або Як навучыць пачаткоўца ацэньваць сябе
Сістэма ацэнкі якасці вучэбных дасягненняў навучэнцаў, якая склалася, мае сур’ёзны недахоп. Гэта накіраванасць ацэнкі выключна на знешні кантроль, а не на падтрымку паляпшэння вынікаў, арыентацыя пераважна на праверку рэпрадукцыйнага ўзроўню засваення ведаў, уменняў і навыкаў. Роля ацэнкі зводзіцца да пастаяннага прымушэння. У выніку гэтага ў многіх навучэнцаў узнікае пагарда да якасці атрыманых ведаў.
Перанос акцэнту з прадметных ведаў, уменняў і навыкаў на агульнавучэбныя ўменні, на развіццё самастойнасці вучэбных дзеянняў пацягнуў за сабой змену сістэмы ацэньвання. Ацэньванню падвяргаюцца цяпер не толькі вучэбныя дасягненні, але і творчасць, і асабістая ініцыятыва дзіцяці ва ўсіх сферах школьнага жыцця.
Для гэтага неабходна перайсці на такую сістэму ацэньвання вучэбных дасягненняў школьнікаў, якая патрабуе адмаўлення ад адзнакі, а ацэнку робіць больш даступнай і змястоўнай. У такой сістэме навучання прыярытэтнай становіцца самаацэнка як вынік ацэначнай дзейнасці вучня. Гэты падыход да ацэньвання дазваляе ліквідаваць негатыўныя моманты ў навучанні, садзейнічае індывідуалізацыі вучэбнага працэсу, павышэнню вучэбнай матывацыі, захаванню і ўмацаванню здароўя.
Актуальнасць безадзнакавага навучання заключаецца ў тым, што ў дзіцяці 6—7 гадоў пераважае знешняя матывацыя дзейнасці, яно пакуль яшчэ не ўмее аб’ектыўна ацэньваць яе вынікі, ажыццяўляць кантроль і самакантроль, ацэнку і самаацэнку. У выніку ацэнку настаўніка дзіця не адносіць да сваёй дзейнасці, а ўспрымае як заахвочванне ці пакаранне, станоўчыя ці негатыўныя адносіны да яго настаўніка.
Сістэма кантролю і ацэнкі вучэбнай работы школьніка не можа абмяжоўвацца праверкай засваення ведаў і выпрацоўкі ўменняў і навыкаў па канкрэтным вучэбным прадмеце. Яна ставіць больш важную сацыяльную задачу: развіць у школьнікаў уменне правяраць і кантраляваць сябе, крытычна ацэньваць сваю дзейнасць, выяўляць памылкі і знаходзіць шляхі іх выпраўлення.
На першым і другім гадах навучання сістэма кантролю і ацэнкі будуецца на змястоўна-ацэначнай аснове без выкарыстання адзнакі як формы колькаснага адлюстравання ацэначнай дзейнасці. Самаацэнка дзіцяці павінна папярэднічаць ацэнцы дарослага.
У сваёй практычнай рабоце выкарыстоўваю розныя прыёмы па безадзнакавым навучанні. Напрыклад, ацэначныя шкалы прымяняю пры выкананні пісьмовых работ, гэта так званыя “чароўныя лінеечкі”, якія дазваляюць найбольш аб’ектыўна ацэньваць любую выкананую работу. Як знаёміць навучэнцаў з “чароўнымі лінеечкамі”? На дошцы загадзя намаляваны два малюнкі грузавіка: адзін з усімі неабходнымі дэталямі, але намаляваны нядбайна (крывыя вокны, не дамаляваны асобныя лініі, выпраўленні і г.д.), і другі, які намаляваны вельмі старанна і акуратна, але з мноствам няправільных дэталей (адсутнічае акно ў кабіне, трохвугольны кузаў, колы не на месцы).
Фрагмент урока:
— Нашы знаёмыя гномікі Бім і Бом атрымалі заданне: намаляваць грузавік. У яго павінна быць кабіна з акном, прамавугольны кузаў, павінны быць бачныя два круглыя колы. Вось як яны справіліся: злева — малюнак Біма, а справа — Бома.
— Паглядзіце на гэтыя малюнкі і скажыце: які з іх вам больш падабаецца?
— Такім чынам, першы малюнак быў правільны, але неакуратны, а другі — акуратны, але няправільны. І пра адзін, і пра другі малюнак нельга сказаць, што ён намаляваны добра. Што трэба змяніць у малюнку Біма, каб можна было так сказаць?
Дзеці: — Зрабіць лініі роўнымі, дамаляваць іх, акуратна падцерці гумкай выпраўленні.
— А ў малюнку Бома?
