Правіла ВППЗ,

або Як арганізаваць вучэбны працэс па фізіцы з дзецьмі, якія адчуваюць цяжкасці ў навучанні

Як паказвае педагагічны вопыт, у школе заўсёды ёсць дзеці, якія адчуваюць цяжкасці ў навучанні. Галоўная задача настаўніка-прадметніка заключаецца не столькі ў тым, каб дапамагчы такім вучням асвоіць вучэбны матэрыял, а ў тым, каб знайсці механізмы ўключэння іх у адукацыйны працэс з улікам магчымасцей і здольнасцей дзяцей. Пры навучанні ўзнікае новая форма ўзаемадзеяння настаўніка і вучняў, мяняюцца метады і прыёмы навучання.

Прапаную вашай увазе апісанне некаторых метадаў і прыёмаў, якія я выкарыстоўваю падчас выкладання фізікі.

Пры выбары матэрыялу для тлумачэння навучэнцам і вызначэнні яго аб’ёму трэба дакладна асноўвацца на праграме. Неабходна вызначыць, што навучэнцы павінны ведаць і ўмець у канцы ўрока ці тэмы. Асноўныя паняцці і азначэнні, фармулёўкі законаў, адзінкі вымярэння фізічных велічынь, формулы можна запісаць на дошцы. Да вывучэння зместу параграфа папрацаваць з загалоўкам, карцінкамі, каб падрыхтаваць вучняў і актывізаваць іх увагу.

У залежнасці ад паспяховасці і ўзроўню вучня неабходна адаптаваць мэты ўрока. Для больш слабых вучняў яны павінны быць крыху прасцейшымі, але абавязкова неабходна паведамляць мэты заняткаў і падводзіць вынік, каб у дзяцей пасля ўрока ў любым выпадку засталося адчуванне задаволенасці. Рэкамендую, каб мэты ўрока заў­сёды былі нагляднымі. На працягу ўрока вучні адзначаюць, што зрабілі і што яшчэ трэба зрабіць.

Падчас вывучэння новага матэрыялу ўвагу школьнікаў канцэнтрую на найбольш важных і складаных раздзелах тэмы, што вывучаецца. Часцей звяртаюся да дзяцей з пытаннямі, што выяўляюць ступень засваення вучэбнага матэрыялу. Часам прыцягваю іх у якасці памочнікаў пры дэман­страванні доследаў, якія раскрываюць сутнасць таго, што вывучаецца. Вучэбны матэрыял стараюся падаваць невялікімі порцыя­мі. Дзецям падабаецца чытаць невялікую частку параграфа і вылучаць у ім галоўнае. Пасля можна перака­заць сэнс тэксту адно аднаму. Паэтапнае абагульненне новага матэрыялу дапамагае вучням вылучаць галоўнае ў матэрыяле, які вывучаецца, вызначаць другараднае. Абагульненне новага на розных этапах урока дазваляе структураваць матэ­рыял, складаць тое, што вывучаецца, у адну агульную карцінку. Можна сказаць, збіраецца пазл урока.

Падчас самастойнай работы на ўроку школьнікам даю заданні, накіраваныя на ліквідаванне памылак, якія яны дапускаюць пры адказах і ў пісьмовых работах. Важна адзна­чаць станоўчыя моманты для стымулявання новых намаганняў. Адзначаю таксама тыповыя цяжкасці ў рабоце і магчымыя спосабы іх ліквідавання.

Для дамашняй работы падбіраю заданні на ўсведамленне новага матэрыялу і выпраўленне памылак, дапушчаных дзецьмі на ўроку: праводжу падрабязны інструктаж аб парадку выканання дамашняга задання, пра магчымыя цяжкасці, якія могуць узнікнуць пры выкананні, прапаную (пры неабходнасці) карткі-кансультацыі, даю заданні на паўтарэнне матэрыялу, неабходнага для вывучэння новай тэмы.

“Я чую — я забываю, я бачу — я запамінаю, я раблю — я разумею”, — гаворыцца ў кітайскай мудрасці. Вялікі эфект у навучанні дае слова настаўніка ў спалучэнні з нагляднасцю — часта тлумачэнні праводжу з дэманстрацыяй вучнямі тых дзеянняў, якія яны будуць выконваць. Важна, каб на ўроку школьнікі ўсё памацалі і ўсё вымералі. Выконваючы практычныя дзеянні з прадметамі, навучэнцы набываюць індывідуальны вопыт дзейнасці.

Лепшаму засваенню матэрыялу дапамагае выкананне старшакласнікамі неабходных дзеянняў з адначасовым слоўным апісаннем (каментарыямі да дзеянняў). Прагаворваючы тое, што яны робяць, школьнікі лепш разумеюць і засвойваюць матэрыял. Паслядоўнае выкладанне задачы з наступным аналізам зробленага добра выкарыстоўваць пры правядзенні лабараторных работ, што дазваляе паэтапна і паспяхова выконваць яе.

