Калі ў Вольгі Аляксандраўны Кузьміч цікавяцца пра яе хобі, яна адказвае: “Французская мова”. Педагог не толькі выкладае яе ў гімназіі № 1 Ваўкавыска і з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў французскай мовы. Свае моўныя веды яна паглыбляе і ў вольны час. Часта на гэта натхняюць вучні, якія захапляюцца французскай мовай, з’яўляюцца ўдзельнікамі лінгвістычных алімпіяд і конкурсаў.
“У вучняў нашай гімназіі ёсць магчымасць вывучаць як французскую, так і англійскую мовы, — гаворыць Вольга Аляксандраўна. — Выбар робяць іх бацькі з дапамогай жэрабя. Не сакрэт, што многія дарослыя жадаюць, каб іх дзеці вывучалі англійскую. Але тыя вучні, каму выпала магчымасць вучыць французскую, не шкадуюць аб гэтым. Калі ў гімназіі на ўрачыстай лінейцы віншуюць пераможцаў алімпіяд і конкурсаў па французскай мове, бачна, як іх бацькі гэтым ганарацца. Французская мова вельмі прыгожая і меладычная. Яе вывучаюць ва ўсіх краінах свету на пяці кантынентах, на ёй размаўляюць больш як 270 мільёнаў чалавек. У французскай мове шмат цікавых нюансаў. Напрыклад, у граматыцы нямала выключэнняў. Ёсць правіла, згодна з якім 3—4 літары ў слове, якія стаяць побач, чытаюцца як адна. Націск заўсёды ставіцца на апошні склад. У сучаснай французскай мове апошнім часам з’яўляецца шмат англіцызмаў, што таксама трэба ўлічваць пры яе вывучэнні. У нашай гімназіі вывучэнне французскай падтрымліваецца на ўсіх узроўнях. Праз сеткавае ўзаемадзеянне з навучэнцамі, уласныя блогі і сацыяльныя сеткі педагогі гімназіі даносяць дзецям карысную інфармацыю, дзеляцца спасылкамі, знаёмяць з новымі тэндэнцыямі і моўнымі правіламі. Калі я не магу дакладна адказаць на складанае пытанне вучня, звяртаюся да ўсіх даступных крыніц інфармацыі, кансультуюся з калегамі. Актыўна сачу за новымі падручнікамі па французскай мове (як замежнай), якія выходзяць у розных краінах. Цікавы матэрыял, які знаходжу ў іх, выкарыстоўваю ў якасці дадатковага. У вольны час імкнуся да самаадукацыі і творчага пошуку. З калегамі з гімназіі паўдзельнічала ў вэбінары “Сучасныя тэхналогіі ў анлайн-адукацыі і анлайн-конкурсе педмайстэрства на платформе Core”. Сёлета ў раённым конкурсе метадычных распрацовак урокаў у серыі “Кампетэнтнасны падыход” мая распрацоўка заняла 1-е месца. Удалося паўдзельнічаць у серыі міжнародных вэбінараў “Мазаіка поспеху”, якія тычыліся работы з адоранымі дзецьмі, і выступіць на адным з іх па тэме “Метадалагічны аспект работы з высокаматываванымі навучэнцамі”. У найбліжэйшы час у інтэрнэт-часопісе “Навука і рэальнасць” з’явіцца мой артыкул, дзе я прадставіла мадэль работы настаўнікаў гімназіі з такімі навучэнцамі”.
Прызнана, што найбольш эфектыўны метад — індывідуальныя заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяд, конкурсаў, даследчых работ. Формы работы з высокаматываванымі вучнямі дзеляцца на ўрочныя і пазаўрочныя. Шмат увагі пры гэтым неабходна ўдзяляць вуснаму маўленню. Да ўрочных форм работы адносяцца выкарыстанне ІКТ (відэа, інтэрактыўныя і аўдыядыскі, DVD, інтэрнэт-рэсурсы), дадатковага матэрыялу па розных відах дзейнасці павышанага або высокага ўзроўню; выкананне творчых праектаў; знаёмства з краіназнаўствам Францыі; выкарыстанне ілюстрацый, прыказак, галаваломак і рэбусаў для папаўнення лексічнага запасу; стварэнне моўнага партфоліа вучня з рознымі правіламі, заданнямі і сітуацыямі; выкарыстанне тэхналогіі дэбатаў, навучання ў супрацоўніцтве (у старшых класах) і інш.
