Як адбіць у вучняў жаданне займацца англійскай мовай на канікулах? Адказ просты: задаць ім сотню сумных практыкаванняў, правяраць іх наяўнасць, а не якасць — і пасля гэтага сапраўды ніхто і ніколі не будзе прыставаць да вас са сваімі заданнямі. Якія ўсё ж такі даваць заданні, каб не перагружаць навучэнцаў і каб пры гэтым пасля летніх канікул яны не вярталіся ў школу з пустой галавой?
Сакрэт поспеху просты: заданне на канікулы не павінна быць падобнае да дамашняга задання. Яно патрэбна вучням не для таго, каб яны палепшылі сваю англійскую мову, а проста каб не забылі яе.
Ёсць некалькі простых ідэй, як гэта зрабіць.
Дайце вучням адаптаваную кнігу (ці ў арыгінале, калі ім дазваляе ўзровень ведаў) і дазвольце ім проста чытаць і атрымліваць задавальненне ад кнігі і англійскай мовы, без дадатковых заданняў. Лепш, каб кніга не была “праглынута” ў адзін прысест: прапануйце дзецям чытаць, напрыклад, па главе раз у два дні. Тады нават у тых, хто не любіць чытаць, усё атрымаецца.
Ёсць вучні, якія не любяць чытаць. Няхай яны глядзяць, напрыклад, серыялы і потым расказваюць пра тое, што паглядзелі. Магчыма, хто-небудзь з вашых вучняў даўно хацеў пачаць глядзець фільмы на англійскай мове, але не адважваўся — зараз самы час даць ім гэтае заданне. Прынцып работы такі ж, як і з кнігамі: каб пазбегнуць binge-watching, прапануйце глядзець не больш за адну серыю ў дзень. Для тых, хто ўпершыню глядзіць серыял у арыгінале, гэтага будзе дастаткова.
Прапануйце сваім вучням якое-небудзь тэматычнае творчае заданне. Напрыклад, меламанам можна прапанаваць скласці тэматычны плэйліст, знайсці ў тэксце песні тэмы граматыкі, якія вы ўжо вывучылі, скласці слоўнік з устойлівымі выразамі, прыдумаць гісторыю, выкарыстоўваючы радкі з песень, і інш.
Ці прапануйце сваім вучням скласці свой аўтарскі glossary — спіс выразаў, фраз і слоў, якія могуць спатрэбіцца ў падарожжы. Папрасіце зрабіць гэта ў выглядзе дакумента Word, табліцы Excel, картак Quizlet або ў выглядзе mind-карты. Словы лепш падзяліць на тэматычныя раздзелы — sightseeing, in the hotel, at the restaraunt і г.д.
Мабыць, у кожнага знойдзецца любімая страва, якая часта гатуецца менавіта летам — салата з агародніны, ягадны або фруктовы пірог, ліманад. Папрасіце вучняў напісаць свой любімы рэцэпт на англійскай мове, апісаўшы яго пакрокава. Можна прапанаваць паспрабаваць сябе ў ролі food blogger і суправадзіць свой рэцэпт фота ці відэа.
І ў рэшце рэшт, задзейнічайце Instagram. Прапануйце сваім вучням чэлендж — заданне на creative writing. Кожны тыдзень сваіх канікул яны павінны дзяліцца сваімі ўражаннямі пра адпачынак, падпісваючы фатаграфіі на англійскай мове. Прапануйце напісаць у канцы лета эсэ або свабоднае сачыненне па матывах гэтых нататак у фармаце Dear Diary… — гэта дапаможа захаваць успаміны надоўга.
Усё, што вам неабходна для захавання матывацыі да вывучэння англійскай мовы, — гэта скласці спіс заданняў, якія не будуць займаць у дзяцей больш за 10 мінут. Вучні могуць вучыць словы, штосьці чытаць ці глядзець, выконваць невялікія творчыя заданні, апісаныя вышэй. Для доўгіх канікул не складайце заданні на кожны дзень — лепш прыдумайце “спрынты”: напрыклад, першыя два тыдні канікул вучань кожны дзень запісвае па адным новым слове, наступныя — слухае і разбірае любімыя англамоўныя песні па шаблонным спісе пытанняў і г.д. Так можна лёгка і цікава інтэграваць англійскую мову ў штодзённае жыццё сваіх вучняў на канікулах і паглыбіць іх у моўнае асяроддзе.
Таццяна ФАДЗІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 26 імя А.М.Сівачова Гродна.