Педагагічны стаж І.П.Ціханавецкай без малога 30 гадоў. У яе скарбонцы — перамогі ў шматлікіх конкурсах і фестывалях. Так, у 2015 годзе настаўніца стала ўладальніцай гран-пры Міжнароднага конкурсу “Бурштынавая сава”, пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” з распрацоўкай вэб-квеста “Падарожжа Нязнайкі ў нязведаную галактыку Інтэрнэт” і інш. Педагагічнае крэда І.П.Ціханавецкай — навучаючыся сама, вучу іншых. Педагог пераканана, што сённяшнія вучні не павінны быць адарванымі ад жыцця, ім неабходна быць мабільнымі, гнуткімі, умець сарыентавацца, крытычна ацэньваць інфармацыю і ў той жа час развіваць творчасць.
Мы вырашылі пашырыць межы нашай рубрыкі “Рэпартаж з урока” і прадстаўляць вашай увазе, паважаныя чытачы, вучэбныя заняткі не толькі ўдзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, членаў клуба “Крыштальны журавель”, але і настаўнікаў-метадыстаў, творчых, натхнёных педагогаў, чые імёны добра вядомы ў настаўніцкім асяроддзі краіны. Сёння мы завіталі на ўрок настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 111 Мінска настаўніка-метадыста Інгі Пятроўны ЦІХАНАВЕЦКАЙ, якая з’яўляецца педагогам-наватарам і шчодра дзеліцца вопытам са сваімі калегамі. Як віртуозна Інга Пятроўна працуе з дарослай аўдыторыяй мне неаднаразова даводзілася бачыць, а вось назіраць, як яна ўзаемадзейнічае са сваімі пачаткоўцамі, дагэтуль не пашчасціла. Таму я з нецярпеннем чакала сустрэчы на ўроку.
У кабінет я зайшла за пяць мінут да пачатку ўрока. Быў перапынак і вучні займаліся кожны сваімі справамі: хлопчыкі гулялі ў насценныя шахматы, адзін з пачаткоўцаў паказваў сваім аднакласнікам нейкія карцінкі, групка дзяцей штосьці гучна абмяркоўвала, размясціўшыся на пуфах, некалькі трэцякласнікаў выбеглі ў калідор і там арганізавалі рухавую гульню. Інга Пятроўна заканчвала апошнія прыгатаванні да ўрока: яна загрузіла на ноўтбук патрэбны матэрыял, яшчэ раз праверыла работу інтэрактыўнай панэлі, дакумент-камеры. Маю ўвагу таксама прыцягнулі дошка з магнітна-грыфельнай паверхняй, якая размясцілася амаль на ўсю даўжыню класа і на якой віселі ілюстрацыі да твора, які вывучаецца, а таксама парты, расстаўленыя для групавой работы. На кожным вучэбным месцы, акрамя пісьмовых прылад і падручніка, я заўважыла цікавы сшытак, зроблены вучнямі. Як потым высветлілася, гэта быў падрыхтаваны загадзя шаблон інтэрактыўнага чытацкага дзённіка з дынамічнымі pop-up-канструкцыямі. Дарэчы, такія работы ў выхаванцаў І.П.Ціханавецкай выклікаюць непадробную цікавасць.
І вось гучыць званок, дзеці займаюць свае месцы за партамі…
Гэта быў урок літаратурнага чытання ў 3 класе па творы Сяргея Вольфа “Век яго не забуду”, на вывучэнне якога праграмай адводзіцца 2 гадзіны. І калі першы ўрок быў прысвечаны чытанню літаратурнага твора, падрыхтоўцы да яго пераказу, то другі, на якім я і прысутнічала, — быў урок замацавання атрыманых ведаў: дзеці актыўна пагрузіліся ў асэнсаванне прачытанага. Падчас заняткаў малодшым школьнікам неабходна было раскрыць ідэйную задуму твора і адказаць на ключавое пытанне “Чаму вартаўнік дапамог хлопчыку?”.
