Хто звычайна дапамагае школьнікам у падрыхтоўцы навукова-даследчых работ? Канечне, у першую чаргу настаўнікі, затым бацькі і вучні, якія ўжо маюць адпаведны вопыт. Іншы раз да даследчай работы са школьнікамі далучаюцца выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, навукоўцы. Напрыклад, дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Алена Станіславаўна Васілеўская вядзе факультатыўныя заняткі па беларускай мове ў сярэдняй школе № 153 Мінска. У супрацоўніцтве з настаўніцай школы Верай Сцяпанаўнай Владыка яны рыхтуюць старшакласнікаў да навукова-практычных канферэнцый, на якіх тыя з поспехам выступаюць. Напрыканцы мінулага года гэты вопыт быў адзначаны прэміяй Мінгарвыканкама.
Удалы пачатак
“Шэсць гадоў назад да мяне звярнулася настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 153 Мінска (у мінулым мая сакурсніца) Вера Сцяпанаўна Владыка і расказала пра сваю вучаніцу дзесяцікласніцу Вольгу Дабравольскую, якая мае адметныя творчыя здольнасці і цікавасць да навукова-даследчай работы. Я вырашыла дапамагчы таленавітай дзяўчыне. Прапанавала ёй тэму для даследавання “Загалоўкі гістарычных твораў Вольгі Іпатавай”, якая цікавіла і яе, і мяне, і грунтоўна пракансультавала па рабоце. У выніку Вольга заняла 1-е месца на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў. На другі год мы паглыбілі распрацоўку гэтай тэмы. Дзяўчына супаставіла загалоўкі твораў двух пісьменнікаў — Вольгі Іпатавай і Уладзіміра Арлова, з якім яна сустрэлася асабіста і ўзяла інтэрв’ю. І зноў заслужаны поспех — Вольга Дабравольская са сваім даследаваннем заняла 1-е месца на гарадскім конкурсе”. Алена Станіславаўна вырашыла працягнуць работу са школьнікамі. Разам з Верай Сцяпанаўнай пачалі аб’ядноўваць вакол сябе навучэнцаў, здольных да навукова-даследчай дзейнасці. У 2014/2015 навучальным годзе ў такую творчую групу ўваходзілі вучаніцы 11 класа Дар’я Мажэйка, Вікторыя Крышталь, Паліна Ермак, вучаніцы 10 класа Ганна Любецкая, Ангеліна Жываловіч, вучні 10 класа Міхаіл Валодчанка, Антон Брэйдак і васьмікласнік Яраслаў Владыка.
І вынікі былі цудоўныя. У 2014 годзе Вікторыя Крышталь з работай “Загаловак аповесці Івана Шамякіна “Гандлярка і паэт” атрымала дыплом I ступені на гарадской канферэнцыі навучэнцаў і ўдзельнічала ў рэспубліканскай. Пры падрыхтоўцы даследавання вучаніца разам з Аленай Станіславаўнай старанна прааналізавалі ўсе меркаванні на гэты конт, паглядзелі экранізацыю твора. У наступным годзе Вікторыя працягнула сваю работу па тэме “Вайна праз прызму загалоўкаў аповесцей Івана Шамякіна” і атрымала дыплом III ступені ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі.
У 2015 годзе творчая распрацоўка Дар’і Мажэйка “Анамастычная прастора ў аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” перамагла ў Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў у секцыі “Лінгвістыка” і атрымала дыплом III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
“Даследавалі мы з навучэнцамі, — расказвае Алена Станіславаўна, — і метафары ў апавяданні Міхася Зарэцкага “Кветка пажоўклая”, і эпіграфы ў вершах М.Багдановіча, а таксама сродкі намінацыі асобы ў аповесці У.Караткевіча “Ладдзя Роспачы” і сродкі стварэння партрэтаў у творах В.Быкава. У асноўным для сваіх навуковых даследаванняў выбіраем моўныя тэмы, звязаныя з аналізам мастацкіх асаблівасцей тэкстаў. Тэмы творчых работ звычайна рэкамендуюцца арганізатарамі конкурсаў, якія праводзяцца ў краіне. Так, у 2014/2015 навучальным годзе ў межах рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” школьнікам была прапанавана тэма “І гучала над калыскай”, прысвечаная беларускаму фальклору — забаўлянкам, калыханкам, пацешкам і інш. Работа Яраслава Владыкі “Мой скарб” стала фіналістам гэтага конкурсу. У 2015 годзе Ангеліна Жываловіч, вучаніца 10 класа, са сваім эсэ “Зямля пад маімі нагамі” стала пераможцай конкурсу, які арганізаваў і праводзіў Дэпартамент нацыянальнай палітыкі міжрэгіянальных сувязей і турызму Масквы ў межах гісторыка-патрыятычнай акцыі “Мы — наследники победы!”, прысвечанай 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Узнагародай стала паездка ў Маскву на святкаванне Дня Перамогі і ўдзел у святочных мерапрыемствах.
