Сёння навучанне, выхаванне і развіццё новага пакалення ажыццяўляецца ва ўмовах інфармацыйнага асяроддзя. Інфармацыйныя тэхналогіі імкліва развіваюцца і дыктуюць свае патрабаванні ў адукацыйнай прасторы.
У распараджэнні настаўніка шматлікія магчымасці выкарыстання тэхнічных сродкаў у адукацыйным працэсе: гэта інфармацыя з сеткі інтэрнэт, электронныя падручнікі, слоўнікі, даведнікі, прэзентацыі, праграмы, розныя віды камунікацыі — чаты, форумы, блогі, электронная пошта, вэбінары і інш.
Міністэрствам адукацыі нашай краіны было прынята рашэнне аб стварэнні адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу па вучэбных прадметах. Светлагорскі раён Гомельскай вобласці таксама прыняў актыўны ўдзел у яго стварэнні, а дакладней, вучэбна-метадычнага модуля па вучэбным прадмеце “Руская літаратура” для навучэнцаў 10 класа па творчасці Л.М.Талстога “Вайна і мір” https://disk.yandex.by/d/oErot8Xj7hiEeQ?w=1 і Анарэ дэ Бальзака і яго аповесці “Габсэк” https://disk.yandex.by/d/svuIWetWj9hM7A?w=1.
Каардынатарам работы педагогаў па стварэнні адзінага інфармацыйнага рэсурсу стаў ГАІРА ў асобе прарэктара па вучэбна-метадычнай рабоце В.А.Блажко. Творчая група педагогаў раёна, у склад якой увайшлі настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета, уключылася ў работу.
Педагогі сярэдняй школы № 12 Светлагорска не засталіся ўбаку. Творчая група ўстановы — С.Ю.Завадская, А.В.Суліменка, Х.В.Доўгая, Д.Г.Белая — занялася вывучэннем і даследаваннем матэрыялу. Працэс падрыхтоўкі модуля вучэбнай праграмы — гэта актыўны пошук: падбор матэрыялу, выбар формы падачы і тэхнічная апрацоўка інфармацыі. Складаней за ўсё педагогам было на этапе адбору вучэбнага матэрыялу, таму што ён павінен быць цікавы, даступны навучэнцам. Акрамя гэтага, нялёгка было выбраць і фармат тлумачэння тэмы. Улічваючы шырокую разнастайнасць тэхнічных магчымасцей, прыйшлося вар’іраваць, выбіраць найбольш эфектную і прадукцыйную форму выкладання вучэбнага матэрыялу. Хочацца адзначыць, што настаўнік-прадметнік не заўсёды можа тэхнічна правільна аформіць матэрыял. У камандзе павінен працаваць праграміст альбо настаўнік інфарматыкі.
Пасля заканчэння работы нашы вучэбныя модулі прайшлі экспертную ацэнку ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Галоўнымі экспертамі таксама сталі і навучэнцы нашай установы, якія апрабавалі матэрыял на вучэбных занятках па літаратуры. Гэтая навізна ў адукацыйным працэсе матывавала навучэнцаў на прачытанне літаратурнага твора.
Практыка паказвае, што адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс не замяняе адукацыйны працэс, а выступае як дадатковы рэсурс у дапамогу навучэнцам, якія або адсутнічаюць на вучэбных занятках, або не засвоілі тлумачэнне вучэбнага матэрыялу.
Усе матэрыялы, якія прадстаўлены для інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, адпавядаюць адукацыйным стандартам агульнай сярэдняй адукацыі і вучэбным праграмам, зацверджаным Міністэрствам адукацыі. Бібліятэка вучэбных матэрыялаў уключае ў сябе некалькі падраздзелаў. У кожным модулі ёсць абавязковая спасылка на старонкі вучэбнага дапаможніка, на падставе якога распрацаваны гэты модуль. У кожным модулі ёсць раздзел, які арыентуе навучэнцаў на вынікі вывучэння новай тэмы: пералічаны веды і ўменні, прадугледжаныя вучэбнай праграмай, якія павінны быць засвоены навучэнцамі падчас вывучэння новай тэмы. Абавязкова ўключаны відэаролік з тлумачэннем новага матэрыялу. Навучэнцам прапанаваны тэставыя заданні для самаправеркі ведаў і ўменняў. Прадугледжана рубрыка “Дадатковыя матэрыялы”.
Дзякуючы гэтаму, актуалізуецца змест навучання, адбываецца хуткі абмен інфармацыяй паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу. Пры гэтым настаўнік не толькі вучыць, развівае і выхоўвае навучэнца, але з укараненнем новых тэхналогій атрымлівае добрую матывацыю для самаадукацыі, прафесійнага росту і творчага развіцця.
Вольга ПАСТАНОГАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 12 Светлагорска.