На папярэднім уроку навучэнцы атрымалі дамашняе заданне: пераказаць адну з глаў твора і папрацаваць у электронным чытацкім дзённіку, які створаны ў фармаце візуальнага прадстаўлення інфармацыі з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. Да ўрока настаўніца загадзя падрыхтавала шаблон электронных старонак у Google-прэзентацыі і з дапамогай рассылкі Google Сlassroom кожны вучань атрымаў заданне ў сетцы. Шаблон змяшчаў наступныя старонкі: аўтар і назва тэксту, адказы на пытанні, слоўнічак, воблака слоў, ілюстрацыя, сінквейн, літаратурныя гульні (“Пяцёрачка” і “Пяць кадраў”) і абавязковая самаацэнка ў Google-форме. Такая папярэдняя работа над творам дапамагла навучэнцам хутка арыентавацца ў змесце, аказваць дапамогу таварышам, якія адчуваюць цяжкасці.
На першым, матывацыйным, этапе ўрока Інга Пятроўна запрасіла дзяцей пагуляць у літаратурны футбол і тым самым праверыць веданне зместу апавядання. Клас падзяліўся на дзве каманды: дзяўчынак і хлопчыкаў. Каманда з ходу прыдумвае пытанне і задае яго камандзе сапернікаў (закідвае пытанне). Даецца пэўны час на падрыхтоўку адказу, і калі другая каманда не адказала, то “забіваецца” гол.
— Колькі гадоў было клоўну? Што ляжала ў сакваяжы? Як выглядаў клоўн? Чаму вартаўнік вырашыў дапамагчы хлопчыку? Куды паехаў клоўн пасля прадстаўлення? — пасыпаліся пытанні ад каманд.
Было відаць, што дзеці добра прачыталі твор і з лёгкасцю арыентаваліся ў яго змесце. У выніку з лікам 0:0 перамагла дружба.
Далей настаўніца прапанавала вучням праверыць дамашняе заданне. Трэба было бачыць, з якім захапленнем тры хлопчыкі інсцэніравалі ўрывак з твора, як імкнуліся перадаць пачуцці герояў голасам, мімікай, жэстамі! А якім праўдападобным падаўся клоўн, які прыехаў павесяліць бабулю пад музычны акампанемент! Бурнымі апладысментамі падзякавалі акцёрам аднакласнікі. Шмат яркіх уражанняў у дзяцей выклікаў і мультфільм дзяўчат, які ажыў пад дакумент-камерай. Якой пераканальнай была агучка галоўных герояў! Было відаць, што выконваць падобнае дамашняе заданне вучням толькі ў радасць, яны ведаюць, як абыходзіцца і з дакумент-камерай, і з інтэрактыўнай панэллю. Як потым пракаменціравала настаўніца, падобныя творчыя заданні яна не задае спецыяльна, вучні прапаноўваюць рабіць іх самі. Праўда, Інга Пятроўна потым не шкадуе часу на дэманстрацыю малодшымі школьнікамі вынікаў зробленага. Створаныя вучнямі мультфільмы выкладваюцца на YouTube-канал. А гэта ў сваю чаргу стымулюе дзяцей на далейшую работу.
Затым вучні звярнуліся да інтэрактыўнага чытацкага дзённіка, што ляжаў у іх на сталах, і ў групах папрацавалі са слоўнікам эмоцый і пачуццяў: запісалі, якія эмоцыі яны адчулі, калі чыталі апавяданне, і замалявалі іх.
Наступнае заданне для навучэнцаў — выбраць той урывак з апавядання, які аказаў самае моцнае ўражанне, зрабіць яго аўдыязапіс і замацаваць да публікацыі ў электронным чытацкім дзённіку, адправіўшы спасылку педагогу. І тут вучні з веданнем справы прадэманстравалі валоданне дадаткам у планшэце. Аўдыязапіс, які з’явіўся на электронным носьбіце першым, быў праслуханы дзецьмі. Настаўніца пракаменціравала чытанне дзяўчынкі, паправіла дапушчаныя памылкі. Педагог заўважыла, што выразнае чытанне астатніх дзяцей яна праслухае пасля ўрокаў і ацэніць іх работу.