У найбліжэйшых нашых планах — даследаваць эпіграфы, якія, як правіла, былі ўласцівы творчасці беларускіх пісьменнікаў-інтэлектуалаў. Хацелася б даць належную ацэнку ўзроўню вобразных сродкаў твораў і таму, як адны і тыя ж метафары працуюць у розных мовах. Гэта дазволіць і на нашу мову паглядзець па-іншаму. Можна, напрыклад, параўнаць словы, якія азначаюць роднасныя адносіны паміж сваякамі, іх гучанне ў розных мовах і даследаваць, чаму гэта менавіта так.
Увесь матэрыял, назапашаны вучнямі падчас даследаванняў, настаўнікі мовы і літаратуры выкарыстоўваюць пасля на ўроках пры вывучэнні адпаведных тэм”.
Настаўнік і выкладчык: размяркоўваем ролі
Тры гады назад пры падтрымцы адміністрацыі сярэдняй школы № 153 Мінска на яе базе быў адкрыты філіял кафедры беларускага і рускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка. Куратарам навуковай работы ў агульнаадукацыйнай установе стала Алена Станіславаўна Васілеўская. Сёння ў школе студэнты ўніверсітэта праходзяць практыку, яго выкладчыкі чытаюць лекцыі, праводзяць семінары, майстар-класы. Універсітэт і школа арганізоўваюць сумесныя навуковыя чытанні, алімпіяды, пасяджэнні філіяла кафедры і іншыя мерапрыемствы. Навукоўцы расказваюць настаўнікам аб спецыфіцы навукова-даследчай работы са школьнікамі і самі займаюцца з дзецьмі.
Педагогі ведаюць, які ўклад ім належыць унесці ў творчыя пачынанні дзяцей, якую адказнасць яны нясуць. Будучы поспех дзіцячай работы ў многім залежыць ад яе тэмы. Алена Станіславаўна лічыць, што выбраць актуальную, нестандартную, мала вывучаную тэму можа выкладчык вышэйшай установы адукацыі, але ён павінен абмеркаваць яе з настаўнікам школы. Тэма не можа выходзіць за межы школьнага курса, але пры гэтым яна павінна мець дастатковы даследчы патэнцыял. Зразумела, канчатковы выбар кірунку даследавання — за вучнямі.
Роля навукоўца заключаецца і ў тым, каб акрэсліць школьнікам поле дзейнасці, у якім лепш весці даследаванне, расказаць аб перспектыве той ці іншай тэмы, дапамагчы ў пошуку неабходнага матэрыялу, літаратуры. Навучэнцы і самі знаходзяць неабходныя выданні, карыстаюцца пошукавай сістэмай бібліятэк, складаюць сваю картатэку выкарыстанай літаратуры. Выкладчык павінен паведаміць і аб структуры работы, яе правільным афармленні. А на апошнім этапе — унесці карэктывы, пэўным чынам адрэдагаваць атрыманую навукова-даследчую распрацоўку. Падключаецца навуковец і на этапе падрыхтоўкі да прэзентацыі і выступлення на канферэнцыі. Ён можа спрагназаваць, якія пытанні могуць узнікнуць у журы пры абароне работы і дапамагчы ў папярэдняй падрыхтоўцы адказаў.
