Галоўнае — верыць у дзяцей!

Педагагічная прафесія прыцягвае настаўніцу матэматыкі сярэдняй школы № 3 Оршы Віцебскай вобласці Юлію Гардзецкую цікавымі падзеямі, сустрэчамі, гутаркамі, зносінамі з дзецьмі, калегамі, якімі напоўнены кожны новы дзень. І, самае галоўнае, сучаснымі пазнавальнымі ўрокамі, якія дазваляюць раскрыць патэнцыял кожнага навучэнца. “Для мяне адзін дзень у школе — гэта старонка кнігі, якую я пішу ўжо восьмы год”, — заўважае педагог.

У гэтым навучальным годзе Юлія Уладзіміраўна прадстаўляла сваю метадычную распрацоўку “Матэматыка за 5 крокаў” на Міжнародным конкурсе педмайстэрства “Ідэі адукацыі — 2020” і ўвайшла ў лік яго пераможцаў. Пра першыя крокі ў прафесіі, асаблівасці выкладання матэматыкі ў школе, а таксама пра вопыт работы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі Ю.У.ГАРДЗЕЦКАЯ дзеліцца з чытачамі газеты.

— Колькі сябе памятаю, заўсёды марыла стаць настаўніцай. З самага дзяцінства любіла гуляць у школу спачатку з лялькамі, а потым са сваімі сябрамі і выстаўляць ім адзнакі ў дзённік. Я заўсёды добра вучылася і дапамагала ў вучобе сваім аднакласнікам. З таго часу зразумела, што мне падабаецца дапамагаць іншым вучыцца. Акрамя гэтага, немалаважную ролю адыгралі мае школьныя настаўнікі — у меру строгія, неабыякавыя, актыўныя. Урокі заўсёды праходзілі цікава, пазнавальна і на адным дыханні.

— Юлія Уладзіміраўна, а памятаеце свае першыя ўрокі?

— Мой першы ўрок… Такое нельга забыць! З якім трапятаннем і хваляваннем першакласнік ідзе на свой першы ў жыцці ўрок, з такімі пачуццямі і я праводзіла свой першы ўрок. Паколькі мая першая адукацыя — настаўніца пачатковых класаў, то і першы ўрок я праводзіла ў 3 класе ў сярэдняй школе № 3 Оршы па прадмеце “Чалавек і свет”. Як старанна я да яго рыхтавалася! Некалькі разоў перарабляла канспект вучэбных заняткаў. Былі прадуманы кожнае слова, кожная мінута ўрока. Нягледзячы на хваляванне, свой першы ўрок я пачала вельмі актыўна, і дзеці падхапілі мой рытм. З іх не трэба было выцягваць словы, трэцякласнікі лёгка ўступілі ў дыялог, задавалі мноства пытанняў. 45 мінут урока праляцелі незаўважна. Пасля званка з урока я не паспела апамятацца, як каля мяне апынуўся натоўп малых са словамі: “Нам вельмі спадабаўся ўрок. Вы прыйдзеце яшчэ да нас?” На што я адказала: “Паспрабую”. І так склалася, што пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Матэматыка. Інфарматыка” я прыйшла працаваць настаўніцай матэматыкі ў тую ж школу, дзе праводзіла свой першы ўрок. Аднак мяне сустрэлі не трэцякласнікі, а ўжо дзевяцікласнікі са словамі: “А мы вас памятаем. Вы праводзілі ў нас урок у пачатковай школе”. Калі дзеці пазналі мяне праз 6 гадоў, то, значыць, мой першы ўрок прайшоў недарма.

— Не хацелі б вярнуцца ў пачатковую школу?

— Мне падабаецца вучыць як малых, так і падлеткаў, але сёння я аддаю перавагу рабоце з больш старэйшымі навучэнцамі. Справа ў тым, што старшакласнікі імкнуцца быць дарослымі, і звязана гэта з самастойнасцю, адказнасцю і актыўнасцю. У такім узросце ў дзяцей узнікае жаданне вылучыцца сярод сваіх аднагодкаў і заняць годнае месца ў соцыуме. Гэта значыць, у падлеткавым узросце прыходзіць усведамленне, што добрая вучоба ў школе — гэта перадумова годнай будучыні, у якім бы выглядзе яе сабе падлетак ні ўяўляў: прэстыжная УВА або цікавая работа, высокая заработная плата або магчымасць рэалізавацца.

