Многія сучасныя школьнікі наўрад ці назавуць чытанне сваім любімым заняткам. Ці можна зрабіць урок літаратуры займальным? Можна, калі разглядаць мастацкі твор не як набор фактаў і з’яў, якія адбываюцца ў пэўную эпоху, а як шматгранны свет, які жыве па сваіх законах, дзе за кожным словам, думкай, жэстам замацавана пэўная знакавасць. У гэтым перакананы сталічныя настаўнікі-філолагі — удзельнікі гарадской навукова-практычнай канферэнцыі “Педагагічная навука і адукацыйная практыка: традыцыі і інавацыі”, якія падзяліліся сваімі лепшымі напрацоўкамі.
…маральным прынцыпам
— Праблема маральнага выхавання з’яўляецца вельмі актуальнай у сучасным грамадстве, — адзначае настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 6 Мінска Ірына Хрушчова. — Урокі літаратуры ў школе ў найбольшай ступені спрыяюць выхаванню каштоўнасных адносін да сям’і, якасцей сем’яніна, пачуцця абавязку, адказнасці за свае ўчынкі, фарміраванню грамадзянскай пазіцыі і г.д. Маральнае ўздзеянне літаратуры заключаецца ў тым, што навучэнец мае магчымасць прааналізаваць учынкі літаратурных герояў з пазіцыі свайго вопыту і параўнаць сваё меркаванне з аўтарскім.
Ірына Хрушчова: “Урок — гэта не толькі форма навучання, але і велізарны выхаваўчы патэнцыял, рэалізацыя якога залежыць ад мэтанакіраванага адбору зместу вучэбнага матэрыялу, ад прафесіяналізму настаўніка, яго метадычнай дасведчанасці, умення вызначаць адукацыйныя і выхаваўчыя магчымасці прадмета”.
Культура эмацыянальнай сферы — важны аспект маральнага і эстэтычнага выхавання моладзі. Маладыя людзі не заўсёды ўсведамляюць сутнасць сваіх перажыванняў, часта не могуць дакладна ацаніць і ахарактарызаваць свой стан. Таму работа над лірычнымі творамі пачынаецца з размовы аб эмацыянальнай рэакцыі: якія пачуцці, адчуванні, настроі выклікае верш. Затым навучэнцам прапануецца папрацаваць з формай: даследаваць кампазіцыю і выяўленча-выразныя сродкі, каб лепш зразумець змест і аўтарскую ідэю. Аналітычная работа завяршаецца інтэрпрэтацыяй —напісаннем невялікага разважання, у якім неабходна перадаць сваё мастацкае ўражанне ад верша. Інтэрпрэтацыя — гэта заўсёды творчасць, і творца — чытач. Так, аналізуючы верш А.Някрасава “Внимая ужасам войны…”, навучэнцы асаблівы акцэнт робяць на адваротным баку вайны — горы, пакутах, непапраўных стратах. Верш Я.Еўтушэнкі абвяшчае факт непаўторнасці кожнага чалавека, паэт разважае аб сэнсе знаходжання людзей на зямлі.
— Задача настаўніка літаратуры — навучыць школьнікаў бачыць знешнія праяўленні ўнутранага стану літаратурных герояў у іх дзеяннях, міміцы, жэстах, інтанацыі. Пранікаючы ў эмацыянальны свет герояў, выяўляючы адносіны аўтара да іх, а затым выпрацоўваючы ўласнае стаўленне, школьнікі вучацца ў герояў упадабаных твораў розным пачуццям: радасці і смутку, спагадзе і захапленню. Так, у апавяданні А.Чэхава “Переполох” гаворка ідзе аб духоўнай сіле дзяўчыны, якая змагла абараніць свой гонар і годнасць. Навучэнцам пры вывучэнні твора прапануецца правесці псіхалагічнае назіранне: узнавіць бурную змену пачуццяў, якая адбываецца ў душы гераіні, — тлумачыць Ірына Міхайлаўна. — Урокі літаратуры выйгрышныя тым, што яны падахвочваюць весці ўсхваляваную размову аб няпростых праблемах нашага жыцця, складаных лёсах герояў твораў, аб бездухоўнасці і страце маральных ідэалаў, аб ролі сям’і ў выхаванні чалавека. Напрыклад, у цэнтры апавядання М.Горкага “Старуха Изергиль” — два героі-антыподы: Лара, які супрацьпаставіў сябе людзям, і Данка, які любіў людзей і аддаў ім сваё палаючае сэрца. Пры вывучэнні гэтага твора настаўніца прапануе сваім выхаванцам знайсці ў тэксце доказы і прывесці ўласныя аргументы на карысць тэзіса: “Подзвіг Данка — гэта вынік вялікай любові да людзей”.