Задачай жа школьнага настаўніка з’яўляецца суправаджэнне дзейнасці вучня па зборы матэрыялу, яго апісанні, арганізацыі ўсіх дробязей, звязаных з самім ходам работы, і, нарэшце, непасрэдны кантроль за яе выкананнем. Настаўнік таксама дапамагае з падборам літаратуры для правядзення даследавання, вучыць працаваць з тэкстамі навуковага стылю. Рэкамендуе школьніку падчас чытання рабіць заўвагі на палях, даваць ацэнку тэксту, вучыць размяжоўваць галоўную і другарадную інфармацыю, вядомую і невядомую, а таксама пісьмова фіксаваць інфармацыю ў выглядзе плана, тэзісаў, апорных схем, табліц, канспекта, рэзюмэ. Неабходна прасіць вучня параўноўваць розныя погляды на адну і тую ж праблему, розныя падыходы да азначэння аднаго і таго ж паняцця, фармуляваць уласны погляд на праблему.
Алена Станіславаўна прапаноўвае таксама выконваць незвычайныя на першы погляд заданні — на згортванне тэксту (да ключавых слоў) і разгортванне тэксту (на аснове прапанаваных ключавых слоў).
Практыкаванні на згортванне — гэта вылучэнне асноўнай думкі кожнага абзаца, складанне плана тэксту (простага, складанага, тэзіснага і г.д.), стварэнне сэнсавай схемы тэксту (калі адсочваюцца галоўныя думкі аўтара, а таксама вылучаюцца падтэмы і мікратэмы), выяўленне збыткоўнасці тэксту, пошук тэрмінаў і іх тлумачэнне, вылучэнне найбольш часта ўжывальных слоў і сродкаў паўторнай намінацыі, складанне тэматычных радоў.
Пры разгортванні тэксту складаюцца планы або схемы на аснове ключавых слоў, адбываецца далейшае тлумачэнне тэкстаў і фарміраванне выказванняў. Дзякуючы гэтым прыёмам школьнікі вучацца аналізаваць вучэбна-навуковыя матэрыялы, фармуляваць іх асноўныя палажэнні.
Патрабаванні і рэкамендацыі
Любая навуковая работа мае строгую структуру і складаецца з уводзін, глаў з апісаннем і аналізам матэрыялу, заключэння, спіса літаратуры. У кожнай навукова-даследчай рабоце абавязкова павінна прысутнічаць тэарэтычная частка, у якой акрэсліваюцца асноўныя паняцці па тэме. Абавязковая і практычная частка, дзе вучні дэманструюць прымяненне набытых імі падчас даследаванняў новых ведаў. Напрыклад, спачатку вучні спасцігаюць, што такое метафара, якія яна мае віды. Потым у пэўным творы знаходзяць іх і характарызуюць.
Яшчэ да пачатку даследавання настаўнік можа прапанаваць карткі з заданнямі, якія ўяўляюць графік яго выканання. На картках пазначаецца самае істотнае ў магчымым даследаванні, акрэсліваюцца найбольш складаныя моманты, абавязкова адводзіцца калонка для пытанняў. Выкладчык, настаўнік і вучань разам абмяркоўваюць актуальнасць работы, акрэсліваюць мэту і задачы даследавання, яго межы (аб’ект і прадмет), базавыя метады. Гэтая інфармацыя адлюстроўваецца ва ўводзінах. Нагадаем, што мэта — гэта канчатковы вынік даследавання, а задачы даследавання — крокі да вырашэння пастаўленай мэты. У адпаведнасці з вызначанымі задачамі акрэсліваецца і структура работы. Кожнай задачы адпавядае або асобная глава, або раздзел главы. Заключная частка змяшчае вывады — суму вынікаў, зробленых пасля кожнай главы.
Навучэнцам яшчэ да пачатку работы неабходна мець прыблізны план даследавання. Фактычны матэрыял яны збіраюць самастойна, фіксуюць яго на картках, указваюць выданне і старонку, з якой былі ўзяты факты або цытата, робяць класіфікацыю назапашанага матэрыялу. Напрыклад, аўтар работы “Анамастычная прастора ў аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” спачатку выпісвала з твора ўсе ўласныя імёны і класіфікавала іх — антрапонімы, тапонімы, заонімы і г.д. Індывідуальныя кансультацыі педагогаў школьнікі атрымліваюць адзін раз на тыдзень. А раз у два тыдні яны робяць справаздачу аб ходзе даследавання, аб тым, з якімі пытаннямі давялося сутыкнуцца.