— Як вы думаеце, на якое ключавое пытанне ўрока мы пастараемся сёння адказаць? — запыталася настаўніца.
— Чаму вартаўнік дапамог хлопчыку? — з розных бакоў пачуліся галасы дзяцей.
— Так, давайце адкажам: чаму вартаўнік дапамог хлопчыку? — падхапіла настаўніца. — А для гэтага неабходна выканаць шэраг заданняў.
Інга Пятроўна прапанавала дзецям адказаць на пытанні анлайн-віктарыны http://triv.in/139553:
— Дзе хлопчык адпачываў з бабуляй? (у вёсцы, на дачы, у горадзе);
— Аб кім па начах трызніла бабуля? (аб дрэсіроўшчыках, аб гімнастах, аб клоўне);
— Што прыдумаў унук? (паехаць у горад і купіць білет у цырк; паехаць у горад у цырк і запрасіць клоўна; паехаць у горад і выклікаць бабулі ўрача);
— Якую цудоўную мелодыю сыграў клоўн? (паланэз Агінскага, марш Мендэльсона, балеро Дэліба);
— На якім музычным інструменце іграў клоўн? (на скрыпцы, на флейце, на дудачцы);
— Што сказала бабуля пасля праслухоўвання гэтай мелодыі? (ніколі раней яе не чула; якая цудоўная мелодыя; гэта музыка маёй маладосці);
— Якое прозвішча было ў клоўна? (Іваноў, Пятроў, Сідараў);
— Як хлопчык аддзячыў клоўну? (заплаціў яму грошы; даў каробку цукерак; сказаў “вялікі дзякуй”);
— Закончы прыказку “Свет не без … людзей” (прыгожых, разумных, добрых).
Вучні навялі свае планшэты на QR-код і выйшлі на заданне, якое выканалі ў інтэрактыўным рэжыме. Адразу ж на экране панэлі з’явіўся вынік работы трэцякласнікаў. Было відаць, што большасць дзяцей паспяхова справіліся з заданнямі.
Наступным этапам работы стаў аналіз якасцей герояў і работа ў інтэрактыўным чытацкім дзённіку. Настаўніца прапанавала навучэнцам спачатку ахарактарызаваць бабулю, абмеркаваць кожны ў сваёй групе тое, якой яна паўстае перад вачыма, і стварыць агульнымі намаганнямі, карыстаючыся планшэтам, воблака слоў. Больш моцныя вучні дапамагалі тым, хто не паспяваў. На экране з’явіліся словы: няшчасная, добрая, клапатлівая, любіць унука, сумная, сардэчная, радасная, вясёлая… Якасці бабулі кожны з вучняў напісаў у чытацкім дзённіку. Падобным чынам быў ахарактарызаваны і хлопчык.
Потым дзеці выказалі прадбачанне, што галоўным героем твора ўсё ж з’яўляецца клоўн. Праверыць свае здагадкі яны змаглі, выканаўшы заданне на картцы.
.епап как ,корос тел уме олыб И .ысолов еынрёч и ебес оп мас йынсарк лыб оген у соН .укчосолоп в акшабур и икюрб еырес ;олыб ен огоннартс огечин момас мён аН Твой ответ________ |
— Так. Галоўны герой твора — клоўн. Чаму ж вартаўнік дапамог хлопчыку? — задала пытанне настаўніца.
— Ён чулы чалавек з добрым сэрцам. Яму стала шкада бабулю. Ён не прайшоў міма і адгукнуўся на просьбу хлопчыка, — адказалі дзеці, тым самым даўшы адказ на ключавое пытанне.
У якасці дамашняга задання вучням задалі скласці пашпарт клоўна. А яшчэ ім неабходна напісаць водзыў на прачытаны твор. Настаўніца нагадала, што на яе адрас можна накіроўваць відэаводзывы аб праробленай рабоце, што, дарэчы, вучнямі і практыкуецца.
