Слоўнікавая работа — адзін з найважнейшых відаў работы па развіцці мовы вучняў, які прадугледжвае ўзбагачэнне слоўніка новымі словамі і вобразнымі сродкамі мовы, удакладненне значэння вядомых слоў і сферы іх ужывання, актывізацыю слоўніка, замену нелітаратурных слоў у слоўніку дзяцей літаратурнымі, знаёмства з невядомымі лексічнымі значэннямі мнагазначных слоў.
Праводжу гульню “Вучым ляльку размаўляць па-беларуску” і “агучванне” малюнкаў. Прапаную выправіць “памылкі” настаўніка, які паказвае некалькі малюнкаў, адзін з якіх называе няправільна па-беларуску.
Для малюнкавай дыктоўкі заводжу асобныя альбомы. Кожны аркуш дзеліцца на 4 часткі. Называю 4 словы з пэўнай тэмы. Вучні малююць пералічаныя прадметы, пішуць назвы ці прыклейваюць іх да адпаведных малюнкаў. У канцы года атрымліваецца малюнкавы слоўнічак.
З лексічнай работай непарыўна звязана арфаэпічная (дэманстрацыя артыкуляцыйнага эталона, работа з чыстагаворкамі). Другакласнікі лёгка і з цікавасцю запамінаюць новыя словы і моўныя звароты, пададзеныя ў прывабнай форме, напрыклад, тэматычнымі блокамі. Так, выкарыстоўваю “Слоўнікавую скарбонку” па тэмах “Словы і звароты ветлівасці”, “Чалавек. Часткі цела”, “Дзеянне і стан чалавека”, “Адзенне і абутак”, “Посуд. Гатаванне ежы”, “Кветкі”, “Лес. Дрэвы. Грыбы. Ягады”, “Дзікія звяры і птушкі”, “Свойскія жывёлы і птушкі”, “Рыбы. Насякомыя”, “Поры года. Назвы месяцаў. Дні тыдня. Надвор’е”, “Дом. Кватэра. Вуліца. Дарога. Транспарт”.
Тэма “Кветкі”: пралеска — подснежник, дзьмухавец — одуванчик, падбел — мать-и-мачеха, рамонак — ромашка, нарцыс — нарцисс, валошка — василёк, цюльпан — тюльпан, півоня — пион, званочак — колокольчик, браткі — анютины глазки, настурка — настурция, белы гарлачык — кувшинка, гваздзік — гвоздика, вяргіня — георгин, гладыёлус — гладиолус, лілея — лилия, жоўты гарлачык — кубышка, аксаміткі — бархатцы і інш. Скіроўваю ўвагу, што некаторыя словы адносяцца да рознага роду ў рускай і беларускай мове.
Вучні засвойваюць і паўтараюць лексічны матэрыял “Слоўнікавай скарбонкі” падчас лексічных хвілінак у пачатку ўрока, работы ў парах і групах.
Актывізую словы пэўнай тэматычнай групы, зыходзячы з матэрыялу ўрока падчас дыдактычных гульняў (“Перакладчыкі”, “Лато”, “Назаві адным словам”, “Слова заблукала”, “Трэці лішні”, “Скажы інакш”), разгадвання філвордаў, крыжаванак, рэбусаў і загадак, выканання заданняў займальнага характару.
Знаёмячы з новым, у тым ліку слоўнікавым, словам, падводжу відавое паняцце пад радавое, раскрываю значэнне слова з дапамогай тлумачэння, уводжу слова ў сказ, падбіраю аднакарэнныя словы, сінонімы і антонімы, раскрываю значэнне слова з дапамогай тлумачальнага слоўніка, перакладаю на рускую мову. Эфектыўна актывізуюць новую лексіку сінквейны і загадкі.
