Прафесійная падтрымка для дашкольных педагогаў

“Арганізацыя метадычнай работы ва ўстановах дашкольнай адукацыі і аказанне метадычнай дапамогі спецыялістам, якія там працуюць, уключаючы кіраўнікоў і іх намеснікаў, — асноўная мая задача як метадыста вучэбна-метадычнага кабінета Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, — гаворыць Наталля Вітальеўна Вараб’ёва. — Калі педагогі адчуваюць пэўныя прафесійныя цяжкасці, не ведаюць, як правільна арганізаваць адукацыйны працэс з дзецьмі, правесці заняткі, іх трэба навучыць гэтаму”.

Наталля Вітальеўна скончыла Лоеўскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”, Мурманскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Дашкольная педагогіка. Псіхалогія” і магістратуру Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Працавала ў дзіцячых садках Ра­сіі, дзе прайшла ўсе прыступкі прафесійнага станаўлення: была выхавальнікам, кіраўніком фізвыхавання, намеснікам загадчыка, загадчыцай. На працягу 10 апошніх гадоў Наталля Вітальеўна курыруе метадычную работу ва ўстановах дашкольнай адукацыі Рэчыцкага раёна, арганізуе і праводзіць для педагогаў майстар-класы, круглыя сталы, практыкумы, індывідуальныя, групавыя і калектыўныя выступленні на педсаветах, удзел у выставах, прэзентацыях, адкрытых праглядах, семінарах, мультымедыйных салонах і г.д.

“Сёння ў раёне функцыянуюць 49 устаноў, якія рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі. Іх наведваюць каля 4700 выхаванцаў ад 1 да 6 гадоў. Установы адчуваюць пэўную патрэбу ў кваліфікаваных кадрах, перш за ўсё у маладых спецыялістах, — ­адзначае Наталля Вітальеўна. — Сярод дашкольных педагогаў 54% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Доля выхавальнікаў, якія маюць адукацыю ў кірунку “Педагогіка дзяцінства”, у Рэчыцкім раёне складае крыху больш за 60%. За мінулы навучальны год перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі прайшлі 10 нашых спецыялістаў. 

Установы дашкольнай адукацыі раёна цесна супрацоўнічаюць з Рэчыцкім дзяржаўным педагагічным каледжам, дзе сёння рыхтуюць настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, замежнай мовы, а з мінулага года — спецыялістаў дашкольнай адукацыі. Каб максімальна адаптаваць навучэнцаў каледжа да работы ва ўстановах дашкольнай адукацыі, сумесна з дырэктарам каледжа Людмілай Анатольеўнай Ягоравай мы прынялі рашэнне далучыць студэнтаў 4 курса да метадычнай дзейнасці раённай школы маладога педагога, а таксама пачалі іх запрашаць у дашкольныя ўстановы для работы з выхаванцамі па аказанні дадатковых адукацыйных паслуг, у асноўным для правядзення заняткаў па замежнай мове. У сакавіку гэтага года на базе каледжа адбыўся семінар-практыкум для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі са стажам работы да 3-х гадоў і студэнтаў педагагічнага каледжа 4 курса па тэме “Заняткі як форма арганізацыі адукацыйнага працэсу”, дзе пры ўдзеле педагогаў каледжа абмяркоўваліся пытанні праектавання, планавання, правядзення і аналізу спецыяльна арганізаванай дзейнасці (заняткаў), а таксама ўключэнне студэнтаў 4 курса ў прафесійную дзейнасць. На мерапрыемстве выступіла загадчыца санаторнага ясляў-сада № 6 Рэчыцы Святлана Валер’еўна Якаўлева з тэмай “Канспект заняткаў. Ці патрэбны выхавальніку канспект заняткаў?”. Выснова спецыяліста наступная: канспект, зразумела, патрэбны для таго, каб структураваць заняткі і вызначыць, ці вырашальныя задачы, якія былі пастаўлены педагогам. Але, не абавязкова рабіць канспект вельмі падрабязным, не трэба пакрокава распісваць магчымыя адказы дзяцей. Спланаваць і арганізаваць дзейнасць педагогу дапаможа, напрыклад, складанне канспекта заняткаў у форме інтэлект-карт”.

