Метадычная сістэма як твор кіраўніцкага і педагагічнага майстэрства

Як у педагагічнай дзейнасці пазбегнуць “руціннасці, банальнасці і механічнасці”? Як спланаваць метадычную работу ў школе, каб яна была эфектыўнай, прыносіла карысць калектыву ў цэлым і кожнаму педагогу асобна, а ў канчатковым выніку была накіравана на ўдасканаленне адукацыйнага працэсу?

Алена ЯКУБЕЦ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1Ляхавіч.

Дапамагчы педагогам у забеспячэнні тэарэтычнай, псіхалагічнай, метадычнай падтрымкі, а таксама стымуля­ваць авалодваць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі — вось асноўныя задачы намесніка дырэктара, які курыруе метадычную работу ва ўстанове адукацыі. Яго роля заключаецца ва ўменні арганізаваць работу калектыву, стварыць станоўчы мікраклімат, прыемнае і прадукцыйнае ўзаемадзеянне членаў калектыву, заснаванага на супрацоўніцтве і ўзаемаразуменні.

Павышэнне педагагічнага майстэрства настаўніка — працэс перманентны. Канечне, перад пачынаючым настаўнікам ці настаўнікам са стажам стаяць розныя метадычныя праблемы. Вылучаюць тры ўзроўні педмай­стэрства:

  • нізкі (інтуітыўны) — гэта педагогі, якія пачынаюць сваю педагагічную дзейнасць;
  • сярэдні (пошукавы) — педагогі, якія маюць адносна невялікі стаж работы;
  • высокі (майстэрскі) — вопытныя педагогі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэго­рыяй і настаўнікі-метадысты.

У адпаведнасці з узроўнем майстэрства педагогаў выбіраюцца змест і формы метадычнай работы. Так, метадычная работа з педагогамі нізкага ўзроўню арыентуецца на выпрацоўку станоўчых адносін да педагагічнай дзейнасці, авалоданне тэарэтычнымі ведамі. Мэты метадычнай работы з педагогамі сярэдняга ўзроўню — фарміраванне арыентацыі на выпрацоўку сістэмы ўменняў па прымяненні сучасных педагагічных тэхналогій і ўсведамленне ўласнай індывідуальнасці. Метадычная работа з педагогамі высокага ўзроўню прадугледжвае стымуляванне каштоўнаснай арыентацыі на творчасць у іх педагагічнай дзейнасці, на стварэнне індывідуальнай метадычнай сістэмы. Такім чынам, эфектыўнасць метадычнай работы залежыць ад выбару форм арганізацыі работы з педагагічным калектывам у кірунку рэалізацыі мэт і задач. Вылучаюць калектыўныя, групавыя і індывідуальныя формы метадычнай работы ў школе.

Хачу падзяліцца вопытам арганізацыі метадычнай работы ў нашай установе адукацыі — сярэдняй школе № 1 Ляхавіч. Дзейнасць установы адукацыі знаходзіцца ў непасрэднай залежнасці ад кадравага патэнцы­ялу, ад узроўню яго прафесійнага майстэрства. У нашай школе склаўся творчы калектыў з 72 педагогаў: у тым ліку настаўнік-метадыст, 37 педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і 8 маладых педагогаў без катэгорыі. Зыходзячы з аналізу кадравага складу і запытаў настаўнікаў, адбіраюцца аптымальныя формы метадычнай работы. Перш за ўсё гэта калектыўныя, да якіх адносяцца тэматычныя педагагічныя саветы, прысвечаныя актуальным пытанням адукацыйнага працэсу. Напрыклад, пасля правядзення педагагічнага савета на тэму “Удасканаленне прафесійнай тэхнікі настаўніка з дапамогай рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў выкладанні вучэбных прадметаў на базавым і павышаным узроўнях” быў выдадзены метадычны рэліз “Фарміраванне ключавых кампетэнцый у адукацыйным працэсе. Памятка для настаўніка”. Пасля педагагічнага савета “Шляхі ўдасканалення якасці адукацыі ва ўмовах дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі” быў абагульнены вопыт педагогаў, якія працуюць у профільных класах.

Метадычныя дэкады і тыдні, метадычныя дні, метадычныя сустрэчы накіраваны на выяўленне, падтрымку, заахвочванне і распаўсюджванне вопыту педагогаў, якія працуюць творча, удасканаленне майстэр­ства ў арганізацыі і правядзенні вучэбных заняткаў. Яны сталі традыцыйнымі і рыхтуюцца штогод. Так, у мінулым навучальным годзе быў праведзены метадычны тыдзень “Фарміраванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў на аснове выкарыстання актыўных метадаў навучання як умова павышэння якасці адукацыі”, а ў гэтым — метадычная дэкада “Эфектыўнасць урока — стымул да поспеху настаўніка і вучня”. Педагогі дзеляцца вопытам выкарыстання актыўных метадаў навучання, сучасных адукацыйных тэхналогій на вучэбных занятках. Урокі, якія праводзяцца, вызначаюцца разнастайнасцю прыёмаў і метадаў навучання, форм арганізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Настаўнікі праяўляюць творчы падыход пры планаванні і правядзенні вучэбных заняткаў, выкарыстоўваюць аўдыя-, відэа-, наглядны і раздатачны матэрыялы, ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі для нагляднага суправаджэння ўрокаў. У гэтым навучальным годзе кіраўніцтва школы запрасіла калег на адкрытыя ўрокі, на якіх дырэктар і намеснікі прадэманстравалі выкарыстанне тэхналогіі навучання ў супрацоўніцтве, інфармацыйна-камунікацыйнай, асобасна-арыентаванай, ­здароўезберагальнай тэхналогіі, а таксама адукацыйных сайтаў і магчымасцей інтэрактыўнай дошкі.

