У сучаснай школе адным з найважнейшых прыярытэтаў у навучанні замежнай мове з’яўляецца фарміраванне полікультурнай асобы навучэнцаў праз авалоданне імі іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыяй. Ствараючы ўмовы для іншамоўных зносін, неабходна прымаць пад увагу асобу вучня, яго індывідуальныя асаблівасці: характар, тэмперамент, здольнасці і пазнавальныя патрэбы.
Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі даюць магчымасць аптымізаваць і значна разнастаіць працэс навучання, падстроіць яго пад індывідуальныя асаблівасці і запыты кожнага навучэнца, а таксама спрыяюць самаадукацыі і самаразвіццю навучэнцаў, што немалаважна для атрымання бесперапыннай адукацыі на працягу ўсяго жыцця.
У выніку вывучэння патэнцыялу інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій стала вядома, што выкарыстанне тэхналогіі Web 2.0 з’яўляецца найбольш універсальным сродкам рэалізацыі задач адукацыі. Выкарыстанне гэтых сэрвісаў у навучанні англійскай мове спрыяе павышэнню эфектыўнасці ўрока, дазваляе максімальна ўцягваць кожнага вучня ў працэс навучання, дапамагае ўлічваць асаблівасці і здольнасці дзяцей, пашырае магчымасці для самарэалізацыі і раскрыцця патэнцыялу, для павышэння якасці ведаў вучняў, што спрыяе развіццю камунікатыўнай кампетэнцыі.
Камунікатыўная кампетэнцыя — валоданне сукупнасцю маўленчых, моўных, сацыякультурных норм мовы, якая вывучаецца, а таксама валоданне кампенсаторнымі і вучэбна-пазнавальнымі ўменнямі, якія дазваляюць выпускніку школы ажыццяўляць міжкультурную камунікацыю і вырашаць маўленчыя, адукацыйныя, пазнавальныя і іншыя задачы, якія стаяць перад ім. Кампанентамі камунікатыўнай кампетэнцыі з’яўляюцца моўная, маўленчая, сацыякультурная, кампенсаторная і вучэбна-пазнавальная кампетэнцыі.
Web 2.0 азначае другое пакаленне сеткавых сэрвісаў, якія падразумяваюць сумесную работу, супрацоўніцтва і прадастаўляюць механізмы абмену інфармацыяй.
Знаёмства з тэхналогіяй Web 2.0 на ўроках англійскай мовы пачынаецца ў 5 класе з такога сэрвісу, як bubbl.us (інтэлект-карты, кластары, семантычныя карты), які можа выкарыстоўвацца на розных этапах урока для развіцця кампанентаў маўленчай, моўнай і вучэбна-пазнавальнай кампетэнцый. Мэтай складання інтэлект-карт з’яўляецца аналіз і запамінанне матэрыялу, абагульненне і сістэматызацыя ведаў, развіццё мыслення і логікі, уменне вылучаць галоўнае. Інтэлект-карты як элемент тэхналогіі візуалізацыі, можна прымяняць, працуючы з тэкстам, аўдыя- і відэаматэрыяламі, складаючы маналагічнае выказванне, рыхтуючыся да абароны праекта і г.д. У залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці навучэнцаў, гэта могуць быць разгорнутыя (напрыклад, для навучэнцаў са слабай памяццю) або згорнутыя (для больш паспяховых вучняў) карты. На пачатковым этапе работы з гэтым сэрвісам (5 клас) настаўнік складае інтэлект-карты загадзя, потым (5—6 класы) сумесна з вучнямі на ўроку, далей праводзіцца групавая работа на ўроку па складанні падобных карт і на заключным этапе (з 6 класа) — самастойная работа навучэнцаў па стварэнні інтэлект-карт як дома, так і на ўроку. Тым больш што bubbl.us прадастаўляе магчымасць сумеснага доступу (у выпадку групавой работы) пры распрацоўцы адной карты і захавання канчатковага прадукту на носьбіт у графічным фармаце.
Навучэнцам прапануюцца і іншыя сэрвісы па стварэнні інтэлект-карт, найбольш папулярнымі з якіх з’яўляюцца Mindomo, drichard.org.mindmap, у залежнасці ад мэт урока і магчымасцей бясплатных версій дадзеных сэрвісаў. Недахопам bubbl.us і drichard.org.mindmap з’яўляецца адсутнасць магчымасці ўбудоўваць графічныя аб’екты. Перавагай drichard.org.mindmap з’яўляецца адсутнасць неабходнасці рэгістрацыі. Mindomo — больш складаны сэрвіс, але прапануе найбольшую колькасць мадэлей афармлення, колеравых рашэнняў, магчымасць выкарыстоўваць графічныя аб’екты і прагляд у рэжыме прэзентацыі (у тым ліку ў бясплатнай версіі).