Вусная справаздача аб выкананай рабоце — эфектыўны спосаб навучання выкладанню матэрыялу. Ён лепш адлюстроўвае ўзровень разумення таго, што вучань робіць. Але ёсць адно “але”: гэта атрымліваецца ў вучняў не адразу, гэтаму неабходна вучыць, на што патрэбен час. Калі матэрыял, які вывучаецца, даволі скдаданы, дапамагае дадатковае тлумачэнне з прыкладамі.

Для таго каб у дзіцяці сфарміраваліся верагодныя ўяўленні пра навакольны свет, можна арганізоўваць розныя назіранні. Яны, калі суправаджаюцца пазнавальнымі зносінамі настаўніка з вучнямі, развіваюць у дзяцей назіральнасць, трывалую цікавасць да прыроды, розных з’яў і фарміруюць выразныя канкрэтныя ўяўленні пра навакольны свет.

Для лепшага разумення розных заканамернасцей часта выкарыстоўваю вывучэнне прадметаў ад адзінкавага да агульнага (індуктыўны метад пазнання). У выніку разуменне сутнасці прымет, уласцівасцей адзінкавых прадметаў, з’яў ці паняццяў з’яўляецца магчымасцю ўсвядоміць істот­ныя тыповыя заканамернасці ці ўласцівасці аднапарадкавых прадметаў або з’яў. Выкарыстанне кароткіх канспектаў, апорных сродкаў, схем пры адказах і апытаннях па тэме павышае асэнсаванасць навучання. У вучняў выпрацоўваецца актыўная пазіцыя, упэўненасць у сабе, фарміруюцца ўменні пераводзіць інфармацыю ва ўмоўна-графічную форму і выконваць адваротныя дзеянні. Самастойнае выкананне індывідуальных заданняў дзецьмі на спецыяльных картках дазваляе бачыць тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца асобныя навучэнцы, своечасова карэкціраваць іх веды, аказваць ім неабходную дапамогу. Падтрымка, адабрэнне, заахвочванне замест ганьбавання, акцэнтавання ўвагі на хібах дапамагаюць схіліць навучэнцаў да педагога. Акрамя таго, метады адабрэння даюць магчымасць дасягнуць высокай эфектыўнасці дзейнасці пры выкарыстанні групавой формы навучання.

Аднастайнасць вельмі стамляльная для любога чалавека. Пераключэнне навучэнцаў з аднаго віду дзейнасці на іншы, які адрозніваецца па сваім характары (пісьмо, доследы, слуханне, назіранне, замалёўкі, прагляд кінафільма і г.д.), дазваляе захоўваць вучэбную актыўнасць, увагу школьнікаў. На ўроку пажадана рабіць фізкультхвілінку, таму што большасць дзяцей мае няправільную паставу, стамляецца ад працяглага сядзення ў адной позе і г.д. Таксама такія фізічныя паўзы разраджаюць напружаную атмасферу ўрока.

Выкарыстанне ілюстрацый, карцінак — гэта адзін са спосабаў стварэння ўмоў для паспяховага засваення вучэбнага матэрыялу. Малюнкі заўсёды прывабліваюць дзяцей: яны ўглядаюцца ў карцінкі, разважаюць над імі, раюцца адно з адным наконт зместу.

Пры вывучэнні тэмы “Работа” ілюстрацыя да байкі І.Крылова “Лебедзь, рак і шчупак” вобразна прыводзіць навучэнцаў да высновы, што работа А=0.

Магчыма і адваротнае заданне — дапаўненне задачы ці пытання малюнкам, схемай.

Выкарыстанне ўрыўкаў з літаратурных твораў, загадак, прыказак, прымавак, звязаных са з’явай, якая вывучаецца, дазваляе выклікаць цікавасць да вывучаемай тэмы.

Пры вывучэнні тэмы “Сіла трэння” Не падмажаш — не паедзеш
Пры вывучэнні тэмы “Электрычны ток. Праваднікі і дыэлектрыкі” Зачем надевают кольцо золотое

На палец, когда обручаются двое? —

Меня любопытная дева спросила.

Не став пред вопросом в тупик,

Ответил я так собеседнице милой:

— Владеет любовь электрической силой.

А золото — проводник!

(Р.Бернс)

Пры вывучэнні тэмы “Ціск” Арганізм людзей, якія жывуць на вялікіх вышынях, прыстасоўваецца да паніжанага ціску. Напрыклад, у Андах, у Тыбеце і іншых месцах сустракаюцца пастаянныя людскія паселішчы на вышынях каля 5 000 м. Экспедыцыя на Эверэст у 1924 годзе на вышыні 5 200 м знайшла жыллё пустэльніка.