З мэтай увядзення слова ў доўгатэрміновую памяць прапаную розныя жыццёвыя сітуацыі, у якіх вучні выступаюць у пэўнай ролі (“Вы сустракаеце гасцей. Што скажаце ім пры сустрэчы?”), гульні-інсцэніроўкі (“Грушка”). Заводжу “Цікаўны куфэрачак”, у які дзеці складваюць самыя цікавыя словы, пачутыя на ўроку і запісаныя на невялікіх паперках.
Прадугледжваю работу па ўдакладненні слоўніка: пераклад асобных рускіх слоў на беларускую мову ў кантэксце; дапаўненне сказаў і прыказак патрэбным словам; складанне слоў з рассыпаных літар.
Пры падвядзенні вынікаў заняткаў добра актывізуе слоўнік гульня “Аўкцыён слоў”, падчас якой дзеці называюць як мага больш слоў з падоўжанымі зычнымі, апострафам, мяккім знакам і г.д.
Узбагачаць слоўнікавы запас дапамагае работа з тлумачальным слоўнікам (“Хто хутчэй знойдзе слова ў слоўніку?”, “Адназначнае ці мнагазначнае слова?”, “Складзі са словам словазлучэнні і сказы (у прамым і пераносным значэнні)”).
Адзін з важных відаў работы — пераклад. Дзеці перакладаюць часцей за ўсё сказы і невялікія тэксты на розных этапах урока. Для гэтага ствараю гульнявыя сітуацыі “Перакладчык”, “А як па-беларуску?”, “Выправі памылкі”.
Добра зарэкамендавалі сябе слоўнікава-лагічныя (“Дапоўні сказ”: Грак — птушка, а шчупак — …; “Знайдзі лішняе слова”: шчодры, ветлівы, добразычлівы, сквапны; “Падбяры патрэбнае слова з іншым значэннем”: ручка дзяўчынкі — ножка …; “Размяркуй па групах”; “Выпішы толькі назвы садавіны”; “Што агульнага?”; “Дапішы”: кот — свойская жывёла, суніцы — …; “Падбяры слова з супрацьлеглым (блізкім) значэннем”), слоўнікава-стылістычныя (выкарыстанне ў сказе найбольш трапнага слова: Наляцеў моцны вецер, але хутка … (змоўк, суняўся, сціх, улёгся); падбор сінонімаў да выдзеленых у тэксце слоў: пайшоў снег (паваліў, пасыпаў); размяшчэнне сінонімаў з улікам узмацнення сэнсу: вецер павявае, дзьме, завывае, галосіць, вые, гудзе; выбар назоўніка, які можа ўжывацца з прыметнікам; выпраўленне моўных недахопаў: Клёвую (цікавую, новую, незнаёмую) кнігу ўзяў Мікіта ў бібліятэцы) і слоўнікава-граматычныя (падбор слоў, якія адносяцца да пэўнай часціны мовы (назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў); класіфікацыя слоў па часцінах мовы (ноч, блакітны, чытае, начны, блакіт, чытанне); падбор роднасных слоў; падбор да назоўнікаў пэўнага тыпу скланення слоў з супрацьлеглым значэннем (ноч — 3-е скл., дзень — 2-е скл.); утварэнне ад дадзенага дзеяслова іншых з дапамогай прыставак (чытаў — дачытаў, перачытаў, недачытаў, прачытаў, пачытаў, зачытаў); утварэнне словазлучэнняў і сказаў) практыкаванні.
Пераказы і сачыненні — найбольш складаныя віды лексічных практыкаванняў, паколькі патрабуюць не толькі ўмення падбіраць і сістэматызаваць матэрыял, але і правільна выкарыстоўваць яго. Рыхтуючы да творчых работ, праводжу розныя лексічныя практыкаванні. Так, перад напісаннем сачынення дзеці ствараюць лэпбукі, куды змяшчаюць трапныя словы, прыгожыя выразы, невялікія вершы, прыказкі, ілюстрацыі па пэўнай тэме.
Алена ДЗЯМЧУК,
настаўніца пачатковых класаў Пелішчанскай сярэдняй школы
Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.