Дзеці: — Дамаляваць акно ў кабіне, змяніць форму кузава, намаляваць колы на патрэбным месцы.
— Ацэньваючы малюнкі Біма і Бома, мы гаварылі аб правільнасці і акуратнасці. Гэтак жа называюцца і дзве лінеечкі, намаляваныя побач з іх работамі. Чым вышэй пастаўлены крыжык — тым вышэйшай будзе наша адзнака, чым менш у рабоце акуратнасці ці правільнасці — тым крыжык пастаўлены ніжэй.
У ходзе абмеркавання на дошцы выстаўляецца адзнака гномікам за малюнкі. Дзеці прыходзяць да высновы, што правільнасць — гэта дакладнасць, адпаведнасць узору, заданню, правілу, а акуратнасць — гэта чысціня і прыгажосць.
— Я на дошцы, а вы ў сшытках пастараемся намаляваць грузавік так, каб ён быў правільным і акуратным.
— Ці падабаюцца вам вашы малюнкі? Ацаніце іх!
Дзеці пад кіраўніцтвам настаўніка звяраюць сваю работу з узорам на дошцы і выстаўляюць адзнаку на лінеечцы “правільнасць”. Потым ацэньваецца акуратнасць. Робіцца выснова аб тым, што акуратнасць выканання работы можна ацаніць адразу. А вось каб ацаніць правільнасць, работу трэба праверыць, ці няма ў ёй памылак. Потым работы правярае настаўнік, які ставіць свой крыжык чырвоным колерам.
Спачатку першакласнікі доўга думаюць над кожнай лінеечкай, але пры рэгулярным самаацэньванні спраўляюцца з гэтым вельмі хутка. Варта адзначыць, што гэты прыём становіцца чыста фармальным, калі каля дзіцячага крыжыка на лінеечцы адразу не з’явіцца настаўніцкі. Таму, даўшы дзецям самастойнае заданне, настаўнік абыходзіць увесь клас і ў кожным сшытку расстаўляе свае два крыжыкі. Калі самаацэнка дзіцяці і ацэнка настаўніка супадаюць, проста абводзіцца дзіцячы крыжык чырвонай ручкай. Некаторым дзецям каменціруюцца ацэнкі настаўніка індывідуальна, некаторыя выпадкі разыходжання ацэнак абмяркоўваюцца ўсім класам.
Выдзяляецца некалькі этапаў у рабоце па фарміраванні ацэначных уменняў малодшых школьнікаў.
Першы этап (падрыхтоўчы). Супадае па сваёй працягласці з падрыхтоўчым этапам навучання чытанню, пісьму, матэматыцы, калі аб’ём пісьмовых работ, якія выконваюць вучні, невялікі. Школьнікі вучацца прыёмам самакантролю шляхам параўнання выкананага задання з узорам. Як правіла, ацэньваецца не ўся работа, а асобна выкананае заданне (на ўроку пісьма, напрыклад, гэта можа быць адзін радок, на якім напісаны элементы літар, пазней — літары, склады, словы і г.д.). Самыя ўдалыя літары (лічбы, склады і г.д.), якія адпавядаюць узору, вучань падкрэслівае. Пры праверцы побач з удалым знакам ставіцца клічнік, паказваючы гэтым сваё захапленне, адабрэнне, падтрымку.
На другім этапе, калі вучні ўпэўнена ацэньваюць напісаны радок, асобна ўзятае заданне, уводзіцца рэтраспектыўная самаацэнка ўсёй работы. Рэтраспектыўная самаацэнка — гэта ацэнка ўжо выкананай работы. Выдзелены два крокі фарміравання рэтраспектыўнай ацэнкі.
Крок першы: дзіця ацэньвае сваю работу пасля таго, як я яе праверу, гэта значыць выпраўлю памылкі. Атрымаўшы свой сшытак з выпраўленнямі, але без настаўніцкай ацэнкі, дзіця вывучае настаўніцкія выпраўленні і само сябе ацэньвае на шкале “правільнасць”. Уводжу і іншыя шкалы: на ўроку пісьма гэта могуць быць лінеечкі “пропуск літар”, “выбар літары галоснай”, “вялікія літары” і інш. Акрамя гэтага, дадаю суб’ектыўныя лінеечкі: “Мне было лёгка/цяжка пісаць гэтую работу”, “Мне было цікава/сумна”, “Я стараўся”. Суб’ектыўныя шкалы ні ў якім выпадку не ацэньваю. Важна, каб лінеечкі з самага пачатку дазволілі дзецям ацэньваць сваю работу дыферэнцыравана. Пры гэтым я падрабязна тлумачу значэнне кожнай шкалы. Напрыклад:
— На самым версе лінеечкі “прыгажосць” паставяць сабе крыжык тыя дзеці, хто лічыць, што кожную літару напісаў вельмі прыгожа. Хто незадаволены адной-дзвюма літарамі, паставіць крыжык крыху ніжэй. А тыя, хто незадаволены ўсімі сваімі літарамі, паставяць крыжык у самым нізе.