— На якія педагагічныя прынцыпы абапіраецеся ў рабоце?

— Самае галоўнае ў маёй рабоце — гэта імкненне выхаваць з дзяцей годных людзей ва ўсіх сэнсах. Аднак не менш важна навучыць школьнікаў думаць самастойна. Для гэтага прытрымліваюся наступных прынцыпаў: апераджальнага навучання (выкарыстоўваю кароткія, але займальныя асновы тэмы за год да яе падрабязнага вывучэння); дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання (толькі індывідуальны падыход да кожнага вучня, улік яго асаблівасцей, часам нават настрою, з якім ён прыйшоў на мой урок, можа даць вынік); свабоды выбару (на кожным уроку даю дзецям магчымасць выбраць заданне, форму афішавання вынікаў сваёй работы); максімальнай разнастайнасці магчымасцей для развіцця асобы, супрацоўніцтва (стварэнне ўмоў для сумеснай работы навучэнцаў пры мінімальнай ролі настаўніка). Маё педагагічнае крэда — “Сучасным вучням — сучасны настаўнік!”.

— На ваш погляд, ці ўсіх вучняў можна навучыць матэматыцы?

— На сённяшні дзень склалася ўражанне, што калі ў дзіцяці ўзнікаюць цяжкасці пры вывучэнні пэўных тэм матэматыкі ці ў рашэнні якіх-небудзь заданняў, то гэта азначае, што ў школьніка няма схільнасці да дакладных навук. Пачынаюць раней часу рабіць высновы, што на матэматыку не варта марнаваць свой час, лепш аддаць перавагу іншым вучэбным прадметам. Гэта няпраўда! Так, матэматыка — сапраўды цяжкі прадмет, таму і патрабуе да сябе большай увагі. Часам на падрыхтоўку да ўрока матэматыкі вучню неабходна выдаткаваць больш часу, чым да іншага вучэбнага прадмета. І менавіта гэта палохае школьнікаў і іх бацькоў. Яны думаюць, што калі не атрымліваецца рашыць задачу павышанага ўзроўню за 5 мінут, то не варта займацца матэматыкай зусім. А на рашэнне сур’ёзных матэматычных задач можа патраціць некалькі дзён! Аднак гэта не дае падставы кідаць нярэшаную задачу, а наадварот, трэба настроіць сябе на поспех, пераканаць сябе, што ўсё атрымаецца! У гэты момант галоўнае — правільна спрацаваць настаўніку, гэта значыць падтрымліваць дзіця, стварыць для яго сітуацыю поспеху. Калі яно зразумела, як рашыць хоць адно дзеянне складанай задачы, то яго старанне ўжо неабходна заахвоціць. Як? Залежыць ад характару вучня, яго індывідуальных асаблівасцей. Але ні ў якім выпадку нельга крытыкаваць дзіця! Калі яно не зразумела тэму з першага разу, то абавязкова зразумее з другога ці трэцяга. Галоўнае — верыць у дзяцей як настаўнікам, так і іх бацькам!

— А які падыход да адораных і высокаматываваных дзяцей?