Групавыя формы работы ­ўключаюць пасяджэнні метадычнага савета, вучэбна-метадычных аб’яднанняў настаўнікаў, творчай групы настаўнікаў-дэфектолагаў, прадметныя тыдні, практычныя семінары, майстар-класы, адкрытыя ўрокі, групавыя кансультацыі педагогаў, якія прэтэндуюць на павышэнне кваліфікацыйнай катэгорыі.

Штогод ва ўстанове адукацыі право­дзяцца арганізацыйна-практычныя мера­прыемствы, накіраваныя на павышэнне педагагічнага майстэрства педагогаў. Павелічэнне тэхналогій навучання абумоўлівае імкненне настаўнікаў павышаць узровень прафесійнага майстэрства, абнаўляць змест навучання, удасканальваць метады і формы работы з навучэнцамі. Дабіцца павышэння цікавасці да прадмета дазваляе таксама выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на ўроках. У школе была праведзена метадычная работа па асваенні ІКТ: педагагічны савет “Фарміраванне медыяінфармацыйнай культуры і медыякампетэнтнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”, метадычны семінар “Прымяненне інфармацыйных тэхналогій на ўроках і факультатывах”. Былі праведзены практычныя семінары “Магчымасці праграмы Smartnotebook”, “Стварэнне інтэрактыўных заданняў на базе адукацыйнай платформы Learningapps”. Настаўнік-метадыст С.У.Аберган правёў майстар-класы па тэмах “Тэставая праграма Votum”, “Стварэнне і прымяненне інтэрактыўнага плаката”. Для павышэння метадычнай кампетэнтнасці педагогаў настаўніца матэматыкі К.С.Вірбал правяла практычны семінар па тэме “Выкарыстанне QR-кода ў адукацыйным працэсе”. Настаўнік інфарматыкі А.В.Шалік правёў вучэбныя заняткі з педагогамі па тэме “Прымяненне сэрвісаў Web 2.0 на вучэбных занятках”. Вынікам гэтых мерапрыемстваў стала павышэнне колькасці педагогаў, якія выкарыстоўваюць у рабоце адукацыйныя сайты, а таксама выніковы ­ўдзел у прафесійных конкурсах. Так, на раённым конкурсе метадычных распрацовак па абслуговай працы “Інтэрактыўная дошка: ад нагляднасці да актыўнага ўрока” настаўніца абслуговай працы І.Д.Ботнік была ўзнагароджана дыпломам І ступені. На раённым конкурсе інтэрактыўных плакатаў настаўніца геаграфіі А.М.Емяльянава атрымала дыплом І ступені, настаўнікі фізікі Т.У.Кузакова і матэматыкі С.С.Краўчук — дыпломы ІІ ступені. На раённым конкурсе дыдактычных інтэр­актыўных матэрыялаў у праграме PowerPoint для настаўнікаў, якія працуюць на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў В.А.Сокал і С.І.Кісель былі ўзна­гароджаны дыпломамі ІІІ ступені за стварэнне дыдактычных інтэрактыўных гульняў па вучэбных прадметах “Матэматыка”, “Русский язык”, “Беларуская мова”.

Найбольш эфектыўнымі метадамі з’яў­ляюцца тыя, у якіх навучэнец можа ­заняць актыўную асобасную пазіцыю і ў поўнай меры выявіць сваё “Я”, сваю індывідуальнасць. Сярод спосабаў матывацыі школьнікаў да навучання даследчая дзейнасць займае асаблівае месца. Яна спрыяе актывізацыі разумовай дзейнасці, накіравана на індывідуальнае развіццё асобы, фарміраванне здольнасці думаць самастойна, шукаць, атрымліваць і прымяняць атрыманыя веды. Ва ўстанове створана навуковае таварыства “Юны даследчык”, якім кіруе настаўніца абслуговай працы І.Д.Ботнік. Яна правільна плануе работу з педагогамі, матывуе іх займацца даследчай дзейнасцю з навучэнцамі, праводзіць вучэбныя заняткі па напісанні і прадстаўленні даследчых праектаў, арганізоўвае школьную навукова-практычную канферэнцыю. У бягучым навучальным годзе былі атрыманы 4 дыпломы на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” (адзін дыплом І ступені, адзін дыплом ІІ ступені і два дыпломы ІІІ ступені) і дыплом І ступені на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па вучэбным прадмеце “Хімія” (Казак Эдуард, навучэнец 11 класа, за работу “Электралітычная ачыстка жалеза: фізіка-хімічны аспект”, кіраўнік С.У.Аберган).