У Рэчыцкім раёне функцыянуе не толькі школа маладога спецыяліста, але і школа маладога педагога для спецыялістаў, якія прыйшлі працаваць у дашкольную адукацыю не па профілі, а таксама для педагогаў з вопытам работы да 5 гадоў. І маладым, і дасведчаным (не ў дашкольнай сферы) педагогам неабходна падрабязна расказваць аб методыках работы з дашкольнікамі, пра тое, як якасна арганізаваць адукацыйны працэс, які будзе садзейні­чаць рознабаковаму развіццю дзяцей і іх сацыялізацыі, акрэсліваць задачы дашкольнай адукацыі.

Наталля Вітальеўна Вараб’ёва склала метадычныя рэкамендацыі “Як падрыхтаваць заняткі з выхаванцамі, ці Пяць крокаў да поспеху”, дзе прадставіла этапы правядзення паспяховых заняткаў. Крок першы — фармулюем праграмныя задачы, крок другі — адбіраем змест заняткаў, крок трэці — прадумваем сюжэт заняткаў, крок чацвёрты — падбіраем метады, прыёмы і сродкі навучання і выхавання, крок пяты — праводзім заняткі. Вопытам метадычнага суправаджэння маладых педагогаў у працэсе прафесійнага станаўлення Наталля Вітальеўна дзялілася ў мінулым годзе на рэспубліканскім кірмашы метадычных ідэй “Эфектыўныя формы метадычнай работы з кадрамі”.

У раёне таксама дзейнічаюць метадычныя аб’яднанні выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, кіраўнікоў фізвыхавання і музычных кіраўнікоў, школа намеснікаў загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі, працуюць творчыя групы педагогаў па розных напрамках. Так, на працягу мінулага года ў раёне працавала творчая група выхавальнікаў, вынікам дзейнасці якой стала прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па адукацыйных галінах “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, “Падрыхтоўка да навучання грамаце” для выхаванцаў старшай групы. Розныя метады і прыёмы, прадстаўленыя ў планаванні, дапамогуць педагогам вырашыць задачу фарміравання звязнага маўлення ў выхаванцаў, навучаць іх правільна будаваць фразы, выказваць свае думкі, фармуляваць пытанні. Адказваючы на пытанні педагогаў, выхаванцы змогуць больш поўна зразумець змест тэксту і навучацца правільна дапасаваць словы ў сказе, разумеючы адносіны паміж гэтымі словамі, пераказваць нескладаныя тэксты, што дасць ім магчымасць авалодваць граматычным ладам маўлення, запамінаць устойлівыя словазлучэнні, узбагаціць уласнае маўленне маляўнічымі і дакладнымі прыметнікамі. Планаванне з’яўляецца прыкладным, мае тэматычны характар, адлюстроўвае аўтарскае бачанне адукацыйнага працэсу.

У рамках майстар-класа на рэспубліканскім семінары-практыкуме ў мінулым годзе Наталля Вітальеўна Вараб’ёва разам з намеснікам загадчыка ясляў-сада № 3 Рэчыцы Алінай Валер’еўнай Сомавай і выхавальніцай Валянцінай Мікалаеўнай Міранчук падзяліліся вопытам работы па арганізацыі праектнай і даследчай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту “Незвычайнае ў звычайным”. У маі 2019 года выхаванец ясляў-сада № 3 Аляксей Дубавец быў узнагароджаны дыпломам пераможцы рэспубліканскага конкурсу для дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык!”. Яго работа прысвечана карысным прадуктам харчавання, таму, як правільна арганіза­ваць харчаванне і зрабіць прысмакі не толькі смачнымі, але і карыснымі.

“У працэсе эксперыментавання выхавальнік павінен выступаць для дзяцей не як настаўнік, а як раўнапраўны партнёр, непрыкметна накіроўваючы дзіцячую дзейнасць у патрэбнае рэчышча, — гаворыць Наталля Вітальеўна Вараб’ёва. — Засвойваецца ўсё трывала і надоўга, калі дзіця чуе, бачыць і робіць само. Эксперыментаванне можа ажыццяўляцца ва ўсіх сферах дзіцячай дзейнасці: прыём ежы, заняткі, гульня, прагулка, сон, мыццё. Немалаважную ролю ў гэтым адыгрывае стварэнне прадметна-развіццёвага прасторавага асяроддзя. Для развіцця пазнавальнай актыўнасці дзяцей і падтрымання цікавасці да эксперыментальнай дзейнасці ва ўсіх установах дашкольнай адукацыі раёна абсталяваны дзіцячыя навуковыя лабараторыі, а таксама куткі эксперыментавання, якія пастаянна папаўняюцца новымі матэрыяламі”.

