Кожны чалавек размаўляе на той мове, на якой гавораць яго матуля, тата, сябры. А што, калі ты жывеш у Беларусі, а побач з сабой чуеш у асноўным толькі рускую мову? Як можна зацікавіць вучняў роднай беларускай мовай? Такое пытанне задавалі сабе многія настаўнікі. Думаецца, што толькі праз цікавыя формы работы можна ўразіць сучасных дзяцей і падлеткаў, паказаць ім, што наша мова не горшая за іншыя. І нават гэта здорава, калі ты з лёгкасцю можаш размаўляць, думаць, спяваць на беларускай мове! Ты ж беларус!
Як вялізнае дрэва пачынае сваё жыццё з маленькага зярнятка, так і наш праект вырас з асобных заданняў. Спачатку гэта былі спробы пашырыць лексічны запас слоў першакласнікаў праз творчыя работы. Першыя заданні былі простыя: знайсці на сюжэтным малюнку пэўныя аб’екты і размясціць пад імі словы-назвы, якія спачатку трэба прачытаць, выразаць, наклеіць і зноў прачытаць. І гэта па кожнай тэме. Мэта такой работы — назапасіць лексіку па пэўных тэмах, каб потым уключыць яе ў больш складаныя праекты. Потым гэтая работа стала больш разнапланавай, падключылі розныя часціны мовы. Трэба было да прадмета дадаць яго прыметы і дзеянні. Напрыклад, па тэме “Ягады” (2 клас) прапанавана заданне скласці сказ: “Я ўзяў кошык і пайшоў у лес збіраць духмяныя (чырвоныя, салодкія і г.д.) суніцы (чарніцы, брусніцы і г.д.)”. Калі ўжо лексікі было назапашана дастаткова, другакласнікі рыхтавалі выніковы праект з 8 —10 сказаў, які складаўся з раней вывучаных тэм. Так, напрыканцы другога года навучання дзеці свабодна гаварылі па-беларуску на пэўную тэму, выкарыстоўваючы розныя часціны мовы. У 3 і 4 класах паспрабавалі такую творчую работу, як “Голас твора” (трэба было падрыхтаваць выразнае чытанне верша ці ўрыўка празаічнага твора і зняць на відэа). Дадаткова можна было падабраць музычны фон, дадаць дэкарацыі па тэме. Пры ўмове, што ў класе займаюцца 32 вучні, адпала праблема назапашвання адзнак. Праглядаючы відэаролікі, якія былі зроблены з дапамогай тэлефона і адпраўлены настаўніку праз Viber, можна было ацаніць амаль усіх навучэнцаў адразу, дадаць каментарыі ці даць парады па дапрацоўцы задання і дачакацца паўторнай адкарэкціраванай работы. Дзецям вельмі спадабалася такая работа: па-першае, цікава пачуць, як гучыць збоку твой голас, убачыць сябе на экране, адчуць сябе сапраўдным артыстам. Нам, настаўнікам, гэтая работа таксама вельмі спадабалася, таму што дзеці больш дасканала сталі рыхтавацца, сталі падключацца і бацькі. Як вынік, якасць выразнага чытання значна палепшылася. Каменціруючы работы аднакласнікаў, дзеці навучыліся бачыць і свае недахопы. Да Дня роднай мовы ў 4 класе зрабілі ролік “Мае любімыя радкі”, для якога трэба было падрыхтаваць музычны фон, стварыць беларускае асяроддзе і прачытаць на памяць самыя любімыя беларускія вершы. У выніку атрымаліся творчыя работы, пачынаючы з класікі (нібы сцэна з “Паўлінкі”) і заканчваючы сучасным рэпам на беларускай мове. Такім чынам, напрыканцы года мы, настаўнікі, заўважылі, што беларуская мова перастала быць для вучняў цяжкай, чужой. Захапіліся гэтай работай і бацькі.
Як вынік, у мінулым навучальным годзе мы пачалі гімназічны праект “Выкарыстанне праектнай дзейнасці ў пачатковых класах для асэнсавання беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці”. Быў распрацаваны план работы на год. Ён уключаў 4 вялікія тэмы: “Восень” (садавіна, агародніна, надвор’е і г.д.), “Школа” (школьныя прылады, памяшканні і г.д.), “Жывёльны і раслінны свет”, “Чалавек і яго побыт” (адзенне, абутак, мэбля і г.д.). На кожную чвэрць вызначылі пэўную лексічную тэму і размеркавалі, якія класы рыхтуюць друкаваны праект, што дапаможа навучэнцам засвоіць лексіку нават на перапынку. У канцы чвэрці на кожнай паралелі 1—4 класаў праводзіўся конкурс “Лепшы знаўца беларускай мовы” па словах з праекта.
