Да навукі і дасягненняў праз робататэхніку

Бацькі заўсёды хвалююцца за сваіх дзяцей. Хвалююцца за тое, каб тыя выраслі не толькі дастойнымі, але і паспяховымі, шчаслівымі людзьмі. Сучасная адукацыя робіць упэўненыя крокі наперад, звязаныя з такімі методыкамі, як чытанне, пісьмо, а таксама развіццё мовы, камунікатыўных навыкаў. Аднак асаблівай папулярнасцю зараз карыстаецца робататэхніка або LEGO-канструяванне.


Калектыў сярэдняй школы № 4 Салігорска заўсёды імкнецца рэалізаваць новыя і крэатыўныя ідэі. З 2015/2016 навучальнага года ён з’яўляецца актыўным удзельнікам інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання праектных уменняў навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі набору LEGO.

— Канструктары LEGO Education “Пабудуй сваю гісторыю”, “Вучыся вучыцца”, наборы кубікаў LEGO і новы канструктар “ПершаРобат LEGO Wedo”, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Нэлі Журавель, — мы выкарыстоўваем не толькі на занятках па вучэбных прадметах, але і на факультатыўных занятках, аб’яднаннях па інтарэсах, у пазакласнай рабоце. Як і ў мастацтве маленькіх крокаў, мы дзейнічалі па прынцыпе “ад простага — да складанага”. Паступовае канструяванне дазваляе дзецям развівацца ва ўласным тэмпе, вырашаць новыя задачы. Канструктар LEGO дапамагае будаваць і фантазіраваць. Дзіця захоплена працуе і бачыць канчатковы вынік. А любы поспех выклікае жаданне вучыцца.

— Тэма класных гадзін становіцца асноватворнай для стварэння праектаў, — расказвае настаўніца пачатковых класаў Святлана Макаранка. — Праект “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” быў прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кампазіцыю “Мір на нашай зямлі” прадставілі нашы навучэнцы. На класнай гадзіне “Новы год крочыць па планеце” дзеці стваралі свае любімыя навагоднія цацкі — як плоскасныя, так і аб’ёмныя.


Інавацыйны праект дазволіў педагогам распрацаваць праграмы заняткаў з канструктарам LEGO, тым самым ажыццявіўшы праекты “Мой дом у будучыні”, “Поры года”, “Сажалка для качак”. Штогод дзеці ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”. Навучэнку Алісу Салаўёву адзначылі дыпломам ІІІ ступені за работу “Пешаходны мост — мост будучыні”. Навучэнкі 4 класа Лізавета Дубіна і Дар’я Краўчэня атрымалі спецыяльныя прызы БНТУ за работу “На якой пляцоўцы хочацца гуляць”. Вучні 4 класа таксама парадавалі школу і бацькоў сваімі поспехамі: Алег Макарэвіч прывёз дыплом І ступені, Ігнат Яфімчык — дыплом ІІІ ступені, Радзівон Дулін адзначаны спецыяльным прызам Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Вялікі ўклад у перамогі юных талентаў унеслі і педагогі — Святлана Макаранка, Жанна Саламаха, Таццяна Драздовіч.

Педагогі сярэдняй школы № 4 дзеляцца вопытам з калегамі не толькі Салігорскага, але і Слуцкага, Любанскага, Старадарожскага раёнаў. Круглыя сталы, майстар-класы, семінары і вэбінары праводзяцца з Валянцінай Вязгінай, кіраўніком інавацыйнага праекта, кандыдатам педагагічных навук. Удзельнікамі гэтых сустрэч з’яўляюцца і калегі з Абласнога рэсурснага цэнтра “Пошук” лабараторыі “Робататэхніка”.

Вучні малодшых класаў не спыняюцца на дасягнутым. Цяпер дзеці вырашылі ажывіць свае работы пры дапамозе канструктара “ПершаРобат LEGO® EducationWeDo” і даказаць, што асновы праграмавання не страшныя і для дзяцей. “ПершаРобат” дазваляе сабраць і запраграмаваць пры дапамозе камп’ютара мноства базавых мадэлей па інструкцыі, а таксама прыдумаць свае. У наборы ёсць дэталі, сумяшчальныя са стандартнымі цаглінкамі LEGO.


У 2016 годзе на раённы конкурс “Я — даследчык” былі прадстаўлены работы з выкарыстаннем канструктара “ПершаРобат LEGO WeDo”. Навучэнка Лізавета Бусько пад кіраўніцтвам Тамары Сцешыц узнагароджана дыпломам ІІ ступені за работу “Хто ў лялек не гуляў, той шчасця не бачыў”. Трэцякласніца Аліса Салаўёва таксама была ўдастоена дыплома ІІ ступені за работу “Сакрэт перамогі — у балельшчыках”.

Менавіта LEGO дазваляе вучыцца гуляючы, — расказвае настаўніца пачатковых класаў Жанна Саламаха. — Мы імкнёмся развіваць у дзяцей навыкі сумеснай работы, зносін, творчасці, крытычнага мыслення і вырашэння жыццёвых задач.

Факультатыўныя заняткі праводзяцца не толькі настаўнікам пачатковых класаў, але і настаўнікам інфарматыкі. Як адзначыла Таццяна Драздовіч, заняткі па робататэхніцы арганізоўваюцца ў групах па 10 чалавек. Пры гэтым кожная пара дзяцей атрымлівае свой набор і свой персанальны камп’ютар. Гэта зроблена па класічных схемах прызнанага ва ўсім свеце STEAM-падыходу. Згодна з ім, чалавек павінен развіваць і творчыя, і камунікатыўныя навыкі, бо ў будучыні навучэнцам давядзецца жыць у грамадстве, дзе эфектыўна працаваць аднаму практычна немагчыма. Менавіта таму на нашых занятках дзеці працуюць у камандах, дзе адзін выконвае ролю інжынера, які кантралюе працэс і дае ўказанні, а другі — рабочага, які падпарадкоўваецца кіраўніцтву. На працягу заняткаў ролі дзяцей мяняюцца. Такім чынам, з ранніх гадоў яны вучацца як ставіць задачы, так і працаваць у адпаведнасці са службовай інструкцыяй.

Бацькі і настаўнікі з радасцю адзначаюць той факт, што пры дапамозе такіх заняткаў можна праілюстраваць як любы прыклад ці матэматычнае дзеянне, так і інсцэніроўку любімай казкі ці мультфільма. Дзецям працаваць з канструктарам вельмі падабаецца. Вось іх водгукі: “Мы можам змайстраваць усё, што задумалі. Пабудаваць горад, замкі сваёй мары. Падабаецца ствараць і абараняць свае праекты. Гэта здорава!”

Выкарыстанне адукацыйных інструментаў LEGO — гэта не проста прапаганда навукі сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, гэта фарміраванне ў навучэнцаў навыкаў, якія раней адсутнічалі. Хто ведае, можа, дзеці LEGO-класаў створаць новага робата ХХІ стагоддзя ці стануць вялікімі вучонымі…

Аляксандра ГІРЭЛЬ,
студэнтка 3 курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*