Таксама для работы на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі эфектыўнымі з’яўляюцца сэрвісы па стварэнні прэзентацый. Акрамя папулярных праграм Power Point і MovieMaker, для выкарыстання падыходзіць анлайн-слайд-шоу-сэрвіс PhotoPeach. Ён прымяняецца на арганізацыйна-матывацыйным этапе для ўвядзення ў атмасферу іншамоўных зносін, для антыцыпацыі тэмы, фармулёўкі мэт урока (з 5 класа), на аперацыйна-пазнавальным этапе (дзейнасць як настаўніка, так і навучэнцаў) для развіцця моўнай і маўленчай кампетэнцый: работа з лексічнымі адзінкамі, граматычнымі з’явамі, суправаджэнне маналагічнага выказвання (з 5—6 класаў), на кантрольна-ацэначным этапе (рэфлексія ў 6—8 класах) для развіцця вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі (сумесная дзейнасць настаўніка і вучняў). Больш маляўнічым аналагам PhotoPeach з’яўляецца анлайн-сэрвіс для стварэння інтэрактыўных альбомаў і слайд-шоу SmileBox, які можна выкарыстоўваць для стварэння вербальных і невербальных апор з мэтай развіцця маўленчай кампетэнцыі: суправаджэнне маналагічнага выказвання і абароны праектаў (6—9 класы). Недахопам бясплатных версій PhotoPeach і SmileBox з’яўляецца адсутнасць магчымасці захаваць канчатковы прадукт на носьбіт і працаваць афлайн, а таксама абмежаваная колькасць музычных файлаў без магчымасці загрузкі карыстальніцкіх мелодый.
Больш сур’ёзным і працаёмкім з’яўляецца сэрвіс Prezi, які выкарыстоўваецца ў якасці мультымедыйнай канспект-прэзентацыі на розных тыпах урока, ці то гэта ўрок фарміравання або ўдасканалення навыкаў, развіцця ўменняў, ці то камбінаваны ўрок. Самі ж навучэнцы могуць выкарыстоўваць дадзены сэрвіс для абароны праектаў з 8 класа. Перавагай бясплатнай версіі гэтага сэрвісу з’яўляецца тое, што ёсць магчымасць дабаўлення не толькі графічных аб’ектаў, але і відэафайлаў, слайдаў з прэзентацыі PowerPoint, а таксама тое, што прэзентацыю можна захаваць на носьбіт і выкарыстоўваць без доступу ў інтэрнэт. Таксама бясплатная версія Prezi падразумявае сумесны доступ да дадзенага сэрвісу (можна падзяліцца спасылкай для парнай або групавой работы).
Для стварэння калажаў, віншавальных паштовак і запрашэнняў служыць такі анлайн-сэрвіс, як Pizap. Калажы можна выкарыстоўваць як вербальныя і невербальныя апоры для развіцця маўленчай, моўнай і вучэбна-пазнавальнай кампетэнцый: для складання маналагічнага выказвання (5—9 класы), дыялогаў (5—6 класы), сістэматызацыі наяўных ведаў і актывізацыі лексічных адзінак (стварэнне кластараў) на этапе рэфлексіі (5—9 класы). Дадзены сэрвіс вельмі просты ў выкарыстанні, таму можа прымяняцца навучэнцамі з 5 класа. Акрамя таго, бясплатная версія дае магчымасць захавання атрыманага прадукту ў графічным фармаце з наступным яго выкарыстаннем афлайн. Недахопам бясплатнай версіі Pizap з’яўляецца адсутнасць магчымасці рэдагавання гатовага і захаванага калажу.
Папулярным з’яўляецца анлайн-сэрвіс Voki, які дазваляе ствараць аватараў — анімаваных герояў, якія размаўляюць, у залежнасці ад тэмы, камунікатыўнай сітуацыі і г.д. Галоўнай вартасцю гэтага сэрвісу з’яўляецца тое, што аватар можа прайграць любы тэкст, зададзены карыстальнікам. Гэта эфектыўна для ўдасканалення навыку ўспрымання і разумення іншамоўнай гаворкі на слых (моўная кампетэнцыя), бо бясплатная версія гэтага сэрвісу дае магчымасць выбіраць акцэнт, тэмбр і асаблівасці вымаўлення. Можна загрузіць ужо гатовы аўдыяфайл або запісаць праз мікрафон уласнае выказванне. Дадзены сэрвіс з’яўляецца актуальным, калі няма гатовага аўдыядадатку да падручніка або калі ёсць неабходнасць у дадатковых аўдыятэкстах. Недахопам Voki з’яўляецца адсутнасць магчымасці працаваць без доступу да сеткі інтэрнэт і захавання гатовага прадукту на носьбіт.
Адным з найбольш простых сэрвісаў для стварэння інтэрактыўных тэстаў з’яўляецца EasyQuizzy. Ён мае на ўвазе выбар розных тыпаў тэстаў: альтэрнатыўны выбар, выбар аднаго правільнага адказу, выбар некалькіх правільных адказаў, устанаўленне правільнай паслядоўнасці, устанаўленне адпаведнасці, свабодны адказ. Таксама ёсць магчымасць ствараць змешаныя віды тэстаў. Гэты сэрвіс эфектыўны для развіцця моўнай, маўленчай і кампенсаторнай кампетэнцый — адпрацоўкі граматычных з’яў і структур, праверкі разумення друкаваных і аўдыятэкстаў, ужывання гутарковых клішэ, перыфраза і г.д. Перавагай дадзенага сэрвісу з’яўляецца магчымасць захавання тэстаў на носьбіт і выкарыстанне на любым камп’ютары без устаноўкі дадзенай праграмы. Па сваіх характарыстыках ён нагадвае інструментальнае асяроддзе HotPotatoes, бо падразумявае наладкі абмежавання часу, сістэмы адзнак, выпадковага парадку, колькасці пытанняў. Аднак у EasyQuizzy ёсць магчымасць фарміравання ведамасці, якую можна захаваць у выглядзе файла або раздрукаваць, аб выніках тэста.