У Тыбеце на вышыні 5 000 м існавалі капальні, дзе здабывалася золата. Зна­чыць, на такой вышыні людзі маглі не толькі жыць, але і працаваць. Аднак чалавек і большасць жывёл не жыве на вялікіх вышынях, таму што ўсё ж такі яны дрэнна пераносяць нізкі ціск. Толькі некаторыя птушкі могуць залятаць туды. Так, птушка кондар водзіцца ў Андах на вышынях да
7 000 м, а можа падняцца на вышыню да
9 000 м. Грыф і ястраб свабодна падымаюцца да вышыні 6 000—7 000 м, арол — да 5 000 м, астатнія птушкі трымаюцца
на вышыні каля 4 000 м

Літаратурныя творы можна выкарыстоўваць і як задачы. Напрыклад, задача Архімеда пра залатую карону, задачы з жыцця Рабінзона Круза. Яны павінны быць не толькі цікавымі, суправаджацца малюнкам (вобразам), але і спрыяць развіццю разумовых аперацый (параўнанню, класіфікацыі, аналізу, сінтэзу і г.д.).

Напрыклад, пры вывучэнні сазлучаных сасудаў:

  • Чым адрозніваюцца чайнікі?
  • l Якім чайнікам карыстацца зручней?

Навучэнцы, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў навучанні, як правіла, вельмі дрэнна валодаюць матэматычным апаратам, таму асаблівую складанасць у іх выклікае рашэнне разліковых задач. І тут зноў дапамагаюць вобразы, прывабны сюжэт задачы, абыгрыванне сітуацыі, практычнае значэнне.

Пры вывучэнні тэмы “Шчыль­насць цела” Самая цяжкая драўніна ў пірантэры, якая расце ў Брытанскай Гвіяне ў Паўднёвай Амерыцы. Чаму роўная шчыльнасць драўніны, калі 200 см3 яе маюць масу 72 г?
Пры вывучэнні тэмы “Механічны рух” Адна з дзіўных жывёл — жырафа — можа
бегаць з хуткасцю да 17 км/г.
Якую адлегласць прабягае жырафа,
ратуючыся ад ільва, калі час пагоні
2 гадзіны?

Уключаю ва ўрок элементы дыдактычных гульняў і гульнявых момантаў, якія робяць навучанне цікавым і займальным. У дзяцей ствараецца бадзёры рабочы настрой, яны лепш пераадольваюць цяжкасці ў засваенні вучэбнага матэрыялу. Разнастайныя гульнявыя дзеянні падтрымліваюць і ўзмацняюць цікавасць да прадмета. Захапіўшыся, дзеці не заўважаюць, што вучацца. Нават самыя пасіўныя з іх уключаюцца ў гульню з велізарным жаданнем, прыкладаючы ўсе намаганні, каб не падвесці іншых удзельнікаў. Пры дапамозе гульні можна зняць псіхалагічную стомленасць, яе можна выкарыстоўваць для мабілізацыі разумовых намаганняў навучэнцаў, для развіцця ў іх арганізатарскіх здольнасцей, стварэння атмасферы радасці на занятках.

Часам вучэбную дзейнасць стымулюе самае простае заданне: уявіць і паказаць з’яву (напрыклад, паказ трэння — рып дзвярэй).

Акрамя абавязковых лабараторных работ, большасць дзяцей з цікавасцю выконвае эксперыментальныя заданні.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Колькасць цеплаты, якая выдзяляецца пры награванні (ахаладжэнні) цела” Наліце чай у шклянку і пакіньце на стале на некаторы час.

Абсталяванне: чай, шклянка, гадзіннік, тэрмометр.

Пытанне: колькі цяпла аддасць навакольным целам шклянка чаю пры астыванні да хатняй тэмпературы?

У класе мы з навучэнцамі рашаем і эксперыментальныя задачы, такія як вызначэнне шчыльнасці шакаладу, вызначэнне шчыльнасці мыла, вызначэнне ціску прамавугольнага бруска на стол, вызначэнне работы пры падыманні гантэлі.

Умелае прымяненне апісаных метадаў і прыёмаў настаўнікам дазваляе кожнаму вучню дасягнуць на гэтым этапе максімальна магчымага ўзроўню паспяховасці і развіцця. Мне ў рабоце з дзецьмі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў навучанні, дапамагае такое правіла: выберы галоўнае, патлумач яго, паўтары і замацуй (ВППЗ).

Алена СТУПЧЫК,
настаўніца фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 13 Баранавіч.