Пазаўрочныя формы работы, якія практыкуюцца ў гімназіі, наступныя: удзел у конкурсах песень на замежнай мове (“Інтэрфэст”, гала-канцэрт у межах тыдня Франкафоніі ў Мiнску); правядзенне прадметнага тыдня (дэкады) французскай мовы, алімпіяд, у тым ліку дыстанцыйных, па французскай мове; удзел у раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Крокі ў навуку” і іншых канферэнцыях раённага і абласнога ўзроўняў; правядзенне факультатыўных, стымулюючых і гуртковых заняткаў; арганізацыя круглых сталоў па праблемах моладзі (аб шкодзе і карысці выкарыстання мабільных тэлефонаў і інш.); выкананне творчых інфармацыйных і даследчых праектаў на французскай мове; удзел у міжнародных праектах (напрыклад, “Францыя вядомая і невядомая”, “Ліст Дзеду Марозу”); удзел у абласным конкурсе віртуальных экскурсій на замежнай мове Welcome to Grodno region, у якім за правядзенне персаніфікаванай экскурсіі па музеі баявой славы, што знаходзіцца ў гімназіі, на французскай мове “Іх подзвіг забыць мы не павінны” мы занялі 1-е месца; удзел у франкафонным тэатры Point de vue (“Пункт гледжання”); традыцыйныя ролевыя гульні для навучэнцаў сярэдняга звяна: “Знайдзі скарб”, “За святочным сталом”, “Конкурс на лепшы рэцэпт”; конкурсы на лепшага перакладчыка “Першая проба пяра”, на лепшае эсэ.
“Франкафонны тэатр — гэта гурток, які вядуць мае маладыя калегі, — тлумачыць Вольга Аляксандраўна. — Разам з дзецьмі яны ставяць творы на французскай мове, у тым ліку сучасных аўтараў, з музычнымі нумарамі, танцамі, песнямі. У гэтым годзе, напрыклад, зрабілі аўтарскі спектакль “Пасля дожджыку будзе і сонейка”, які на V Абласным конкурсе спектакляў на замежнай мове “Трыумф” атрымаў дыплом III ступенi, а на VI Абласным фестывалі франкафонных тэатраў на французскай мове Валерыя Паканечная атрымала дыплом “За лепшую жаночую ролю”. Удзельнічаем у мерапрыемствах, якія прапаноўвае пасольства Францыі ў Беларусі, напрыклад, у фестывалі франкамоўных тэатраў. Адно з апошніх — Рэспубліканскі літаратурна-краіназнаўчы конкурс “Крокі”, дзе вучаніца маёй калегi Веранiка Тарыма заняла 3-е месца, а мая вучанiца Лiзавета Клыбiк адзначана пахвальным лістом. Адзінаццацікласніца Дар’я Галавач у мінулым навучальным годзе ўдзельнічала ў алімпіядзе па французскай мове Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і заняла 2-е месца”.
У пачатковай школе Вольга Кузьміч выкарыстоўвае тлумачальна-ілюстрацыйны метад і гульнявыя прыёмы, знаёміць вучняў з маляўнічымі часопісамі, краіназнаўчым матэрыялам. Яе задача — стварыць ва ўсіх вучняў адчуванне поспеху, дапамагчы паверыць у сябе, пераадолець страх зрабіць памылку. Дзяцей, якім недастаткова вучыцца толькі па падручніку, Вольга Кузьміч вылучае яшчэ ў пачатковай школе. Яны імкнуцца чытаць спецыяльную літаратуру, шукаюць матэрыял у інтэрнэце, энцыклапедыях. На ўроках такія дзеці задаюць высокі тэмп работы, ім патрэбны больш складаныя і арыгінальныя заданні. У працы з імі педагог прымяняе асобасна-арыентаваны падыход, індывідуалізаванае і дыферэнцыраванае навучанне, зацікаўлівае вучняў незвычайнымі заданнямі: падрыхтуй узорнае чытанне тэксту; складзі крыжаванку з вывучаных слоў; адзнач самыя складаныя словы, у якіх дзеці робяць памылкі; выберы сабе заданне сам і г.д.
“Сваіх сённяшніх “зорачак” — пераможцаў алімпіяд па французскай мове — Надзю Лапу і Валерыю Уліцкую я заўважыла ў 3 класе, — расказала Вольга Кузьміч. — Дзяўчынкі стараліся дома рабіць больш, чым я ім задавала, прасілі дадатковы матэрыял. У 7 класе мы рыхтаваліся з імі да песеннага конкурсу “Інтэрфэст”. У 8 класе пісалі навуковую работу, з якой занялі 1-е месца у раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Крокі ў навуку”, а ў 9 класе паехалі на абласную НПК “Крышталёвая альфа”, дзе Валерыя Улiцкая заняла 2-е месца з работай “Французскiя амонiмы: блiзняты цi двайнiкi”. Пасля 9 класа дзяўчынкі сканцэнтраваліся на ўдзеле ў алімпіядах, займаліся па індывідуальных адукацыйных маршрутах. У 2018/2019 навучальным годзе Валерыя Улiцкая заняла 3-е месца на рэспубліцы, а Надзя Лапа была адзначана пахвальным водзывам. За перамогі ў алімпіядзе Валерыю ўзнагародзілі паездкай у Францыю. У гэтым годзе ў яе 2-е месца на рэспубліцы, а Надзя Лапа не ўдзельнічала ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды з прычыны эпідэміялагічнай сітуацыі. Тым не менш, Надзя паступіла ў лінгвістычны ўніверсітэт на перакладчыцкі факультэт, а Валерыя — у эканамічны ўніверсітэт на спецыяльнасць, звязаную з міжкультурнымі камунікацыямі”.
