Медыяадукацыя на ўроках і ў час даследаванняў

Артур Уладзіміравіч Алейнік настаўнічае 7 гадоў. Невялікі тэрмін, але для педагога ён стаў насычаным і разнастайным. І ўсё таму, што Артуру Уладзіміравічу працаваць у школе цікава. У яго ніколі не бывае аднастайных і сумных урокаў. У сярэдняй школе № 2 Століна, дзе працуе мой сённяшні суразмоўнік, вітаюцца сучасныя школьныя тэхналогіі. У метадычным арсенале Артура Уладзіміравіча — актыўная ацэнка, медыяадукацыя, перавернуты ўрок і шмат чаго яшчэ. Акрамя таго, ён разам са сваімі вучнямі актыўна развівае такі напрамак, як школьнае даследаванне.

У свой час Артур Уладзіміравіч вучыўся ў сярэдняй школе № 3 Століна, а затым скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Выкладчык біялогіі і хіміі”. “У школе мне падабаецца. Ёсць куды расці як у метадычным плане, так і ў развіцці даследчай дзейнасці (асабістай і разам са школьнікамі)”, — заўважыў настаўнік.

Цяга да самаўдасканалення падштурхнула Артура Уладзіміравіча спачатку да знаёмства, а праз некаторы час і актыўнага карыстання новымі тэхналогіямі. Апошнім часам яго педагагічная душа ляжыць да медыяадукацыі і актыўнай ацэнкі. Не так даўно ў сярэдняй школе № 2 Століна дзейнічала інавацыйная пляцоўка па медыяадукацыі. Удзельнікам інавацыйнага праекта быў і Артур Уладзіміравіч. Разам са сваімі калегамі ён вучыўся на спецыяльных курсах, быў пастаянным удзельнікам рознага кшталту тэматычных семінараў, у тым ліку з удзелам чэшскіх калег, якія прыязджалі ў яго школу.

Цяпер медыяадукацыя матывуе і настаўніка, і яго вучняў. Працаваць і вучыцца стала яшчэ цікавей. Як жа медыяадукацыя працуе на ўроках хіміі?

“Калі мы працавалі ў межах інавацыйнага праекта па медыяадукацыі, то акцэнт у сваёй дзейнасці зрабілі на фарміраванні асноў медыядасведчанасці праз тэхналогію крытычнага мыслення. Звяртаючыся да медыяадукацыі на ўроках хіміі, найперш раблю аналіз навуковага тэксту па пэўнай тэме, затым мы з навучэнцамі шукаем навуковыя факты, доказы. Працуем з відэаматэрыяламі, будуем дыяграмы, графікі (па ходзе эксперымента). Своеасаблівым медыяключом да хіміі з’яўляюцца рэкламныя ролікі. У поле нашага зроку трапляе рэклама прадуктаў харчавання, касметычных сродкаў, будаўнічых матэрыялаў.

Напрыклад, мы са сваімі вучнямі аналізавалі рэкламу чыпсаў і артыкул са спартыўнага амерыканскага часопіса. У артыкуле ішла гаворка пра тое, што дзеці, якія ужываюць чыпсы, фаст-фуд, набіраюць лішнюю вагу. Рэклама ж прапаноўвае нам пазітыўны вобраз чыпсаў. Мы з вучнямі вывучылі склад чыпсаў на прадмет харчовых дабавак, звярнулі ўвагу на каларыйнасць. Правяралі чыпсы на ўтрыманне тлушчу з дапамогай сурвэткі (вывучалі памер тлустай плямы).

Звярнулі ўвагу і на рэкламу жвачак. У рэкламе нам раяць жаваць орбіт пасля таго, як паелі. Быццам гэта дапаможа пазбегнуць карыесу. Паказваюць графік змены кіслотна-шчолачнага балансу ў роце. Калі мы разам з вучнямі пасля рэкламы пачалі яго вывучаць, то знайшлі цікавую інфармацыю: у кожнага чалавека кіслотна-шчолачны баланс свой, індывідуальны. У сувязі з гэтым можна зрабіць выснову, што далёка не кожнаму жвачка дапаможа яго аднавіць. Такія хімічныя недакладнасці ў рэкламе сустракаюцца часта.