— Пачынаючы з дашкольнага ўзросту, дзеці з нестандартнымі здольнасцямі апярэджваюць у развіцці сваіх аднагодкаў, і часта ім становіцца сумна пры выкананні пэўных развіццёвых заданняў. Будучы школьнікамі, адораныя навучэнцы імкнуцца даведацца як мага больш новай інфармацыі, таму ім недастаткова таго матэрыялу, які прапануе школьная праграма. Узнікае неабходнасць у дадатковых занятках і больш складаных тэмах для вывучэння. Атрымліваючы 5 клас, з дапамогай педагога-псіхолага пачынаю вызначаць такіх дзяцей, праводзіцца іх дыягностыка. Звычайна падбіраю розныя заданні або задачы розных узроўняў і прапаноўваю дзецям для рашэння як на ўроку, так і ў пазаўрочны час, тым самым вызначаю, як яны з імі спраўляюцца. Работа з вучнямі з матэматычнымі здольнасцямі працягваецца і на ўроках, і на факультатыўных занятках, і ў гуртках, індывідуальна, праз удзел у інтэлектуальных конкурсах, марафонах і г.д. Для гэтага выкарыстоўваю найбольш эфектыўныя метады навучання: праблемны, эўрыстычны, пошукавы, праектны, даследчы, метад творчых і нестандартных заданняў, метад развіцця крытычнага мыслення. Вучні выконваюць заданні павышанага ўзроўню па той ці іншай тэме, заданні на развіццё творчага мыслення, лагічныя заданні і задачы, для рашэння якіх не існуе пэўных алгарытмаў, заданні даследчага характару, заданні, якія ўключаюць элементы вучэбных праектаў, заданні на здагадку і інш. Арганізоўваецца і дыстанцыйная работа з адоранымі навучэнцамі, працуе школьнае навуковае таварыства, ствараюцца часовыя групы па падрыхтоўцы да алімпіяд, у якіх работа будуецца па прынцыпе “старэйшы вучыць малодшага”, часовыя творчыя групы па падрыхтоўцы і рэалізацыі школьных праектаў. Адным словам, для работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі выкарыстоўваюцца ўсе прымальныя формы, ствараецца спецыяльнае развіццёвае асяроддзе.

— Юлія Уладзіміраўна, паспяховы ўрок матэматыкі — які ён? Вы маглі б сфармуляваць свае патрабаванні да такога ўрока?

— Для мяне паспяховы ўрок матэматыкі — гэта выніковы ўрок, пазнавальны і цікавы, на якім кожны навучэнец мае магчымасць рэалізаваць сябе, паставіць мэту і дасягнуць яе. Гэта ўрок, які дае дзецям веды для жыцця. Для падрыхтоўкі да паспяховага ўрока ў першую чаргу ўлічваю ўзровень дзяцей у класе. Часта прысутнічае жаданне скарыстацца існуючай распрацоўкай урока, але гэтая распрацоўка была складзена для іншых навучэнцаў, таму для кожнага класа пішу новы канспект урока. Пасля ўрока пытаюся ў сябе: ці кожнага вучня я ўбачыла, ці ўдалося мне разварушыць клас, што дадалі мае вучні ў свой матэматычны багаж?

— Якім адукацыйным тэхналогіям аддаяце перавагу? Чаму?

— Мой выбар — праблемнае навучанне з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Такое спалучэнне дазваляе стварыць на ўроку сітуацыі, з якімі мае вучні сустракаюцца па-за школай. Выкарыстанне ІКТ дазваляе мне прафесійна арганізаваць работу вучняў на вучэбных занятках, уключыць у вучэбны працэс усе катэгорыі дзяцей. Асаблівасць інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій заключаецца ў стварэнні спецыяльнага адукацыйна-развіццёвага асяроддзя з шырокімі патэнцыяльнымі магчымасцямі для кожнага школьніка.

— Як даўно вы выкарыстоўваеце інфармацыйныя тэхналогіі ў сваёй рабоце?

— Са з’яўленнем інтэрнэту адкрыліся вялікія магчымасці, якія падштурхнулі мяне да выкарыстання ІТ з першага ўрока. На сённяшні дзень створана велізарная колькасць карысных анлайн-сэрвісаў, праграм, відэахостынгу для вучобы, што было б неразумна імі не скарыстацца. Ва ўсёй разнастайнасці IT-прадуктаў кожны можа знайсці нешта цікавае і карыснае для сябе і для сваіх навучэнцаў. Акрамя гатовых IT-прадуктаў, я ствараю свае ўласныя, якія выкарыстоўваю на ўроках, факультатыўных занятках і дыстанцыйна. На сённяшні дзень у маёй скарбонцы “MATH-платформа”, “Web-памочнік па падрыхтоўцы да алімпіяд па матэматыцы”, электронны сшытак для навучэнцаў 5-х класаў. Кожная аўтарская платформа створана з улікам зместу праграмнага матэрыялу і падыходзіць для работы на любым гаджэце, што вельмі зручна пры выкарыстанні як на ўроку, так і па-за яго межамі. Дастаткова, каб у дзяцей быў мабільны тэлефон. Да таго ж школьнікі пачынаюць усведамляць, што сучасныя гаджэты — гэта не толькі цацка, якая развівае залежнасць, а адзін з інструментаў для дасягнення поспеху. 