Напрыканцы ўрока трэцякласнікаў чакала яшчэ адно выпрабаванне — прайсці анлайн-квест (вызначыць схаваныя лічбы) і дапамагчы героям выйсці з пакоя, у які яны трапілі https://www.learnis.ru/810613/.
Атрымаўшы лічбавы код 2761, трэцякласнікі даведаліся пра апошняе заданне ўрока — скласці сінквейн. Была арганізавана камандная работа. Вучні пачалі актыўнае абмеркаванне, а тым, хто адчуваў цяжкасці, прыходзілі на дапамогу аднакласнікі і настаўніца. Праз некалькі мінут кожная каманда прадставіла свой сінквейн.
На этапе рэфлексіі вучні адзначылі, што даведаліся пра тое, што трэба быць добрым, чулым, дапамагаць людзям, верыць у свае сілы. Яны атрымалі задавальненне ад прачытання твора, ад прапанаваных заданняў і каманднай работы. Праўда, прызналіся, што на ўроку ім бы хацелася ўсё ж лепш выконваць заданні, працаваць у камандзе і больш удумліва чытаць.
Урок пакінуў самыя добрыя ўражанні. Настаўніцы ўдалося зрабіць яго сучасным і дынамічным, цікавым і змястоўным, а самае галоўнае — яркім і запамінальным. Калі гэта быў штодзённы рабочы ўрок, то што можна сказаць пра ўрок адкрыты, на які прыходзяць калегі Інгі Пятроўны? Мне вельмі спадабаліся выхаванцы І.П.Ціханавецкай: актыўныя і ініцыятыўныя, не баяцца памыліцца і выказаць сваю думку, разняволеныя і незакамплексаваныя. Менавіта яны былі асноўнымі дзеючымі асобамі, а педагог правільна і ўмела накіроўвала іх работу. Пры такой цікавасці і ўцягнутасці ў творчы працэс малодшыя школьнікі не заўважаюць час урока, для іх ён пралятае вельмі хутка. Разам з Інгай Пятроўнай сумаваць ім сапраўды не даводзіцца! А гаджэты ім не толькі не перашкаджаюць, а нават дапамагаюць вучыцца, бо настаўніца змагла захапленні дзяцей пакалення Z накіраваць у адукацыйнае рэчышча. І яшчэ, недахопу адзнак у журнале настаўніцы не будзе ніколі, бо каго не ацанілі непасрэдна на ўроку, можна ацаніць потым па матэрыялах, назапашаных у электронным чытацкім дзённіку.
— Урок праводзіўся ў класе, дзе я з’яўляюся класным кіраўніком. Гэты набор моцны: кожны з дзяцей паспяховы ў чымсьці сваім. І хаця ўзровень іх вучэбных дасягненняў розны, аднак вучні цягнуцца адно за адным. Мае выхаванцы — гэта дзеткі-працаўнікі, цуд-дзеткі. Так, дарэчы, яны самі сябе пазіцыянуюць. Ад папярэдніх маіх выхаванцаў яны адрозніваюцца тым, што рана трапілі ў сацыяльныя сеткі, 6 дзяцей у класе вядуць свой інстаграм-
канал, — пракаменціравала Інга Пятроўна. — Праведзены ўрок — гэта рабочы ўрок замацавання ведаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных
тэхналогій. Для дасягнення яго асноўнай мэты (раскрыць ідэйную задуму апавядання С.Вольфа “Век яго не забуду”, што будзе сайдзейнічаць засваенню маральных норм паводзін), я паставіла шэраг задач:
— арганізаваць вучэбныя сітуацыі, дзе кожны навучэнец зможа выказаць свае адносіны да галоўных дзеючых асоб, даць адказ на ключавое пытанне ўрока;
— арганізаваць групавую чытацкую дзейнасць; вучыць будаваць дыялог у пары; аргументаваць сваю думку;
— арганізаваць літаратурна-творчую дзейнасць для фарміравання ўменняў даваць характарыстыку якасцей галоўных герояў, запоўніць інтэрактыўны чытацкі дзённік.