Рэсурсным цэнтрам па арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці з дзецьмі дашкольнага ўзросту, якая прадугледжвае фарміраванне экалагічнай культуры выхаванцаў і іх бацькоў, з’яўляецца яслі-сад № 8 Рэчыцы — удзельнік рэспубліканскага конкурсу “Зялёная школа”. Выхавальніцы Тамара Сцяпанаўна Быкава і Святлана Іванаўна Скакун арганізавалі даследчы праект “Кропелька”, пры рэалізацыі якога на працягу трох месяцаў яна і выхаванцы вывучалі ўласцівасці вады, патрэбы ў ёй для навакольнага асяроддзя, ставілі праблемныя пытанні. У ходзе пошукавай дзейнасці дзеці навучыліся самастойна дзейнічаць у адпаведнасці з алгарытмам, дасягаць выніку і пазначаць яго з дапамогай умоўнай схемы (замалёўваць вынікі доследаў, абагульняць і шыфраваць атрыманую інфармацыю). Выхавальніцы Алена Міхайлаўна Валоснікава і Вера Аляксандраўна Войстрык працавалі з выхаванцамі над даследчым праектам “Дзіўны свет камянёў”, мэтай якога з’яўлялася вывучэнне ўласцівасцей і якасцей камянёў, адметных прыкмет і разнастайнасці камянёў у прыродзе. Дарэчы, на IX Рэспубліканскім калядным фестывалі педагагічнага майстэрства “Педагагічныя тэхналогіі — сучасна, эфектыўна, вынікова” Вера Аляксандраўна Войстрык падзялілася вопытам работы ў тэхніцы малявання эбру.

У рамках праектнай дзейнасці “Зялёная школа” супрацоўнікі ясляў-сада № 8 Рэчыцы вырашылі арганізаваць азеляненне тэрыторыі ўстановы. Для вырашэння фінансавага боку пытання было прапанавана арганізаваць збор пластыкавых бутэлек і накрывак, што ў сваю чаргу таксама акажа спрыяльнае ўздзеянне на экалогію нашай краіны. Праведзена акцыя “Бутэлечка за прысмакі”. Штомесяц у дзень правядзення акцыі дзеці прыносілі пластыкавыя адходы, а за гэта ім “фея зямлі” прапаноўвала пачастункі. Баць­кі і дзеці пранікліся гэтай ідэяй імгненна, што дазволіла ўстанове хутка набыць два садовыя дрэвы, якія былі высаджаны педагогамі з выхаванцамі на тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі. Наступным крокам па ажыццяўленні праекта “Зялёная школа” стала правядзенне акцый “Вырасці дрэва з костачкі”, “Кітнее зямля”, “Здай макулатуру, выратуй дрэва”. У рамках гэтага праекта праведзены конкурс малюнкаў выхаванцаў “Наш сад — наш дом”, арганізаваны сумесныя выставы дзяцей і бацькоў з прыроднага матэрыялу “Восень — у госці просім”. Работа па гэтым праекце ў яслях-садзе № 8 працягваецца.

Доўгатэрміновы праект па рабоце з ільном рэалізуецца ў Холмецкім яслях-садзе Речыцкага раёна, дзе выхаванцы пад кіраўніцтвам педагогаў вырошчваюць лён, вывучаюць працэс нарыхтоўкі льну і традыцыі, звязаныя з ім. Перасвятаўскі яслі-сад Речыцкага раёна рэалізуе праект “Мая малая радзіма”. Тут дзейнічае музей “Беларуская хатка”, супрацоўнікі ўстановы і выхаванцы збіраюць і захоўваюць гісторыю роднай вёскі і раёна. У яслях-садзе № 17 Рэчыцы на пастаяннай аснове дзейнічае тэатр батлейка. Інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасабовых зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя” рэалізуецца ў Прыгарадным яслях-садзе Рэчыцкага раёна. Карысным вопытам па выкарыстанні ТРВЗ-тэхналогіі могуць падзяліцца педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Рэчыцы Святлана Сцяпанаўна Сівадзед і Таццяна Васільеўна Бруяка. Элементы тэхналогіі “Першы крок” выкарыстоўвае выхавальніца ясляў-сада № 2 Рэчыцы Алена Сяргееўна Арабчык, а гульнявую тэхналогію інтэлектуальна-творчага развіцця В.В.Васкабовіча “Казачныя лабірынты гульні” — выхавальніца гэтай жа ўстановы Таццяна Валянцінаўна Дземі­дзенка. Амаль ва ўсіх дашкольных установах ёсць цікавы вопыт афармлення вулічных тэматычных пляцовак рознай накіраванасці — па правілах дарожнага руху, экалагічнай накіраванасці, мастацкай, музыкальнай і г.д. На іх створаны ўмовы для дадатковых заняткаў дзяцей падчас прагулкі.