Дадатковымі відамі работ па замацаванні і ўключэнні напрацаванай лексікі ў маўленчае асяроддзе навучэнцаў сталі наступныя творчыя заданні, якія таксама былі распрацаваны ў межах вызначанай тэмы:
“Перапынак з карысцю”. У даступным месцы (для работы па праекце ў нас з’явіўся асобны стэнд) размясцілі канверт з крыжаванкамі, філвордамі, загадкамі, скорагаворкамі, цікавымі дадатковымі матэрыяламі на тэму лексічнага праекта, якія можна ўзяць і на перапынку папрацаваць. Правялі Тыдзень ветлівасці, падчас якога вучылі і выкарыстоўвалі на практыцы формы ветлівасці на беларускай мове.
“Павіншуй на роднай мове”: да каляндарных свят былі прапанаваны для завучвання на памяць маленькія вершыкі-віншаванні.
Творчая работа. Паспрабавалі стварыць відэаролікі з першакласнікамі (безумоўна, тут падключыліся бацькі). Пасля вывучэння лексікі па тэме “Мой пакой” навучэнцы з бацькамі зрабілі ролік, у якім першакласнікі правялі на беларускай мове віртуальную экскурсію па сваім пакоі. Цудоўна было тое, што ў гэтую тэму дзеці з лёгкасцю ўключылі лексіку па тэме “Школа”, расказваючы пра тое, што ляжыць на пісьмовым стале або знаходзіцца на кніжнай паліцы.
Да настаўнікаў падключыліся і выхавальнікі груп прадоўжанага дня. Яны арганізавалі і правялі Тыдзень беларускай гульні, падчас якога вучні пачатковых класаў змаглі пазнаёміцца з беларускімі гульнямі і пагуляць у іх на перапынку ці на ўроку “Гадзіна здароўя і спорту”. Далей вырашылі падрыхтаваць тэатральныя мініяцюры на беларускай мове. Тут атрымаліся і маленькія лялечныя спектаклі, і нават мультфільм, дзе першакласнікі агучвалі ролі і кіравалі намаляванымі артыстамі.
Да Дня роднай мовы запланавалі стварыць віртуальную версію краязнаўчага міні-музея пад назвай “Бабульчын куфар”. Сэнс праекта: знайсці ў сваёй сям’і старадаўнюю рэч, якой карысталіся яшчэ продкі, бабулі і дзядулі, распытаць аб ёй бацькоў, расказаць пра гэтую рэч на ўроку беларускай мовы (ці ў відэароліку) сваім аднакласнікам. Гэта работа была накіравана як на пашырэнне лексікі дзяцей, так і на вывучэнне гісторыі сваёй сям’і, продкаў, сваёй малай радзімы. Навучэнцы, якія не знайшлі такую рэч дома, паехалі ў госці да сваякоў, пайшлі з бацькамі ў краязнаўчыя музеі. Мы нават і ўявіць сабе не маглі, які выхаваўчы пласт узрушым гэтым заданнем. Зацікаўленыя дзеці — заклапочаныя і захопленыя творчасцю бацькі — усхваляваныя дзядулі і бабулі, а таксама здзіўленыя работнікі музеяў, у якіх трэба было прасіць дазволу, каб зняць відэаролік. Колькі сямейных гісторый было паднята разам з ручнікамі і вышыванкамі, падковамі на шчасце і прасам! Колькі цікавага пачулі дзеці ад сваіх бабуль і дзядуляў!
Працуючы ў межах праекта мы, настаўнікі, самі захапіліся гэтай работай, зразумелі, што ўрокі беларускай мовы і літаратуры могуць быць яшчэ больш цікавымі і яскравымі. А навучэнцы з задавальненнем сталі чакаць чарговага ўрока, на якім зноў можна тварыць, быць артыстам, рэжысёрам, з лёгкасцю дзяліцца думкамі з сябрам на роднай мове. Калі можна і пасля ўрока жадаць яшчэ нешта абмяркоўваць, а дома з бацькамі ператварыць дзіцячы пакой у відэастудыю і атрымаць асалоду ад таго, што дзеці размаўляюць на роднай мове, бацькі становяцца аднадумцамі і амаль калегамі. А ў выніку беларуская мова перастае быць чужой, яна становіцца матчынай!
Дзіяна КУПЦОВА,
Наталля КАНДРАЦЕНКА,
настаўнікі пачатковых класаў гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.