У сярэднім звяне межы работы з вучнямі значна пашыраюцца. Тут педагог любіць выкарыстоўваць праектную методыку, асабліва на этапах замацавання ведаў, для работы з тэкстам, на заключным уроку па тэме. Калі гэта тэма “Мой дом (кватэра)”, дзеці могуць скласці праект “Мой арыгінальны дом” на французскай мове. Калі разглядаецца тэма “Родны горад”, рыхтуюць праект па славутасцях Ваўкавыска. Калі маштаб паведамлення невялікі, ствараюць мініпраекты. Вольга Аляксандраўна праводзіць ролевыя гульні, урокі-экскурсіі або падарожжы. Навучэнцам з высокім узроўнем ведаў прапануе тэставыя заданні, незапланаваныя маналагічныя выказванні. Найбольш здольных і таленавітых прыцягвае да вядзення ўрока. Прапануе ім падрыхтаваць дыялог па тэме; знайсці пэўны матэрыял у інтэрнэце; скласці кантрольныя пытанні па тэме; стварыць калаж; правесці анкетаванне; скласці апавяданне-загадку; зрабіць літаратурны пераклад верша або празаічнага твора; намаляваць ілюстрацыі да аднаго з тэкстаў і прапанаваць дзецям вызначыць, да якога тэксту яны адносяцца; дапоўніць слоўнікавы мінімум па тэме, выкарыстоўваючы слоўнікі. Некаторыя вучні працуюць з дадатковай літаратурай па падрыхтоўцы да алімпіяд, з міжпрадметнай інфармацыяй.
У старшых класах Вольга Кузьміч выкарыстоўвае тэхналогію праблемнага навучання, дыстанцыйнае навучанне, навучанне ў супрацоўніцтве, інтэрактыўную, групавую і парную работу, здароўезберагальныя тэхналогіі, тэхналогію крытычнага мыслення. Больш увагі ўдзяляе глыбіні пагружэння ў мову, выкананню наступных заданняў: прачытай урыўкі з тэксту і размясці іх у лагічным парадку; дай назву прачытанаму тэксту, аргументуй свой варыянт; параўнай тэксты і вызнач іх адрозненні; прачытай пачатак апавядання і прыдумай працяг; паглядзі частку карціны і выкажы здагадку, што намалявана на астатняй частцы палатна; падрыхтуй прэзентацыю тваіх любімых фільмаў і г.д.
“Цяжка авалодаць камунікатыўнай кампетэнцыяй, не знаходзячыся ў краіне той мовы, якая вывучаецца, — адзначае Вольга Кузьміч. — Тэма самаадукацыі, якой я займаюся апошнім часам, тычыцца мадэлявання рэальных сітуацый зносін (максімальна набліжаных да жыцця) на французскай мове. Звяртаюся да 3 відаў сітуацый: бяру іх з рэальнага жыцця; навучэнцы выконваюць розныя ролі ў залежнасці ад сітуацыі; выконваючы пэўную ролю, навучэнец ацэньвае факты і падзеі з пазіцыі асобы, ролю якой ён выконвае. Выкарыстоўваю пры гэтым індывідуальную, парную і групавую формы работы, а таксама работу ў малых групах і ў рэжыме “вучань — клас”. Рэальныя сітуацыі выдатна падыходзяць для развіцця спантаннага дыялагічнага або маналагічнага маўлення. Так, пры навучанні дыялагічнаму маўленню прапаную стварыць дыялогі да пэўнай сітуацыі на аснове інфармацыі, якую паведамляю; да тэксту на аснове ключавых слоў; па змесце малюнкаў або фатаграфій на аснове відэафільмаў; на аснове існуючых даных аб сітуацыі, напрыклад ёсць пачатак ці заканчэнне дыялогу; даю канкрэтныя ўстаноўкі для стварэння дыялогу; прапаноўваю прадставіць заканчэнне аповеду і г.д.”.
Навучэнцам 7 класа прапаноўваюцца наступныя ролевыя сітуацыі:
1. Sujet: Sport.
Elève A. Vous êtes journaliste d`un journal sportif. Vos lecteurs s`intéressent à la vie de B. Quelles questions pourriez-vous poser à B.
Elève B. Vous êtes un sportif célèbre. Vous donnez l`interview à un journal sportif populaire. Parlez de votre vie.
2. Sujet: Enseignement.
Elève A. Vous êtes élève du gymnasium. Vous devez présenter votre gymnasium à B.
Elève B. Vous êtes collégien français, vous posez des questions à votre ami bélarusse sur son gymnasium, sur ses études.
Пры навучанні маналагічнаму маўленню педагог прапануе навучэнцам практыкаванні з наступнымі заданнямі: скажыце, што, на вашу думку, варта зрабіць, каб… ; пераканайце суразмоўцу ў тым, што… ; запярэчце… ; раскажыце пра … , выкарыстоўваючы ключавыя словы; складзіце сітуацыю, прымяняючы прыказку, карцінку або ўстойлівы выраз; абгрунтуйце галоўную ідэю прачытанага тэксту; дакажыце праўдзівасць (ілжывасць) сцвярджэння… і г.д.
Прыкладамі такіх сітуацый зносін могуць быць наступныя:
1. Nadine! Montre-nous des photos de ta famille et parles-en. Le groupe est prêt à poser des questions.
Créez, s`il vous plait, l`album de la famille et parlez-en (Sujet Famille. Classe de 11-ème).
Dessinez l`arbre généologique de votre famille et parlez-en (Sujet Famille. Classe de 11-ème).
2. Imaginez que vous avez retourné de la France. Parlez de votre tour guidé et de vos impressions de ce pays (Sujet La France, classe de 7-ème).
Imaginez que vous êtes de nationalité française. Parles des symboles de la République française (Sujet La France, classe de 11-ème, 7-ème).
Vous êtes professeur de géographie. Vous allez parler de la France. Parlez des faits intéressants du pays. Parlez de son histoire, sa population, sa langue, ses symboles et sa capitale (Sujet La France, classe de 11-ème, 7-ème).
З мэтай развіцця ўмення весці дыялог выкарыстоўваюцца карткі, у якіх сістэматызаваны асноўныя тыпы маўленчых клішэ. Пры стварэнні праблемнай сітуацыі навучэнец выказвае сваё стаўленне, меркаванне, будуе сваю сістэму выказвання, даказваючы пэўны пункт гледжання. Навучэнцам 7 класа прапаноўваюцца наступныя праблемныя сітуацыі:
1. Apparence. Les apparences sont trompeuses. Comment pensez-vous pourquoi?
2. Sport. Le sport est très populaire aujourd`hui. Comment pensez vous pourquoi.
3. Voyage. Aller en vélo est important pour notre écologie. Prouvez cela.
4. Grands magasins. C`est la robe qu`on salue. Etes-vous d`accord? Prouvez ou contredisez ce proverbe.
Ствараючы дзелавыя сітуацыі зносін на ўроку, навучэнцы прапануюць сваё рашэнне і выхад з іх. З вучнямі 7—11 класаў пры засваенні розных тэм педагог абапіраецца на іх жыццёвы вопыт і выкарыстоўвае фатаграфіі з картамі. Настаўніца прапаноўвае дзецям 6 заданняў. Заданні 1, 2 падразумяваюць абмеркаванне сюжэтнай карцінкі з мэтай актывізацыі ведаў па тэме; заданне 3 развівае ўменне згаджацца з меркаваннем суразмоўцы ці абвяргаць яго; заданне 4 спрыяе лагічнай і паслядоўнай падачы матэрыялу па сітуацыі, адлюстраванай на малюнку; заданне 5 накіравана на развіццё ўменняў і навыкаў групавых зносін; заданне 6 уключае камунікатыўныя заданні, накіраваныя на развіццё ўменняў пісьмовага маўлення і творчага пісьма.
“Рэальныя сітуацыі зносін можна выкарыстоўваць пры навучанні ўсім відам маўленчай дзейнасці на розных этапах урока ў залежнасці ад складанасці матэрыялу. Можна вар’іраваць іх для навучэнцаў у залежнасці ад іх інтарэсаў і ўзроўню навучанасці, — гаворыць Вольга Кузьміч. — Пры стварэнні сітуацый зносін на сваіх уроках я не толькі рыхтую вучняў да рэальнага жыцця, але і пашыраю іх кругагляд, фармірую навыкі лагічнага мыслення. Абмяркоўваем у асноўным тэмы, з якімі навучэнцы добра знаёмы на роднай мове, што дае ім магчымасць навучыцца карыстацца мовай спантанна. Пры гэтым я стараюся менш гаварыць і больш слухаць вучняў”.
Надзея ЦЕРАХАВА.