— Юлія Уладзіміраўна, вы сталі пераможцай Міжнароднага конкурсу педмайстэрства “Ідэі адукацыі — 2020”. Што даў вам удзел у ім?

— Конкурс “Ідэі адукацыі — 2020” не першы, у якім я брала ўдзел. Я прадстаўляла свой вопыт на рэспубліканскіх конкурсах “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, “Пазнанне ў сутворчасці”, на абласным конкурсе “Маладыя_педагогі_new”. Падрыхтоўка да конкурсаў педагагічнага майстэрства і ўдзел у іх даюць магчымасць настаўніку праявіць сябе, данесці да калег свае ідэі, падсілкоўвацца ідэямі іншых. Але галоўнае — гэта набыты вопыт, бо мне трэба было адрэфлексіраваць сваю дзейнасць, надаць ёй выразную форму. І вядома, удзел у конкурсе “Ідэі адукацыі — 2020” даў мне пачуццё радасці за тое, што мой праект атрымаў такую высокую ацэнку на міжнародным узроўні, і стымул працягваць прыдумваць для маіх вучняў новыя цікавыя і карысныя праграмы.

— Раскажыце падрабязней пра вашу распрацоўку “Матэматыка за 5 крокаў”, якую вы прадстаўлялі. Як яе можна выкарыстоўваць?

— На стварэнне праекта “Матэматыка за 5 крокаў” мяне падштурхнулі мае пяцікласнікі, сярод якіх шмат высокаматываваных навучэнцаў. На ўроках і факультатыўных занятках мы паспявалі рашыць вялікую колькасць матэматычных прыкладаў і задач. Пасля гэтага я прыйшла да высновы, што з такой катэгорыяй навучэнцаў гэтага недастаткова. І вырашыла распрацаваць праект “Матэматыка за 5 крокаў”. Гэты праект атрымаў такую назву, таму што створаны для навучэнцаў 5-х класаў і заключаецца ў тым, што вывучэнне кожнай тэмы з праекта дзеліцца на 5 крокаў (этапаў): 1 крок (этап) — праблемная сітуацыя, 2 крок (этап) — апора на наяўныя веды; 3 крок (этап) — пошук новай інфармацыі; 4 крок (этап) — складанне кластара; 5 крок (этап) — рашэнне задач. Праект прадугледжвае розныя сучасныя заданні і формы работы. Кожная тэма — гэта новае адкрыццё для навучэнца. Работа школьніка над тэмай праходзіць пад кіраўніцтвам настаўніка-цьютара. Цьютар — гэта дастаткова шырокае паняцце, якое ўключае ў сябе эфектыўнага памочніка, каардынатара, выкладчыка, кансультанта і інш. Гэта значыць, цьютар будуе работу на аснове пэўных правіл: ён павінен зацікавіць дзяцей; узаемадзеянне цьютара і цьютаранта павінна быць добраахвотным; пры ўзнікненні складанасцей цьютар дае рэкамендацыі па вырашэнні той ці іншай праблемы. Акрамя гэтага, цьютар не настойвае на пэўнай форме афармлення выкананых матэрыялаў, а прапануе дзецям весці ўлік заданняў у адвольнай форме. Напрыклад, мае вучні афармлялі выкананы матэрыял у выглядзе карты, фотаальбома, чорнай скрыні, валізкі ведаў. Пасля чаго ладзілі выставу сваіх работ і кожны навучэнец абараняў свой матэрыял.

Для праекта “Матэматыка за 5 крокаў” створана праграма “МАТН-платформа” (для запуску праграмы неабходна разархівіраваць архіў і запусціць файл index.html), якая прадугледжвае як вочнае, так і дыстанцыйнае суправаджэнне адораных дзяцей 5-х класаў па матэматыцы. Гэтая праграма прадугледжвае розныя заданні і формы работы. Кожная тэма — гэта нешта новае для навучэнца.

— Якія прафесійныя планы на найбліжэйшую будучыню?

— “Матэматыка за 5 крокаў” — праект для пяцікласнікаў, а заўтра-паслязаўтра яны стануць шасці-, сямі-, васьмікласнікамі, таму наперадзе ў мяне новыя праекты. К.Ушынскі сказаў, што настаўнік жыве, пакуль вучыцца. Я вучуся і прафесійна расту разам з маімі вучнямі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.