…чытацкай пільнасці
— З першых урокаў літаратуры ў 5-х класах неабходна добра прадумаць і арганізаваць работу, накіраваную на фарміраванне ў вучняў чытацкай пільнасці, — заўважае настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 22 Мінска Вольга Сяліцкая. — Педагогу варта заўсёды памятаць: пяцікласнікаў прывабліваюць новыя, нязведаныя імі спосабы дасягнення вынікаў, пошукі незвычайнага ў звычайным, разнастайнага ў аднастайным, складанага ў простым, таму ролі накшталт даследчыкаў, шукальнікаў, першаадкрывальнікаў, шпіёнаў, чараўнікоў — гэта якраз тыя ўдалыя ролі, выконваючы якія вучні карыстаюцца сваёй прыроднай назіральнасцю, пільнасцю і пераносяць яе на работу з тэкстамі.
Вольга Сяліцкая: “Не будзе глыбокага, паўнавартаснага ўспрымання і разумення атрыманай інфармацыі, калі па-за ўвагай чытача застанецца нейкая важная дэталь. Не атрымаецца нават нязначнага штуршка да дзеяння, калі не будзе адчування важнасці і карыснасці пачутага ці прачытанага”.
Непасрэдная работа з тэкстам твора пачынаецца са знаёмства з ім, таму педагог перш за ўсё арганізоўвае работу над правільным і выразным чытаннем уголас. Увага вучняў звяртаецца на дакладнасць вымаўлення слоў, на тое, што магчымасці інтанацыі дазваляюць лепш заўважаць ключавыя моманты, вылучаць важныя дэталі, адзначаць тонкія, малапрыметныя пры чытанні сам сабе адценні значэння слоў, пачуццяў, нават думак, а таксама фарміруюць правільнае ўспрыманне і разуменне зместу.
Наступны абавязковы этап — работа са словам. Настаўніца акцэнтуе ўвагу на зносках, якія даюцца да твора. Вучні ўважліва знаёмяцца з імі, тлумачаць, падбіраюць сінонімы, перакладаюць на рускую мову, вызначаюць магчымыя значэнні слоў і выразаў, высвятляюць, чаму аўтар выкарыстаў толькі пэўнае значэнне слова, разважаюць, што б змянілася ў творы, калі б аўтар увёў іншае слова або іншае яго значэнне.
— Чытацкая пільнасць пяцікласнікаў пры рабоце над зместам, вобразамі, тэмай, асноўнай думкай твора фарміруецца тады, калі заданні, якія выкарыстоўвае настаўнік, грунтуюцца на патрэбе вучняў назіраць, выбіраць, супастаўляць, параўноўваць, тлумачыць, шукаць доказы і антыдоказы, крытыкаваць, абмяркоўваць, раіцца, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — Такі падыход актывізуе мысліцельную дзейнасць вучняў, садзейнічае фарміраванню іх самастойнага меркавання, абуджае чытацкую смеласць. У гэтым кірунку вельмі прадукцыйнымі з’яўляюцца каменціраванае чытанне, выкарыстанне розных варыянтаў пераказаў (пераказ па плане настаўніка, па ўласным плане, па плане з прапушчанымі звёнамі), выкананне тэстаў з адным ці некалькімі варыянтамі адказаў, выпраўленне памылак у тэстах –“ашуканцах”, складанне характарыстыкі герояў або апісанне сітуацыі па схеме-апоры, табліцы-апоры, пабудова ланцужка падзей, ланцужка думак ці пачуццяў героя (або аўтара ці самога чытача). Карыснымі з’яўляюцца прыёмы “Узнаві паслядоўнасць”, “Дапоўні фактамі”, “Пазнай героя па апісанні (па выказваннях самога героя або іншых герояў)”, “Узнаві выказванне”, “Прыдумай пачатак (або канцоўку)”і інш.
Настаўніца вітае, калі ў адказах на пытанні і ў выкананых вучнямі заданнях выкарыстоўваюцца наступныя словы: таму што; не столькі… колькі; здаецца… але, калі добра падумаць, то… ; я ўпэўнены…, магу даказаць… і інш. Такое афармленне думак пацвярджае, што вучні ўважліва працавалі над творам, і не таму, што іх нехта прымусіў, а таму, што ў іх з’явілася ўласнае жаданне назіраць і выкарыстоўваць свае назіранні, дзяліцца імі з іншымі вучнямі, настаўнікам. Несумненна, пры такім падыходзе навучэнцы будуць здольны ўмела выкарыстоўваць усю тую карысную інфармацыю, якую яны набудуць у працэсе чытання і аналізу твораў.
…рабоце з інфармацыяй
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 48 Мінска Ф.А.Малышава Таццяна Кароза пры вывучэнні манаграфічных тэм у старшых класах выкарыстоўвае “Стужку часу”.
Таццяна Кароза: “Прастата і даступнасць сэрвісаў Web 2.0 дазваляюць настаўнікам ствараць усе ўмовы для павышэння цікавасці вучняў да прадмета, а іх функцыянальнасць прадастаўляе шырокі выбар сродкаў для развіцця творчых здольнасцей”.
— Як і ўсе сэрвісы Web 2.0, “Стужкі часу” могуць стварацца любым карыстальнікам, а не толькі ўладальнікам сайта. Стужкі даюць магчымасць ствараць інтэрактыўныя лінейкі падзей: на спецыяльную графу наносяцца падзеі, і такім чынам ствараецца гісторыя развіцця падзеі, асобы, эпохі, — тлумачыць Таццяна Віктараўна. — Падзеі можна прадстаўляць у выглядзе тэксту, ілюстрацыі або відэа. Акрамя таго, можна стварыць спасылку на інтэрнэт-рэсурсы, звязаныя з гэтай падзеяй.
У пачатку вывучэння манаграфічнай тэмы “Стужка часу” прымяняецца для таго, каб узнавіць веды пра пісьменніка, яго месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Для гэтага настаўніца стварае стужку часу ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу або робіць інтэрактыўнае заданне для ўсяго класа. Так, на стужцы, прысвечанай вывучэнню творчасці У.Караткевіча, педагог адлюстроўвае найбольш важныя гады жыцця пісьменніка, суправаджае іх ілюстрацыямі, фотаздымкамі з важнымі літаратурнымі фігурамі, сям’ёй і г.д. Бібліяграфічная стужка складаецца аналагічным чынам: уносяцца назвы мастацкіх твораў па гадах напісання. Некаторыя стужкі часу дазваляюць адкрываць інфармацыю на іх пункт за пунктам. У выніку ў настаўніцы ёсць магчымасць суправаджаць свой аповед на ўроку ілюстрацыйным матэрыялам.
— Пры вывучэнні рамана У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” “Стужка часу” прымяняецца для структурызацыі падзей у рамане. Для гэтага на этапе чытання вучні фіксуюць ключавыя эпізоды рамана і ўносяць іх у стужку на сайце дысцыпліны. Заданне можа быць сфармулявана і такім чынам: “Складзіце стужку часу па падзеях рамана “Каласы пад сярпом тваім” і вылучыце самыя значныя з іх, з вашага пункту гледжання”, — расказвае Таццяна Віктараўна.
“Стужку часу” выкарыстоўвае настаўніца для адначасовай работы некалькіх вучняў. У такім выпадку стварэнне стужкі будзе своеасаблівым міні-праектам, які можна арганізаваць на ўроку або ў межах пазакласнай самастойнай дзейнасці. Напрыклад, клас дзеліцца на тры групы, кожная з якіх атрымлівае заданне: 1) скласці біяграфічную стужку часу па старонках жыцця і творчасці У.Караткевіча; 2) скласці Стужку часу па падзеях рамана У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”; 3) скласці стужку часу, звёнамі якой стануць ключавыя моманты ў развіцці вобраза Алеся Загорскага. Вынікі выканання задання кожная з груп прадстаўляе на ўроку.
Па меркаванні Т.В.Карозы, выкарыстанне “Стужкі часу” служыць некалькім мэтам: структураванне і засваенне вучнямі неабходнай інфармацыі, развіццё ўменняў вылучаць ключавую інфармацыю, навучанне рабоце з рознымі відамі і крыніцамі інфармацыі, развіццё навыку яе крытычнага асэнсавання.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.