Па выніках навукова-даследчай работы рыхтуюцца спачатку невялікія паведамленні (на 1—2 хвіліны), якія заслухоўваюцца і абмяркоўваюцца групай навучэнцаў. Да навуковай работы прад’яўляецца і шэраг патрабаванняў па афармленні. Пасля кожнай главы, напрыклад, неабходна размяшчаць асноўныя вывады, зробленыя на падставе яе зместу. Сфармуляваць іх дапамагаюць у тым ліку і практыкаванні на згортванне тэксту. Неабходна загадзя пазнаёміць навучэнцаў з правіламі цытавання і складаннем спіса літаратуры, які афармляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
На думку Алены Станіславаўны, вуснае выступленне і электронная прэзентацыя павінны рыхтавацца сінхронна. Рамкі часу, на працягу якога доўжыцца выступленне на канферэнцыях, таксама абмежаваны 7—8 хвілінамі, таму варта папярэдне праводзіць трэнінгі вусных выступленняў. На гэтым этапе Алена Станіславаўна зноў рэкамендуе выкарыстоўваць практыкаванні на згортванне тэксту і на выпрацоўку тэхнікі маўлення (належнай дыкцыі, тэмпу і гучнасці вымаўлення, правільнай расстаноўкі паўз і лагічных націскаў).
Спачатку навучэнцы выступаюць на школьнай навукова-практычнай канферэнцыі. Яе пераможцы становяцца ўдзельнікамі раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў даследчых работ. Школьнікі могуць прадстаўляць свае даклады і на канферэнцыі “Дзень навукі”, якая штогод праводзіцца на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Пасля кожнага такога выступлення праводзіцца калектыўны аналіз даследаванняў, вылучаюцца станоўчыя і адмоўныя моманты, якія былі падчас дакладаў, і, што важна, ёсць магчымасць унесці ў іх тэкст неабходныя праўкі.
Пазбегнуць памылак
Якія памылкі часцей за ўсё робяць вучні пры падрыхтоўцы даследаванняў, што не ўлічваюць настаўнікі, калі рыхтуюць вучняў да канферэнцый? “У гэтым годзе, — расказвае Алена Станіславаўна, — я ўпершыню была членам журы раённага конкурсу навукова-даследчых работ, запрасілі мяне, дарэчы, і ў журы гарадскога конкурсу. Што адразу кінулася ў вочы, дык гэта няўменне школьнікаў-выступоўцаў вызначаць мэту сваёй работы, спрагназаваць вынікі. Калі ж мэта аморфная, то і задачы немагчыма вылучыць. А значыць, не будзе акрэсленай структура работы. Другая праблема — вызначэнне і канкрэтызацыя прадмета даследавання. Мовазнаўства — вельмі дакладная навука. Часта настаўнікі імкнуцца ўключыць у работу шмат тэм: і фразеалагізмы, і ўласныя імёны, і г.д. Лепш ахапіць меншы аб’ём інфармацыі, але глыбей даследаваць яго. Дзеці павінны разбірацца і з тым паняційным апаратам, які яны выкарыстоўваюць у рабоце. І яшчэ, што надзвычай важна, не трэба залішне давяраць інтэрнэту і прымаць асабістыя меркаванні людзей, выказаныя ў віртуальнай прасторы, за ісціну. Не сакрэт, што часта дзеці арыентуюцца на іх, а спіс літаратуры пасля дакладаў напалову складаецца з інтэрнэт-крыніц. Я не праціўнік сусветнай павуціны, але раю дзецям карыстацца тымі сайтамі, якім, як кажуць, можна давяраць. Сёння практычна ў кожнай ВНУ ёсць электронная бібліятэка, дзе выкладзены навуковыя работы яе супрацоўнікаў. Гэтым крыніцам, лічу, можна давяраць. Ёсць і сайты афіцыйных выданняў, навуковых часопісаў, дзе таксама размешчаны навукова абгрунтаваныя матэрыялы”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.