Якім чынам забяспечыць моўную і маўленчую падрыхтоўку вучняў, якая дазволіць карыстацца словам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці? Як павысіць эфектыўнасць урока? Ключом да вырашэння гэтай праблемы можа стаць выкарыстанне на ўроках беларускай мовы мясцовага краязнаўчага матэрыялу, які дапамагае арганічна спалучыць тры важныя мэты: навучальную, развіццёвую і выхаваўчую. Ён абуджае цікавасць, жаданне пазнаваць, даследаваць, эксперыментаваць, бо тая гістарычная і прыродная прастора, якая разглядаецца пры вывучэнні краязнаўчага матэрыялу, непасрэдна звязана з рэальным жыццём дзіцяці, яго сям’і, знаёмых, яго вуліцы, вёскі. Яна яму блізкая і зразумелая.
Імкнучыся павысіць узровень пісьменнасці дзяцей, развіць у іх навыкі выразнага чытання, пазнаёміць з тэорыяй літаратуры, дапамагаючы вучням спасцігаць змест і праблематыку твораў, абапіраюся на краязнаўчы матэрыял, на сувязь беларускай мовы з геаграфіяй і гісторыяй нашай краіны.
“Падарожжа ў прасторы і часе” — гэта прыём, які заключаецца ў выкарыстанні на ўроках беларускай мовы гістарычна-геаграфічных звестак, што дазваляюць не проста зацікавіць дзяцей унікальнымі фактамі, але і стварыць для іх спрыяльную развіццёвую прастору: абудзіць цікавасць да творчасці, навучыць адчуваць прыгажосць роднага слова. Такім чынам паспяхова вырашаецца галоўная задача настаўніка-славесніка — развіццё асобы дзіцяці праз слова і творчасць. Так, пры вывучэнні тэмы “Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа” вучням прапаноўваецца скласці 5 сказаў, якія б адпавядалі прыведзеным схемам:
о, о, о; о і о, о і о; і о, і о, і о;
●: о, о, о; о, о, о — ●.
У кожным сказе вучням трэба ў якасці аднародных членаў выкарыстаць назвы гарадоў адной вобласці. Гэта спрыяе пашырэнню кругагляду дзяцей, абуджэнню ў іх цікавасці да роднага краю.
Пры тлумачэнні тэмы “Правапіс вялікай і малой літары” вучням прапаноўваецца запісаць назвы запаведнікаў і нацыянальных паркаў Беларусі: Белавежская пушча, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Налібоцкая пушча, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік і інш. Пры гэтым абавязкова выкарыстоўваю карту, каб вучні не толькі ведалі назвы мясцін, але і запаміналі іх месцазнаходжанне.
Краязнаўчы матэрыял можна ўключаць у работу пры вывучэнні любой тэмы, на любым этапе ўрока. Так, падчас вывучэння фанетыкі, марфемікі, словаўтварэння прапаноўваюцца для моўнага разбору словы-тапонімы і мікратапонімы вёскі з наступным сумесным тлумачэннем іх этымалогіі (Карміца, Дарожная, Праходы і інш.).
Гэты матэрыял выкарыстоўваецца і пры вывучэнні тэмы “Агульныя і ўласныя назоўнікі”. Вёскі, урочышчы, вуліцы — усё мае сваё імя, і дзеці з радасцю прыводзяць мясцовыя назвы. Заданне можа быць такім: знайдзіце назвы, у якія адлюстраваліся ранейшыя месцы жыхарства перасяленцаў (завулак Нараўлянскі, вуліца Чырвонаазёрная і інш.). Або: паспрабуйце знайсці назвы, звязаныя з імем, прозвішчам людзей (Барысаў хутар, Хведараў бярэзнік, Кустэнкава поле і інш.). Наступнае заданне — суаднесці назвы гарадоў і рэк Магілёўшчыны або іншых рэгіёнаў Беларусі.
Таксама пры вывучэнні агульных і ўласных назоўнікаў можна прапанаваць вучням запісаць у алфавітным парадку 5—8 прозвішчаў з імёнамі і імёнамі па бацьку знакамітых землякоў або прывесці
прыкды назваў падзей, якія адбыліся ў гісторыі роднай вёскі.
Усе адзначаныя вышэй прыклады з поспехам выкарыстоўваю пры вывучэнні назоўніка, прыметніка ў розных класах. А каб урок атрымаўся больш насычаным і незабыўным, важна арганізоўваць краязнаўчыя хвілінкі, якія варта рыхтаваць загадзя, даўшы вучням заданне расказаць пра паходжанне назвы вёскі, пасёлка, горада, прозвішча, імя… Выступаючы з такімі паведамленнямі, вучні адначасова развіваюць сваё маўленне, вучацца прыгожа гаварыць і трымацца на публіцы. Такім чынам праходзіць першы этап падрыхтоўкі да розных творчых конкурсаў, у якіх без красамоўства не абысціся.
Тапаніміка і мікратапаніміка мясцовасці даюць вялікія магчымасці для выкарыстання краязнаўчага матэрыялу на ўроках. У школьных падручніках беларускай мовы абмежаваныя звесткі пра дыялектную лексіку, таму мясцовыя моўныя рысы, адметнасці рэгіянальнай лексікі настаўнік павінен паказаць сам. Вынікам такой работы можа стаць калектыўнае стварэнне ўнікальнага дыялектнага слоўніка мясцовасці.
Правілы вымаўлення і напісання геаграфічных назваў знаходзяцца ў падпарадкаванні тапанімікі, таму выкарыстанне на ўроках тапанімічнага матэрыялу можа спрыяць павышэнню ўзроўню агульнай пісьменнасці і культуры маўлення навучэнцаў.
На ўроках, прысвечаных вывучэнню лексікі, можна праводзіць творчыя дыктанты на тэму “Мая вёска”, калі настаўнік дае дзецям назоўнік па тэме, а яны дабаўляюць прыметнікі, якія падыходзяць па сэнсе. Можна таксама складаць сінанімічныя ланцужкі і антанімічныя пары.
У вучняў звычайна вельмі бедны фразеалагічны запас. Папоўніць яго дапамагае элемент пошукавай дзейнасці. Дзецям прапаноўваецца распытаць бацькоў, бабуль, дзядуль, аднавяскоўцаў і скласці невялікі слоўнік найбольш ужывальных у мясцовасці фразеалагізмаў. У выніку вучні хутчэй і лягчэй запамінаюць фразеалагізмы, якія яны пачулі ад знаёмых людзей і занатавалі.
Пашырыць лексічны запас вучняў дапамагае і рубрыка “У гасцях у слова”, у ходзе якой прапануецца для разгляду адно самабытнае беларускае слова (найчасцей — безэквівалентная лексіка), характэрнае для нашай мясцовасці (зэдлік, фэст, талака, пячыста і інш.). Значнай падмогай у гэтай справе з’яўляецца слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі “Самабытнае слова”.
Каб паказаць багацце і разнастайнасць этнакультурнай спадчыны, напярэдадні народных свят на ўроках беларускай мовы разглядаем адпаведную лексічную тэму. Словы беларускай мовы — жывое сведчанне нашай гісторыі і культуры. У іх мінулае нашага народа, яго традыцыйны
і сучасны побыт. Яны адлюстроўваюць традыцыі, звычаі народа, развіццё яго мастацтва, народна-паэтычнай творчасці. Мова — аснова нацыянальнай памяці і ключ да разумення духоўнага свету беларуса.
Вывучэнне этнакультуразнаўчай тэматыкі дае магчымасць павышаць маўленчую культуру школьнікаў, стварае ўмовы для развіцця навыкаў самастойнай работы, адбору і ўжывання моўных сродкаў у пісьмовым і вусным маўленні, фарміруе цікавасць да беларускай мовы і яе носьбітаў — беларускага народа.
Для ўдасканалення арфаграфічных, пунктуацыйных, сінтаксічных і марфалагічных уменняў і навыкаў выкарыстоўваю заданні розных відаў.