Мной была выкарыстана тэхналогія змешанага навучання, якая дазваляе прыцягнуць у адукацыйны працэс вучняў з розным узроўнем вучэбнай матывацыі. Гэта, на маю думку, адна з аптымальных форм, калі навучэнцы могуць узаемадзейнічаць з настаўнікам і аднакласнікамі не толькі вочна, але і анлайн.
Каб падрыхтоўка да ўрока не насіла фармальны характар, я прапанавала дзецям запоўніць электронны варыянт чытацкага дзённіка. (У сэрвісе Google Сlassroom мы ўзаемадзейнічаем з 1 класа і зараз вучні ў ім дастаткова лёгка і свабодна арыентуюцца. Часам раблю анлайн-трансляцыю спецыяльна для тых, хто адсутнічае — захварэў, з’ехаў.) Запісваючы свае думкі, навучэнцы вучацца думаць, аналізаваць прачытанае, выказваць сваё стаўленне і лепш разумець сябе. Галоўнай вартасцю электроннага чытацкага дзённіка з’яўляецца фарміраванне ўмення самастойна працаваць над прачытаным творам.
Да ўрока я загадзя падрыхтавала шаблон электронных старонак у Google-прэзентацыі. Вучні маглі прадугледзець, што будзе на ўроку, аб чым мы будзем гаварыць. Такая работа вядзецца на пастаяннай аснове і не выклікае цяжкасцей у навучэнцаў (элементы перавернутага ўрока).
На адным з этапаў малодшым школьнікам было прапанавана зрабіць аўдыязапіс выразнага чытання ўрыўка з твора, прымацаваць аўдыяфайл да электроннага варыянта чытацкага дзённіка. Так я вызваліла час для творчай работы і атрымала магчымасць ацаніць выразнасць чытання ўсіх навучэнцаў і пры неабходнасці паставіць адзнаку ў журнал. У далейшым да аўдыяфайлаў мы можам звярнуцца на абагульняючым уроку.
На занятках была выкарыстана такая форма літаратурна-творчай дзейнасці, як літаратурны футбол. Дзецям вельмі падабаецца гэтая літаратурная гульня. Былі арганізаваны віктарына і вэб-квест “Выйдзі з пакоя”, у заданнях якога выкарыстоўваўся тэкст і вучням трэба было вызначыць, дзе змяшчаецца лічба. Усім нам вядома, што лепш запамінаецца тое, што цікава, што эмацыянальна афарбавана. Каб пройдзены матэрыял застаўся ў памяці навучэнца, на дапамогу прыйшоў папяровы інтэрактыўны чытацкі дзённік з дынамічнымі pop-up-канструкцыямі https://youtu.be/g4kaqsjyLVA.
Галоўная мэта ўрокаў літаратурнага чытання — зразумець ідэйную задуму аўтара — была дасягнута. Мне спадабалася, як дзеці працавалі, як адказвалі на пытанні. У іх выклікала цяжкасці характарыстыка якасцей героя. Гэтаму я зараз удзяляю павышаную ўвагу. Вучу бачыць градацыю: знешні выгляд, стан здароўя, асабістыя якасці чалавека. Дзеці ўзаемадзейнічалі адно з адным, праходзіла добрая інтэлектуальная работа. Вучні паказалі, як умеюць працаваць з інфармацыяй, інтэрактыўнымі заданнямі, супрацоўнічаць у групе і ацэньваць сваю дзейнасць. Такі фармат правядзення ўрока ў поўнай меры дазваляе рэалізаваць асобасна дзейнасны падыход. У цэнтры ўвагі знаходзіцца вучань з яго інтарэсамі, патрэбамі, здольнасцямі, што адпавядае асноўным патрабаванням да сучаснага вучэбнага працэсу. Адбываецца перапляценне эмацыянальнага і інтэлектуальнага ў працэсе фарміравання спецыяльных чытацкіх уменняў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.