Неабходна паведамляць, у якіх выпадках крыжык ставіцца ў самым нізе, бо нярэдка можна сутыкнуцца з сітуацыяй, калі дзіця, для якога “не быць самым лепшым” азначае “быць самым горшым”, за адну-дзве памылкі ў рабоце ставіць сабе крыжык у самым нізе лінеечкі. Уласціва гэта і няўпэўненым у сабе дзецям, для якіх значная ацэнка дарослых (мамы, бабулі). Аднак, як высветлілася, яны чакаюць, што ацэнка настаўніка будзе вышэйшай, чым іх уласная.
Другі крок фарміравання рэтраспектыўнай самаацэнкі. Дзіця ацэньвае сваю работу адразу пасля яе выканання, да настаўніцкай праверкі.
Такая рэтраспектыўная ацэнка, перш за ўсё, стымулюе вучня да самакантролю. Захоўваючы ацэньванне па розных лінеечках у якасці ўніверсальных, мы выдзяляем лінеечкі “правільнасць”, “акуратнасць”, “каліграфія”. Пасля завяршэння пісьмовай работы прапаноўваецца дзецям адразу ацаніць сваю работу. Першы раз гэта можа быць для вучняў нечаканым. Дзеці пагаджаюцца з тым, што перш чым ацаніць правільнасць выканання работы, яе трэба праверыць.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца групе дзяцей з устойлівай тэндэнцыяй да заніжэння самаацэнкі. З гэтымі дзецьмі павінен працаваць школьны псіхолаг. Я ж як настаўнік праяўляю да іх асаблівую ацэначную беражлівасць, акцэнтую ўвагу толькі на пазітыўным баку пераадолення няведання. Я іх індывідуальна падбадзёрваю і дадаткова тлумачу крытэрыі ацэнак: “Бачыш, я паставіла свой крыжык вышэй, чым твой, таму што ты прапусціў толькі дзве літары, а ацаніў сябе так, быццам прапусціў сем. Калі ласка, наступны раз будзь больш добрым да сябе”.
У дадатковым разборы крытэрыяў ацэньвання маюць патрэбу і дзеці, якія пастаянна ацэньваюць сябе больш высока, чым настаўнік.
На трэцім этапе я ўводзіла прагнастычную самаацэнку (ацэнка будучай работы). Яна ў прынцыпе цяжэйшая, чым рэтраспектыўная, але менавіта яна з’яўляецца “пунктам росту” самой здольнасці малодшых школьнікаў да ацэньвання сябе. Прапаноўваць дзецям ацэньваць свае магчымасці справіцца з будучай работай можна толькі пасля таго, як рэтраспектыўная ацэнка вучняў ужо дастаткова ўсвядомленая, адэкватная і дыферэнцыраваная.
Прывяду прыклад фрагмента ўрока.
— Мы доўга займаліся напісаннем вялікай літары ва ўласных імёнах. Сёння нам трэба напісаць дыктант, у якім будзе шмат такіх арфаграм. Перш чым прыступіць да дыктанта, намалюйце тры лінеечкі. Пры дапамозе першай лінеечкі вы ацэніце, наколькі вы ўжо ўмееце пісаць вялікую літару ва ўласных імёнах. Хто ўпэўнены, што справіцца з гэтым, ставіць крыжык на самым версе. Хто перакананы, што не пазнае ў тэксце ніводнага ўласнага імя, няхай паставіць свой крыжык у самым нізе. Другая лінеечка вымерае вашу ўпэўненасць у напісанні спалучэнняў “жи-ши, ча-ща, чу-щу”. Хто ўпэўнены ў тым, што не забудзе пра мяккія знакі, паставіць свой крыжык на самым версе трэцяй лінеечкі.
Пасля напісання дыктанта правяраю работы навучэнцаў, не ацэньваючы іх. Пасля гэтага дзеці паставяць на кожнай лінеечцы ўласны другі крыжык зялёным колерам — па выніках настаўніцкага кантролю. Найбольш выразныя выпадкі разыходжання дзвюх самаацэнак трэба пракаменціраваць — індывідуальна ці адкрыта. Пры гэтым галоснасці трэба надаць выпадкам, калі прагнастычную ацэнку заніжаюць не з-за трывожнасці, а праз забабоны (каб не сурочыць) ці з беспадстаўнай сціпласці (нельга сябе хваліць, няхай цябе хваляць іншыя). Яшчэ раз важна звярнуць увагу на сэнс прагнастычнай ацэнкі: трэба вучыцца разлічваць на свае сілы.