З педагогамі, якія плануюць павысіць кваліфікацыйную катэгорыю, праводзяцца групавыя заняткі і індывідуальныя кансультацыі па напісанні, афармленні і прадстаўленні вопыту работы. Семінары “Як абагульніць і прадставіць свой вопыт работы” і “Самааналіз прафесійных дасягненняў педагога” былі накіраваны на павышэнне метадычнай дасведчанасці настаўнікаў. З педагогамі першай кваліфікацыйнай катэгорыі, якія маюць даволі вялікі вопыт работы, праводзяцца індывідуальныя размовы па матывацыі да здачы кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне вышэйшай катэгорыі. Вынік — 9 педагогаў здалі кваліфікацыйны экзамен на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў 2017/2018 навучальным годзе. У гэтым навучальным годзе траім педагогам выдадзена накіраванне на здачу кваліфікацыйнага экзамену. У цэлым за перыяд з 2016 па 2018 год 22 педагогі школы атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю праз здачу кваліфікацыйнага экзамену.

Індывідуальныя формы метадычнай работы ажыццяўляюцца праз работу па самаадукацыі, павышэнні кваліфікацыі на курсах дадатковай адукацыі дарослых, арганізацыю настаўніцтва з маладымі спецыялістамі, ­удзел у конкурсах прафесійнага май­стэр­ства, трансляцыю вопыту ў друкаваных выданнях.

Гаворачы аб прафесійным росце педагагічнага калектыву, нельга не адзначыць, што настаўнікі штогод удзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства рознага ўзроўню, метадычных распрацовак урокаў. У мінулым навучальным годзе педагогамі было атрымана 16 дыпломаў рознай ступені, у бягучым — 7 дыпломаў.

Штогод установа папаўняецца маладымі спецыялістамі, якім удзяляецца асаблівая ўвага пры адаптацыі ў новым калектыве, аказваецца дапамога ў авалоданні педагагічным майстэрствам для фарміравання ўласнай сістэмы работы. Работа з пачынаючымі педагогамі рэгламентуецца Палажэннем аб правядзенні метадычнай работы з маладымі педагогамі першага года работы ва ўстанове адукацыі, Палажэннем аб настаўніцтве. У школе створана сістэма работы з пачынаючымі педагогамі, якая аб’ядноўвае дзей­насць маладых педагогаў, вопытных настаўнікаў, кіраўніцтва школы. Настаўнікі першага года работы абавязкова ўдзельнічаюць у раённым конкурсе маладых спецыялістаў “Педагагічны дэбют” і на працягу 3 гадоў былі ўзнагароджаны дыпломамі І ступені.

У канцы навучальнага года традыцыйна праходзіць метадычны фестываль, на якім кожнае вучэбна-метадычнае аб’яднанне прадстаўляе распрацаваны адукацыйны прадукт па выніках работы за навучальны год. Выпускаюцца метадычныя бюлетэні і метадычныя веснікі з распрацоўкамі вучэбных заняткаў, метадычныя скарбонкі з распрацоўкамі пазакласных мерапрыемстваў у рамках правядзення прадметных тыдняў, папоўнілася медыятэка школы прэзентацыямі да вучэбных заняткаў, створаны адзіны банк даследчых работ. Установа адукацыі з’яўляецца апорнай школай па рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У 2017/2018 навучальным годзе творчая група настаўнікаў-дэфектолагаў распрацавала дыягнастычны інструментарый па тэме “Дыягностыка развіцця зрокавага ўспрымання ў навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” для планавання карэкцыйна-развіццёвых заняткаў.

Ключавым крытэрыем эфектыўнасці сістэмы арганізацыі метадычнай работы з’яўляецца задаволенасць настаўнікаў арганізацыяй працэсу павышэння педагагічнага майстэрства. Па выніках анкетавання ў гэтым навучальным годзе было выяўлена, што задаволенасць настаўнікаў арганіза­цыяй метадычнай работы ва ўстанове адукацыі знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні.

Дойлід будуе велічныя будынкі, кампазітар стварае музычныя творы, мастак — маляўнічыя палотны, а творчы намеснік дырэктара — метадычную сістэму як твор кіраўніцкага і педагагічнага майстэрства. Бо добрая школа мае свой твар, які забяспечваецца высокім узроўнем прафесіяналізму ўсяго педагагічнага калектыву і індывідуальным стылем кожнага настаўніка. Таму любая форма метадычнай работы можа стаць эфектыўнай, калі кожны член калектыву бу­дзе пастаянна працаваць над павышэннем свайго майстэрства, кіруючыся новымі падыходамі ў педагогіцы.

Алена ЯКУБЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці.