ці Як ісці ў нагу з часам
Змены, якія сёння адбываюцца ў адукацыі, прыводзяць да таго, што ўсё большае значэнне набывае здольнасць педагога арыентавацца ў інфармацыйных патоках. Сёння, для таго каб выхаваць паспяховую асобу, ужо недастаткова проста перадаваць канкрэтныя прадметныя веды і навыкі. Час патрабуе ад сучасных людзей умення хутка знаходзіць карысную інфармацыю, аналізаваць яе і выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці.
Навучыць школьнікаў узаемадзейнічаць, стварыць умовы для ініцыятывы, самастойнага пошуку ведаў, калі дзіця становіцца паўнавартасным удзельнікам адукацыйнага працэсу, а яго вопыт служыць асноўнай крыніцай вучэбнага пазнання — вось галоўная задача сучаснага педагога.
Прафесіяналізм — рыса сучаснага іміджу настаўніка. Сёння педагог павінен знайсці кантакт з любым вучнем, дастукацца да яго і мець магчы-масць навучыцца разам з ім нечаму новаму. Не запужваннем, а па-сапраўднаму дзейснымі спосабамі. Пошук гэтых спосабаў, пастаяннае павышэнне свайго прафесійнага ўзроўню і з’яўляецца вектарам росту сучаснага настаўніка.
Метадычная работа ва ўстанове адукацыі павінна спрыяць павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў, але ні ў якім разе не павінна іх абцяжарваць. Любое праведзенае мерапрыемства — няхай гэта будзе майстар-клас, семінар, нарада, педсавет — павінна даць штуршок для творчасці і самаразвіцця.
Сёння, арганізоўваючы работу з педагогамі, я стараюся ісці ў нагу з часам. Выкарыстоўваю інтэрактыўныя формы, жывыя зносіны, творчы падыход да любой праблемы, пошук нестандартных шляхоў яе вырашэння. І работа ідзе добра, калі побач знаходзяцца людзі, для якіх прафесія педагог — гэта лад жыцця, крыніца натхнення і творчасці. Менавіта такія педагогі ў нашай школе. Разам з імі мы шукаем і ўкараняем новыя формы ўзаемадзеяння, вырашаючы важную задачу — павышэнне якасці адукацыі.
Вялікую ролю ў метадычнай рабоце школы я адводжу арганізацыі і правядзенню педагагічнага савета, бо гэта галоўны механізм, які прыводзіць у дзеянне работу ўсяго педагагічнага калектыву школы, вядзе рэй, з’яўляецца магутным стымулам павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў. Таму педагагічны савет павінен прыносіць карысць настаўніку, а галоўнае, падтрымліваць яго актыўную пазіцыю ў школе, стымуляваць да самаўдасканальвання.
Дапамагаюць мне ў гэтым менавіта нетрадыцыйныя формы правядзення педсаветаў:
* педсавет у форме круглага стала з элементамі прадукцыйнай гульні “КРД” (калектыўнай разумовай дзейнасці);
* педсавет у фармаце актыўнай размовы;
* педсавет у фармаце сустрэчы ў кібер-кафэ.
У гэтым навучальным годзе мы правялі педагагічны савет у фармаце педагагічнага КВЕСТА.
Паняцце “квест” сёння ўсё часцей сустракаецца ў педагогіцы і характарызуецца як “спецыяльным чынам арганізаваны від даследчай дзейнасці, для выканання якой навучэнец ажыццяўляе пошук інфармацыі па адзначаных адрасах”. Актуальнасць выкарыстання квестаў у вучэбным працэсе наглядная, паколькі адукацыя новага пакалення патрабуе выкарыстання тэхналогій дзейнаснага тыпу. Таму, выпрабаваўшы на сабе такі адукацыйны інструмент, як квест, педагогі змогуць прымяніць яго і ў рабоце з навучэнцамі.
Такім чынам, тэма педагагічнага квеста, праведзенага ў школе, “Педагагічнае ўзаемадзеянне — найважнейшая ўмова эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.
Да пачатку квеста ўсе педагогі былі разбіты на “брыгады”. Чаму не на традыцыйныя групы? А таму, што ўзаемадзеянне — гэта своеасаблівае “будаўніцтва” адносін на ўзроўні “настаўнік — вучань”, “настаўнік — настаўнік”, “настаўнік — бацькі” і г.д. А калі размова ідзе пра будаўніцтва, значыць, ёсць і брыгады.
Першая брыгада з назвай “УЗА” (Усе Зацікаўленыя Актыўнай ацэнкай)
Другая брыгада — ММВ (якія Маюць Многа Вопыту)
Трэцяя брыгада — “ДЗЕЯННЕ” (маладыя спецыялісты школы)
Работа педагогаў у фармаце квеста была разлічана на 5 дзён, таму ў настаўніцкай з’явіўся маляўнічы “Экран КВЕСТА”, дзе штодзень вывешваліся заданні.
Кожная брыгада выконвала заданні разам. Ад педагогаў часам патрабаваліся не проста іх веды і вопыт, але і ўменне рашаць рэбусы, складаць лагічныя ланцужкі, каб знаходзіць заданне для сваёй брыгады.
Прыклад задання:
Спатрэбіліся і ўменні хутка арыентавацца ў інтэрнэце, працаваць у сеткавай суполцы. А ў некаторых пытаннях на дапамогу педагогам прыходзілі вучні, прасунутыя ў інфармацыйных тэхналогіях.
Усе 5 дзён школа жыла квестам. Прыходзячы на работу, педагогі адразу ж збіраліся ля экрана, каб не прапусціць заданні і своечасова іх выканаць. Першы час тэмп задавалі маладыя настаўнікі, але вопытныя педагогі не ўступалі ім. Так і павінна быць у школе. Толькі ўзаемадзейнічаючы, набываеш той ці іншы вопыт. Маладыя педагогі вучацца ў сваіх вопытных калег, вопытныя — у маладых, а разам яны займаюцца адной важнай справай — вучаць дзяцей набываць веды, паказваючы іх важнасць і сілу і выкарыстоўваючы для гэтага толькі тыя адукацыйныя тэхналогіі, якія даюць вынік.
Падчас квеста педагогі:
— прапрацавалі пытанне: “Што ўключае ў сябе паняцце “педагагічнае ўзаемадзеянне”?
— правялі анкетаванне і прааналізавалі характар педагагічнага ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу ў нашай школе;
— выявілі праблемы ў развіцці такіх тыпаў узаемадзеяння, як “настаўнік — вучань”, “настаўнік — бацькі” ў нашай школе і знайшлі спосабы іх вырашэння;
— навучыліся знаходзіць адпаведнасці паміж позамі і жэстамі навучэнца і яго эмацыянальным станам.
Квест скончыўся педагагічным саветам, дзе брыгады цаглінка за цаглінкай выбудоўвалі мадэль паспяховых зносін “настаўнік — вучань”. Інтэрактыўныя зносіны педагогаў — вырашэнне канфліктных сітуацый, нестандартнае прадстаўленне вынікаў анкетавання, рэклама педагагічных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца і спрыяюць правільнаму педагагічнаму ўзаемадзеянню ў вучэбнай дзейнасці, развіццю супрацоўніцтва — дазволілі кожнаму з іх быць не пасіўным слухачом, а актыўным удзельнікам педсавета.
Мы даўно адышлі ад традыцыйных форм правядзення педагагічных саветаў, калі ў настаўніцкай загадзя вывешваўся пералік пытанняў для абмеркавання, прапаноўвалася літаратура і ў прызначаны тэрмін кожны педагог “адбываў” на працягу некалькіх гадзін, “пакаранне” педсаветам.
Сёння час загадвае нам выкарыстоўваць інтэрактыўныя формы. Гэта жывыя зносіны, творчы падыход да любой праблемы, пошук нестандартных шляхоў вырашэння — словам, педагагічны квест. Толькі актыўнасць педагогаў спрыяе павышэнню ўзроўню іх прафесійнага майстэрства, прымушае знаходзіцца ў пастаянным пошуку новага інструментарыю для развіцця пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў. А з яе павышэннем павышаецца і якасць адукацыі.
А яшчэ я ўпэўнена, што настаўнік ніколі не даб’ецца поспеху, калі сам будзе закрыты для змен, калі не будзе ўзаемадзейнічаць з сабой, бо самае страшнае — гэта працаваць як чорны вол, не бачачы выніку. Таму наш педагагічны квест я скончыла прыпавесцю:
“Аднойчы ішоў па лесе мудрэц і ўбачыў ён лесаруба, які сек дрэва старой, тупой сякерай. Было зразумела, што гэты чалавек працуе ўжо доўга і вельмі стаміўся. Да таго ж ён быў раззлаваны, што справа ідзе так марудна.
“Што ты робіш?” — спытаўся мудрэц.
“Не бачыш хіба, я працую!” — раздражнёна адказаў лесаруб.
“Твая сякера затупілася, і работа стала вельмі цяжкай для цябе! — усклікнуў мудрэц. — Завастры сякеру — і работа пойдзе весялей”.
Але не стаў слухаць лесаруб.
“Мне няма калі займацца гэтым глупствам! Я працую!” — з нецярплівасцю ўсклікнуў ён”.
На жаль, сярод педагогаў яшчэ ёсць такія працаўнікі — “лесарубы”, і сэнс метадычнай работы я бачу ў тым, каб паказаць на практыцы, што новыя рацыянальныя метады і прыёмы ў навучанні — гэта не “глупства”, і што настаўнік павінен эксперыментаваць і знаходзіць у іх дапамогу для сваёй дзейнасці. Толькі тады работа для настаўніка і навучанне для дзяцей будуць у радасць!
Марына АФАНАСЕНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.К.Багушэвіча
Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.