Яшчэ адным сэрвісам для стварэння тэстаў з’яўляецца Kahoot. У адрозненне ад папярэдніх асяроддзяў, дадзены сэрвіс працуе толькі анлайн, але мае дадатковыя функцыі па стварэнні апытальнікаў і галасавання, якія можна прымяняць на этапе рэфлексіі для ацэнкі прадукцыйнасці ўрока, карэкціроўкі ўласнага адукацыйнага шляху, вызначэння мэт далейшай работы. Акрамя таго, у гэтым сэрвісе ёсць выбар адзіночнай (класічнай) або групавой (гульня, конкурс, спаборніцтвы) работы, за якую налічваюцца балы не толькі за правільнасць, але і за хуткасць адказу. Выніковую ведамасць можна захаваць для дэталёвага вывучэння.
Для развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі эфектыўнымі з’яўляюцца Google-сэрвісы. Перавагай Google з’яўляецца тое, што, аднойчы зарэгістраваўшыся, атрымліваеш доступ да ўсіх сэрвісаў. Усе яны бясплатныя і даступныя для сумеснай работы (дастаткова падзяліцца спасылкай). Канчатковыя прадукты захоўваюцца на Google-дыску. Найбольш актуальным у адукацыйным працэсе, на мой погляд, з’яўляецца Google-дакумент, які па інтэрфейсе нагадвае тэкставы рэдактар Word і можа выкарыстоўвацца як настаўнікам, так і навучэнцамі для развіцця маўленчай і вучэбна-пазнавальнай кампетэнцый на аперацыйна-пазнавальным этапе пры чытанні і ўспрыманні іншамоўнай мовы на слых, для развіцця пісьмовай мовы, на этапе рэфлексіі для абагульнення матэрыялу і сістэматызацыі атрыманых ведаў (прадугледжвае як індывідуальную, так і групавую работу).
Google-формы, якія па структуры з’яўляюцца квестам, могуць прымяняцца для развіцця моўнай і маўленчай кампетэнцыі пры абагульненні і сістэматызацыі ведаў па той ці іншай граматычнай тэме або камунікатыўнай сітуацыі. Google-сайты найбольш эфектыўныя пры групавой рабоце па вывучэнні вялікага аб’ёму новага матэрыялу (друкаваныя і аўдыятэксты, відэафільмы) або пры сістэматызацыі і абагульненні ведаў па тэме, а таксама для развіцця пісьмовай мовы (моўнай кампетэнцыі). Google-карты можна выкарыстоўваць на ўроках краіназнаўства (віртуальныя падарожжы), па тэмах “Мастацтва” і “Славутасці” (віртуальныя экскурсіі з наведваннем экспазіцый у музейных залах) для развіцця моўнай кампетэнцыі. Google-перакладчык выкарыстоўваецца як слоўнік пры рабоце з незнаёмымі лексічнымі адзінкамі для развіцця моўнай, кампенсаторнай і вучэбна-пазнавальнай кампетэнцый.
Адным з Google-сэрвісаў з’яўляецца YouTube, дзе ўтрымліваецца вялікая колькасць аўтэнтычных відэаматэрыялаў, навучальных відэаролікаў, работа з якімі прадугледжвае развіццё моўнай, маўленчай, сацыякультурнай і вучэбна-пазнавальнай кампетэнцый, а таксама дапамагае ствараць аптымальныя магчымасці для маўленчых паводзін навучэнцаў ва ўмовах штучна створанай у вучэбных мэтах міжмоўнай камунікацыі. Вартасцю YouTube з’яўляецца магчымасць наладкі субцітраў і захавання відэа на носьбіт (праз savefrom.net) для прагляду без доступу да сеткі інтэрнэт.
Такім чынам, на ўроках з выкарыстаннем сэрвісаў тэхналогіі Web 2.0 вучань становіцца актыўным удзельнікам адукацыйнага працэсу, што развівае гатоўнасць да сацыялізацыі ў сучасным грамадстве, самаадукацыі, самастойнай работы над замежнай мовай, надзяляе здольнасцю выкарыстоўваць мову, якая вывучаецца, у іншамоўнай міжкультурнай камунікацыі. Вывучэнне сэрвісаў тэхналогіі Web 2.0 спрыяе росту інфармацыйнай культуры настаўніка для паспяховага праектавання і правядзення ўрокаў.
Вольга БАНКЕВІЧ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 5 Баранавіч Брэсцкай вобласці.