“Д зеці дашкольнага ўзросту з АПФР, якія маюць патрэбу ў карэкцыйна-педагагічнай дапамозе, атрымліваюць яе па запытах бацькоў і прызначэнні спецыялістаў, — гаворыць Наталля Вітальеўна. — У апошні час адбываецца пашырэнне сеткі спецыяльнай адукацыі ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Напрыклад, раней у чатырох дашкольных установах раёна функцыянавалі па адной спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення пачынаючы з сярэдняга ўзросту. Да таго ж з дзецьмі з АПФР працавалі ў ЦКРНіР. І гэтага было дастаткова. Зараз у раёне дзейніча­юць 10 спецыяльных груп для дзяцей з ЦПМ, 1 рознаўзроставая група інтэграванага навучання і выхавання, а таксама працуюць 22 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Педагогі звычайных дашкольных устаноў актыўна набываюць новы для сябе вопыт работы з дзецьмі з АПФР, абагульняюць яго і дзеляцца з калегамі. У яслях-садах №№ 3, 8, 22, 26 Рэчыцы, спецыяльным дзіцячым са­дзе № 9 функцыянуюць групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. З 1 верасня 2020 года на базе ясляў-сада № 22 Рэчыцы бу­дзе функцыянаваць ужо другая група для дзяцей з цяжкімі і множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі. У гэтым дзіцячым садзе таксама працу­юць тры групы для дзяцей з ЦПМ, адну з якіх наведваюць дзеці з 3 да 4 гадоў. У яслях-садзе № 28 Рэчыцы працуе рознаўзроставая група інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей з ЦПМ з 2 гадоў. Інтэграваная група функцыянуе на базе ясляў-сада № 17 Рэчыцы для дзяцей з парушэннямі слыху. Санаторныя яслі-сады №№ 6, 21 Рэчыцы наведваюць выхаванцы, якія часта і доўга хварэць. Арганізацыя адукацыйнага працэсу ў іх мае сваю спецыфіку, будуецца з улікам захворванняў дзяцей. У спецыяльным яслях-садзе № 4 Рэчыцы для дзяцей з парушэннямі зроку створана адаптыўнае развіццёвае асяроддзе з улікам патрэб выхаванцаў. У пары з выхавальнікам працуе настаўнік-дэфектолаг (тыфлапедагог)”. 

“Перад намі стаіць задача павялічыць ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй, забяспечыць яе крокавую даступнасць, — гаворыць Наталля Вітальеўна Вараб’ёва. — У раёне пашыраецца шматфункцыянальная сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі, з’яўляюцца новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі. Дзеці сёння маюць магчымасць наведваць дашкольныя ўстановы па гнуткім рэжыме знаходжання. Па запыце бацькоў у 2020 годзе былі адкрыты 74 групы кароткачасовага знаходжання дзяцей, якія наведваюць амаль 600 выхаванцаў. Найбольш запатрабаваныя ў бацькоў групы кароткачасовага знаходжання выхаванцаў ранняга і дашкольнага ўзросту (адаптацыйныя, мацярынскія  школы, прагулачныя групы, групы выхаднога дня). Калі ў мінулым годзе групы для дзяцей ранняга ўзросту (з 1 да 2 гадоў) існавалі на базе дзвюх устаноў дашкольнай адукацыі, то сёлета — на базе пяці ўстаноў. Пытанні, звязаныя з работай груп кароткачасовага знаходжання, заўсёды ў цэнтры ўвагі педагогаў раёна падчас метадычных пасяджэнняў”.  

Надзея ЦЕРАХАВА.