Разнастайная біялогія

Адметнай рысай сучаснай цывілізацыі з’яўляецца нарастаючая хуткасць колькасных і якасных змен. У нашы дні кожнаму дзіцяці, падлетку, даросламу неабходна ўменне самастойна набываць новыя веды, працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Для фарміравання ўмення арыентавацца ва ўсёй разнастайнасці інфармацыі навучэнцам дапамагаюць факультатыўныя заняткі.

Факультатыўныя заняткі — гэта форма арганізацыі вучэбных заняткаў у пазаўрочны час, накіраваная на пашырэнне, паглыбленне і карэкцыю ведаў вучняў па вучэбных прадметах у адпаведнасці з іх патрэбамі, запытамі, здольнасцямі і схільнасцямі.

На факультатыўных занятках у навучэнцаў больш свабоды, магчымасцей для ініцыятывы, праявы творчасці, самастойнасці, асобаснай самарэалізацыі. Галоўнай мэтай факультатыўных заняткаў з’яўляецца паглыбленне і пашырэнне ведаў, развіццё цікавасці вучняў да прадмета, развіццё здольнасцей, прывіццё школьнікам інтарэсу да самастойных заняткаў біялогіяй, выхаванне і развіццё іх ініцыятывы і творчасці. Факультатыўныя заняткі садзейнічаюць прафесійнай арыентацыі вучняў у галіне біялогіі, што аблягчае выбар спецыяльнасці і далейшае ўдасканаленне ў ёй.


Вельмі важна прытрымлівацца пераемнасці дзвюх форм вучэбнай работы: урокаў і факультатыўных заняткаў. “Пад пераемнасцю разумеецца паслядоўнасць і сістэмнасць у размяшчэнні навуковага матэрыялу, сувязь і ўзгодненасць этапаў адукацыйнага працэсу, што ажыццяўляецца ад адных заняткаў да наступных, пры пераходзе ад аднаго года навучання да іншага. Пераемнасць характарызуецца асэнсаванасцю пройдзенага матэрыялу на новым, больш высокім узроўні, дапаўненнем ведаў новымі, раскрыццём новых сувязяў, дзякуючы чаму якасць ведаў, уменняў і навыкаў павышаецца” (М.І.Запрудскі).

У цяперашні час карыснымі для навучэнцаў з’яўляюцца абагульняючыя факультатыўныя курсы па біялогіі, якія дазваляюць паглыбіць і сістэматызаваць веды па біялогіі, справіцца з задачамі павышанай складанасці, падрыхтавацца да паспяховай здачы ЦТ. Выкарыстоўваю наступныя формы арганізацыі факультатыўных заняткаў: урок-праект, стварэнне прэзентацый, урок-спаборніцтва, прымяненне ЭСН, урок-падарожжа і г.д.

На факультатыўных занятках з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій прымяняю такія формы работы, як складанне структурна-лагічных схем, канструяванне біялагічных аб’ектаў, стварэнне прэзентацый, складанне табліц і інш. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Будова скуры” прапаноўваю гульню “Біялагічны канструктар”, якая дазваляе навучэнцам не толькі ўстанавіць адпаведнасць паміж слаямі скуры, асаблівасцямі іх будовы, але і самастойна на камп’ютары падабраць вытворныя скуры, залозы, якія размяшчаюцца ў вызначаным слаі скуры. Заданне развівае зрокавую памяць, мысленне, дазваляе ўзнавіць вывучаны матэрыял пры выкананні аналагічных заданняў на цэнтралізаваным тэсціраванні па біялогіі.


Такі ж прыём магчыма выкарыстаць пры вывучэнні тэмы “Кветка”.

Навучэнцы ўстанаўліваюць адпаведнасць паміж часткамі кветкі і іх біялагічным значэннем, самастойна на камп’ютары збіраюць мужчынскія і жаночыя кветкі, кветкі з простым і падвойным калякветнікам, знаёмяцца з формуламі і дыяграмамі кветак.

Цікавая і прадукцыйная работа па будове з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій логіка-сэнсавай мадэлі “Стрававальная сістэма”.

Запаўненне кожнай з восей каардынат спрыяе развіццю агульнабіялагічных паняццяў аб узаемасувязі будовы і функцый органаў стрававання, камунікатыўных навыкаў навучэнцаў, іх пазнавальных інтарэсаў, інтэлектуальных і даследчых уменняў.

Заданні-канструктары тыпу “Збяры клетку”, “Збяры нуклеатыд” дазваляюць сістэматызаваць веды пра асаблівасці арганізацыі і функцыянавання клеткі, будовы нуклеатыдаў, выявіць і ліквідаваць прабелы ў ведах, арыентавацца ў заданнях ЦТ.

Выкарыстанне інтэрактыўнага задання “Прынцып камплементарнасці”, згодна з якім навучэнцы самастойна складаюць камплементарны дадзенаму другі ланцужок ДНК, затым параўноўваюць свой вынік з ключом на слайдзе, спрыяе замацаванню ведаў аб будове нуклеатыдаў, асноўных правілах Чаргафа, сутнасці прынцыпу камплементарнасці, фарміраванню ўмення рашэння задач па малекулярнай біялогіі.



Выкарыстанне ў рабоце анімацый дазваляе разгледзець найбольш складаныя для засваення тэмы. Так, пасля прагляду анімацыі “Транскрыпцыя” пры вывучэнні тэмы “Біясінтэз бялкоў” навучэнцы не толькі ўзнаўляюць у памяці такія складаныя паняцці, як рэплікацыя, РНК-полімераза, транскрыпцыя, стартавы кадон, тэрмінуючыя кадоны, але і ўспамінаюць асаблівасці працякання кожнага этапу працэсу біясінтэзу бялкоў.

Гаворачы аб новых інфармацыйных тэхналогіях, немагчыма не ўспомніць пра інтэрнэт, які становіцца даступным для выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Школьнікам прапаноўваю знайсці дадатковую вучэбную інфармацыю і захаваць яе на магнітных носьбітах для наступнага шматразовага выкарыстання рознымі карыстальнікамі.

На факультатыўных занятках мэтазгодна выкарыстанне інтэрактыўнай гульні “Чатыры вуглы”. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Плады” кожнаму вучню раздаю карткі з назвай плода. Па камандзе вучні павінны заняць месца ў сігнальным вугле. Чырвоны вугал — сухі шматнасенны плод, жоўты вугал — сухі аднанасенны, сіні вугал — сакавіты аднанасенны, зялёны вугал — сакавіты шматнасенны. Вучань, які вагаецца пры выбары тыпу плода, можа заняць месца пасярэдзіне класа. Вучні абмяркоўваюць, што іх аб’яднала ў гэтую групу, паведамляюць пра гэта ўсяму класу.

Прыём “Лагічнае даміно” ўжываю для суаднясення паняццяў з іх тлумачэннем. Заданне актывізуе разумовую дзейнасць, развівае памяць.

Пры выкарыстанні прыёму “Даміно” раздаю лісты з белымі плямамі. Адзін вучань запаўняе інфармацыю справа, другі — злева. Пасля чаго яны разам складаюць лісты, выпраўляюць памылкі, уклейваюць у сшытак. Арганізаваная такім чынам праца дазваляе развіваць у навучэнцаў уменне вылучаць галоўнае, параўноўваць, аналізаваць, запамінаць, працаваць з інфармацыяй.

Шырока выкарыстоўваю дыдактычныя заданні “Знайдзі адпаведнасць”, “Трэці лішні”, якія развіваюць зрокавую памяць, мысленне, мову навучэнцаў. Заданні спрыяюць фарміраванню ўмення аналізаваць, параўноўваць, ствараюць умовы для замацавання біялагічных паняццяў.

Выкананне тэставых заданняў розных узроўняў складанасці дазваляе навучэнцам праверыць веды, ацаніць сваю работу, фарміруе навыкі самакантролю і самадыягностыкі.

У індывідуальным рэжыме з навучэнцамі, якія жадаюць паглыблена вывучаць прадмет, праводзілася работа і з іншымі тыпамі камп’ютарных сродкаў. Гэта электронныя сродкі навучання, праграмы-трэнажоры для падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання па біялогіі, якія, акрамя выніку, даюць тлумачэнне і правільны адказ.

Правядзенне слоўнікавай работы дазваляе вызначыць, наколькі ўсвядомлена вывучаецца матэрыял. У інтэрнэце ёсць розныя слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі. Выдзеліўшы пэўны тэрміналагічны рад, які адносіцца да канкрэтнай тэмы, і пазначыўшы 3—5 даведачных інтэрнэт-рэсурсаў, даю навучэнцам заданне падабраць тыя азначэнні да тэрмінаў, якія зразумелыя і зручныя для іх саміх.

З мэтай аказання дапамогі навучэнцам у засваенні вялікага аб’ёму інфармацыі, выкарыстоўваю разнастайныя схемы, табліцы, аналіз якіх дазваляе з лёгкасцю выканаць заданні ЦТ. Напрыклад, пры выкананні заданняў з ЦТ па тэме “Біятычныя ўзаемаадносіны папуляцый у экасістэме” прапаноўваю прааналізаваць неабходнасць узаемаадносін для кожнага віду (карысць, шкода, абыякавасць) на канкрэтным прыкладзе, суаднесці прыклад і тып узаемаадносін. Для стварэння прыемнай псіхалагічнай атмасферы магчымы прагляд фрагментаў з наступным іх аналізам, што дазваляе не толькі засвоіць матэрыял, але і візуальна запомніць інфармацыю.

Хачу адзначыць, што факультатыўныя заняткі павінны быць цікавымі, займальнымі. Добра вядома, што займальнасць выкладання дапамагае раскрыццю зместу складаных навуковых паняццяў і праблем. Займальнасць дапаможа школьнікам асвоіць факультатыўны курс, змешчаныя ў ім ідэі і метады біялагічнай навукі, логіку і прыёмы творчай дзейнасці. У гэтых адносінах мэта настаўніка — дамагчыся разумення вучнямі таго, што яны падрыхтаваны да работы над складанымі праблемамі, але для гэтага неабходна зацікаўленасць прадметам, працавітасць, валоданне навыкамі арганізацыі сваёй працы.

Не варта забываць, што на факультатыўных занятках павінна быць шмат ацэнкі, якая разумеецца як выражэнне адносін да з’яў, дзейнасці, паводзін, адукацыйных прадуктаў навучэнца.

Па-першае, на занятках забяспечваецца зваротная сувязь, дзякуючы якой навучэнец бачыць сваё прасоўванне ў вывучэнні матэрыялу і можа карэкціраваць сваю дзейнасць.

Па-другое, павышаецца вучэбна-пазнавальная актыўнасць навучэнца, што станоўча адбіваецца на выніковасці адукацыйнага працэсу.

Па-трэцяе, навучэнец авалодвае навыкамі рэфлексіі — адной з ключавых кампетэнцый сучаснага чалавека.
На занятках я выкарыстоўваю шкалу самадыягностыкі, якая дапамагае вызначыць, наколькі навучэнцы валодаюць матэрыялам, ці змогуць прымяніць атрыманыя веды, растлумачыць матэрыял другім навучэнцам.

Такім чынам, факультатыўныя заняткі ва ўзаемасувязі з асноўнымі ўрокамі дазваляюць дыферэнцыраваць навучанне, даюць магчымасць навучэнцам задавальняць патрэбы ў развіцці сваіх здольнасцей, паглыбляць веды, рыхтавацца да здачы ЦТ і паступлення ў ВНУ.

Марына БЕЛАГАЛОВАЯ,
настаўніца біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 23 Гродна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*