1. Заданні аналітычнага характару па гатовым тэксце. Напрыклад, вызначыць стылёвую прыналежнасць тэксту, асноўную думку выказвання, выканаць граматычнае заданне. Тэкст павінен быць звязаны з гісторыяй Радзімы. Граматычнае заданне да тэксту можа быць такім: знайсці аднасастаўныя сказы, вызначыць іх віды. Для выканання заданняў аналітычнага характару ў якасці гатовых тэкстаў выкарыстоўваюцца народныя песні, запісаныя вучнямі ад жыхароў вёскі. Таксама багатай крыніцай тэкставага матэрыялу служыць кніга “Памяць”.
2. Заданні аналітыка-сінтэтычнага характару па гатовым тэксце.
Гэтыя заданні патрабуюць аналізу гатовага тэксту краязнаўчага характару і стварэння на яго базе элементаў тэксту: сфармуляваць асноўную думку, прыдумаць загаловак, падабраць эпіграф і г.д.
3. Заданні, якія патрабуюць стварэння новага тэксту на аснове краязнаўчага матэрыялу. Напрыклад, падрыхтаваць вуснае паведамленне на пэўную тэму на аснове прапанаванага тэксту краязнаўчага характару або дапоўніць тэкст сваімі разважаннямі ці запісаць пачутую гісторыю і выканаць пры гэтым нейкае граматычнае заданне. Напрыклад, сабраць матэрыял пра свайго дзеда, удзельніка ВАВ, або проста суседа, і на аснове гэтага матэрыялу скласці тэкст, выканаўшы граматычнае заданне.
Вялікія магчымасці для выкарыстання краязнаўчага матэрыялу даюць урокі развіцця мовы. Тут дарэчы напісанне сачынення-апісання сваёй вёскі, сачыненне-апісанне помніка гісторыі (культуры) на мясцовым матэрыяле. Мэтазгодна прапаноўваць вучням тэксты краязнаўчага характару пры напісанні розных відаў пераказаў.
Краязнаўчы матэрыял таксама прыдатны для правядзення арфаграфічных хвілінак, слоўнікавых дыктантаў і нават фізкультхвілінак. Напрыклад, можна выкарыстоўваць у якасці фізкультхвілінак народныя гульні, распаўсюджаныя ў нашай мясцовасці (“Гусі ляцяць”, “Шкута” і інш.) або цыкл своеасаблівых краязнаўчых фізкультхвілінак-заданняў.
Самая ўніверсальная частка ўрока беларускай мовы — гэта хвілінкі чыстапісання: разам з удасканаленнем графічных навыкаў можна праводзіць арфаграфічную, фанетычную, словаўтваральную работу, не толькі паглыбляючы веды вучняў па вывучаемых тэмах беларускай мовы, але і ўзбагачаючы слоўнікавы запас навучэнцаў геаграфічнымі тэрмінамі. І самае галоўнае, пры гэтым можна ў максімальнай ступені актывізаваць разумовую дзейнасць і ўдасканальваць інтэлектуальныя якасці навучэнцаў, развіваць вуснае і пісьмовае маўленне. На матэрыяле заданняў па чыстапісанні можна арганізаваць любую моўную размінку і знаёмства з краязнаўчым матэрыялам.
Слоўнікавая работа заключаецца ў тым, каб слова было правільна ўспрынята ў тэксце і засвоена, г.зн. узнаўлялася навучэнцамі ў патрэбных сітуацыях.
Такім чынам, краязнаўчы матэрыял узбагачае змест урока, робіць яго матэрыял больш пераканаўчым, блізкім для кожнага вучня, развівае і падтрымлівае высокі матывацыйны ўзровень вучэбнай дзейнасці, іншымі словамі, павышае эфектыўнасць урока. “Дакрануўшыся” да краязнаўчага матэрыялу на ўроку, вучні выказваюць жаданне займацца краязнаўчай работай больш грунтоўна: складаць радаводныя дрэвы, занатоўваць гісторыю школы, выдаваць школьную газету.
У далейшым у вучняў узнікае патрэба дзяліцца плёнам сваёй працы. Такую магчымасць даюць навукова-практычныя канферэнцыі, краязнаўчыя алімпіяды, конкурсы творчых работ.
Алена ІВАНЦЭВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Кямелішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.