Яшчэ мы аналізавалі рэкламу шампуню “Панцін”. У рэкламе гаворыцца, што праамін, які ўваходзіць у склад шампуню, умацоўвае валасы. Мы, канечне, моцна не заглыбляліся, але калі пачалі шукаць, што такое праамін, то знайшлі наступную інфармацыю: ён уваходзіць у склад шампуню, бо ўвільгатняе скуру галавы.


Рэклама — выдатны маніпулятар. Неяк з вучнямі займаліся вывучэннем рэкламы сокаў “Мая сям’я”. У канцы рэкламы дзіця гаворыць, што сок смачны. Я запытаўся ў сваіх вучняў, ці пайшлі яны пасля рэкламы купляць гэты сок? Усе, хто бачыў гэтую рэкламу, пайшлі і набылі сок”, — расказаў Артур Уладзіміравіч.

Па меркаванні педагога, элементы медыяадукацыі могуць прысутнічаць практычна на кожным уроку хіміі, асабліва, калі гэта ўрок вывучэння новай тэмы, калі трэба зацікавіць вучняў, падвесці іх да новага матэрыялу і расказаць, дзе ён ім спатрэбіцца ў штодзённым жыцці. Увогуле педагог выдатна спалучае медыяадукацыю і актыўную ацэнку, якая таксама ў метадычным арсенале настаўніка ўжо не адзін год. Артур Уладзіміравіч прайшоў праз адпаведныя курсы.

Каб прадэманстраваць, як такі сімбіёз працуе на практыцы, педагог звярнуўся да частак аднаго са сваіх урокаў у 10 класе. Ён праводзіўся па тэме “Абагульненне і сістэматызацыя ведаў па тэме “Альдэгіды”, і ў ім настаўнік вельмі адмыслова абыграў урыўкі з рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”, верша Рыгора Барадуліна “Стэарынавая свечка”, рэкламнага роліка One Direction — ‘Our Moment’ Fragrance Ad і з фільма “Парфумер”.

Артур Уладзіміравіч вызначыў мэту ўрока: да канца ўрока вучні авалодаюць сістэмай ведаў па тэме “Альдэгіды”; выкарыстаюць іх пры рашэнні разлікаў па ўраўненні хімічнай рэакцыі; выканаюць два ланцужкі пераўтварэнняў.

Спадарожнай медыяадукацыйнай мэтай было: забяспечыць умовы для развіцця ўменняў дэкадзіраваць інфармацыю з розных інфармацыйных рэсурсаў.

Крытэрыямі ацэнкі (НаШтоБуЗУ) для выніковага кантролю сталі:

— рашу адну задачу па ўраўненні хімічнай рэакцыі;

— выканаю два ланцужкі пераўтварэнняў;

— звярну ўвагу на хімічныя паняцці, якія сустракаюцца ў вершах, творах, рэкламных роліках і кадрах з кінафільмаў.

“Самастойная работа выявіла пэўныя памылкі і недасканаласці ў веданні тэмы “Альдэгіды”. Каб вызначыць асабістае праблемнае поле на гэтым уроку, спачатку прапанаваў вучням запоўніць табліцу “Ведаю. Умею. Не разумею. Не атрымліваецца”. Пасля абагульніў індывідуальныя мэты вучняў, а затым разам сфармулявалі агульную мэту ўрока на іх мове.

Напрыклад, мэта на мове вучняў магла гучаць так:

— хачу зразумець, як працякаюць рэакцыі аднаўлення і акіслення альдэгідаў і як атрымліваюць этанол;

— хачу навучыцца выконваць ланцугі пераўтварэнняў і г.д.

Потым прапанаваў прааналізаваць урыўкі літаратурных вершаў і твораў, знайсці, адзначыць хімічныя паняцці алоўкам жоўтага колеру. Патлумачыць, пра якія рэчывы ідзе гаворка ў творы Івана Мележа і вершы Рыгора Барадуліна. Што мы ведаем пра гэтыя рэчывы? Пачалася работа з медыятэкстамі.

Іван Мележ “Людзі на балоце”:

“Аднака тут у гаворку ўступае Чарнушка:

— …От, дай рады, Сцяпан, — сажа ярыну аж губіць. Праўда, што каб сінім каменем пратравіць, дык можна было б выбавіцца?” (Сіні камень — народная назва меднага купарвасу).

Затым прайшло франтальнае абмеркаванне (правіла непадымання рукі):

1. Ці можна сіні камень замяніць на фармалін? (Так, дапамагае добра.)

2. Што такое фармалін? (35—40-працэнтны водны раствор фармальдэгіду.)

3. Для чаго прапануецца яго выкарыстоўваць? (Для пратручвання насення перад пасевам.)

Рыгор Барадулін “Стэарынавая свечка”:

Яна ка мне прыйшла

не з добрай казкі,

Бо нельга так было —

ні даць ні ўзяць —

Без гэтай стэарынавай падмазкі

“Прысмакі” ад патэльні

адарваць.

Зноў франтальнае абмеркаванне з правілам непадымання рукі:

1. З якога рэчыва ўтворана свечка і ў якім агрэгатным стане знаходзіцца гэтае рэчыва? (Свечка ў першую чаргу ўтрымлівае парафін — прадукт перагонкі нафты. Стэарын жа дабаўляецца ў парафін, каб ён быў больш шчыльным і каб свечкі менш аплывалі — звычайна 80% парафіну і 20% стэарыну. Таксама свечкі ёсць з воску (пчалінага, пальмавага), ёсць гліцэрынавыя свечкі, гелевыя.)

2. Чаму можна было выкарыстоўваць стэарынавую свечку для смажання замест тлушчу? (Плавіцца пры невысокай тэмпературы, не раствараецца ў вадзе, што ўваходзіць у склад цеста.)

Далей мы паспрабавалі вызначыць, як выкарыстоўваем альдэгіды ў побыце. Вучні абмяркоўвалі ў парах, агучвалі прапановы.

Парфумай мы карыстаемся кожны дзень. Як мы вызначаемся з выбарам сродкаў для сябе? Вучні прыводзяць прыклады (працуе правіла непадымання рукі).

Якую мэту маюць вытворцы прадукту і стваральнікі рэкламы? З дапамогай якіх прыёмаў яны пераконваюць нас у неабходнасці набыцця тавару? Адказы на гэтыя пытанні мы даведаліся, калі паглядзелі рэкламны ролік One Direction — ‘Our Moment’ Fragrance Ad.

Каб паўтарыць уласцівасці і спосабы атрымання альдэгідаў, клас быў падзелены на тры групы: першая працавала з інтэрнэт-рэсурсам www.xumuk.ru, знаходзіла інфармацыю і прыклады, як працякаюць рэакцыі аднаўлення; другая — інфармацыю і прыклады, як працякаюць рэакцыі акіслення; трэцяя група шукала інфармацыю аб атрыманні этанолу.

Пры неабходнасці вучні звярталіся па тлумачэнні да настаўніка з дапамогай святлафора, працавалі са школьным падручнікам па хіміі”, — расказаў Артур Уладзіміравіч.

Немалаважную ролю ў педагагічнай дзейнасці майго суразмоўніка адыгрывае даследчая дзейнасць вучняў. Сам ён загарэўся гэтай ідэяй яшчэ калі быў студэнтам, і працаваў над сваёй дыпломнай работай. Першая работа настаўніка і яго вучняў была прысвечана экалогіі — рабілі штучную мадэль парніковага эфекту. “У 2015/2016 навучальным годзе ў рамках міжнароднага ўзаемадзеяння 20 маіх вучняў разам са школьнікамі з Чэшскай Рэспублікі ўдзельнічалі ў міжнародным экалагічным праекце. У рамках праекта мы выконвалі заданні на экалагічную тэматыку і абменьваліся вынікамі: падлічвалі колькасць транспарту, вывучалі віды лішайнікаў на дрэвах, даследавалі запыленасць паветра, выпарэнне і ўсмоктвальнасць вадкасці на розных паверхнях.

Было ў нас даследаванне, звязанае са жвачкай. Мы вывучалі, як у нас мяняецца кіслотна-шчолачны баланс, калі мы яе жуём, і з дапамогай салянай кіслаты выводзілі са жвачак фарбавальнік. У складзе страўнікавага соку ёсць саляная кіслата. Вось мы жвачку апускалі ў саляную кіслату і глядзелі, што з ёй будзе адбывацца.

У выніку ўбачылі, што жвачка не расшчапляецца, з яе выходзіць вельмі шмат фарбавальніку (асабліва калі гэта, напрыклад, хуба-буба). Калі чалавек праглыне жвачку, то яна можа трапіць у сляпы адростак і справакаваць апендыцыт або застацца ў страўніку, прычапіўшыся да яго сценкі. Рэчывы, якія будуць выходзіць са жвачкі, могуць садзейнічаць развіццю гастрыту, язвы, боляў”, — падзяліўся вынікамі даследаванняў Артур Уладзіміравіч.

Яшчэ настаўнік са сваімі вучнямі вывучалі склад чыпсаў. Доследным шляхам яны пераканаліся, што чыпсы гараць, прычым вельмі добра. Высветлілася, што нават лепш, чым запалкі. “Мы ў прабірку налівалі ваду, устаўлялі туды водны тэрмометр, і ўсю гэтую канструкцыю размяшчалі ў чыпсах, якія гарэлі. Выявілі, што чыпсы маюць высокі цеплавы эфект. А гэта сведчыць пра іх высокую каларыйнасць. Чыпсы ўтрымліваюць шмат дабавак, у прыватнасці, глутамата натрыю, які вельмі для нас шкодны”, — адзначыў педагог.

У полі даследчага зроку А.У.Алейніка і яго навучэнцаў была карозія цвікоў, яны вывучалі асяроддзі, у якіх адбываецца (або не адбываецца) карозія, інгібітары карозіі. Вывучалі хімічныя рэчывы, якія ўплываюць на развіццё карозіі і якія, наадварот, ніякага ўплыву не аказваюць. З медыцынскага прэпарата фталазол з дапамогай шчолачы і кіслаты выдалялі прымесі крухмалу. Атрымлівалі чысты фталазол, злучалі з рэзарцынам і атрымлівалі вадкасць, якую растваралі ў вадзе, а потым зараджалі яе флуарэсцэнтным святлом. У цемры яна свяцілася. У выніку юныя даследчыкі атрымалі яшчэ адну інфармацыю: калі рэчыва, якое мы атрымалі, падвяргаць уздзеянню кіслароду, то яно пасля не будзе свяціцца.

Яшчэ мой сённяшні суразмоўнік вядзе “Клуб маладога адкрывальніка”, дзе разам з навучэнцамі праводзіць доследы, не звязаныя са школьнай праграмай: атрымлівае ледзяшы з цукру шляхам яго перакрышталізацыі; рэчывы, якія можна выкарыстоўваць для праяўкі фатаграфій.

Акрамя хіміі, вучні Артура Уладзіміравіча займаюцца даследаваннямі ў галіне біялогіі. Тут яны разам з настаўнікам вывучаюць мікракланальнае размнажэнне раслін, калі бярэцца пэўная частка расліны, размяшчаецца ў пажыўнае асяроддзе, і з яе можна атрымаць некалькі частак. Пасля загартоўвання іх можна высаджваць у адкрыты грунт і працягваць далейшае даследаванне. Як бачым, даследчая дзейнасць вучняў А.У.Алейніка пераклікаецца з медыяадукацыяй, бо дзеці працуюць з інфармацыяй, робяць яе апрацоўку, аналіз. І з дапамогай эксперымента спрабуюць або паўтарыць вядомыя навуковыя эксперыменты, або зрабіць навуковае адкрыццё для сябе.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.