На першапачатковым этапе навучання нельга ўводзіць ацэнку за ўсю работу, бо дзіцяці цяжка ўтрымаць у памяці ўсе патрабаванні да задачы, якая рашаецца.
Уменню ацэньваць сябе, як і любому іншаму віду дзейнасці, малодшых школьнікаў неабходна вучыць. На маіх уроках выкарыстоўваліся розныя віды рэфлексіі (этап урока, у ходзе якога навучэнцы самастойна ацэньваюць свой стан, свае эмоцыі, вынікі сваёй дзейнасці).
Рэфлексія дзейнасці. У сшытках на друкаванай аснове па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” дзеці ацэньваюць сябе на святлафорчыках. Зялёны колер — ніводнай памылкі, жоўты — 1—2 памылкі, чырвоны — больш за 2 памылкі.
Для кантролю і ацэньвання тэставых ці самастойных работ прымяняліся на ўроках кішэнькі з каляровымі жэтончыкамі.
Падчас урока дзеці ацэньваюць кожнае выкананае заданне: зялёны колер — без памылак, жоўты — 1—2 памылкі, чырвоны — больш за 2 памылкі. У канцы ўрока падлічваюцца жэтоны ў кішэньцы, і ў выглядзе рэфлексіі вучні вешаюць лісточкі са сваімі фотаздымкамі на “дрэва поспехаў”. Высокія галінкі — выдатна, сярэднія — добра, ніжнія — можна лепш. Выбарачна тлумачаць, чаму такі ўзровень. На момант заканчэння 1 класа мае навучэнцы аперыравалі такімі паняццямі, як высокі ўзровень, дастатковы, сярэдні, здавальняючы і нізкі.
“Дрэва поспехаў” выкарыстоўвалася і на ўроках літаратурнага чытання. Асабліва добра ацэньваць вершы і пераказы. Навучэнцы ацэньваюць свой адказ і абгрунтоўваюць сваю самаацэнку. Для самаацэньвання якога-небудзь аднаго задання прымянялі так званыя зорачкі. Прынцып такі ж, як і ў “чароўных лінеечак”, толькі вусна.
“Вагончыкі”. Кожны вагончык адпавядае пэўнаму заданню. Напрыклад, пры правядзенні этапу замацавання, які складаецца з трох міні-гульняў і аднаго творчага задання. У нас — 4 вагончыкі. Прапаноўвалася вучням пасадзіць жывёл (пакінуць жэтончык) у той вагончык, заданне якога выканалася лёгка, хутка і правільна.
“Знакі” (зручна пры навучанні чыстапісанню). Навучэнцы падкрэсліваюць самую прыгожа напісаную літару, слова.
Дзякуючы такім прыёмам, перад настаўнікам заўсёды будзе наглядная карціна: што зразумелі і ўсвядомілі, а над чым трэба яшчэ папрацаваць.
Рэфлексія зместу матэрыялу. У канцы кожнага ўрока праводзіўся такі від рэфлексіі, як “Дапоўні сказ…”.
На ўроках мы часта складаем сінквейны (ад англ. — “шлях думкі”), выкарыстоўваем такі від рэфлексіі, як акраслова.
Такім чынам, аналізуючы вынікі выкананых заданняў, навучэнцы класа могуць правільна ацаніць сваю работу і свае поспехі на ўроку.
Калі дзіця прыходзіць у школу, прымаючы каштоўнасці і прэтэнзіі бацькоў, то пазней яно ў большай ці меншай меры пачынае арыентавацца на вынікі сваёй дзейнасці, сваю рэальную паспяховасць і месца сярод равеснікаў. У перыяд малодшага школьнага ўзросту з’яўляецца рэфлексія (самааналіз, самаацэнка, “позірк унутр сябе”) і тым самым ствараюцца новыя падыходы да ацэнкі сваіх дасягненняў і асобасных якасцей.
Прааналізаваўшы вопыт сваёй работы, з упэўненасцю магу сказаць, што выкарыстанне найбольш эфектыўных метадаў і прыёмаў па фарміраванні адэкватнай самаацэнкі малодшых школьнікаў дало станоўчыя вынікі. Формы работы, якія я прымяняю, дапамагаюць сфарміраваць вучэбнае дзеянне адэкватнай самаацэнкі. Большасць навучэнцаў майго класа ўмеюць правільна ацаніць вынік сваёй работы і вынік работы сябра, умеюць абгрунтаваць сваю ацэнку. Дзеці сталі больш зацікаўлена ставіцца да вучэбных прадметаў. У навучэнцаў сфарміравалася самастойнасць, ініцыятыва, працавітасць.
Наталля ДЗЯНІСАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці.